6. Састаў і структура вучэбна-метадычнага комплексу
6. Састаў і структура вучэбна-метадычнага комплексу Вучэбна-метадычнае забеспячэнне прадмета “Беларуская літаратура” ў агульнаадукацыйнай установе патрабуе наяўнасці цэлага комплексу сродкаў, у склад якога ўваходзяць: – вучэбная праграма; – падручнік, падручнік-хрэстаматыя, вучэбны дапаможнік; – хрэстаматыя для пазакласнага чытання; – вучэбна-метадычныя дапаможнікі для настаўніка; – дыдактычныя матэрыялы для вучня; – літаратуразнаўчыя слоўнікі; – кнігі, выдадзеныя ў серыі “Школьная бібліятэка”; – выстаўкі-альбомы, прысвечаныя жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў, альбомы ілюстрацый; – аўдыёвізуальныя сродкі навучання; – электронныя сродкі навучання розных тыпаў. Вучэбна-метадычны комплекс па беларускай літаратуры павінен стварацца з улікам сучасных метадалагічных, дыдактычных і метадычных прынцыпаў. Так, змест і структура дыдактычных матэрыялаў павінны адпавядаць этапам спасціжэння літаратурнага твора – яго першаснае ўспрыманне, праверка ўражанняў, аналіз (асэнсаванне твора), абагульненне назіранняў. Арганізацыя паэтапнага спасціжэння твора паступова фарміруе чытацкую культуру вучня, яго здольнасць асэнсоўваць свае першасныя, часам суб’ектыўныя, уражанні, правяраць іх у працэсе аналізу, выказваць аргументаваныя ацэнкі і меркаванні. Пры гэтым у сістэме пытанняў для аналізу неабходна прапанаваць, побач з рэпрадуктыўнымі, праблемныя пытанні і пошукавыя заданні. У падручніках новага пакалення для V–VIII класаў прапаноўваецца сістэма творчых заданняў на літаратурным матэрыяле і на аснове жыццёвых уражанняў, асацыяцый вучняў, якія стымулююць іх творчае ўяўленне. Пераказы, сачыненні скіраваны на развіццё маўлення вучняў, іх творчых здольнасцей. Пісьмовыя і вусныя заданні на падставе жыццёвых уражанняў, перажыванняў, псіхалагічных станаў надзвычай карысныя для падлеткаў: спрыяюць развіццю маўлення, назіральнасці, маральнай чуйнасці. Творчыя заданні – разнастайныя па змесце і форме іх выканання – развіваюць не толькі ўласна літаратурныя здольнасці вучняў, але і культуру асобы ў цэлым.
У падручніках для ІХ–ХІ класаў аб’ём гісторыка-літаратуразнаўчага матэрыялу павялічваецца, змест пашыраецца, з’яўляюцца літаратурныя агляды паасобных перыядаў у гісторыі развіцця мастацтва слова. Большасць заданняў у падручніках па літаратуры для гэтых класаў павінна мець творчы характар, абапірацца на літаратурны матэрыял і на жыццёвы вопыт вучняў. Пытанні і заданні, тэмы сачыненняў у падручніку даюцца на выбар і вызначаюцца змястоўнай і фармальнай разнастайнасцю. Мэтазгодна стварыць умовы для рэалізацыі ў працэсе навучання міжпрадметных сувязей, перш за ўсё паміж беларускай і рускай літаратурамі: гэта і пераклады, і жанрава-тэматычныя супастаўленні, і гісторыка-біяграфічныя факты, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх узаемаацэнкі. Другі значны аспект актуалізацыі міжпрадметных сувязей – літаратура і іншыя віды мастацтва. Такія звесткі – аснова для параўнальнага аналізу, сачыненняў, паведамленняў, дакладаў, рэфератаў для семінараў, чытацкіх канферэнцый. Структура хрэстаматый для абавязковага і дадатковага чытання павінна адпавядаць структуры падручніка. У метадычных рэкамендацыях да падручнікаў прапануюцца розныя шляхі і прыёмы вывучэння твора. Школьныя праграмы па беларускай літаратуры, асаблівасці іх пабудовы. Агульная характарыстыка. Праграма па беларускай літаратуры – дзяржаўны дакумент, у якім вызначаецца змест і структура школьнага курса літаратуры, які зацвярджаецца МА.
Праграмы па беларускай літаратуры для агульнаадукацыйных устаноў з 11-гадовым тэрмінам навучання распрацаваны ў адпаведнасці з актуальнымі задачамі ўдасканалення як сістэмы адукацыі ўвогуле, так і літаратурнага навучання ў прыватнасці. Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе арыентавана на дасягненне мэт, вызначаных Законам Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі Канцэпцыі літаратурнай адукацыі і адукацыйнага стандарту. Змест вучэбных праграм суаднесены са зместам падручнікаў па беларускай літаратуры, якімі сёння карыстаецца агульнаадукацыйная школа. Беларуская літаратура як самастойны прадмет у 11-гадовай школе вывучаецца з V класа. Курс беларускай літаратуры ў 11-гадовай агульнаадукацыйнай школе забяспечвае пераемнасць і бесперапыннасць працэсу літаратурнай адукацыі, прадугледжвае магчымасць пераходу ад адной ступені да другой, характарызуецца сістэмнасцю навучання. Праграмы грунтуюцца на прынцыпах дэмакратызацыі і гуманізацыі навучання, арыентуюць на засваенне духоўных і маральных каштоўнасцей, на эстэтычны і творчы характар засваення прадмета, улічваюць узростава-інтэлектуальныя асаблівасці школьнікаў. Галоўная мэта навучання прадмету — далучэнне школьнікаў да багацця беларускай і сусветнай мастацкай літаратуры, эстэтычнае спасціжэнне вучнямі свету, складанасці чалавечых узаемаадносін і на гэтай аснове — выхаванне асобы з глыбока гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, адданасцю агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здатнай успрыманне прыгажосці (эстэтычнае ўспрыманне) ператварыць у стымул маральнага самаўдасканалення, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця. У V—VIII класах асноўным прынцыпам структуравання матэрыялу з’яўляецца жанрава-тэматычны падыход: галоўным аб’ектам вывучэння на ўроку літаратуры з’яўляецца мастацкі твор, увага школьнікаў не засяроджваецца на жыццёва-творчым шляху пісьменнікаў. V клас. Курс V класа ў сістэме літаратурнай адукацыі займае асобае месца як пераходны ад пачатковага этапу навучання (літаратурнае чытанне) да сярэдняга (літаратурнае навучанне). Прапедэўтычны курс літаратуры мае на мэце сфарміраваць у вучняў уяўленне пра літаратуру як чалавеказнаўства і як мастацтва слова, якому ўласцівы адметныя спосабы вобразнага адлюстравання жыцця. Усведамленне вучнямі чалавеказнаўчага аспекту літаратуры — пазнання свету і чалавека праз мастацкае, эстэтычнае іх адлюстраванне і ўспрыманне, праз маральна-эстэтычную ацэнку рэчаіснасці, жыццёвых з’яў і падзей — асноўнае ў курсе літаратуры V класа. Галоўным аб’ектам на ўроку літаратуры з’яўляецца мастацкі твор, яго жыццёва-пазнавальныя, мастацка-эстэтычныя, каштоўнасна-ацэначныя якасці.
Асноўная задача настаўніка на ўроках літаратуры ў V класе заключаецца ў тым, каб зацікавіць вучняў чытаннем, скіраваць іх увагу на пазнанне мастацкай прыроды фальклорных і літаратурных твораў, навучыць успрымаць літаратуру як мастацтва слова. Напрамак вывучэння літаратуры ў V класе і прынцыпы структуравання зместу вызначаны ў адпаведнасці з логікай чытацкага ўспрымання мастацкага твора, калі асваенне жыццёвага матэрыялу (зместу) у яго вобразным увасабленні натуральна спалучаецца з пазнаннем і ўсведамленнем галоўных асаблівасцей літаратуры як мастацтва. Матэрыял пададзены сістэмна, згрупаваны ў адпаведныя тэматычныя блокі, для таго каб вучні авалодвалі параўнальным падыходам у працэсе аналізу мастацкіх твораў і іх кампанентаў. У выніку такога структуравання зместу кожны асобны твор выступае як адметная мастацкая з’ява, а ўсе тэксты разам узятыя дазваляюць убачыць ідэйна-тэматычную разнастайнасць літаратуры, яе эстэтычнае багацце. Пры гэтым настаўнік у працэсе асэнсавання твора дапамагае вучням назапашваць неабходныя літаратурныя веды на аснове засваення сутнасці канкрэтных тэарэтычных паняццяў. Па тэорыі літаратуры адабраны асобныя, даступныя ўзросту вучняў паняцці, звязаныя з мастацкім творам і яго кампанентамі (тэма, сюжэт, літаратурны герой у мастацкім творы; моўныя вобразныя сродкі — эпітэт, параўнанне), а таксама звесткі пра фальклор і некаторыя яго жанры.
У адпаведнасці з узроставымі і псіхалагічнымі асаблівасцямі пяцікласнікаў, іх жыццёвым і чытацкім вопытам быў вызначаны змест курса літаратуры — фальклорныя і літаратурныя творы, больш складаныя (у параўнанні з IV класам) і разнастайныя па тэматыцы і жанрах, мастацкіх асаблівасцях, якія даюць магчымасць шырокага «агляду» жыцця. Паколькі ў падлеткавым узросце фарміруецца сістэма каштоўнасных адносін да жыцця, адбываецца працэс самаўсведамлення асобы, яе духоўнага станаўлення, вялікая ўвага надаецца творам гераічнага, рамантычнага зместу, якія выяўляюць найважнейшыя грамадзянскія, маральна-этычныя якасці ў характары і паводзінах чалавека, яго адносінах да Радзімы, яе мінулага і сучаснага, да сваёй культуры і мовы, да захавання прыроды і г. д. Такім чынам, у курсе літаратуры V класа дамінуе жанрава-тэматычны падыход, а ў цэнтры знаходзіцца мастацкі твор і яго будова. VI клас. Навучанне беларускай літаратуры ў VI класе з’яўляецца працягам прапедэўтычнага курса, які будуецца ў цеснай пераемнасці з папярэднімі этапамі навучання і паступова, мэтанакіравана падводзіць школьнікаў да ўспрымання літаратуры на больш высокім узроўні ў наступных класах. Праграма прапануе творы больш складаныя па змесце і разнастайныя па сваіх мастацкіх асаблівасцях, працягвае знаёмства вучняў з жанрамі і тэматыкай фальклорных і літаратурных твораў, найважнейшымі прыёмамі і сродкамі вобразнага адлюстравання свету. Пры вывучэнні твораў асабліва важным застаецца паўнавартаснае ўспрыманне вучнямі зместу і сэнсу прачытанага, пашырэнне іх чалавеказнаўчых, жыццёвых і эмацыянальна-вобразных уяўленняў. Па-ранейшаму вядучай застаецца ўстаноўка на ўсведамленне глыбіні і непаўторнасці мастацкага слова. Вывучэнне літаратурных твораў адбываецца ў адпаведнасці з логікай спасціжэння мастацтва слова: першаснае ўспрыманне—аналіз—абагульненне. У аснове зместу праграмы ляжыць ідэя Радзімы, родных вытокаў, а таксама агульны прынцып уладкавання Сусвету: я — мой род — народ — родная зямля — чалавецтва. Падабраны тэкставы матэрыял заключае ў сабе вялікі пазнавальны змест, мае несумненнае грамадска-выхаваўчае значэнне, дае вучням уяўленні пра літаратуру як чалавеказнаўства і мастацтва слова, асноўныя тэмы і вобразы літаратурнай творчасці, садзейнічае абуджэнню фантазіі, інтэлектуальнаму развіццю і эстэтычнаму ўзбагачэнню асобы. Уводзіны ў свет міфатворчасці даюць першапачатковыя звесткі пра ўзнікненне вобразнага, мастацкага слова, закліканы абудзіць у малодшых падлеткаў цікавасць да прыгожых і таямнічых поглядаў на свет нашых продкаў, даць уяўленне пра выкарыстанне міфалагічных вобразаў у літаратурных тэкстах, Знаёмства з Бібліяй і літаратурнымі творамі з біблейскімі матывамі падорыць вучням цудоўную магчымасць адчуць мудрасць адвечных маральных запаветаў, убачыць «вечную кнігу» як крыніцу вобразнасці беларускай літаратуры і яе сапраўднай духоўнасці.
Духоўнаму сталенню асобы, больш глыбокаму ўспрыманню нацыянальных каштоўнасцей і традыцый беларускага народа паспрыяе разгляд жанраў вусна-паэтычнай творчасці і літаратурнай песні, бо песня з’яўляецца багаццем душы чалавека і яднае народ. Вывучэнне лірычных твораў мае на мэце паглыбіць эстэтычны падыход да ўспрымання паэтычнага слова, адчування яго мілагучнасці, вобразнай яркасці і маляўнічасці на прыкладзе аналізу мастацкіх тропаў. Празаічныя творы, асабліва вялікія па аб’ёме, вымагаюць папярэдняга самастойнага прачытання. Аднак перад гэтым пажадана звярнуць увагу вучняў на асноўныя моманты зместу і ключавыя пытанні, якія будуць разглядацца ў працэсе аналізу мастацкага тэксту. Вывучэнне аб’ёмных твораў прозы будзе эфектыўным толькі пры ўмове паўторнага чытання іх фрагментаў у класе, аналізу тэксту з удзелам настаўніка, які ставіць пытанні, прапануе заданні і робіць каментарыі. Празаічныя тэксты даюць магчымасць для больш шырокага ахопу жыццёвых з’яў і маральных праблем, далучаюць юных чытачоў да разумення характараў герояў і матываў іх учынкаў, адносін да іншых людзей, мінулага і сучаснага, прыроды і Радзімы. Вучні спасцігаюць пазіцыю і канцэпцыю аўтара-апавядальніка, яго ацэнкі і погляды на чалавека і свет. На матэрыяле прозы паглыбляюцца навыкі аналізу мастацкага тэксту, вуснага і пісьмовага пераказу, выразнага чытання. Школьнікі назапашваюць першапачатковыя веды пра асаблівасці эпічнага роду і асобных празаічных жанраў. З улікам падлеткавых чытацкіх прыхільнасцей і ў адпаведнасці з узроставымі і псіхалагічнымі асаблівасцямі шасцікласнікаў у асобны раздзел вылучаны творы фантастычнага зместу, якія развіваюць эмацыянальна-творчыя ўяўленні дзяцей, дапамагаюць фарміраванню гуманістычных ідэалаў і маральных перакананняў. Вывучэнне чалавеказнаўчага зместу мастацкай літаратуры і яе аналіз як мастацтва слова павінны быць падпарадкаваны галоўнай задачы — абуджэнню цікавасці да чытання, да беларускай кнігі і роднага слова. VII клас. Праграма па беларускай літаратуры ў VII класе скіравана на фарміраванне асобы ва ўсёй яе шматграннасці. Мэта вывучэння літаратуры на гэтай ступені адукацыі — выхаванне ўдумлівага, дасведчанага чытача, які разбіраецца ў асноўных вартасцях мастацкіх твораў, умее ацэньваць іх змест, інакш кажучы, мае добрае адчуванне і разуменне спецыфікі літаратуры, багаты чытацкі вопыт, уласны эстэтычны густ. Вучні, якія пазнаёміліся ўжо з разнастайнасцю жанраў і тэматыкі літаратурных твораў, вобразаў, асноўнымі тропамі, працягваюць спасцігаць сутнасць слоўнага мастацтва, спецыфічныя законы яго функцыянавання. У VII класе ўвядзенне ў свет мастацкай літаратуры працягваецца праз параўнальны разгляд двух асноўных відаў (тыпаў) мастацкай творчасці — паэзіі і прозы, а таксама шляхам супастаўлення мастацкіх твораў з творамі публіцыстычнай, навуковай (гістарычнай) літаратуры. Гэта, аднак, не жанравы падыход. Родава-жанраваму аспекту будзе прысвечана вывучэнне літаратуры ў VIII класе. У VII класе галоўнае — даць уяўленне пра літаратуру як мастацкую з’яву ў сістэме яе сувязей з іншымі відамі мастацтва, праз увагу да майстэрства пісьменніка, яго мастацкага таленту, з боку яе ўнутранай мастацка-эстэтычнай дыферэнцыяцыі (паэзія—проза); нарэшце, праз суадносіны з такімі не мастацкімі, але блізкімі да літаратуры па сваіх чалавеказнаўчых функцыях з’явамі, як публіцыстыка, гуманітарныя навукі (гісторыя). Праца ў такім кірунку будзе працягвацца і ў наступных класах. Але ўжо ў VII класе ў вучняў павінна быць сфарміравана ўяўленне пра тое, што паэзія — гэта не толькі рытмічная мова, але і мастацкая творчасць, якая абуджае моцныя перажыванні, пачуцці, выклікае асаблівую настроенасць душы пры ўспрыманні з’яў навакольнай рэчаіснасці. Проза ж — гэта слоўна-мастацкая творчасць, якой уласцівы шырокі агляд жыцця, аналіз жыццёвых з’яў у іх канкрэтным і вельмі разнастайным праяўленні, гэты від літаратуры пабуджае да разважанняў, пошуку ўласных адказаў на складаныя пытанні і праблемы. Літаратурны матэрыял у VII класе падаецца асобнымі цыкламі-блокамі, якія аб’ядноўваюць творы, падобныя па сваіх ідэйна-тэматычных і мастацкіх якасцях, выяўляюць пэўныя спецыфічныя асаблівасці літаратуры. Такі падыход да структуравання матэрыялу ў працэсе навучання дае вучню магчымасць паглыбіцца ў мастацка-эстэтычную атмасферу, атрымаць сістэмнае ўяўленне пра суадносіны жанраў, тэм і г. д. VIII клас. Вывучэнне беларускай літаратуры ў VIII класе завяршае прапедэўтычны курс, які пабудаваны ў цеснай сувязі і пераемнасці з папярэднімі этапамі навучання. Увага вучняў засяроджваецца на розных спосабах паказу рэчаіснасці і чалавека ў літаратуры, г. зн. на літаратурных родах і адпаведных ім жанрах, жанравых формах з уласцівымі ім вобразна-выяўленчымі асаблівасцямі і сродкамі. У праграме відавочна павышаюцца патрабаванні да авалодання паэтыкай мастацкага твора. Дзякуючы сістэмнай арганізацыі літаратурнага матэрыялу, мэтанакіраванай падачы яго адпаведнымі блокамі ствараюцца такія дыдактычныя ўмовы і сітуацыі, калі вучань на працягу некалькіх урокаў «пагружаецца» ў пэўную родава-жанравую сістэму і натуральна спасцігае асаблівасці гэтага віду твораў і тыя літаратуразнаўчыя паняцці, якія з імі звязаны. Такі спосаб структуравання зместу забяспечвае дастатковую гатоўнасць вучняў да аналізу мастацкага твора і падводзіць да засваення прадмета ў гісторыка-храналагічным аспекце ў наступных класах. Праграма ўлічвае індывідуальныя творчыя магчымасці васьмікласнікаў, іх жыццёвы і чытацкі вопыт, агульнае і літаратурнае развіццё. Яна прапануе больш складаныя (у параўнанні з папярэднімі класамі) па змесце і форме творы, замацоўвае і паглыбляе звесткі па тэорыі літаратуры, знаёміць са спецыфікай адлюстравання рэчаіснасці і чалавека ў лірыцы, эпасе і драме, развівае ўвагу да мастацкага слова, выпрацоўвае адпаведную моўную культуру, фарміруе чытацкія інтарэсы і прыярытэты. Праграмай прадугледжана вывучэнне літаратуры ў суаднесенасці з іншымі відамі мастацтва: музыкай, жывапісам, тэатрам, кіно, тэлебачаннем; гэта спрыяе ўспрыманню літаратуры як мастацтва, фарміраванню каштоўнасных арыентацый вучня. Чалавеказнаўчы аспект прадмета — пазнанне свету і чалавека праз іх мастацкае адлюстраванне і ўспрыманне, праз маральна-эстэтычную каштоўнасную ацэнку рэчаіснасці — забяспечваецца падборам твораў, якія даюць магчымасць шырокага агляду жыцця, пранікнення ў самыя разнастайныя яго сферы. Параўнальны спосаб прэзентацыі матэрыялу, які прадугледжвае супастаўленне блізкіх або кантрастных па змесце і форме твораў, садзейнічае спасціжэнню галоўных асаблівасцей літаратуры і іншых відаў мастацтва, узмацняе развіццёвую скіраванасць курса. У васьмікласнікаў мэтанакіравана фарміруюцца эстэтычны падыход да мастацкага твора, свядомыя адносіны да яго ўспрымання і ацэнкі. Эфектыўнасць літаратурнага навучання дасягаецца ў працэсе аналізу зместу і формы, спасціжэння аўтарскай канцэпцыі свету і чалавека, асэнсавання канфлікту, характараў герояў, матываў іх паводзін і ўчынкаў. Выхаваўчае ўздзеянне твора на чытачоў ажыццяўляецца ўсёй яго цэласнай мастацкай прыродай. Этычнае і эстэтычнае разглядаюцца ў гарманічным адзінстве. Па тэорыі літаратуры вылучаны тэрміны і паняцці, звязаныя з літаратурнымі родамі і жанрамі. Праграма мае пяць раздзелаў, у кожнага з іх — свае пазнавальныя, дыдактычныя, выхаваўчыя задачы. Параўнальны аналіз твораў, прадстаўленых у першым раздзеле, тэматычна блізкіх, але розных у мастацкіх адносінах (верш, апавяданне, драма), дасць вучням эмпірычнае ўяўленне пра спосабы адлюстравання рэчаіснасці ў лірыцы, эпасе, ліра-эпасе, драме. Наступныя раздзелы дапамогуць усвядоміць асаблівасці кожнага літаратурнага роду, яго фальклорныя вытокі, удасканаліць навыкі аналізу твораў розных жанраў з улікам іх родавай спецыфікі. Вывучэнне лірычных твораў спрыяе паглыбленню эстэтычнага ўспрымання вучняў, абвастрае адчуванне паэтычнага слова, яго яркасці, вобразнасці, мілагучнасці. Эпічныя, ліра-эпічныя і драматычныя творы дапамагаюць спасцігнуць жыццёвыя рэаліі і маральныя праблемы, зразумець характары герояў, матывы іх паводзін і ўчынкаў, усвядоміць аўтарскую пазіцыю пісьменніка, даведацца пра мінулае і сучаснае. Асноўная мэта навучання беларускай літаратуры ў ІХ—ХІ класах — сфарміраваць у вучняў цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру ад старажытнасці да сучаснасці, дапамагчы асэнсаваць ідэйна-мастацкі змест лепшых твораў беларускага мастацкага слова і паасобных твораў замежных аўтараў у перакладзе на родную мову. На гэтым этапе навучання ў вучняў інтэнсіўна фарміруецца сістэма каштоўнасных арыентацый, ідэалаў і перакананняў, інтарэсаў і схільнасцей. Таму ў праграму ўключаны творы маральна-этычнай праблематыкі, дзе выяўляюцца канфлікты характараў, ідэй, поглядаў. Мастацкія тэксты размешчаны ў паслядоўнасці, адпаведнай асноўным этапам развіцця літаратуры. Гісторыка-храналагічны прынцып канструявання зместу літаратурнай адукацыі ў IX—XІ класах паспрыяе фарміраванню гістарычнага падыходу да літаратурных з’яў, першапачатковаму разуменню ўзаемасувязей і ўзаемаўплыву ў творчасці розных пісьменнікаў, успрыманню літаратуры як працэсу. Значным кампанентам зместу літаратурнай адукацыі з’яўляецца сістэма тэарэтыка- і гісторыка-літаратурных паняццяў, звязаных з фарміраваннем уяўленняў аб развіцці і станаўленні мастацтва слова. У працэсе навучання ў IX—X класах паглыбляюцца веды школьнікаў пра структуру мастацкага твора, літаратурныя роды і жанры ў гістарычным аспекце, даецца ўяўленне пра асаблівасці творчай манеры, стылю пісьменніка. Асэнсаванне тэарэтычных пытанняў паспрыяе больш глыбокаму ўспрыманню літаратуры як мастацтва. У працэсе вывучэння манаграфічных тэм прадугледжана атрыманне школьнікамі крытыка-біяграфічных ведаў пра жыццё і творчасць пісьменнікаў. На вывучэнне літаратуры ў V, VI класах адведзена па 70 гадзін. З іх адпаведна 62 гадзіны — на вывучэнне твораў, 4 гадзіны — на творчыя работы, 4 – на ўрокі пазакласнага чытання. На вывучэнне літаратуры ў VII, VIIІ класах адведзена 53 гадзіны. З іх адпаведна 45 гадзін — на вывучэнне твораў, 4 гадзіны — на творчыя работы, 4 – на ўрокі пазакласнага чытання.. Са спісу твораў, прапанаваных для самастойнага ці пазакласнага чытання, настаўнік выбірае тыя, выкарыстанне якіх ён лічыць больш дарэчным на пэўным уроку, улічваючы індывідуальныя магчымасці вучняў і наяўнасць тэкстаў у бібліятэчным фондзе. З мэтай пашырэння чытацкага вопыту, абуджэння цікавасці і любві да мастацкай кнігі ў праграмах V-VIII класаў прапанаваны чатыры спісы літаратурных твораў: 1) для чытання і вывучэння; 2) для чытання і абмеркавання; 3) прыкладны спіс твораў для пазакласнага чытання; 4) рэкамендацыйны спіс твораў для завучвання на памяць. У першы спіс уключаны абявазковы мінімум твораў, вывучэнне якіх праходзіць усе тры этапы (першаснае ўспрыманне, аналіз, абагульненне) і суправаджаецца вуснымі і пісьмовымі заданнямі для вучняў, творчымі работамі, фарміраваннем чытацкіх і маўленчых уменняў. Творы, прапанаваныя ў другім спісе, падрабязна не разглядаюцца, а абмяркоўваюцца падчас гутаркі, дыспуту. Прадметам гаворкі можа быць праблема, герой, адметнасці кампазіцыі ці сюжэту. Дарэчы супастаўленне тэксту з экранізацыяй, тэатральнай ці тэлепастаноўкай, музычнай інтэрпрэтацыяй і г. д. Гэтыя творы падключаюцца да аналізу твораў, прызначаных для тэкстуальнага разгляду (у плане супастаўлення). Трэці спіс прапаноўвае творы для самастойнага чытання, індывідуальнай работы з вучнямі, пазакласных мерапрыемстваў (конкурсы чытальнікаў, літаратурныя віктарыны, канферэнцыі і да т. п. ). Творы з другога і трэцяга спісаў узаемазамяняльныя, сюды могуць далучацца і іншыя тэксты на выбар настаўніка або вучняў. На вывучэнне літаратуры ў IX – XІ класах адведзена па 53 гадзіне, 49 гадзін — на вывучэнне і абмеркаванне твораў, 4 гадзіны — на творчыя работы. Гадзіны, адведзеныя на творчыя работы, настаўнік размяркоўвае ў адпаведнасці з уласным каляндарным планам. Праграмай не прадугледжаны гадзіны на ўрокі пазакласнага чытання, але настаўнік рэгулярна цікавіцца самастойным чытаннем вучняў і можа, па-свойму пераразмеркаваўшы вучэбную нагрузку, правесці на працягу навучальнага года некалькі ўрокаў пазакласнага чытання па абраных творах. Літаратурныя творы ў праграмах для ІХ – ХІ класах прадстаўлены ў чатырох спісах: для абавязковага чытання і наступнага аналізу на ўроку; для самастойнага чытання ў сувязі з вывучэннем пэўнай манаграфічнай ці аглядавай тэмы; для пазакласнага чытання і для завучвання на памяць. Творы першай групы вывучаюцца тэкстуальна, аналізуюцца падрабязна, у адзінстве зместу і формы. Творы, прапанаваныя для самастойнага чытання, пашыраюць ўяўленні вучняў пра набыткі пісьменніка або дасягненні пэўнага літаратурнага перыяду. Іх вывучэнне дазваляе ўбачыць розныя мастацкія сістэмы, параўнаць своеасаблівыя творчыя індывідуальнасці, выявіць пераемнасць у мастацтве, пераход традыцыйнага ў наватарскае. Спіс твораў для пазакласнага чытання даецца як арыенціровачны. Мастацкія тэксты прапануюцца на выбар настаўніка, які залежыць ад яго схільнасцей, эрудыцыі і ад канкрэтных умоў (падрыхтаванасці класа, наяўнасці азначаных твораў у бібліятэках, з’яўлення ў друку літаратурных навінак), а таксама ад інтарэсаў вучняў. У праграмах для кожнага класа прэзентавана рубрыка Мастацтва, у якую ўключаны творы сумежных відаў мастацтва, выкарыстанне якіх дапаможа арганізаваць больш плённую працу на ўроку літаратуры ў сувязі з вывучэннем той або іншай тэмы. праграме ІХ – ХІ класаў ёсць спіс літаратуры для настаўнікаў.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|