Іван Іванавіч Замоцін
Нарадзіўся Іван Іванавіч Замоцін 1 лістапада 1873 года ў вёсцы Крывуліна Бежацкага раёна Калінінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Спачатку вучыўся недалёка ад дому, у вёсцы Балдзеева, затым – у Громаўскім прытулку ў Пецярбургу. Іван Замоцін ужо ў юнацкія гады выявіў не звычайныя здольнасці да навукі, таму і быў залічаны ў Пскоўскую гімназію “за дзённы кошт”, куды звычайна сялянскіх дзяцей не прымалі. У 1897 годзе паспяхова скончыў Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут па спецыяльнасці “гісторык літаратуры”. У 1904 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені магістра рускай славеснасці, а яшчэ праз чатыры гады стаў доктарам навук. Сваю педагагічную дзейнасць пачаў настаўнікам гімназіі Варшавы і Пецярбурга. З 1904 года працаваў прыват-дацэнтам Варшаўскага, потым Пецярбургскага універсітэта. З 1908 па 1916 год – прафесар Варшаўскага, а з 1917 па 1922 год – Данскога універсітэтаў. У 1921 быў адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. Педагагічных кадраў не хапала, таму па просьбе рэктара БДУ У. І. Пічэты Іван Замоцін у 1922 годзе пераехаў у Мінск, дзе быў абраны прафесарам кафедры гісторыі рускай літаратуры універсітэта, а з 1931 года – Мінскага педагагічнага інстытута. Адначасова Іван Замоцін працаваў у Інстытуце беларускай культуры. Вучоны добра ведаў восем замежных моў: нямецкую, англійскую, французскую, польскую, чэшскую, сербскую, лацінскую і грэчаскую. За сорак гадоў Іван Замоцін надрукаваў больш за сорак прац. Пераехаўшы ў Мінск, І. Замоцін плённа працаваў у галіне беларускага літаратуразнаўства. Ён першы паставіў імя Якуба Коласа побач з імёнамі вядомых пісьменнікаў свету, першы напісаў рэцэнзію на паэму “Новая зямля”. Іван Замоцін стаў ля самых вытокаў беларускай літаратуразнаўчай навукі, калі, за выключэннем “Нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры”, фактычна не было не толькі манаграфічных даследаванняў, але і самі творы не былі як след сабраны і сістэматызаваны. Ён быў перакананы, што беларуская літаратура заслугоўвае таго, каб яе збіранне і вывучэнне было пастаўлена на новую аснову і стала дзяржаўнай справай, настойліва дамагаўся вывучэння гісторыі літаратуры, лічыў яе такой самай навукай, як іншыя гістарычныя дысцыпліны. “Гісторыю літаратуры, — пісаў вучоны, — трэба ці ўсю адкінуць, ці ўсю прызнаць – чагосьці кампраміснага тут быць не можа, таму што без цвёрдай базы нельга прыйсці ні да якіх станоўчых навуковых вынікаў”[1].
Па яго ініцыятыве і з яго прадмовай быў выдадзены ў двух тамах збор твораў М. Багдановіча, а пасля выйшлі творы Цёткі і П. Труса. Пяру Івана Замоціна належаць працы па гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя: “Пуціны беларускай літаратуры (Якуб Колас – “Новая зямля”)”, “Паэма Якуба Коласа “Сымон-музыка” як аўтахарактарыстыка”, “Беларуская драматургія, Ч. І – Драматычныя творы Янкі Купалы”, “М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс”. Працуючы выкладчыкам ВНУ, І. Замоцін распрацаваў і пытанні методыкі вывучэння беларускай літаратуры ў тагачаснай школе. Сярод настаўнікаў-філолагаў асабліва папулярнымі былі два выпускі яго метадычных нарысаў “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні”, у аснову якіх былі пакладзены лекцыі, прачытаныя ў 1923-1927 гадах студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Па сутнасці, гэта была першая навуковая праца па методыцы выкладання беларускай літаратуры. Найбольш грунтоўныя погляды на гэтыя пытанні ён падае ў двух выпусках нарысаў “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні” і ў кнізе “Метадычныя пытанні выкладання мовы і літаратуры ў ІІ — ІІІ канцэнтрах.
Пра вывучэнне старажытнай літаратуры ён лічыў мэтазгодным аналізаваць не дзелавыя дакументы, а тыя, што маюць пэўную мастацкую вартасць. Прагрэсіўным было меркаванне, у адпаведнасці з якім школа, нягледзячы на непасрэдную сувязь літаратуры з грамадствам, павінна даць вучням добрую літаратурную асвету і весці гэты курс у храналагічным парадку, каб бачылася яго цэласнасць і гістарычная перспектыва. У 1938 годзе плённая праца І. Замоціна абарвалася: ён быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і высланы ў Комі АССР. Там памёр у турэмнай бальніцы ў 1942 годзе. Рэабілітаваны ў 1956 годзе. Метадычныя нарысы “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні” рыхтаваліся да друку і выдадзены ў той час, калі ў школах краіны захапляліся Дальтан-планам і асабліва прапагандавалася адна з яго форм – брыгадна-лабараторны метад, у адпаведнасці з якім галоўная ўвага надавалася індывідуальнаму навучанню. У гэты ж час у пачатковых школах былі ўведзены комплексныя праграмы, якія пераўтварылі выкладанне літаратуры ў ілюстраванне пэўнай грамадска-палітычнай з’явы. І. Замоцін на пачатку быў прыхільнікам новаўвядзенняў, што знайшло адбітак і ў яго працы, аднак не ішоў за ім слепа. Адзін з раздзелаў працы “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні” прысвечаны этапам вывучэння мастацкага твора і метадам уключэння дзяцей у актыўную дзейнасць. У ім Іван Замоцін рэкамендуе настаўнікам тыя ж этапы вывучэння мастацкага твора, якія выкарыстоўваюцца і цяпер, за выключэннем арыенціровачных заняткаў. Метадыст рэкамендуе настаўнікам рыхтаваць вучняў да ўспрымання мастацкага твора: выклікаць у іх цікавасць да яго, растлумачыць тое, што можа стаць перашкодаю ў паўнацэнным успрыманні. Метадыст акрэсліваў прыкладны змест уступных заняткаў, раіў знаёміць з біяграфіяй пісьменніка, характарызаваць мастацкую тэхніку той школы, да якой належаў аўтар. Асаблівае значэнне надаваў І. Замоцін настроенасці на вывучэнне твора. Не дагматызаваць уступныя заняткі, а разнастаіць іх – вось у чым бачыў задачу настаўніка вучоны. На шматлікіх прыкладах з беларускай і рускай літаратур ён паказваў мажлівыя варыянты правядзення гэтага этапу. Напрыклад, пры вывучэнні паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” мэтазгодна даць матэрыял біяграфічнага характару (увязка біяграфіі аўтара з падзеямі, якія ён малюе), звяртаць увагу вучняў на сацыяльную тэму, на тэму аб беларускім быце і прыродзе і, урэшце, аб мастацкім стылі паэмы, аб яго ўвязцы з народна-паэтычнай лексікай і фразеалогіяй.
Улічваючы патрабаванні новых праграм, а таксама выкарыстоўваючы вопыт рускіх педагогаў, І. Замоцін сфармуляваў чатыры асноўныя задачы навучання літаратуры ў школе: 1. Развіццё вуснай і пісьмовай мовы; 2. Літаратурная начытанасць вучняў; 3. Навуковая інтэрпрэтацыя літаратурнага матэрыялу; 4. Развіццё літаратурна-творчай самадзейнасці вучняў у навуковым і мастацкім напрамках. Метадычныя погляды І. Замоціна многім адпавядаюць патрабаванням сучаснай школы. Адным з найважнейшых прынцыпаў выкладання ён лічыў “навуказдольнасць” (навуковасць). У той час, калі многія метадысты, прыхільнікі вульгарна-сацыялізаванай сістэмы Ф. Пераверзева, не прызнавалі за літаратураю прыярытэту ў ідэйна-палітычным, маральным і эстэтычным выхаванні, І. Замоцін вылучыў другі, не менш важны прынцып – прынцып “педагагічнасці” або выхаваўчага навучання. Прынцып “педагагічнасці” разумеўся як увага да асобы дзіцяці, улік яго індывідуальных асаблівасцей, асабістых мажлівасцей, а таксама як выхаванне і развіццё вучняў. У дачыненні да літаратуры гэтыя задачы ўсведамляліся звужана. І. Замоцін на першы план выводзіў развіццё літаратурнай мовы школьнікаў, якая, на думку вучонага, яскрава характарызуе асобу падлетка, юнака, яго індывідуальнасць, культуру. Мова кожнага пісьменніка вызначаецца самабытнасцю, непаўторнасцю. “Навуковасць”, лічыў І. Замоцін, заключаецца ў веданні вучнямі навуковых асноў мовы, з тым каб на іх будаваць сваё маўленне. Мова школьнікаў павінна быць простай, выразнай, граматычна закончанай, лёгкай. Таму ў школе неабходна даваць хоць мінімум ведаў па мовазнаўстве. Літаратурная начытанасць як адно са складаемых літаратурнай адукацыі ў працоўнай школе забяспечваецца знаёмствам з тымі творамі, што вывучаюцца на ўроках і чытаюцца самастойна. І. Замоцін лічыў, што ў школьныя праграмы неабходна ўключаць творы айчыннай класічнай літаратуры ХІХ—ХХ стст., сучасных пісьменнікаў, а таксама лепшыя творы замежных мастакоў слова мінулых часоў і нашых дзён.
Прынцып навуковасці, на думку І. Замоціна, забяспечваецца ў тым выпадку, калі мастацкі твор у школе разглядаецца і з мастацкага, і з сацыяльнага бакоў, калі тут дасягаецца адпаведная гармонія. Каштоўным з’яўляецца і тое, што вучоны крытычна ставіўся да тэматычнага вывучэння літаратуры, выкрываў шкоднасць ацэнкі твора, лічыў неабходным падыходзіць да кожнага твора як да мастацкага цэлага, шматбаковага і больш паглыблена, і працаваць над літаратурным тэкстам як з самастойным матэрыялам, не наклейваючы на яго адных і тых жа ярлыкоў у выглядзе шаблонных вывадаў і ацэнак, улічваючы пры яго аналізе індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці вучняў. Хібы тэматычнага вывучэння ён бачыў у тым, што часам у школу траплялі далёка не лепшыя ў мастацкіх адносінах творы, якія штучна прывязваліся да грамадска-палітычнай тэмы і тым самым не давалі магчымасці па-сапраўднаму рэалізаваць прынцып выхаваўчага навучання. Разам з тым І. Замоцін тэматычнае выкладанне літаратуры ў школе разглядаў як падрыхтоўчы этап да ўспрымання сістэматычнага курса літаратуры на гістарычнай аснове. Вучоны важнае значэнне надаваў літаратурнаму аналізу, а таксама выпрацоўцы ў школьнікаў навыкаў крытычнай ацэнкі прачытанага. Не лічачы патрэбным выкладаць у школе гісторыю эстэтычных тэорый, ён раіў пры вывучэнні літаратуры супастаўляць творы, якія адрозніваюцца сваім мастацкім стылем. Пры аналізе асаблівасцей мовы мастацкай літаратуры Іван Замоцін прапаноўвае знаёміць вучняў з паэтычнай стылістыкай беларускіх пісьменнікаў, навучыць, як арыентавацца ў жанрах і кампазіцыі твораў. Адначасова ён папярэджваў аб небяспецы звядзення гэтай працы да механічнага анатаміравання мастацкай тэхнікі пісьменніка. І. Замоцін бачыў патрэбу і ў сістэматычным выкладанні літаратуры. Сямігодка, якая часова стала асноўным тыпам школы ў дваццатыя гады, пры лабараторным метадзе навучання не магла даць вучням поўнага ўяўлення пра гісторыю літаратары. Аднак нават у такіх умовах вопытны педагог стаяў за разгляд мастацкага твора на фоне агульнага літаратурнага працэсу. У старэйшых класах, пачынаючы з сёмага, ён вылучыў чатыры раздзелы: вусная народная творчасць, старажытная, новая і навейшая літаратуры. У працэсе вывучэння фальклору, на яго думку, школьнік павінен атрымаць веды пра паходжанне народнай слоўнасці, азнаёміцца з яе зместам і мастацкімі формамі. Зусім па-сучаснаму гучыць прапанова І. Замоціна праводзіць параўнальны аналіз беларускага фальклору з эпасам іншых народаў, з такімі ўзорамі, як “Песня пра Нібелунгаў” і інш.
Разумеючы, што ў справе літаратурнай адукацыі ў школе нельга абмяжоўвацца толькі класнымі заняткамі, Іван Замоцін распрацоўваў і пытанне пазакласнага чытання, якое па яго перакананні, павінна быць цесна звязана з сістэмаю класнага выкладання літаратуры і дапаўняць яго. Задачай першаступеннай важнасці, на думку вучонага, павінна было стаць складанне праграм пазакласнага чытання, выдання даступных для вучняў зборнікаў з творамі беларускай літаратуры і набыццё іх кожнай школьнай бібліятэкай. Для кіраўніцтва і кантролю за пазакласным чытаннем прапаноўвалася звяртацца да гутарак аб прачытаным і літаратурных дзённікаў, якія раіліся весці вучням. На правядзенне пазакласнага чытання, як і на асноўны курс літаратуры, адводзяцца ўрокі, але яны маюць сваю адметнасць. Па-першае, настаўнік сам вызначае змест урока, яго тэму, арыентуючыся на спіс твораў, прапанаваных праграмай, а таксама на з’яўленне цікавых выданняў і перыёдыку. Па-другое, творы, вынесеныя на абмеркаванне, разглядаюцца без асаблівай дэталізацыі; настаўнік прагназуе, што можа быць складаным для ўспрымання вучняў і як падвесці іх да неабходных вывадаў. Па-трэцяе, па форме правядзення ўрокі пазакласнага чытання павінны быць больш яркія, арыгінальныя, абсталяваныя цікавай пазакласнай нагляднасцю. Аднак пры ўсёй сваёй адметнасці яны не павінны выпадаць з агульнага ланцужка класнага чытання. Слушныя прапановы выказаў І. Замоцін і адносна абмеркавання твораў, прачытаных самастойна. Найбольш прымальным метадам для гэтай справы ён лічыў эўрыстычную гутарку і дыспут. Таленавіты педагог разумеў, што поспех такіх мерапрыемстваў будзе забяспечаны толькі пры ўмове ўзаемапавагі і ўзаемадаверу паміж вучнямі і настаўнікам, калі вучні ўмела могуць выказваць свае думкі, не баючыся быць незаслужана пакаранымі. Настойліва прапагандуючы дыспут як адзін з аптымальных метадаў аналізу твора, вучоны рэзка крытыкаваў так званыя суды над літаратурным героем, у працэсе якіх абмеркаванне ператваралася ў маралізатарства, а “падсудны” ўспрымаўся як сучаснік, без уліку светапогляду аўтара, канкрэтных гістарычных умоў, нарэшце, мастацкага вымыслу. Важную функцыю ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе, на думку вучонага, павінны таксама выконваць літаратурныя гурткі, экскурсіі, вечары, на якіх вучні не толькі папаўняюць свае веды па праграме, але і знаёмяцца з лепшымі ўзорамі зарубежнай і навінкамі роднай літаратуры. І. Замоцін задумваўся над тым, як ажыццявіць цікавасць вучняў да літаратуры, актывізаваць пазнавальную дзейнасць, развіваць іх эстэтычныя густы, і надаваў у гэтым плане вялікае значэнне выразнаму чытанню. Выразнае чытанне разглядаецца як мастацкае чытанне ва ўмовах агульнаадукацыйнай школы, як самастойны від выканальніцкага мастацтва. На ўроку літаратуры выкарыстоўваюцца два віды выразнага чытання: чытанне настаўніка і чытанне вучняў. Выразнае чытанне настаўніка абудзіць у вучняў цікавасць да мастацкага твора і будзе садзейнічаць раскрыццю яго ідэйна-сэнсавай сутнасці толькі ў тым выпадку, калі стане арганічнай, састаўной часткай урока літаратуры. Месца выразнага чытання на ўроку, лічыў Іван Іванавіч Замоцін, можа быць вызначана толькі самім настаўнікам, бо цалкам залежыць ад навучальных і выхаваўчых задач, якія ставяцца пры вывучэнні канкрэтных тэм. Уся ўвага і намаганні настаўніка павінны быць скіраваны на тое, каб вучыць дзяцей любіць мастацкае слова. Настаўніку літаратуры неабходна перш за ўсё самаму сістэматычна ўдасканальваць навыкі выразнага чытання. У час самападрыхтоўкі ў настаўніка з’явіцца асабістая зацікаўленасць зместам мастацкага твора і валявое жаданне ўздзейнічаць вусным словам на вучняў. Калі ж настаўнік не авалодае ўменнем пераўтвараць слова напісанае ў слова вуснае, яго вучні не адчуюць магутнай сілы мастацкай літаратуры, не атрымаюць эстэтычнага задавальнення ад гучання мастацкага слова, на ўроках яны будуць толькі “праходзіць” літаратуру. Аднак выразнае чытанне настаўніка – толькі адна з састаўных частак урока літаратуры. Найбольшая ўвага павінна звяртацца на вывучэнне самога мастацкага твора і на распрацоўку яго выразнага чытання вучнямі. Вучыць асновам выразнага чытання неабходна паступова, з улікам узроставых асаблівасцей і творчых магчымасцей вучняў. Працэс распрацоўкі выразнага чытання, паводле метадычных прынцыпаў Замоціна, грунтуецца на двух асноўных прынцыпах: · паступовым засваенні зместу твора; · улік развіцця творчай індывідуальнасці вучня. Асаблівая ўвага настаўніка звяртаецца на адзінства лагічнага, вобразнага і эмацыянальнага пры ўспрыманні мастацкага твора ў школе, а таксама і пры яго ўвасабленні ў вуснае жывое слова. Павысіць эфектыўнасць урока літаратуры часта дапамагаюць тэхнічныя сродкі. Выкарыстанне тэхнічных сродкаў рыхтуецца спецыяльна. Напрыклад, слуханне літаратурных твораў з фонахрэстаматыі мэтазгодна даваць пасля аналізу тэксту ў класе і вучнёўскага чытання. Акрамя фонахрэстаматыі, на ўроках літаратуры пажадана звяртацца і да запісаў музычных твораў. Гэта дапаможа настаўніку стварыць неабходную творчую атмасферу падчас яго ўступнай гутаркі, можа служыць эмацыянальным фонам для чытання. Не абышоў увагаю І. Замоцін і праблему развіцця пісьмовай мовы вучняў, разглядаючы пісьмовая працы як адно са звёнаў у іх літаратурным развіцці. Ён аддаваў перавагу сачыненням і пераказам. У працах вучонага акрэслена прыкладная тэматыка творчых прац. Праўда, у адрознення ад сучасных відаў творчых прац (анатацый, водгукаў, рэцэнзій, эсэ) творчыя працы, якія прапаноўваў метадыст, сёння прынята называць сачыненнямі на вольныя тэмы. Такая тэматыка досыць шырокая і разнастайная, у асноўным звязаная з інтарэсамі, заняткамі дзяцей: іх захапленне ў вольны час, узаемаадносіны з равеснікамі, бацькамі, настаўнікамі, свет прыроды ў вучнёўскім успрыманні, сяброўства са свойскімі жывёламі і інш. У навучанні сачыненням метадыст раіў прытрымлівацца дыдактычнага прынцыпу паступовасці. Спачатку, лічыў ён, неабходна навучыць дзяцей складаць тэкст з некалькіх сказаў, напрыклад па малюнку, ці прапанаваць расказаць пра здарэнне, сведкам якога быў. Далей праца можа ісці ў наступнай паслядоўнасці: апісанне ці разважанне пра жывёл, пра збудаванні, пра тое, што зацікавіла, прыцягнула ўвагу, і толькі затым можна пераходзіць да твораў мастацкай літаратуры. Вучоны лічыў, што вучні павінны авалодваць такімі відамі выкладу матэрыялу, як апісанне, разважанне, апавяданне. Такім чынам, І. Замоцін распрацаваў найбольш важныя пытанні методыкі выкладання літаратуры, стварыўшы па сутнасці, першы падручнік па гэтай важнай дысцыпліне для вышэйшых навучальных устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў славеснікаў. Каб не трагічны лёс вучонага, каб яго працы на доўгі час не былі схаваны ад чытачоў, то многія пакаленні беларускіх настаўнікаў літаратуры атрымалі б добрую метадычную падрыхтоўку. Бясспрэчна, што педагагічная спадчына І. Замоціна аказала б плённы ўплыў і на развіццё навукі пра выкладанне мастацкага слова ў школах Беларусі.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|