Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Метад пераказу рэалізуецца ў наступных прыёмах: падрабязны, сціслы, выбарачны, творчы пераказ і мастацкае расказванне.




Метад чытання рэалізуецца ў шматлікіх прыёмах: чытанне настаўніка, чытанне вучняў, чытанне аўтара і майстроў слова; класнае і дамашняе чытанне; выбарачнае, каменціраванае чытанне, чытанне і завучванне на памяць, чытанне па ролях.

Немагчыма недаацаніць ролю гэтага метаду і прыёмаў пры вывучэнні літаратуры, якія выкарыстоўваюцца на ўсіх этапах вывучэння мастацкага твора (уступныя заняткі, чытанне, вывучэнне чытацкага ўспрымання, аналіз твора, заключныя заняткі), у кожным класе з 5 па 11 і на кожным уроку.

Чытанне настаўніка з’яўляецца ўзорам для вучняў, настаўнік павінен бездакорна валодаць тэхнікай чытання. Не менш важнае значэнне на ўроках літаратуры мае чытанне вучняў, якое з’яўляецца паказчыкам іх літаратурнага развіцця, неабходным уменнем і спосабам вывучэння літаратуры і выкарыстоўваецца пры аналізе твора. ТСН даюць магчымасць прымяняць праслухоўванне чытання майстроў слова і аўтара, што дапамагае зрабіць выкладанне літаратуры больш цікавым. Але пры выкарыстанні чытання майстроў слова настаўнік павінен помніць, што яго не варта выкарыстоўваць на ўступных занятках, бо артыст можа не падзяляць думку аўтара, часам палемізаваць з ім

Па месцы правядзення чытанне бывае класным і дамашнім. Пры класным чытанні ўзнікае калектыўнае суперажыванне, калі вучні трапляюць пад уздзеянне эмацыйнасці мастацкага слова, а дамашняе чытанне вызначаецца інтымнасцю перажыванняў і індывідуальным успрыманнем зместу твораў.

У 5 – 6 класах творы абавязковачытаюцца на ўроку настаўнікам (нават некалькі разоў) і вучнямі. У 7 – 8 класах чытанне тэкстаў самім настаўнікам на ўроку носіць эпізадычны характар. Выключэнне – паэтычныя творы, якія абавязкова чытаюцца ў класе настаўнікам. Актыўна практыкуецца самастойнае дамашняе чытанне вучняў. Яно стымулюецца абменам ўражанняў на ўроку пасля дамашняга прачытання і аналізам твора па прапанаваных у падручніку пытаннях і заданнях. Самастойнае чытанне вучнямі 9 – 11 класаў літаратурных твораў становіцца абавязковай перадумовай аналітычнай работы ў класе. Паэтычныя тэксты выразна чытаюцца настаўнікам на ўроку, таму што глыбіню аўтарскіх думак і перажыванняў можа перадаць з большай дакладнасцю дарослы чалавек, укладваючы ў чытанне асабісты маральны і эмацыянальны вопыт. Самастойнае чытанне вучнямі мастацкай літаратуры, прапанаванай для самастойнага чытання, – неад’емны кампанент літаратурнай адукацыі ў сярэдняй школе.

Пры аналізе мастацкага твора прымяняецца выбарачнае чытанне сцэны, эпізоду, страфы, для падмацавання сваёй думкі, свайго адказу цытатай, пры аналізе вялікіх па памеры твораў. На асобнай, закончанай частцы тэксту настаўнік вучыць школьнікаў выяўляць адметнасць творчай манеры пісьменніка, асэнсоўваць ідэйна-мастацкі змест твора, аўтарскую канцэпцыю Гэты прыём выкарыстоўваецца на ўступных занятках, пры аналізе твора, праверцы дамашняга задання (паказчык таго, як вучні засвоілі матэрыял, авалодалі тэхнікай чытання). Так, настаўнік можа прапанаваць вучням зачытаць самы напружаны момант у творы або эпізод Які эпізод з’яўляецца кульмінацыйны у творы Я. Купалы “Бандароўна? Зачытайце яго), які найбольш спадабаўся (Што вам найбольш спадабалася ў камедыі К. Крапівы “Хто смяецца апошнім? Зачытайце”, уразіў, ці пры адказе на пытанне зачытаць пэўныя радкі з твора (Зачытайце дэвіз Пшанічнага)

Каменціраванае чытанне – чытанне часткі (страфа, эпізод, акт) або цэлага невялікага лірычнага твора і тлумачэнне тэматыкі, праблематыкі, ідэйнага зместу (М. Багдановіч “Слуцкія ткачыхі”, Я. Купала “Спадчына”), мастацкай адметнасці (М. Багдановіч “Санет”, Д. Бічэль “Трыялет”), гістарычны каментарый (час напісання або час, адлюстраваны ў творы: У. Караткевіч “аром на бурнай рацэ”, Я. Брыль “Сірочы хлеб”), гісторыка-бытавы (З. Бядуля “На каляды к сыну”), біяграфічны (Р. Барадулін “Бацьку”), каментарый незразумелых слоў, выразаў, слоў у пераносным значэнні (Р. Барадулін “Трэба дома бываць часцей” – аер, асвер, клямка, іржышча).

Чытанне і завучванне на памяць спрыяе павышэнню агульнага інтэлектуальнага развіцця школьніка, культуры маўлення. Завучваць твор на памяць можна пачынаць толькі тады, калі ён добра асэнсаваны і выпрацавана ўменне выразна чытаць яго.

Пры вывучэнні драматычных твораў, а таксама баек настаўнік звяртаецца да чытання па ролях, якое дазваляе ўлічваць жанравую спецыфіку п’есы (прызначана для пастаноўкі, складаецца з рэплік герояў). Да чытання па ролях настаўнік загадзя рыхтуе школьнікаў: размяркоўвае ролі, праводзіць (па магчымасці) рэпетыцыю. Настаўнік павінен вельмі ўважліва ставіцца да размеркавання роляў, каб не пакрыўдзіць вучняў. Часам гэты прыём выкарыстоўваецца пры аналізе эпічных і лірычных твораў.

Метад пераказу рэалізуецца ў наступных прыёмах: падрабязны, сціслы, выбарачны, творчы пераказ і мастацкае расказванне.

Праверыць якасць запамінання эпічнага ці драматычнага твора настаўнік можа з дапамогай розных відаў пераказу. Каб пераказаць твор, вучань павінен усвядоміць прычынна-выніковыя сувязі, выявіць галоўную думку, пераказ заключае ў сабе таксама творчы элемент, бо кожны вучань дае свой варыянт мастацкага тэксту, і выступае важным спосабам развіцця маўлення вучняў.

Па ступені падрабязнасці пры перадачы зместу твора адрозніваюць падрабязны і сціслы пераказ. Вучні малодшых класах часцей за ўсё пераказваюць твор падрабязна, а старшых сцісла, што дазваляе значна зэканоміць час і выкарыстаць пераказ пры аналізе. Калі змест твора перадаецца словамі і нават канструкцыямі сказаў пісьменніка, то гэта падрабязны пераказ. Яго настаўнік выкарыстоўвае, калі вучні не звяртаюць увагі на дэталі, а сочаць толькі за развіццём сюжэта. У такім выпадку яны апускаюць апісанні пейзажу, інтэр’ера, партрэта, перажыванняў героя, устаўныя элементы. Падрабязны пераказ – эфектыўны прыём развіцця маўлення вучняў. Калі школьнік пераказвае твор блізка да тэксту, то словы пісьменніка становяцца словамі вучня. Перадаючы змест твора сцісла, вучань засяроджвае ўвагу на самым галоўным і карыстаецца сваімі словамі, гэты прыём развівае навыкі лаканічнага маўлення. Асабліва важна прымяняць сціслы пераказ пры праверцы запамінання вучнямі сюжэта твора (арыентацыйныя заняткі) і пры аналізе творы, каб аднавіць яго сюжэт.

Выбарачнага пераказ, дае магчымасць настаўніку выявіць, як вучні ставяцца да твора, што ім найбольш запомнілася, ўразіла, прывабіла (Перакажыце ваш любімы момант з твора Г. Далідовіча “Губаты”, перакажыце біяграфію аднаго з герояў (Міколы Кужалевіча Я. Брыль “Сірочы хлеб”). Гэты від пераказу надае адказам і сачыненням пераканальнасць і матываванасць.

Спецыфіка творчага пераказу заключаецца ў тым, што пры перадачы зместу твора змяняецца асоба ад імя якой вядзецца апавяданне ў творы (1 на 3 і наадварот) (перакажыце казку “Музыка-чарадзей” ад першай асобы) (перакажыце апавяданне В. Карамазава “Дзяльба кабанчыка” ад імя 3 асобы), простая мова замяняецца ўскоснай і наадварот (Замяніце ўнутраныя маналогі герояў твора М. Стральцова “На чацвёртым годзе вайны” простай мовай, што пры гэтым страціў твор? ). Для такога пераказу вучань павінен добра ўяўляць характар, знешнасць героя, ад імя якога будзе весціся апавяданне. Творчы пераказ звычайна выкарыстоўваецца пры пераказе казак, невялікіх апавяданняў, або ўрыўкаў з эпічных і драматычных твораў.

Мастацкае расказванне дазваляе больш вольна абыходзіцца з мастацкім творам: змяняць парадак эпізодаў, дапаўняць твор уласнымі разважаннямі, замяняць або дадумваць канцоўку твора (Што будзе з героямі драмы Я. Купалы “Раскіданае гняздо” далей, Чым, на вашу думку, мог бы закончыцца твор У. Караткевіча “Паром на бурнай рацэ”? ). Мастацкае расказванне шырока выкарыстоўваецца пры вывучэнні эпічных твораў, асабліва народных казак, легенд.

Гутарка – гэта прадметна-арыентаваны дыялог паміж настаўнікам і вучнямі, належыць да найбольш распаўсюджаных метадаў праверкі якасці і ступені запамінання і разумення зместу твора, ролі вобразна-выяўленчых сродкаў, яго падтэксту і інш., а таксама дазваляе настаўніку высветліць адносіны вучняў да твора і яго герояў.

Гутарка бывае рэпрадуктыўная, эўрыстычная і вольная. Рэпрадуктыўная гутарка праводзіцца для аднаўлення ведаў, атрыманых з мастацкага твора (Назавіце галоўных герояў твора), са слоў настаўніка (Як называўся першы зборнік М. Танка? ), з падручніка (Што такое метафара? )і іншых крыніц інфармацыі і выкарыстоўваецца пры паўтарэнні і замацаванні, на ўступных, арыентацыйных і заключных занятках.

У працэсе эўрыстычнай гутаркі падчас адказаў на пытанні настаўніка вучні прыходзяць да ўласных высноў назіранняў і абагульненняў, таму часцей яна выкарыстоўваецца пры аналізе мастацкага твора (У чым неўміручасць камедыі Я. купалы “Паўлінка”?, Чаму Ф. Багушэвіч надзяліў галоўнага героя паэмы “Кепска будзе! ” трагічным лёсам). У многім эфектыўнасць гутаркі залежыць ад пытанняў, да якіх існуюць наступныя патрабаванні: правільнасць, канкрэтнасць, прастата і выразнасць, каб не ўзнікала двухсэнсоўнасці ў іх разуменні, нельга фармуляваць пытанні так, каб на іх можна даць аднаслоўны адказ накшталт «так» ці «не». Пытанне павінна будзіць думку, у ім павінна быць заключана праблема. Няўдалым можа быць не асобнае пытанне, а ўвесь комплекс пытанняў, калі ў ім няма сістэмы. Настаўнік павінен ясна ўяўляць сабе канчатковую мэту гутаркі. Адна з распаўсюджаных памылак – багацце пытанняў. У працэсе гутаркі настаўнік выкарыстоўвае тры віды пытанняў (накіраваныя на высвятленне глыбіні ведання зместу (“Як адказаў Гусляр Князю на яго прапанову? ” – Я. Купала “Курган”); на выяўленне адносінаў вучняў да твора, герояў, эпізодаў (Што вам найбольш спадабалася ў творы? Чаму? ); на ацэнку, аналіз твора (Як разумее сэнс жыцця Васіль І. Мележ “Людзі на балоце”? ).

Наступная разнавіднасць гутаркі: «вольная гутарка», якая будуецца па пытаннях, якія ўзнікаюць у працэсе вывучэння (аналіза) мастацкага твора. У настаўніка ёсць папярэдні план такой гутаркі, але больш важны яе агульны напрамак, магчымасць пытанняў са боку навучэнцаў.

Спецыфіка дыспуту, як прыёма гутаркі, у тым, што настаўнік прапануе класу пытанне, якое можа выклікаць розныя, нават супрацьлеглыя, адказы. Арыентацыя на дыскусійнасць павінна змяшчацца ў фармулёўцы пытання, якое дае вучню права выбару той ці іншай пазіцыі ці спалучэння двух мажлівых сцвярджэнняў (Смешны ці страшны Гарлахвацкі? Чаму разышліся дарогі Ганны і Васіля (Лабановіча і дзяўчат, з якімі яго зводзіла жыццё? ).

Спецыфіка прыёма параўнання заключаецца ў тым, што настаўнік задае пытанне, накіраванае на высвятленне сувязі паміж асобнымі кампанентамі мастацкага твора (Якія два вобразы супрацьпастаўляюцца ў першых радках твора М. Багдановіча “Слуцкія ткачыхі? Як развіваюцца гэтыя вобразы ў наступных радках твора? ), творы аднаго пісьменніка на адну і тую ж тэму ці падобнай праблематыкі, але рознага перыяду напісання (“Я не для вас, паны, о не…” і “За ўсё” Я. Купалы), творы розных пісьменнікаў з падобнай тэматыкай, праблематыкай (Тэма калектывізацыі ў творах М. Зарэцкага і В. Быкава (М. Зарэцкага, М. Шолахава), Экалагічная тэма ў творчасці В. Казько і В. Карамазава), жыццёвымі фактамі, пакладзенымі пісьменнікам у аснову мастацкага палатна (Які біяграфічны матэрыял пакладзены ў аснову ваенных твораў В. Быкава і І. Навуменкі, як гэтыя факты выявіліся ў творах), параўнанне героя і прататыпаў (Я. Колас “На ростанях”) паводзінамі аднаго героя ў розных сітуацыях (Якой паўстае Ганна на пачатку і ў канцы твора?, Як вы патлумачыце супярэчлівасць у паводзінах Васіля – павёў маслакоўцаў да хаты Грыбка, але не пабаяўся заараць Карчоўскую цямлю ля цагельні? ), учынкамі і характарамі герояў ці персанажаў аднаго твора (Шлях да здрады ў Гужа і Каландзёнка, Пятрок і Сцепаніда: героі ці ахвяры? Чым адрозніваюцца царскія чыноўнікі, паказаныя Я. Коласам, ад агульнавядомага Кручкова Дуніна-Марцінкевіча, герояў гогалеўскага “Рэвізора”? ) розных твораў (Інтэлігенцыя ў творах Я. Коласа і М. Гарэцкага), параўнанне твора і яго інтэрпрэтацыі ў іншых відах мастацтва (верш А. Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць” і песня, раман Мележа “Людзі на балоце” і аднайменны фільм”, паэма “Бандароўна” і ілюстрацыі да яе), уласная ацэнка твора і яго ацэнка крытыкамі (В. Каваленка сцвярджае, што “Васіль – гэта Глушак у патэнцыі, як думаеце Вы) і г. д.

У аснове лекцыі ляжыць паслядоўны, сістэмны і дакладны выклад вучэбнага матэрыялу настаўнікам. Выкарыстоўваецца, калі вучэбны матэрыял новы для вучняў, вялікага аб’ёму або складаны для разумення. Лекцыя належыць да ліку эканомных метадаў – настаўнік за кароткі час асвятляе вялікі па аб’ёме матэрыял, тлумачыць складаныя пытанні. Лекцыя найчасцей выкарыстоўваецца ў старшых класах на ўроках, прысвечаных аглядавым тэмам, жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка, а таксама на ўступных і заключных занятках.

Лекцыя павінна мець асноўную мэту, якая вызначае падбор матэрыялу, уключаць мастацкія тэксты. У лекцыі настаўнік часта выкарыстоўвае пытанні, на якія сам і адказвае, але разам з настаўнікам на гэтыя пытанні ў думках шукаюць адказы і вучні.

Прыёмы лекцыі:

уводная лекцыя праводзіцца, калі даецца агульная характарыстыка матэрыялу, які будзе вывучацца;

установачная лекцыя выкарыстоўваецца, калі падаецца асноўны змест і накірункі да паглыблення вывучэння тэмы;

разавая лекцыя абіраецца, калі разглядаецца адно пытанне, пэўны аспект, новы погляд на тэму, якая вывучаецца;

аглядная лекцыя праводзіцца, калі трэба пазнаёміць з асноўнымі вузлавымі пытаннямі вялікага матэрыялу;

падагульняючая лекцыя выкарыстоўваецца пасля вывучэння тэмы ці вялікага твора і мае на мэце сістэматызаваць веды вучняў.

Для лепшага ўспрымання лекцыі настаўнік можа ўключыць у сваё выступленне паведамленне вучня, выкарыстанне нагляднасці, паведамленне ці запіс на дошцы плана лекцыі, а таксама забеспячэнне заданнямі.

Лекцыя аб жыцці і творчасці пісьменніка павінна высветліць: 1) у чым асаблівасць пісьменніка як мастака; 2) як ён звязаны з эпохай; 3) як развіваўся стыль пісьменніка, якія былі асноўныя этапы яго творчага шляху; 4) што новага ўнёс ён у грамадскае жыццё і ў гісторыю літаратуры.

Лекцыя настаўніка павінна быць запісана вучнямі ў выглядзе тэзісаў або канспекта (калі тэмы няма ў падручніку).

Лекцыі аддаецца перавага ў старшых класах. У час працы з малодшымі падлеткамі часцей выкарыстоўваецца слова настаўніка.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...