2. Зыходныя метадалагічныя перадумовы і прынцыпы пабудовы зместу вучэбнага прадмета
Пабудова зместу літаратурнай адукацыі ў сучасных умовах ажыццяўляецца з пазіцый культурастваральнага, асобасна арыентаванага падыходаў да навучання, на аснове прынцыпаў эмпатыйнай педагогікі, педагогікі супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў. У якасці галоўных арыенціраў выбраны наступныя прынцыпы. 1. Арыентацыя на засваенне набыткаў нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Беларуская літаратура належыць да ліку прадметаў, якія традыцыйна вывучаюцца ў школах Беларусі (пачынаючы з 20-х гг. ХХ ст. ). Менавіта нацыянальнае мастацкае слова скіроўвае на засваенне асноў беларускай культуры, яе вытокаў, этапаў станаўлення. Таму нацыянальным мастацкім набыткам (у першую чаргу творам класікі) у курсе літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе належыць галоўнае месца. Творы замежнай класікі пры гэтым разглядаюцца перад усім у суадносінах з беларускай літаратурай, гэта дасць магчымасць вучням успрыняць нацыянальнае прыгожае пісьменства часткай – арыгінальнай і самабытнай – сусветнай літаратуры. 2. Фундаментальнасць. Прынцып фундаментальнасці ў літаратурнай адукацыі разглядаецца як грунтоўнае авалодванне сістэмай літаратурных ведаў, уменняў і навыкаў, сфарміраванасць чытацкай і камунікатыўнай культуры асобы. Беларуская літаратура як адзін з відаў мастацкага мадэліравання рэчаіснасці мае вялікае значэнне для набыцця вучнямі ведаў у іншых галінах, для авалодвання універсальнымі спосабамі дзейнасці, выпрацоўкі ўменняў аналізу і інтэрпрэтацыі разнастайных фактаў і з’яў. Курс беларускай літаратуры скіраваны на развіццё праблемнага, крытычнага ўспрымання з’яў рэчаіснасці, садзейнічае фарміраванню сістэмы гуманістычных, маральна-этычных поглядаў і арыентацый асобы вучня.
3. Практычная накіраванасць. Навучанне беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе скіравана на выхаванне асобы і яе сацыялізацыю ў грамадстве. Таму для вывучэння прапануюцца мастацкія творы, што ў найбольшай ступені адпавядаюць патрэбам і інтарэсам як вучняў, так і грамадства, адлюстроўваюць тыповыя канфлікты і сітуацыі, выклікаюць у іх роздум “пра час і пра сябе”. Менавіта ў працэсе аналізу мастацкага твора раскрываецца асабістае “я” вучня. Прынцып практычнай скіраванасці ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі вымагае надання важнага значэння развіццю не толькі вуснага і пісьмовага маўлення, але і камунікатыўнай культуры вучняў. Эфектыўнае вырашэнне гэтай праблемы спрыяе павышэнню агульнакультурнага ўзроўню вучняў. 4. Гуманітарызацыя і гуманізацыя навучання. Гуманітарызацыя скіроўвае настаўніка і вучня да ўспрымання цэласнай карціны свету і чалавека ў ім, да “ачалавечвання” ведаў, што ў выніку павінна прывесці да фарміравання гуманістычнага светаадчування, маральнай адказнасці чалавека за сябе, грамадства, прыроду. Беларуская літаратура як адзін з вядучых вучэбных прадметаў сацыяльна-гуманітарнага цыкла – надзейны сродак увядзення вучня ў культуру як сістэмнае цэлае, бо менавіта яна спалучае ў сабе элементы культуры мастацкай, культуры мыслення, дзейнасці і ўзаемаадносінаў, культуры выяўлення думак і пачуццяў у слове (або філалагічнай культуры) і, нарэшце, уплывае на фарміраванне светапогляду асобы. У працэсе вывучэння беларускай літаратуры вучні набываюць этыка-філасофскія, сацыяльна-гістарычныя і эстэтыка-культурныя веды. 5. Завершанасць літаратурнай адукацыі. Літаратурная адукацыя ў агульнаадукацыйных установах у выніку павінна даць вучням цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру, яе ідэйна-мастацкае багацце, сфарміраваць сістэму ведаў, уменняў, каштоўнасных арыентацый, вопыт эмацыянальнай і творчай дзейнасці. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай установы не кожны з выпускнікоў будзе мець магчымасць пашыраць свае веды пра беларускую літаратуру, таму літаратурнае навучанне ў агульнаадукацыйных установах павінна мець завершаны характар.
6. Рэгіяналізацыя літаратурнай адукацыі. Сучасныя рэгіёны Беларусі вызначаюцца паводле дзялення краіны на вобласці. Варта мець на ўвазе, што гэты падзел не заўсёды супадае з прыродна-гістарычнымі зонамі Беларусі. Для выхавання патрыятычных пачуццяў вельмі важна, каб у працэсе вывучэння беларускай літаратуры вучань пераканаўся, што і яго родны кут ці край (пэўныя мясціны, горад і інш. ) натхняў пісьменнікаў, што яго землякі ўнеслі пэўны ўклад у развіццё беларускага мастацтва слова. Вельмі важнай паўстае неабходнасць актыўнага развіцця мясцовага краязнаўства, што дапаўняла б звесткі, атрыманыя вучнямі на ўроках беларускай літаратуры. Вырашэнню гэтай праблемы спрыялі б факультатыўныя курсы літаратурна-краязнаўчай скіраванасці, падрыхтаваныя знаўцамі роднага краю, настаўнікамі, навукоўцамі.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|