Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Канцэпцыя літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь: асноўныя палажэнні. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”.




Літаратура ў школе заўсёды была ў ліку прадметаў, з якімі перш за ўсё звязвалася мэта навучання і выхавання дзяцей і моладзі – фарміраванне асобы ва ўсей мнагастайнасці зместу гэтага паняцця: светапогляд, маральнасць, інтэлектуальнае і эмацыянальнае развіццё, этычная, эстэтычная, мастацкая, моўная культура. Сёння, у працэсе глыбокіх перамен у грамадскім жыцці значэнне літаратурнай адукацыі асабліва ўзрастае. Сучасны стан літаратурнай адукацыі ацэньваецца грамадскасцю крытычна. Ды і больш дасведчаныя выступоўцы схільны лічыць, што ў нас няма навукова абгрунтаванай сістэмы літаратурнага навучання, што многае тут патрабуе перагляду, пераасэнсавання. У гэтай справе патрабуюцца сур’ёзныя змены. I не толькі ў кірунку аднаўлення праўды і паўнаты гістарычнага развіцця літаратуры, удакладнення ідэйных і эстэтычных ацэнак, г. зн. у тым, што датычыцца навуковасці зместу прадмета, але і ў сур’ёзным паляпшэнні самога працэсу навучання і яго практычных вынікаў.

Аб’ектыўныя сведчанні (уступныя экзамены ў ВНУ, неаднаразовыя абследаванні стану літаратурнай адукацыі ў школе, выступленні настаўнікаў у друку і г. д. ), хаця і неадназначна, пацвярджаюць у цэлым невысокі ўзровень падрыхтаванасці вучняў па літаратуры, слабую начытанасць, кепскае веданне гістарычных ацэнак літаратурнага развіцця, творчасці вядучых пісьменнікаў, несфармаванасць чытацкіх уменняў і інтарэсаў, аналітычных здольнасцей, нярэдка вельмі павярхоўнае, спрошчанае ўспрыманне і разуменне сутнасці мастацкіх з’яў, неразвітасць самастойнага мыслення, маўленчых навыкаў, невысокую эмацыянальна-эстэтычную культуру. Застаецца нявырашанай праблема развіцця творчых здольнасцей вучняў.

Ёсць багаты і цікавы вопыт школы іншых краін свету, які доўгі час быў нязнаны, не абагульняўся і ўвогуле не даследаваўся. Ён таксама патрабуе канструктыўнага асэнсавання і выкарыстання.

Ацэньваючы стан літаратурнай адукацыі і намячаючы шляхі яе паляпшэння, трэба мець на ўвазе рознага роду фактары, якія ўздзейнічаюць, уплываюць на гэты стан, яго абумоўліваюць. Сярод іх ёсць такія, што не залежаць або залежаць не толькі ад школы, ад метадыстаў і настаўнікаў. Гэта:

1) агульнае стаўленне дзяржавы і грамадства да культуры ўвогуле і культуры мастацкай, эстэтычнай у прыватнасці,; прадстаўленне школе і настаўніку большай свабоды ў дачыненні да арганізацыі навучальнага працэсу, магчымасцей творчага самавыяўлення;

2) «непроцістаянне», узгодненасць, суладнасць намаганняў школы і пазашкольных сродкаў мастацка-эстэтычнага ўздзеяння на моладзь: сродкаў масавай інфармацыі, тэлебачання, кіно, тэатра, пазашкольных устаноў, грамадскіх фарміраванняў, у тым ліку нефармальных, акаляючага жыццёвага асяроддзя – усяго таго, што аказвае ўплыў на выхаванне моладзі;

3) узровень развіцця педагагічнай, псіхалагічнай, філалагічнай і ўвогуле гуманітарных навук і іх дапамога школе, асабліва ў кірунку выпрацоўкі сумеснымі намаганнямі канцэпцыі асобы, нацыянальнай школы і г. д.

Што датычыцца ўласна літаратурна-педагагічных, эстэтычна- і мастацка-выхаваўчых фактараў і перадумоў, то галоўнымі з іх бачацца наступныя:

– неабходнасць пераасэнсавання метадалагічных прынцыпаў літаратурнай (гуманітарнай, філалагічнай) адукацыі, зарыентаванасць ідэалагічнага зместу літаратурнай адукацыі на агульначалавечыя маральныя і эстэтычныя – у цэлым гуманістычныя каштоўнасці, на выхаванне такіх якасцей, як грамадзянскасць, патрыятызм і павага да іншых народаў, павага да асобы чалавека, міласэрнасць, душэўная чуласць; арыентацыя на творы сапраўды вартасныя, высокамастацкія; пашырэнне жанравага і стылявога спектра школьнай літаратуры, больш дакладны ўлік спецыфікі літаратуры як мастацтва; скіраванасць літаратурнай адукацыі на стварэнне нацыянальнай школы, адраджэнне нацыянальнай культуры;

– скардынаванасць усіх састаўных частак курса літаратуры (беларускай, замежнай) на аснове прынцыпу адзінства літаратурнай адукацыі; пераемнасць этапаў літаратурнага навучання; узгодненасць літаратурнага курса з іншымі прадметамі эстэтычнага, а таксама грамадска-гуманітарнага цыкла; нарэшце, больш глыбокая і шырокая інтэграцыя літаратурнага і моўнага навучання;

– адпаведнае ўзроставым асаблівасцям вучняў вызначэнне зместу, метадаў і форм навучання і мастацка-эстэтычнага выхавання на ўсіх ступенях школы, сістэмна-канцэптуальнага падыходу да кожнай з гэтых ступеней, акрэсленне пэўных мэт і задач навучання ў кожным класе з адпаведным вызначэннем узроўню літаратурнай падрыхтаванасці, развітасці і выхаванасці;

– павелічэнне ўдзельнай вагі і ўзмацненне ролі пазакласнай і па-зашкольнай работы ў працэсе літаратурнага і мастацка-эстэтычнага выхавання, распрацоўка праграмы азнаямлення школьнікаў з літаратурнымі і краязнаўча-літаратурнымі музеямі, карціннымі галерэямі, удзелу школьнікаў у літаратурных гуртках, вечарах, дыспутах, віктарынах і г. д.;

– ажыццяўленне дыферэнцыраванага падыходу да літаратурнай адукацыі і ў сувязі з гэтым вызначэнне мнагастайнасці яе форм, метадаў, прыёмаў з арыентацыяй на індывідуалізаваны (асабовы), творчы, ініцыятыўна-дзейны падыход да навучання, раэвіццё індывідуальных здольнасцей асобы, падрыхтоўка яе да самастойнага жыцця і працы ва ўмовах навукова-тэхнічнага і сацыяльна-эканамічнага прагрэсу;

– улік усіх адзначаных вышэй патрабаванняў у падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы (удасканаленні) настаўнікаў літаратуры ва універсітэтах, педагагічных інстытутах і г. д.

Мэты і задачы літаратурнай адукацыі

Мэты і задачы літаратурнай адукацыі ўвогуле і на сучасным этапе развіцця нашага грамадства ў прыватнасці заключаюцца ў фарміраванні духоўна багатай асобы, зарыентаванай на агульначалавечыя, гуманістычныя каштоўнасці, у адаптацыі асобы да змен у жыцці, розных форм жыццядзейнасці грамадства, дзейснага і творчага ўдзелу ў гэтых працэсах.

Такая агульная ўстаноўка арыентуе літаратурнае навучанне на далучэнне вучняў да найвялікшых каштоўнасцей нацыянальнай і сусветнай літаратуры. Зыходзячы з агульнай мэты, школа павінна забяспечыць рэалізацыю канкрэтных задач: развіваць цікавасць навучэнцаў да мастацтва, патрэбу ў пастаянных кантактах не толькі з творамі літаратуры, але і іншымі мастацтвамі, якая б заставалася дзейснай на працягу ўсяго жыцця. пастаянна падтрымлівалася ў працэсе непарыўнай адукацыі і самаадукацыі. У задачы курса літаратуры ўваходзіць арганізацыя чытання мастацкіх твораў, набыццё ведаў і ўменняў, у тым ліку па тэорыі літаратуры, якія забяспечваюць успрыманне, глыбокае разуменне і засваенне літаратурных твораў, развіццё вобразнага мыслення, уключэнне вучняў у творчую самастойную дзейнасць, арыентаваную на развіццё і самарэалізацыю асобы, выхаванне інтэлектуальнай і эмацыянальнай чуллівасці (рэфлексіі) на з’явы мастацтва, развіццё моўнай культуры.

Усе гэтыя задачы павінны быць рэалізаваны ў канкрэтнай сістэме агульных патрабаванняў да навучальна-выхаваўчага працэсу. У залежнасці ад узросту вучняў, іх развіцця яны канкрэтызуюцца для кожнага этапу літаратурнага навучання, захоўваючы пры гэтым сістэмнасць і пераемнасць літаратурнай адукацыі, адзінства навучання, выхавання і развіцця.

Ступень дасягнення мэтаў літаратурнай адукацыі вымяраецца перш за ўсё адукаванасцю і выхаванасцю вучняў, іх здольнасцю свабодна набываць новыя веды і ўменне выкарыстоўваць іх у жыцці.

Важнейшымі паказчыкамі рэалізацыі мэтаў і задач літаратурнай адукацыі з’яўляюцца:

– шырыня чытацкіх інтарэсаў, начытанасць школьнікаў; рознабаковасць, сістэмнасць і накіраванасць чытання;

– глыбіня засваення ідэйна-мастацкага зместу твораў, уменне самастойна аналізаваць і ацэньваць іх значэнне;

– дастаткова высокі ўзровень тэарэтыка-гістарычных ведаў па літаратуры;

– якасць моўных уменняў і навыкаў.

Вырашэнне ўсіх мэтаў і задач, здольных забяспечыць рэфармаванне літаратурнай адукацыі, звязана ў канчатковым выніку з дыдактычнай і метадычнай рэалізацыяй іх у новых праграмах, метадычных дапаможніках і падручніках. Пры гэтым вельмі важная роля застаецца за настаўнікам, практычным арганізатарам навучальна-выхаваўчага працэсу, яго вопытам, падрыхтаванасцю, педагагічным майстэрствам.

Такім чынам, калі абагульніць сказанае, мэты і задачы літаратурнай адукацыі на сучасным этапе трэба бачыць у выхаванні чалавека з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, чалавека, чуйнага да сацыяльнага поліфанізму жыцця, разважлівага патрыёта, адданага інтэрнацыянальным, агульначалавечым ідэалам, асобы выразных творчых магчымасцей, здатнай успрыманне прыгажосці (эстэтычнае ўспрыманне) ператварыць у пажыццёвы стымул маральнага самаўзвышэння, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

Прынцыпы літаратурнай адукацыі

Найважнейшая ўмова рэфармавання літаратурнай адукацыі ў школе – абнаўленне яе метадалогіі, удакладненне і нават глыбокае пераасэнсаванне прынцыпаў навучання. Маюцца на ўвазе не толькі шырока вядомыя ў педагогіцы прынцыпы даступнасці, сістэматычнасці, нагляднасці і г. д., а перш за ўсё тыя, што вызначаюць галоўную сутнасць і шляхі практычнай арганізацыі літаратурнага навучання як пэўнай не толькі педагагічнай, але і сацыяльна-культурнай з’явы. Гэта прынцып

дэмакратызацыі і гуманізацыі,

арыентацыі на агульначалавечыя і нацыянальныя духоўныя каштоўнасці,

творчага характару навучання,

дыферэнцыраванага і індывідуальна-асабовага падыходу да навучэнцаў,

бесперапыннасці працэсу адукацыі і г. д.

Гуманізацыя і дэмакратызацыя выяўляюць новую якасць педагагічнага мыслення, азначаюць паварот навучання да чалавечага ў чалавеку, чалавечае вымярэнне ўсяго навучальна-выхаваўчага працэсу. У цэнтры ўвагі становіцца вучань як суб’ект, як асоба, якая самасцвярджае сябе ў розных формах дзейнасці.

Прыярытэтнасць агульначалавечага не толькі не прымяншае ролі народнага і нацыянальнага ў літаратурным навучанні, але і актуалізуе іх. Агульначалавечае існуе ў нацыянальным і праяўляе сябе праз нацыянальнае. Гуманізацыя літаратурнай адукацыі грунтуецца на адзінстве і ўзаемапранікненні народнага і агульначалавечага. Літаратура вывучаецца як арганічная частка нацыянальнай і агульначалавечай культуры. Праз спасціжэнне народнага, нацыянальна-культурнага зместу літаратуры вучні далучаюцца да агульначалавечых каштоўнасцей.

Літаратура – мастацкая творчасць, і вывучэнне яе павінна быць творчым, задавальняць пазнавальную актыўнасць вучняў, уключаць іх у самастойную творчую дзейнасць. Прынцып творчага навучання дазваляе актуалізаваць формы і метады, інтэнсіфікаваць педагагічны працэс, зрабіць яго маральна-эстэтычна змястоўным і выніковым, ператварыць яго ў адзіную сістэму сумеснай творчай дзейнасці настаўніка і вучняў.

Эфектыўнасць вывучэння літаратуры залежыць ад таго, наколькі паслядоўна і мэтанакіравана праводзіцца прынцып адзінства навучання і выхавання, паколькі навучанне і выхаванне ў педагагічным працэсе ператвараюцца ў адзіную метадычную сістэму фарміравання чалавечых каштоўнасцей, інтарэсаў, патрэбнасцей, ідэалаў, стымулаў да дзейнасці.

Сувязь літаратурнага навучання з грамадскай практыкай мае і больш шырокае значэнне. Яна знаходзіць сваё развіццё ў прынцыпе пераемнасці і бесперапыннасці літаратурнай адукацыі, які забяспечвае яе адзінства ў розных тыпах школ, на ўсіх ступенях і ўзроўнях навучання, пачынаючы з дзіцячага сада, дзе ажыццяўляецца першапачатковае знаёмства з літаратурай, і канчаючы 12 класам сярэдняй школы. падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай настаўніка ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, Агульная накіраванасць пераемнасці навучання рэалізуецца як адзіная сістэма, маючы на кожнай ступені і ў розных тыпах школ сваю асаблівасць, свой канкрэтны змест, свае метады, формы і сродкі.

Адзінства і цэласнасць літаратурнай адукацыі

З гуманізацыяй і дэмакратызацыяй звязаны істотныя змены ў самой структуры літаратурнай адукацыі. Набывае актуальнае значэнне яе цэласнасць, якая азначае арганічнае адзінства і ўзаемасувязь усіх параметраў навучальна-выхаваўчага працэсу: яго зместу, асноўных ступеняў, характару функцыянальных узаемасувязей, інтэграцыі і генералізацыі літаратурных ведаў, адукацыйных, выхаваўчых і развіццёвых функцый навучання.

Перш за ўсё паўстае пытанне аб суадносінах розных літаратур, якія вывучаюцца або будуць вывучацца ў школах Беларусі, у агульнай сістэме літаратурнага навучання, аб іх удзельнай вазе і месцы ў навучальна-выхаваўчым працэсе. Як сведчыць перадавы замежны вопыт, базавая літаратурная адукацыя заўсёды ўключае ў сябе, апрача твораў сваёй нацыянальнай літаратуры, і творы сусветнай класікі. Толькі такі падыход і дазваляе вучням па-сапраўднаму далучыцца да мастацкай культуры чалавецтва.

Такім чынам, паўстае задача распрацоўкі новага зместу курса літаратуры, які б задавальняў запатрабаванні нацыянальнай школы і грунтаваўся на цэласным адзінстве і ўзаемасувязі нацыянальных і агульначалавечых мастацкіх каштоўнасцей. Неабходна абгрунтаваць канкрэтныя шляхі і формы суадносін нацыянальнага і іншанацыянальнага літаратурнага матэрыялу на ўсіх ступенях навучання, улічваючы своеасаблівасць гэтага працэсу, яго характэрнасць і неадназначнасць на кожнай ступені.

Асабліва важна забяспечыць у гэтай цэласнасці прыярытэт беларускай літаратуры як карэннай першаасновы, падняць яе прэстыж ва ўсіх тыпах школ, у тым ліку і ў іншанацыянальных школах рэспублікі, па-сапраўднаму павысіць яе функцыянальна-інтэграцыйную ролю ў агульнай сістэме літаратурнай адукацыі.

Магчымасці вывучэння замежнага літаратурнага матэрыялу ў курсе роднай літаратуры надзвычай шырокія. Ён можа быць выкарыстаны пры вывучэнні манаграфічных і аглядных тэм, тэарэтыка-літаратурных паняццяў на ўроках і дадаткова на факультатывах, семінарах і розных іншых формах заняткаў. З’явы замежнай літаратуры могуць выступаць як фон да агульнага курса нацыянальнай літаратуры, або як невялікія самастойныя раздзелы, прысвечаныя тэкстуальнаму вывучэнню твораў ці творчасці асобных пісьменнікаў, або як факт кан-актных сувязей ці тыпалагічнай агульнасці.

Безумоўна, на розных ступенях навучання ўдзельная вага замежнага літаратурнага матэрыялу будзе неаднолькавай. На пачатковай ступені, дзе галоўнай мэтай з’яўляецца фарміраванне нацыянальнай этнакультурнай самасвядомасці вучняў, яго доля будзе абмежавана галоўным чынам невялікімі, даступнымі для школьнікаў найбольш выдатнымі творамі розных жанраў фальклору і літаратуры на агульначалавечую праблематыку.

У сярэдніх класах магчымасці вывучэння твораў замежнай літаратуры могуць быць значна пашыраны і ажыццёўлены на новым, больш мастацка-эстэтычным узроўні. Галоўная ўвага ў гэтых класах павінна быць скіравана на вывучэнне выдатных узораў роднай літаратуры і сусветнай класікі. На вышэйшай ступені, дзе літаратура вывучаецца на гістарычнай аснове, магчымасці параўнальнага падыходу яшчэ больш пашыраюцца і паглыбляюцца. Значна павялічваецца аб’ём ведаў па сусветнай літаратуры і выкарыстанне параўнальнай методыкі. Тут у цэнтры ўвагі будзе перш за ўсё аналіз канкрэтных мастацкіх з’яў на аснове параўнальнага метаду. Для абагульнення і сістэматызацыі літаратурных сувязей могуць быць выкарыстаны самыя розныя формы параўнальнага вывучэння. Параўнанне можа рэалізавацца на аснове сістэмы генетычных сувязей, прамых і апасродкаваных кантактаў паміж пісьменнікамі. Прыкладам такіх аднатыпных з’яў могуць быць творчыя пераклічкі пісьменнікаў, творы-водгукі, блізкія сваёй тэматыкай, выяўленнем аўтарскіх пазіцый, сюжэтных аналогій, падобных сітуацый у лёсе герояў; таксама творы, звязаныя сваім зместам і формай з фальклорам.

Аднак асабліва важнае значэнне ў школьным выкладанні набывае параўнальна-тыпалагічны падыход да літаратурных з’яў, які дае магчымасць устанавіць асацыятыўныя сувязі беларускай літаратуры з зарубежнай на аснове гістарычнай агульнасці.

Творы замежнай класікі вывучаюцца ў курсе беларускай літаратуры ў перакладзе на родную мову. Набываючы, дзякуючы перакладу, новае моўнае аблічча, яны становяцца часткай роднай нацыянальнай літаратуры і такім чынам асаблівасцямі сваёй моўнай формы набліжаны да духоўнага свету юнага чытача.

Трэба таксама ўлічваць і спецыфіку школьнага параўнальнага аналізу. У адрозненне ад параўнальнага літаратуразнаўчага аналізу ён заўсёды цесна звязаны з псіхолага-педагагічнымі патрабаваннямі да навучання з улікам і ацэнкай выхаваўчага і развіццёвага значэння літаратурнага матэрыялу, яго сувязі з жыццём народа, яго даступнасцю, сістэмнасцю, цэласнасцю.

Літаратура між іншых прадметаў

Пры параўнальна тыпалагічным падыходзе да вывучэння літаратуры на значна больш высокай ступені якасці вырашаецца і праблема ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей. Яе вырашэнне становіцца арганічнай неабходнасцю, важнейшай задачай выкладання прадмета, скіраванай на забеспячэнне сістэмнага яго вывучэння і засваення.

Структура літаратурнай адукацыі

Структура літаратурнага навучання грунтуецца на прынцыпе бесперапыннай адукацыі, якая пачынаецца з дашкольнага ўзросту і ахоплівае ўсё жыццё чалавека, уключаючы ў сябе: 1) дашкольны перыяд, 2) этап базавага школьнага навучання, куды ўваходзяць: а) пачатковая ступень (І-IV класы), б) сярэдняя ступень (V-VIII класы), в) старэйшая ступень (ІХ-Х класы); 3) поўная сярэдняя адукацыя, якую атрымліваюць вучні XI-XII класаў агульнаадукацыйнай школы і гімназій, а таксама навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў (ліцэяў, педвучылішчаў, каледжаў); 4) вышэйшая адукацыя – ва універсітэтах, педінстытутах і іншых гуманітарных ВНУ; 5) перападрыхтоўка настаўнікаў і іншых працаўнікоу асветы і культуры, а таксама літаратурная самаадукацыя і самавыхаванне.

Метады, формы, тэхналогія літаратурнага навучання

Метады навучання ў сваёй сукупнасці павінны спрыяць праяўленню ўсіх функцый літаратуры – пазнавальнай, выхаваўчай, эстэтычнай, эўрыстычнай, камунікатыўнай, геданістычнай.

Агульным патрабаваннем для ўсіх метадаў з’яўляецца зарыентаванасць іх на эстэтычную сутнасць літаратуры, яе мастацкую спецыфіку. У вывучэнні літаратуры вельмі важнае значэнне мае пранікненне ў атмасферу твора, разуменне значэння дэталі, кампазіцыі, жанру. Усё гэта разам узятае і абумоўлівае ўздзеянне на чытача, на яго светаадчуванне, стымулюе яго духоўнае развіццё.

Умелае спалучэнне метадаў навучання з метадамі выхавання робіць гэты працэс яшчэ больш мэтанакіраваным і выніковым. Накапленне маральных, эстэтычных уражанняў, наступная іх сістэматызацыя і абагульненне, тэарэтычнае асэнсаванне ўзбагачаюць жыццёвы вопыт вучняў, уплываюць на іх каштоўнасныя арыентацыі.

Развіццё асобы пры вывучэнні літаратуры адбываецца ў двух асноўных напрамках: развіваюцца агульныя здольнасці вучня і спецыяльна мастацкія. Гэты працэс можа быць паспяховым пры ўмове творчай скіраванасці навучання, рэалізацыі спецыяльнай сістэмы творчых заданняў, дыферэцыраванага падыходу да навучання літаратуры.

Важнейшай умовай паспяховага навучання літаратуры з’яўляецца ўлік узроставых асаблівасцей вучняў, іх жыццёвага і чытацкага вопыту, агульнага і літаратурнага развіцця. Менавіта ад гэтых асаблівасцей залежыць выбар метадаў. Так, у сярэдніх класах мэтазгодна выкарыстоўваць тэхналогіі, якія больш забяспечваюць засваенне тэксту з улікам жанравых і стылявых асаблівасцей твора на эмацыянальна-вобразным узроўні, стымулююць работу творчай фантазіі і ўяўлення, маўленчую дзейнасць. Безумоўна, разам з гэтымі прыёмамі твор засвойваецца і з дапамогай літаратуразнаўчых падыходаў, але ўсё ж галоўны шлях яго спасціжэння падлеткамі сярэдніх класаў – чытанне, услухоўванне, «вчувствованме» ў тэкст, яго каменціраванне на даступным узроўні, «перастварэнне» ў вуснай і пісьмовай форме, стымуляванне творчасці і сатворчасці з пісьменнікам, г. зн. тыя спосабы і прыёмы, якімі карыстаецца літаратурная крытыка.

Вывучэнне літаратуры ў старэйшых класах прадугледжвае перавагу літаратуразнаўчых падыходаў, якія дазваляюць скарэкціраваць першапачатковае суб’ектыўна-асабовае ўспрыняцце, на навуковай аснове асэнсаваць літаратурны твор у адзінстве зместу і формы, узняцца ад эмпірычнага ўзроўню да канцэптуальнага. Гэтаму спрыяюць прыёмы вывучэння гісторыі тэксту, выяўлення аўтарскай пазіцыі, даследаванне кампазіцыі, сістэмы вобразаў, дэталей, асаблівасцей мовы, вывучэнне чарнавых варыянтаў, асацыятыўных інтэрпрэтацый твораў і г. д. Пры гэтым актыўна выкарыстоўваюцца прыёмы, скіраваныя на развіццё мастацкіх здольнасцей старшакласнікаў.

Але які б метад ні выкарыстоўваўся, галоўнае – зрабіць літаратурнае навучанне творчым працэсам: вучань эмацыянальна адгукаецца на “заклікі” твора, узнаўляе ў сваёй фантазіі карціны, дадумвае, суперажывае, абапіраючыся ў гэтай складанай рабоце на свой чытацкі і жыццёвы вопыт. Плённым у гэтым працэсе можа быць выкарыстанне эўрыстычнага метаду, звязанага з канцэпцыяй аналізу, з такой яго накіраванасцю, калі аналіз становіцца актам пошукаў ісціны, выклікае інтэлектуальныя, маральныя, эстэтычныя эмоцыі вучняў. Гэта ўзнікае тады, калі вучні адкрываюць у творы сугучныя ім думкі, знаходзяць у ім значны для сябе сэнс, асацыяцыі з уласнымі жыццёвымі ўражаннямі.

Даследчы метад -- наступны крок у развіцці самастойнага мыслення. Ён прадугледжвае вылучэнне тэмы, праблемы для самастойнага рашэння старшакласнікамі – аналіз пазапраграмных твораў літаратуры і іншых відаў мастацтва, супастаўленне твораў аднаго або розных аўтараў па тэматыцы, жанру, мастацкай своеасаблівасці, аналіз ілюстрацый, тэатральных пастановак, кінафільмаў, радыё- і тэлеперадач і г. д.

У працэсе пазнання творчасці пісьменніка або твора важная роля настаўніка, наяўнасці ў яго літаратуразнаўчай канцэпцыі асобнай тэмы або ўсяго курса, на аснове якой ствараецца метадычная канцэпцыя.

Галоўнай формай навучання літаратуры застаецца ўрок. Структура ўрокаў і іх форма абумоўліваюцца мэтавымі ўстаноўкамі, узростам вучняў, мастацкай своеасаблівасцю твора, этапам яго вывучэння. Лекцыя і гутарка, чытанне і абагульненне, аналіз і сачыненне, абарона рэферата і завочная экскурсія, канцэрт і літаратурная рэдакцыя, дыспут і работа з тэкстам – усе гэтыя формы засваення матэрыялу маюць сваю спецыфіку, якая праяўляецца ва ўнутранай логіцы разгортвання ўрока, і забяспечваюць такія яго якасці, як цэласнасць адукацыйная і навучальная, выхаваўчая і развіццёвая накіраванасць, праблемнасць, дзейны характар, дыялагічнасць.

Методыка факультатыўных заняткаў у сярэднім звяне накіроўваецца на абуджэнне і фарміраванне цікавасці, захопленасці мастацтвам, на выхаванне мастацкага густу і развіццё творчых магчымасцей, асабліва літаратурных. Тут выкарыстоўваюцца розныя віды чытання, праблемныя пытанні і заданні, міні-даследаванні, гульнёвыя сітуацыі.

Эфектыўнасць літаратурнай адукацыі, эстэтычнага выхавання вучняў залежыць ад стварэння ў школе культу кнігі, культу роднага слова. Сістэматычны выпуск літаратурных стэндаў, радыё- і насценных газет, бюлетэняў, часопісаў і альбомаў, падрыхтоўка тэматычных выставак, аглядаў сучаснай літаратуры, арганізацыя ранішнікаў, вечароў, віктарын, алімпіяд і свят – усё гэта спрыяе стварэнню ў школе атмасферы духоўнасці, павагі да кнігі, да мастацкага слова.

Пастаянна дзеючыя формы работы (гурткі рознай тэматыкі, клубы, аб’яднанні, літаратурныя і краязнаўчыя музеі, літаратурныя гасцёўні, школьныя мастацкія галерэі) павінны быць максімальна выкарыстаны для ўмацавання сувязей школьнікаў з мастацтвам, развіцця іх інтарэсаў і схільнасцей.

Важную ролю ў далучэнні вучняў да мастацкай культуры адыгрывае афармленне школ, класаў, кабінетаў, холаў, калідораў. Куткі казак, храмы роднага слова, галерэі партрэтаў пісьменнікаў, этнаграфічныя музеі робяць школу вельмі інфарматыўнай, прыцягальнай для вучня.

Шматварыянтнасць і рознаўзроўневасць літаратурнай адукацыі

Адна з важнейшых умоў гуманізацыі школы – «распрыгоненне» настаўніка і вучня, прадастаўленне ім магчымасці самім рашаць, які ўхіл, якія варыянты і метады выкладання падыходзяць, нават самім складаць навучальныя праграмы. Адзіным іх арыенцірам павінна быць канцэпцыя літаратурнай адукацыі, гнуткая, падатная да змен мадэль стратэгіі, якая вызначаецца базавым навучальным планам і тыпавой праграмай.

Такім чынам, узнікае вострая патрэба ў дыферэнцыяцыі навучання, прадстаўленні вучням магчымасці засваення літаратуры на розных узроўнях, адпаведна сваім здольнасцям, інтарэсам. Настаўнік павінен мець права на свабоду пошуку зместу, форм і метадаў выкладання, на карэкцыю праграмы з улікам умоў працы: забяспечанасці бібліятэкі літаратурай, накіраванасці інтарэсаў бацькоў, узроўню літаратурнай і псіхалагічнай. падрыхтаванасці вучняў, іх схільнасцей. Ідэя шматварыянтнасці літаратурнай адукацыі можа рэалізоўвацца таксама і з улікам мясцовых культурных традыцый, рознасці школ па мове навучання (беларускай, рускай).

Рашэнне праблем дыферэнцыяцыі звязана з адкрыццём профільных класаў, класаў з паглыблвным вывучэннем літаратуры, стымуляваннем самаадукацыі, расшырэннем сеткі факультатываў, удасканаленнем пазакласнай і пазашкольнай работы па літаратуры. Мэтазгодна развіваць у рэспубліцы сетку школ гуманітарнага профілю, дзе навучанне літаратуры можа ісці на павышаным узроўні. У такіх школах і класах маглі б атрымліваць адукацыю будучыя гуманітарыі: настаўнікі, журналісты, бібліятэкары, перакладчыкі, работнікі культуры.

Гэта, у сваю чаргу, прадугледжвае стварэнне розных варыянтаў праграм, навучальных і метадычных даламожнікаў, наглядных сродкаў, сур’ёзныя змены ў прафесійнай падрыхтоўцы настаўнікаў.

У праграмах па літаратуры, падручніках неабходна вызначыць узроўні абавязковай (базавай) і павышанай падрыхтоўкі вучняў. Для базавага ўзроўню неабходна прадугледзець:

– уменне выразна чытаць літаратурныя творы: успрымаць іх на эмацыянальна-вобразным узроўні, узнаўляць намаляваныя пісьменнікам карціны, самастойна асэнсоўваць і ацэньваць твор, зыходзячы са свайго чытацкага вопыту;

– веданне выдатных твораў нацыянальнай і сусветнай літаратуры, іх праблематыкі і паэтыкі, мастацкіх тыпаў, жанраў, выяўленчых асаблівасцей, месца ў гісторыка-літаратурным працэсе;

– валоданне неабходным мінімумам звестак па тэорыі і гісторыі літаратуры і ўменне прымяняць іх пры аналізе і ацэнцы мастацкіх твораў;

– валоданне асноўнымі відамі маўленчай дзейнасці (слуханне, чытанне, маўленне, пісьмо).

Павышаны ўзровень у вывучэнні літаратуры асабліва плённы ў старэйшых класах, што адпавядае заканамернасцям развіцця асобы. Аднак гатоўнасць займацца літаратурай па павышаным узроўні павінна закладвацца ў сярзднім звяне. Тут ужо ажыццяўляецца ўнутрыкласная дыферэнцыяцыя: вучням прапануюць індывідуальныя і групавыя заданні, якія забяспечваюць авалоданне рознымі відамі чытання, прыёмамі работы над тэкстам, спосабамі маўленчай дзейнасці. Гэтая ж задача вырашаецца і на ўроках мовы.

Значная роля на гэтым этапе факультатываў, заняткі на якіх могуць мець праблемна-тэматычны, літаратурна-творчы, міжпрадметны (літаратура – гісторыя – мастацтва – філасофія – этыка) характар або пашыраць веды па асноўным курсе. Галоўнае іх прызначэнне – развіць цікавасць да мастацтва, адкрыць шлях да творчага, даследчага пазнання мастацкіх з’яў, павысіць чытацкую культуру. Такое ж прызначэнне і літаратурных гурткоў, клубаў, музейна-краязнаучай работы.

На старэйшай ступені болей грунтоўная падрыхтоўка ажыццяўляецца ў класах з паглыбленым вывучэннем літаратуры, у прафіліраваных класах, гуманітарных, філалагічных (педагагічных), у спецыяльных сярэдніх навучальных установах (гімназіях, ліцэях і г. д. ). Адметныя спецыфічныя аспекты праграм для гэтых класаў вызначаюцца тыпам школ.

Трэба мець на ўвазе, што павышаная адукацыя патрабуе ўзбагачэння ведаў не толькі па літаратуры, але і па псіхалогіі, гісторыі, мовазнаўству, мастацтвазнаўству, духоўнай культуры ўвогуле.

Праграмы павышанай літаратурнай адукацыі змяшчаюць больш шырокае, чым у асноўным курсе, кола твораў, арыентуюць на больш глыбокае вывучэнне творчасці пісьменніка, літаратурна-творчага працэсу. Школьнікі авалодваюць значным дыяпазонам агульнанавуковых і спецыяльных уменняў, развіваюць здольнасць да літаратурнай самаадукацыі. Методыка вывучэння літаратуры ў гэтых класах накіравана на актывізацыю ў вучняў самастойнасці, творчасці, даследчага падыходу.

Падрыхтоўка і перападрыхтоўка настаўнікаў. Навучальна-метадычнае забеспячэнне літаратурнай адукацыі

Перабудова літаратурнай адукацыі ў вельмі вялікай меры залежыць ад настаўніка, яго літаратуразнаўчай, педагагічнай, псіхалагічнай, метадычнай падрыхтаванасці, ад яго якасцей як чалавечай асобы. Патрабаванні часу – вяртанне да духоўнасці, творчасці, да чалавека-асобы – перш за ўсе адрасуюцца настаўніку, менавіта ад яго павінны зыходзіць актыўныя намаганні і ў кірунку гуманізацыі школы.

Каля трэці навучальнага часу траціцца на выкладанне грамадскіх дысцыплін, тым не менш будучы настаўнік не атрымлівае належнай падрыхтоўкі ў галіне гісторыі нацыянальнай грамадска-палітычнай і эстэтычнай думкі.

Не атрымлівае патрэбнай падрыхтоўкі настаўнік і ў галіне нацыянальнай і сусветнай мастацкай культуры. Можна з надзеяй глядзець на стварэнне факультэтаў, дзе філалагічная і культуралагічная падрыхтоўка студэнтаў будзе ісці разам. Такую падрыхтоўку павінны атрымліваць усе настаўнікі-філолагі ў адпаведнасці з галоўнай мастацка-гуманітарнай спецыфікай сваёй прафесіі, ужо не гаворачы аб тым, што ім жа, а не каму іншаму, прыйдзецца забяспечваць курс «Сусветнай мастацкай культуры» ў старэйшых класах, выкладанне роднай літаратуры ў кантэксце сусветнай.

Падрыхтоўка і перападрыхтоўка настаўніцкіх кадраў звязана непасрэдна з навучальна-метадычным забеспячэннем школы. Менавіта на кафедрах ВНУ і ІУН у пераважнасці працуюць аўтары падручнікаў і метадычных дапаможнікаў для школы. I поспех справы забеспячэння школы дабраякаснымі дапаможнікамі залежыць не толькі ад навукова-тэарэтычнай падрыхтаванасці, але і ад добрага ведання школьнай практыкі, патрэб выкладання прадмета ў школе.

Факты сведчаць, што навучальныя кнігі па літаратуры нярэдка ствараюцца аўтарамі, якія такой усебаковай дасведчанасцю не валодаюць. Правілам павінна стаць: спецыялісты, якія бяруцца за напісанне навучальнай кнігі, абавязаны мець прадуманую канцэпцыю вывучэння прадмета ў дадзеным канкрэтным класе, дакладна ўсведамляць і змест, і методыку выкладання матэрыялу, пераемнасць навучання з папярэднімі і наступнымі класамі.

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

29. 05. 2009 № 675

 

КАНЦЭПЦЫЯ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА

“БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА”

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...