Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Тыпы і віды ўрокаў літаратуры, іх класіфікацыя. Адыход ад традыцыйнай структуры ў сучаснай практыцы выкладання (нетрадыцыйныя ўрокі, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі).




Наглядныя метады – гэта метад ілюстрацыі (вуснае славеснае маляванне, складанне кадраплана, мізансцэніраванне, інсцэніраванне, завочныя экскурсіі) і дэманстрацыі (выкарыстанне ТСН).

Метад ілюстравання выкарыстоўваецца ў кожным класе, на кожным уроку, на кожным этапе вывучэння мастацкіх твораў, пры вывучэнні аглядавых тэм, біяграфій пісьменнікаў. Яго ўжыванне адпавядае прынцыпу нагляднасці. Праз яго рэалізуецца прынцып нагляднасці.

Вуснае славеснае маляванне актывізуе чытацкія ўяўленні школьнікаў, бо перад імі ставіцца задача – словамі намаляваць карціну, якую выклікае ў іх уяўленні твор ці яго частка. Школьнікі пры выкарыстанні падобнага прыёму вучацца бачыць прачытанае ў падрабязнасці, дамалёўваюць словамі позы, жэсты, выгляд герояў Як выглядае і паводзіць сябе Кручкоў? ), карціны прыроды (Якім паўстае вобраз вечара ў творы М. Багдановіча “Зімой”?, Дайце вусныя апісанні Прыпяці, вёскі Цельшына, вясковай школы, царскага суда, турмы, лесу, восені і інш. (Я. Колас “На ростанях”), размяшчэнне войска (як, на вашу думку, размяшчалася рота салдат, якая была павінна ахоўваць паром (У. Караткевіч “Паром на бурнай рацэ”).

Складанне кадраплана яднае літаратуру з кінамастацтвам, на падобных уроках выкарыстоўваюцца звязаныя са спецыфікай кінамастацтва, паняцці – буйны, сярэдні і агульны план. Работа па складанні кадраплана вядзецца наступным чынам: 1) вызначэнне парадку сцэн у творы ці ўрыўку; 2) вызначэнне месца, дзе адбываецца дзеянне першага кінаэпізода; 3) вызначэнне асобных кадраў і парадку іх змены; 4) стварэнне ілюстрацый да кожнага эпізода; 4) падбор гукавога афармлення. Напрыклад, пры вывучэнні байкі К. Крапівы “Дзед і баба” можна скласці наступны кадраплан: 1) Дзед і баба едуць на кірмаш, 2) “Дапамога” бабы, 3) Сварка, 4) Уцёкі каня, 5) Мараль.

Прыём інсцэніравання выкарыстоўваецца пры вывучэнні не толькі драматычных, але і эпічных твораў (напісанне п’есы паводле апавядання, урыўка з аповесці, рамана). Этапы падрыхтоўкі да інсцэніравання: чытанне і аналіз твора, сціслая характарыстыка дзеючых асоб (узрост, род заняткаў, узаемаадносіны і г. д. ), апісанне часу і месца дзеяння, распрацоўка маналогаў і дыялогаў, рэмарак. Пры інсцэніраванні вучні лепш спасцігаюць характары герояў, матывы іх паводзін і ўчынкаў.

Пры вывучэнні драматычных твораў мэтазгодна выкарыстоўваць прыём мізансцэніравання – размяшчэнне і выгляд дзеючых асоб і дэкарацый на сцэне ў пэўныя моманты спектакля. Прыём мізансцэніравання ставіць задачу зрокавага ўспрымання твора, настаўнік накіроўвае ўвагу шкоьнікаў на тое, каб яны ўявілі знешні выгляд герояў, іх характэрныя жэсты, манеру хадзіць, месца дзеяння. Заданні: Уявіце, што вы на спектаклі (любы твор), уздымаецца заслона, раскажыце, што вы бачыце на сцэне; Вы мастак тэатра, якія б вы распрацавалі касцюмы ля герояў, які падабралі б грым; Вы выконваеце ролю Гарлахвацкага, як вы будзеце яе трактаваць?

Прыёмы інсцэніравання і мізансцэніравання часцей за ўсё выкарыстоўваюцца на заключных занятках і спрыяюць атрыманню больш цэласнага ўяўлення аб мастацкім творы.

Завочнаяэкскурсія , адбываецца ў класе часцей з ўсё пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка, пры такім прыёме зрокавае ўспрыманне аб’екта агляду спалучаецца з іншымі спосабамі атрымання ведаў: чытаннем, гутаркай, словам экскурсавода. Настаўнік загадзя рыхтуе матэрыял да завочнай экскурсіі (карты, стэнды, фотаздымкі, выставы кніг і інш. ), прадумвае план, падбірае гукавое суправаджэнне, цытаты.

Дэманстрацыя. – выкарыстанне фотаздымкаў, партрэтаў пісьменнікаў і ТСН (тэле-, дыя-, кіна-, . відэафільмы, фільмы-спектаклі, фільмы-экранізацыі, камп’ютэр).

Практычныя метады і прыёмы ў выкладанні літаратуры рэалізуюцца праз самастойную працу вучняў, якой належыць значнае месца ў навучанні, развіцці і выхаванні вучняў. Яна з’яўляецца кампанентам славесных і наглядных метадаў. Аднак самастойная праца вучняў не можа быць эфектыўнай без яе кіраўніцтва настаўнікам, таму што не ўсе пытанні школьнага курса літаратуры могуць быць асэнсаваны вучнямі самастойна. Метад самастойнай працы выкарыстоўваецца на ўсіх тыпах, відах і этапах ўрокаў

Метад самастойнай працы рэалізуецца праз наступныя прыёмы план, тэзісы, канспект, рэферат, даклад .

План – вылучэнне ў мастацкім творы, літаратуразнаўчым артыкуле асноўных частак. У ім выяўляецца паслядоўнасць развіцця аўтарскай думкі, чаргаванне ў творы пачуццяў, карцін, настрояў. План выкарыстоўваецца ў асноўным на арыентацыйных занятках з мэтай дапамагчы школьнікам запомніць твор, выявіць яго кампазіцыйную будову, больш дакладна пераказаць твор. План можа быць простым (1) Знаходка лесніком параненага ваўком ласяняці. 2) Ласяня ў хаце лесніка, клопат пра яго лесніковай сям’і. 3) Сяброўства Губатага з дзецьмі і свойскімі жывёламі, першая няўдалая спроба гаспадара адпусціць яго на волю. 4) Зімоўка ў хляве, другая канчатковая адпраўка ў лес. 5) Звычка лася не баяцца людзей і расплата за гэта жыццём. (Г. Далідовтч “Губаты”), складаным, цытатным (1) “Справа ішла больш чым пра хлеб. Справа ішла пра свабоду”. 2) “– На той бераг, калі ласка, – сказала жанчына”. 3) “Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы”. 4) “– Мы не маглі патануць, – упэўнена сказала яна. – … Мы неслі жыццё”. 5) “капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік”. 6) “Вы сваёй мужнасцю далі мужнасці і мне… Дай Бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі” (У. Караткевіч “Паром на бурнай рацэ”).

Тэзісы – палажэнні, якія сцісла перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула. Гэты прыём выкарыстоўваецца пры праверцы глыбіні засваення і асэнсавання новага матэрыялу, а таксама мае мэтай дапамагчы засвоіць вучнямі зместу лекцыі настаўніка, крытычнага артыкула, артыкула падручніка і інш.

Рэферат мае на мэце выклад зместу адной ці некалькіх літаратуразнаўчых крыніц па прапанаванай тэме, а ў дакладзе павінна выявіцца асоба яго аўтара у адносінах да выкарыстаных крыніц. Тэмы: рэфераты – “Кандрат Крапіва – навуковец, грамадскі дзеяч”, “Даваенная эпоха ўапавяданнях Кандрата Крапівы (паводле літаратуразнаўчых крыніц)”, Сцэнічнае жыццё п’есы К. Крапівы “Хто смяецца апошнім”, Папярэднікі сатырыка-Крапівы ў беларускай літаратуры”; даклады – “Кузьма Чорны ў супрацьстаянні таталітарызму”, “Пясняр народнай трагедыі і сучаснасць”, “У кроплі – цэлы свет: перачытваючы старонкі рамана Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”, “Кузьма Чорны і яго паслядоўнікі пра жыццё народа”, “Проза Кузьмы Чорнага і Фёдара Дастаеўскага: да праблемы злачынства і пакарання”, “У пошуках шчасця і будучыні: лёс герояў Кузьмы Чорнага”.

Класіфікацыя метадаў па характары дзейнасці настаўніка і вучняў. У аснове такой класіфікацыі ляжыць логіка пазнавальнай дзейнасці школьнікаў, якая арганізоўваецца і накіроўваецца настаўнікам у працэсе вывучэння літаратуры.

Працэс пазнання і разумення любога мастацкага твора пачынаецца з яго непасрэднага ўспрымання. Мэтай метаду творчага чытання з’яўляецца актывізацыя мастацка-эстэтычнага ўспрымання і напачатку вывучэння твора, і пасля яго аналізу. Метадам творчага чытання настаўнік вучыць адносіцца да літаратуры як да мастацтва: актывізаваць уяўленне, эмоцыі, вобразнае мысленне вучняў, паказ, як успрымаюцца творы розных жанраў. Метадычныя прыёмы, якія забяспечваюць рэалізацыю метаду творчага чытання: выразнае чытанне настаўніка; чытанне майстроў мастацкага слова; навучанне выразнаму чытанню вучняў; каменціраванае чытанне; уступнае слова настаўніка, якое падводзіць да ўспрымання твора; гутарка, якая актывізуе непасрэдныя уражанні ад толькі што прачытанага; творчыя заданні, звязаныя з вучнёўскімі назіраннямі над жыццём. Віды вучэбнай дзейнасці школьнікаў: чытанне, завучванне на памяць, складанне планаў, стварэнне водгукаў, падбор і разгляд ілюстрацый.

Пры выкарыстанні падобных метадаў можна вярнуцца да жыццёвага вопыту вучняў (уражанняў, выкліканых сустрэчамі з уікавымі людзьмі, перажытымі здарэннямі, прыгажосцю прыроды), да назапашаных імі ведаў у галіне літаратуры, гісторыі, мастацтва

Наступная ступень пазнання мастацкага твора – яго аналіз. Аналізуецца твор эўрыстычным метадам, пры якім шырока выкарыстоўваюцца навуковыя паняцці па гісторыі і тэорыі літаратуры. Прыёмы эўрыстычнага метаду: сістэма пытанняў, накіраваная на самастойнае атрыманне ведаў; сістэма заданняў па аналізе мастацкага твора або крытычнага артыкула, па гісторыка-літаратурных і тэарэтычных пытаннях, ілюстрацыйным матэрыяле; пастаноўка праблемнага пытання або задання; эўрыстычная гутарка. Структура эўрыстычнай гутаркі: уступнае слова настаўніка аб задачах і накіраванасці гутаркі, сістэма пытанняў, адказу вучняў, заключнае слова настаўніка. У залежнасці ад формы арганізацыі гутарка можа быць свабоднай (без папярэдняй падрыхтоўкі вучняў да яе) і падрыхтаванай на аснове папярэдніх заданняў і пытанняў настаўніка. Віды дзейнасці вучняў: падбор матэрыялу з мастацкага твора; пераказ з элементамі аналізу; аналіз эпізода; аналіз вобраза-персанажа; складанне плана выступлення; пастаноўка праблемы.

Даследчы метад – вышэйшая ступень самастойнага вывучэння літаратуры, які выкарыстоўваецца ў выпадку поўнага авалодання вучнямі прыёмамі самастойнай працы. Дзейнасць настаўніка накіравана на вылучэнне праблемы для асэнсавання, распрацоўку плана семінара, падбор літаратуры, вызначэнне твораў для самастойнага аналізу. Перыядычна настаўнік праводзіць кансультацыі, каб накіроўваць творчыя вучнёўскія пошукі. Прыёмы: пастаноўка праблемных пытанняў; даследчых заданняў. Даследчы метад мае шмат агульнага з эўрыстычным. Віды вучнёўскай дзейнасці: самастойны аналіз часткі і цэлага мастацкага твора; аналіз пазапраграмнага твора; тэматычнае, праблемнае, гісторыка-літаратурнае, тэарэтыка-літаратурнае параўнанне двух твораў; параўнанне некалькіх пунктаў поглядаў на твор ці на пэўны вобраз, абгрунтаванне сваёй ацэнкі іх; параўнанне літаратурнага твора з яго інтэрпрэтацыяй у іншых відах мастацтва; ацэнка спектакля або кінафільма.

Спецыфіка рэпрадуктыўнага метаду вывучэння літаратуры заключаецца ў тым, што вучні атрымліваюць веды ў гатовым выглядзе са слоў настаўніка, з падручніка ці навукова-папулярнай літаратуры. Нягледзячы на тое, што вучні атрымліваюць веды ў гатовым выглядзе, адбываецца іх інтэнсіўная мысліцельная дзейнасць. Таму рэпрадуктыўны метад з’яўляецца спосабам не толькі атрымання ведаў, але і выпрацоўкі навыкаў і ўменняў.

Рэпрадуктыўны метад праяўляецца ў наступных прыёмах працы настаўніка: расказ пра жыццё пісьменніка; лекцыя пра творчы шлях мастака слова, аглядавая лекцыя з папярэднім планам, з выкарыстаннем наглядных дапаможнікаў і ТСН; заданні па падручніку . Віды дзейнасці: запіс плана або канспекта лекцыі настаўніка; праца па падручніку; падрыхтоўка даклада па гатовым матэрыяле. Падобны метад часцеё выкарыстоўваецца пры знаёмстве вучняў з біяграфіяй і творчым шляхам пісьменніка, вывучэнні аглядавых тэм, паняццяў па гісторыі і тэорыі літаратуры

Агульным патрабаваннем для ўсіх метадаў з’яўляецца зарыентаванасць іх на эстэтычную сутнасць літаратуры, яе мастацкую спецыфіку. У вывучэнні літаратуры вельмі важнае значэнне мае пранікненне ў атмасферу твора, разуменне значэння дэталі, кампазіцыі, жанру. Усё гэта разам узятае і абумоўлівае ўздзеянне на чытача, на яго светаадчуванне, стымулюе яго духоўнае развіццё.

Умелае спалучэнне метадаў навучання з метадамі выхавання робіць гэты працэс яшчэ больш мэтанакіраваным і выніковым. Накапленне маральных, эстэтычных уражанняў, наступная іх сістэматызацыя і абагульненне, тэарэтычнае асэнсаванне ўзбагачаюць жыццёвы вопыт вучняў, уплываюць на іх каштоўнасныя арыентацыі.

Тыпы і віды ўрокаў літаратуры, іх класіфікацыя. Адыход ад традыцыйнай структуры ў сучаснай практыцы выкладання (нетрадыцыйныя ўрокі, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі).

Урок літаратуры адлюстроўвае запатрабаванні жыцця, здабыткі навукова-педадагічнай думкі і школьнай практыкі, але, безумоўна, не сам па сабе, а дзякуючы намаганням настаўнікаў, бо ўрок – гэта творчасць настаўніка. Кожны настаўнік выбірае свой падыход, па-свойму арганізуе навучальную дзейнасць, выкарыстоўвае разнастайныя метады і прыёмы і ў пэўнай ступені, кіруючыся праграмай, падручнікамі, метадычнымі дапаможнікамі і інш., сваёй логікай, сваім бачаннем спасціжэння літаратурных твораў.

Аднак, пры ўсёй непаўторнасці ўрокаў ёсць у іх устойлівае, тое, што вызначаецца самім прадметам, логікай яго пазнання, заканамернасцямі ўзроставай псіхалогіі школьнікаў. Методыка ўрока літаратуры грунтуецца ў першую чаргу на канкрэтызацыі тэмы, выразнай пастаноўцы дыдактычнай мэты, задачы (навучальнай, развіццёвай, выхаваўчай), па разнастайнасці метадаў, разлічаных на інтэнсіфікацыю пазнавальнай дзейнасці вучняў і трывалае засваенне матэрыялу.

Эфектыўнасць урока, якасць набытых вучнямі на іх ведаў вызначаецца яго змястоўнай і метадычнай напоўненасцю, узроўнем правядзення, яго атмасферай. Залог поспеху крыецца ў грунтоўнай падрыхтоўцы ўрока.

Урок заўсёды быў і застаецца галоўнай формай навучальна-выхаваўчага працэсу. Гэта калектыўная форма навучання, якой уласцівыя пастаянны састаў навучэнцаў і ўстойлівыя часавыя рамкі (45 хвілін), з загадзя састаўленым раскладам і арганізацыяй вучэбнай працы над пэўным матэрыялам. Для яго ставяцца арганізацыйныя, дыдактычныя, гігіенічныя, метадычныя і літаратуразнаўчыя патрабаванні.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...