Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Асноўныя прыкметы беларускага этнасу




Асноўныя прыкметы беларускага этнасу

 

1. Этнічная тэрыторыя. Фармаванне беларускага этнасу праходзіла на тэрыторыі, якая значна перавышала межы сучаснай Беларусі і ўключала ў сябе таксама Віленшчыну, Беласточчыну, Смаленшчыну, Заходнюю Браншчыну.

2. Граматычныя, фанетычныя і лексічныя асаблівасці мовы, якія складваліся ў ХІІІ-ХІV ст. — «дзеканне», «цэканне», «аканне», цвёрды «р», выкарыстанне словаў «каб», «калі», «ці», «чы» і інш. Гэтыя характэрныя асаблівасці беларускай мовы зафіксаваны ў трох Статутах ВКЛ (1529, 1566, 1588 гг. ).

3. Спецыфічныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сярод іх можна вылучыць наступныя:

· тыпы пасяленняў — мястэчкі, фальваркі, засценкі;

· тыпы жылля — зрубавая хата, якая складалася з двух памяшканняў – хаты і сеняў;

· абрады і звычаі — каляды, масленіца, купалле, дзяды, талака, сябрына і інш.;

· адзенне і народная кухня.

4. Этнічная самасвядомасць. Саманазва беларускага насельніцтва з ХІV ст. — «ліцвіны», чым адрознівалі сябе ад жыхароў Маскоўскай дзяржавы, якіх называлі «маскавітамі» ці «маскалямі», ад балцкага насельніцтва («жамойтаў», «яцвягаў») і ад палякаў.

5. Наяўнасць у краіне этнічных меншасцяў (палякаў, украінцаў, рускіх, яўрэяў, татар і інш. ) паказвае і падкрэслівае самабытнасць беларускай этнічнай большасці. Прадстаўнікі іншых этнасаў з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі пры розных абставінах: па дамоўленасці з іншымі дзяржавамі, як следства палітыкі Вялікага княства Літоўскага, з-за войнаў, у выніку вымушанай эміграцыі.

6. Своеасаблівасць менталітэту. Менталітэт (ад лацінскага mentalis — разумовы) — своеасаблівы тып мыслення, светапогляду асобнага чалавека або якой-небудзь супольнасці. Адлюстроўваецца ў спецыфічных уяўленнях людзей аб прасторы і часе, прыродным і сацыяльным асяроддзі, меркаваннях аб саміх сябе і прадстаўніках іншых груп насельніцтва.

Менталітэт беларусаў фармаваўся працяглы гістарычны час і набываў свае рысы ў адмысловых абставінах сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага і духоўна-культурнага жыцця.

У старажытны перыяд для менталітэту беларусаў былі ўласцівы: паганскі (язычніцкі) політэізм (вера ў адначасовае існаванне многіх багоў), пантэізм (абагаўленне зямлі, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і г. д. ), анімізм (вера ў бессмяротнасць душы), адчуванне непарыўнай еднасці чалавека з усёй навакольнай прасторай.

Пасля прыняцця хрысціянства ў канцы Х ст. адбывалася перапляценне двух тыпаў светабачання — паганскага і хрысціянскага, для якога стаў характэрны монатэізм (вера ў аднаго бога).

Ва ўсе часы беларусам былі ўласцівы прывязанасць да сваёй зямлі-карміцелькі, роднага кутка, адданая любоў да Радзімы, гуманнасць. Менталітэт беларусаў заўсёды вызначаўся талерантнасцю — цярпімасцю ў адносінах да прадстаўнікоў розных нацый, канфесій, сацыяльных груп.

 

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Археалагічная культура - агульнасць аднастайных па матэрыяльнай культуры археалагічных помнікаў на акрэсленай тэрыторыі і храналагічна блізкіх па часе існавання.

Вытворчая гаспадарка - гаспадарка, пры якой людзі забяспечвалі сябе прадуктамі харчавання дзякуючы ўласнай працы (земляробства, жывёлагадоўля).

Матрыярхат - перыяд у гісторыі родавай абшчыны, калі жанчына адыгрывала вядучую ролю ў сістэме сямейна-шлюбных адносін і сваяцтва вялося па жаночай лініі (адпаведна, патрыярхат - па бацькоўскай).

Неалітычная рэвалюцыя - тэрмін, якім абазначаецца якасна новы перыяд у гаспадарчым жыцці першабытнага чалавека, які адбыўся ў перыяд неаліту, звязаны з пераходам старажытных людзей ад прысвойваючай да вытворчай гаспадаркі.

Першабытнаабшчынны лад - перыяд у гісторыі, які ахоплівае час ад з’яўлення першых людзей да ўзнікнення класавага грамадства. Характарызуецца паступовай біялагічнай эвалюцыяй чалавека, узаемаабумоўленасцю абшчынных, роднасных і эканамічных сувязяў паміж людзьмі, калектыўнай уласнасцю на сродкі вытворчасці, ураўнальным размеркаваннем сродкаў існавання.

Прысвойваючая гаспадарка - тып гаспадаркі, пры якой людзі нічога не выраблялі самі, а спажывалі ў ежу прадукты прыроды (збіральніцтва, паляванне, рыбалоўства).

Род - калектыў кроўных родзічаў, якія вялі сваё паходжанне па адной лініі (мацярынскай або бацькоўскай), усведамлялі сябе патомкамі агульнага продка і мелі агульнае родавае імя (часцей за ўсё гэта была назва якой-небудзь жывёлы ці птушкі).

Родавая абшчына - аб’яднанне кроўных родзічаў, якія мелі калектыўную ўласнасць і вялі агульную гаспадарку.

Рэлігія - светапогляд і светаадчуванне, а таксама спецыфічныя дзеянні (культ), заснаваныя на веры ў звышнатуральныя сілы.

Шматукладная гаспадарка - тып гаспадаркі перыяду разлажэння першабытнага грамадства, у якой суіснавалі розныя эканамічныя ўклады (першабытны, рабаўладальніцкі, феадальны).

Этнас - устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца агульнасцю мовы, побыту, культуры, рысаў псіхікі і самасвядомасці, адлюстраванай у адзінай назве і ўяўленні пра агульнасць паходжання. Асноўнымі гістарычнымі формамі этнасу з’яўляюцца племя, народнасць, нацыя.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...