Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Катэгорыi гiсторыка-культурных каштоўнасцей




Матэрыяльныя ГКК падзяляюцца на 1) дакументальныя помнікі, 2) запаветныя мясціны, 3) помнікі археалогіі, 4) помнiкi архiтэктуры, 5) помнікі гісторыі, 6) помнікі горадабудаўніцтва, 7) помнікі мастацтва.

Да 1) дакументальных помнікаў адносяцца: акты дзяржаўных органаў, iншыя пiсьмовыя i графiчныя дакументы, кiнафотадакументы i гуказапiсы, старажытныя i iншыя рукапiсы i архiвы, рэдкiя друкаваныя выданнi.

Сярод найбольш каштоўных дзяржаўных актаў, лёсавызначальных у гісторыі нашай краіны адзначым Статут ВКЛ, прывілеі гарадам, акты аб наданні магдэбурскага права гарадам, “Маніхвест рабоча-сялянскага ураду ССРБ” аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, акт аб ўваходзе ў склад СССР, “Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР”, Статут Арганізацыі аб’яднаных нацый, пад якім стаіць подпіс міністра Замежных спраў Кісялёва як прадстаўніка БССР, што з’яўлялася краінай-заснавальніцай гэтай прадстаўнічай міжнароднай арганізацыі, Акт аб дэнансацыі СССР, падпісаны ва ўрадавай рэзідэнцыі ў Віскулях у Белавежскай пушчы. Да дакументальных помнікаў аднясем дамовы, пагадненні, напрыклад пакт Молатава-Рыбентропа і сакрэтныя пратаколы да яго, якія змянілі лёс беларускіх зямель.

Да дакументальных помнікаў адносяцца графічныя дакументы, напрыклад акварэлі Ю. Пешкі, Н. Орды, малюнкі крыжа Ефрасінні Полацкай, кінафотадакументы (здымкі Барысавых камянёў, фотадакументы камісіі Бурдэнка па абвінавачванню фашызму). Асобнай катэгорыяй дакументальных помнікаў з’яўляюцца гуказапісы: прамовы кіраўнікоў краіны, сусветных лідэраў, дзяржаўных гімнаў, мелодый, запісы фальклору і музыкі. Каштоўнымі дакументальнымі помнікамі з’яўляюцца старажытныя і іншыя рукапісы, архівы, напрыклад архівы Радзівілаў, Храптовічаў, Я. Купалы, М. Багдановіча і іншых). Асобна прыгадаем і такую катэгорыю як рэдкія друкаваныя выданні.

2) Запаветнымі мясцiнамі з’яўляюццатапаграфiчна акрэсленыя зоны або ландшафты, створаныя чалавекам цi чалавекам i прыродай. Гэта катэгорыя слаба распрацавана. Рэдкай формай ГКК з’яўляюцца архаічныя пры­родныя ландшафты.

3) Помнiкi археалогii – складаная сістэма месцаў і рэчаў. Пад імі разумеюць: умацаваныя пасяленнi (старажытныя гарады, гарадзiшчы, замкi); неўмацаваныя пасяленнi (старажытныя стаянкi, паселiшчы, асобнае жыллё); курганныя i грунтавыя могiльнiкi, асобныя пахаваннi, некропалi, маўзалеi i iншыя пахаваннi; старажытныя збудаваннi i iншыя аб'екты гаспадарчага i вытворчага прызначэння; фартыфiкацыйныя збудаваннi; культавыя збудаваннi, храмы, манастыры, свяцiлiшчы, месцы спраўляння абрадаў, каменныя крыжы, культавыя камянi, каменныя статуi, абелiскi; iнфраструктура сухапутных, водных i водна-волакавых шляхоў; манетныя i рэчавыя скарбы; культурны пласт, у тым лiку ўсе рухомыя i нерухомыя матэрыяльныя аб'екты, якiя змяшчаюцца ў iм, а таксама на дне прыродных i штучных вадаёмаў.

Самыя старажытныя стаянкі ў Беларусі знаходзяцца на поўдні краіны – каля в. Юравічы і Бердыж. Паселішчаў значна больш. Іх досыць цяжка выявіць і шмат з іх яшчэ не знойдзены і не ўведзены ў навуковы зварот. У пошуках звестак пра іх палягае адна з задач краязнаўства. Курганы, курганныя групы выявіць значна прасцей. Найбольшыя курганныя могільнікі знаходзяцца каля г. Заслаўя, в. Дарахі Гарадоцкага раёна. Манетныя i рэчавыя скарбы з’яўляюцца адным з найбольш цікавых помнікаў археалогіі, якія могуць быць выяўлены краязнаўцамі, ці хаця б захаваны дзеля навукі.

Найбольш вядомыя замчышчы на Віцебшчыне знаходзяцца каля в. Мястэчка Гарадоцкага раёна, замкі Івана Жахлівага часоў Лівонскай вайны: Суша, Туроўля, Сокал, Кап’ё, Ула, Каз’ян, Лепель, вал Івана Жахлівага ў Полацку; рэшткі Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў у Віцебску, Лукомль, Друцк, Копысь і іншыя.

Прыгадаем найбольш вядомыя скарбы, знойдзеныя на Беларусі. У Оршы ў 1822 г. быў знойдзены скарб, частка якога была разрабавана, з другой часткі была выплаўлена сярэбраная чаша для царквы, а трэцяя частка прададзена ў Маскву. Вага апошняй была 2 кг. У 1984 г. быў знойдзены Полацкі скарб, які складаўся з пяці бранзалетаў і фрагмента грыўны з золата 958-й пробы вагай больш 300 грам. Знаходка датуецца другой паловай Х ст. У 1968 г. быў знойдзены скарб каля в. Гараўляны Глыбоцкага раёна. Складаецца з больш 400 сярэбраных арабскіх манет ХІ ст. і рэшткаў упрыгожванняў. У в. Добрына Віцебскага раёна быў знойдзены скарб, які складаўся з больш чым 500 сярэбраных арабскіх манет. Буйнейшы ва Усходняй Еўропе скарб быў знойдзены каля в. Казьянкі Полацкага раёна. Скарб часткова разрабаваны, але нават тое, што захавалася – уражвае: яго агульная вага – 20 кг. Ён складаецца з 7588 арабскіх дырхемаў. Захаваны быў прыблізна ў 944–947 гг. Знойдзены на беразе Дзвіны, у 300 м. ад вады. На пачатак ХХІ ст. можна казаць, што на Беларусі знойдзена каля 1200 скарбаў. З іх каля 200 на Віцебшчыне (у сучасных адміністрацыйных межах).

Старажытныя збудаваннi, культавыя збудаваннi, храмы, манастыры, свяцiлiшчы, месцы спраўляння абрадаў, фартыфiкацыйныя збудаваннi цяжка выявіць неспецыялісту. Гэта задача прафесійных археолагаў. Таксама, як і даследаванне культурнага пласта, у тым лiку і ўсіх знаходак, якія могуць быць зроблены ў ім. Улічваючы, што на сённяшні момант нават археалагічную разведку можна праводзіць з афіцыйным дазволам Інстута НАН Беларусі, краязнаўцы могуць праводзіць назіранні, па ўскосных звестках: легендах, паданнях, тапанімічных дадзеных высоўваць гіпотэзы і спраўджваць на мясцовасці. Такім чынам можна выявіць некаторыя часткі iнфраструктуры сухапутных, водных i водна-волакавых шляхоў, культавыя камянi, каменныя статуi, абелiскi, каменныя крыжы.

4) Помнiкi архiтэктуры – будынкi, збудаваннi i iншыя аб'екты (гаспадарчага, вытворчага, ваеннага або культавага прызначэння, асобныя цi аб'яднаныя ў комплексы i ансамблi (разам з навакольным асяроддзем); аб'екты народнага дойлiдства, а таксама звязаныя з указанымi аб'ектамi, творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва.

Прыкладамі грамадзянскай архітэктуры ў Віцебску з’яўляюцца будынак гарадской Ратушы, сялянска-пазямельнага банка (цяпер будынак ветэрынарнай акадэміі), былога епархіяльнага жаночага вучылішча (цяпер будынак віцебскага аблвыканкама), мужчынскага духоўнага вучылішча (цяпер педфак ВДУ імя П. М. Машэрава), акруговага суда (цяпер Мастацкі музей), чыгуначнага вакзала ў Віцебску, Оршы

Яскравымі прыкладамі палацавай і сядзібнай архітэктуры Беларусі з’яўляюцца: палац у в. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці; палац Бутрымовічаў у г. Пінску палац у в. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці; палац Румянцавых-Паскевічаў у г. Гомелі; сядзібу ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці; сядзібу ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці; палац у в. Свяцк Гродзенскага раёна; палац у г. п. Дзятлава Гродзенскай вобласці; палац у г. Нясвіж Мінскай вобласці; сядзібу ў Радзівілімонтах Клецкага раёна Мінскай вобласці; палац у в. Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці; палац у в. Грудзінаўка Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці

Найбольш яскравымі прыкладамі палацавай архітэктуры, якія знаходзяцца на Віцебшчыне: палац губернатара ў г. Віцебску; Ваўжэцкіх у Відзах-Лаўчынскіх і Плятараў у г. п. Опса Браслаўскага раёна; сядзіба І. Рэпіна ў Здраўнёве, У. Адамава ў Вялікіх Лётцах, Астрэйкаў у в. Лукі, “Мілае” І. Манькоўскага ў в. Мазалава Віцебскага раёна; сядзібы ў в. Высокае, Межава і Юрцава Аршанскага раёна; палац Тызенгаўзаў у г. Паставы; палацавы комплекс Бішэўскіх у Лынтупах, Ромера ў в. Каралінова Пастаўскага раёна; сядзіба Лапацінскіх у в. Лявонпаль Мёрскага раёна; сядзіба Шыранаў ў в. Германавічы Шаркаўшчынскага раёна; сядзіба Маліноўскіх у в. Чарапоўшчыне і Грабніцкіх у в. Арэхаўна Ушацкага раёна, Двор-Нізгалава ў Бешанковіцкім раёне; палац Амбургераў у г. п. Обаль і Хлюдзінскіх у в. Лескавічы Шумілінскага раёне і іншыя сядзібы.

Сядзібы. Можна вылучыць некалькі відаў сядзіб: па формах арганізацыі (уласна сядзібы, маёнткі, фальваркі), уладання (дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія), памерах землекарыстання, архітэктуры, матэрыялах вырабу. У архітэктуры сядзіб Віцебшчыны пакінулі свій след розныя мастацкія накірункі. Да нашых дзён дайшла толькі адна сядзіба, узведзенная ў стылі барока – Лявонпаль, Мёрскага раёна. З сярэдзіны ХVІІІ – пач. ХIХ ст. у сядзібным будаўніцтве выкарыстоўваўся класічны стыль. У розным стане да нашых часоў дайшлі сядзібы ў Бешанковічах, Відзах-Лаўчынскіх, Германавічах, Гарадцы, Двор-Нізгалава, Дзедзіна, “Мілае”Арэхаўна. Шаркоўшчына. З другой пал. ХIХ ст. у архітэктуры сядзіб Віцебчыны пераважала эклектыка: Высокае, Межава, Палітаддзел. У нэагатычным стылі былі пабудаваня сядзібы ў Залессі, Расонах; нэакласічным: Бяздзедавічы, Опса, Опытная, Старая Беліца.

Пабудова сядзіб на Віцебшчыне мела сваі асаблівасці: геакліматычныя, (вялікая колькасць азёр, халмісты рэльеф, больш суворы клімат), культурна-канфесійныя (падзел шляхты на прапольскую і прарасійскую плыні, якія арыентаваліся на каштоўнасці адпаведна польскія, еўрапейскія і расійскія.

Сядзібамі на Віцебшчыне валодалі вядомыя шляхецкія роды: Друцкія, Валадковічы, Лапацінскія, Агінскія, Панятоўскія, Сапегі, Храптовічы, Цэханавецкія і іншыя. Сядзібы з’яўляліся цэнтрамі эканамічнага жыцця і культуры рэгіёну. Менавіта ў іх часта ўводзіліся, а потым распаўсюджваліся агратэхнічныя навіныкі, якія былі недаступныя сядянам і беднай шляхце. Сядзібы маглі ўключаць у сябе палацы, і сядзібныя дамы, гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы (кузні, флігелі, кухні, племянныя заводы, млыны, паляўнічыя домікі), капліцы, сады, аранжарэі, водныя сістэмы (пруды для паліву, развядзення рыбы). Пры найбольш багатых памешчач’іх рэзідэнцыях былі бібліятэкі, архівы, сузеі, калекцыі, кабінеты для заняткаўнавукай, паркі. У маёнтку К. Тызенгаўза ў Паставах быў створаны арніталагічны музей, у маёнтку Крашуты пад Полацкам – карцінная галерея, у склад якой ўваходзілася шмат рэчаў вывезеных у 1814 г. з Парыжу.

У час уваходжання ў склад Расійскай імперыі невялікія дваранскія маёнткі былі культурнымі цэнтрамі рэгіёнаў краіны, стваралі пладатворную атмасферу для шматлікіх дзеячаў мастацтва і навукі: Вялікія Лётцы (батанік У. Адамаў), Відзы-Лаўчынскія (генерал Т. Ваўжэцкі), Здразнёва (мастак І. Рэпін), Каралева (метэаролаг А. С. Бялыніцкі-Біруля), Кахачын (грамадскі дзеяч Т. Зан), Кахоўка гісторык А. П. Сапуноў), Королінова (мастак А. Ромер), Лучоса (урач, вынаходнік гіпсавай іммабілізацыі К. Гібенталь), Любашкова (царкоўны дзеяч. В. Лужынскі), «Милае» у в. Мазалава (асветнік І. Манькоўскі), Мурагі (пісьменнік Я. Баршчэўскі), Новае Сяло (археолаг К. Касцюшка-Валюжыніч), Астраўляны (паэт К. Вераніцын), Палевачы (заснавальнік беларускага прафесійнага тэатра І. Буйніцкі), Селігоры (гісторыкі Мяніцкія), Тулава (паэт Г. Марцінкевіч), Цяпіна (асветнік В. Цяпінскі), Ула (мастак І. Хруцкі) і іншыя.

Шэраг сядзіб маюць важнае значэнне для гісторыі краіны. У маёнтку Астраўляны Бешанковіцкага раёна радзіўся будучы канцлер ВКЛ Л. Сапега. Пры ма ёёнтках Гардзялкоўскіх у в. Слаўнае (цяпер Талачынскі раён) была створана першая беларуская школа, у якой выкладаў Я. Колас. У сядзібе Старая Беліца (цяпер Сенненскі раён) працаваў Я. Купала. У маёнтку Селігоры на Лепельшчыне які належаў Мяніцкім стварыў сваю рукапісную “Беларускую хрэстаматыю” Б. Эпімах-Шыпіла. У сядзібе Высокае на Аршаншчыне адбыўся ў 1928 г. I з’езд КПЗБ.

На пачатак ХХ ст. на Віцебшчыне было больш тысячы сядзіб. Аднак вялікіх, створаных з каменя было не шмат. Большасць сядзіб была мелкапамеснымі, створаны яны былі з дрэва. Ва ўсходняй і цэнтральнай Віцебшчыне традыцыя развіцця сядзіб перарвалася ў 1917 г. Значная частка сядзіб была разрабавана, разбурана, разабрана на будаўнічыя матэрыялы. На аснове некаторых створаны вучэбныя ўстановы, паказальныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. У Заходняй Віцебшчыне сядзібы істотна пацярпелі ў гады Першай сусветнай вайны, але іх будаўніцтва і развіццё працягвалася да 1939 г. Мноства сядзіб разбурана ў гады Другой сусветнай вайны. Канчаткова сядзібы прыйшлі ў заняпад ў другой палове ХХ ст. тыя сядзібы, што захаваліся да нашых дзён патрабуюць неабходных ахоўных мерапрыемстваў і аднаўлення.

Сярод найбольш цікавых і выдатных прыкладаў культавай архітэктуры прыгадаем: Святадухаўскі кафедральны сабор у Мінску; касцёл у Ішкальдзі; касцёл Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі ў Пінску; Барыса-Глебская (Каложскую) царква ў Гродна; Свята-Міхайлаўская царква ў Сынкавічах; Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў Мураванцы; Спаса-Прэабражэнская царква ў Заслаўлі; Фарны касцёл Божага цела ў Нясвіжы; Жыровіцкі манастыр; Мікалаеўская царква ў Магілёве; касцёл Прасвятой Дзевы Марыі ў Мсціслаўлі.

Вядомаць атрымалі храмы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці: Сафійскі сабор у Полацку; Спаса-Ефрасіннеўсая царква ў Полацку; Святадухаўская царква ў Куцейне; касцёл Яна Хрысціцеля ў Камаях; храм у Сар’і; Дабравешчанская царква ў Віцебску; касцёл Сэрца Езуса ў в. Слабодка, Дзевы Марыі ў Відзах Браслаўскага раёна і іншыя

Асобнай катэгорыяй помнікаў архітэктуры з’яўляюцца фартыфікацыйныя збудаванні і іх рэшткі, як збудаванні ваеннага прызначэння. Сярод іх замкі. Сярод тых, што дайшлі да нашага часу ў больш-меньш добрым стане ў першую чаргу пералічым Гродзенскі, Лідскі, Мірскі, Нясвіжскі, Быхаўскі замкі. Рэшткі сярэднявечных замкаў захаваліся ў Наваградку, Крэве, Геранёнах, Любчы Гродзенскай вобласці, Гальшанах. У наваколлях Віцебска толькі ў в. Смаляны Аршанскага раёна захаваліся рэшткі вежы замка пад назвай “Белы Ковель”. Сярод помнікаў абарончай архітэктуры асобна стаяць крпасці. На Беларусі захавалася такіх дзве – Бабруйская і Брэсцкая. Цікавасць выклікааюць іншыя прыклады абарончага дойлідства: Гайцюнішскі дом-крэпасць, храмы абароннага тыпу: Свята-Міхайлаўская царква ў Сынкавічах, Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў Мураванцы, Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкальдзі, кальвінісці збор ў Заслаўі, Камайскі касцёл ў Пастаўскім раёне. У г. Камянец Брэсцкай вобласці знаходзіцца абарончая вежа, якая калісці дала назву Белавежскай пушчы, што ляжыць каля яе.

Асобнай катэгорыяй помнікаў архітэктуры з’яўляюцца помнікі народнага дойлідства – жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы розных рэгіёнаў і часоў.

Помнікі вытворчай дзейнасці. Такімі з’яўляюцца млыны – вадзяныя, ветраныя, электрычныя. Вадзяныя млыны захаваліся ў г. Оршы, Паставах, в. Лужкі Шаркоўшчынскага раёна, Прудок Гарадоцкага раёна. У в. Зябкі Глыбоцкага раёна знаходзіцца будынак механічнага млына. Помнікамі вытворчай дзейнасці з’яўляюцца дарожныя станцыі, участкі дарог. Такімі з’яўляюцца паштовыя станцыі каля в. Бараўляны Віцебскага раёна, у г. Гарадок і в. Кузьміно Гарадоцкага раёна, Паграбёнка Сенненскага раёна, Завольша Лёзненскага раёна. участкі брукаванай дарогі захаваўся ў Гарадку, в. Вялікія Лётцы, Сураж. Помнікам гідратэхнічных збудаванняў з’яўляюцца рэшткі каналаў і шлюзаў Бярэзінскай воднай сістэмы. Ахоўваюцца будынкі вакзалаў у Віцебску, Бігосава, Шуміліна. Помнікамі фабрычна-завадскога будаўніцтва з’яўляюцца будынкі былой ільнопрадзільнай фабрыкі “Дзвіна” (цяпер дывановы камбінат), будынак першай ў Віцебску электрастанцыі, якая давала ток для трамвая. Як помнік першых пяцігодак – будынкі фабрык “КІМ”, “Сцяг індустрыялізацыі”.

Асобнай катэгорыяй гісторыка-культурных каштоўнасцяў з’яўляюцца помнікі садова-паркавага мастацтва. Садова-паркавае мастацтва на Віцебшчыне развівалася пад уплывам заходнееўрапейскай традыцый, якія пранікалі на Беларусь праз Польшчу, а потым Расію. Да асаблівасцяў аднясем характэрны марэнна-азёрны ландшафту, панаванне таёжнага тыпу раслінасці, значную колькасць азёр, больш суровы у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі клімат.

Першыя сады ў Прыдзвінні закладваліся ў сярэднявеччы, аб чым сведчаць знаходкі костачак вішні на тэр. Полацкага Верхняга замка у слоі ХІІІ ст. У Бачэйкаўскім маёнтку меўся сад (1626), аранжэрэя (1641). З ХVI ст. пад уплывам ідэя Адраджэння на Віцебшчыне пачынаюць з’яўляцца паркі італьянскага тыпу. Рэльеф Беларусі не спрыяе развіццю італьянскіх паркаў, якія павінны размешчацца на крутым рэльефе, але на Віцебшчыне ў ХVII–ХVIII ст. мелася некалькі прыкладаў. У Дуброўне, каля сядзібы кн. Любамірскага быў стары ліпавы парк, які быў разбіты па-над р. Дубровенкай. У пойме р. Віцьба, у Віцебску існаваў рэгулярны парк Слебса. Пазней на ягоным месцы быў утвораны батанічны сад. У былым маёнтку гр. Плятара ў Опсе Браслаўскага раёна ў архітэктуры парка адчуваецца ўплыў італьянскага Адраджэння. Адзін з лепшых пейзажных паркаў Беларусі – парк Бельмонты ў Браслаўскім раёне быў створаны на месцы былога рэгулярнага парка ў стылі італьянскага Адраджэння.

У XVII – пач. XVIII ст. у Францыі зараджаецца новы стыль паркавага будаўніцтва – класічны, ці французскі, які заснаваны на дакладнасці форм, геаметрычнай правільнасці і строгасці прапорцый, вяртанні да традыцый антычнай Грэцыі. З паркаў у французскім стылі да нашага часу захаваліся толькі фрагменты. Найбольш эфектным з’яўляўся парк кн. Цэханавецкіх у м. Бачэйкава Бешанковіцкага раёна. Сад і парк тут былі яшчэ ў ХVІІ ст., а ў 1769 г. у сувязі з мяркуемым прыездам сюды караля Рэчы Паспалітай быў перабудаваны палац, а некалькі пазней разбіты “стрыжаны французскі парк”. Па меркаванню Ул. Адамава яго стваральнікам быў вядомы паркабудаўнік Ж. Леблон, што хутчэй за ўсё малаверагодна.

Прыход новага накірунку ў мастацтве – рамантызма адбіўся ў на развіцці садова-паркавага мастацтва. З кан. XVIII ст. пачалі з’яўляца пейзажныя, ці ландшафтныя, ці англійскія паркі. Такі парк павінны быў падкрэсліваць прыгажосць натуральнай прыроды. Аснову парка складаюць вялікія лугі, акаймлённыя жывапіснымі групамі дрэваў і кустоў. Сузірцанне парка павінна было накіроўваць думкі і пачуцці наведвальніка на пэўныя перажыванні. Для стварэння адпаведных эмоцый у парках размяшчаліся руіны, надмагільныя помнікі. Для стварэння мінорнага настрою шырока выкарыстоўаліся пасадкі плакучых форм дрэваў. Са зменай моды шэраг рэгулярных паркаў перарбляюцца ў пейзажныя. Найбольш яскравымі прыкладамі такіх можна лічыць парк Храптовічаў у Бешанковічах, Тызенгаўгаў у Паставах, парк Пацаў “Норыца” ў Пастаўскім раёне і парк у Друі.

Найбольш яскравым прыкладам новых пейзажных паркаў Беларусі і Віцебшчыны лічыцца парк Бельмонты ў Браслаўскім раёне. Яго плошча 62 нга і гэта другі па велічыні парк Беларусі пасля Нясвіжскага. Прыгадаем таксама парк у Шадурскіх Асвеі Верхнядзвінскага раёна, “Залессе” у Глыбоцкім раёне, які належаў графу Молле, а таксама паркі ў вв. Вопытная, Дрысвяты, Заазер’е, Крыкалы. Сярод іншых вылучаецца парк у г. п. Варапаева, як неўласцівы для Беларусі, т. я у адрозненні ад ліственных парод, якія складаюць большасць у парках краіны, у варапаеўскім пераважаюць хвойныя пароды.

З сяр. ХІХ ст. назіраецца ўпадак садова-паркавага мастацтва. Пейзажны парк перастае быць рамантычным. Творчы пачатак у паркабудаўніцтве быў заменены простым капіраваннем прыроды. Такі накірунак называецца натуралістычным. З развіццём батанічнай навукі актыўна пашыраецца асартымент дравесных раслін. Было завезена шмат замежных парод, асабліва дэкаратыўна-квітучых раслін. Мастакі і архітэктары амаль не бяруць удзелу ў будаўніцтве паркаў. Паркі больш сталі нагадваць батанічныя сады ці прыватныя калекцыі. У іх пабудове пачынае пераважаць эклектыка. Сярод такіх паркаў Віцебшчыны вылучаюцца Бабінічах Аршанскага раёна, г. п. Дзісна Міёрскага раёна, Забайкал Талачынскага раёна, Залескі Глыбоцкага раёна, Лынтупскі Пастаўскага раёна, Межаўскі Аршанскага раёна, Расонскі, в. Рацава Талачынскага раёна, г. п. Шаркаўшчыне. Асабліва насычаны экзотамі парк у в. Двор-Нізгалава Бешанковіцкага раёна. Захаваліся 2 піхты бальзамічныя і лепшы ў краіне экзэмпляр бярозы далекарлійскай (вышыня 17 м. ), рэдчайшы ў краіне і Усх. Еўрое кедр еўрапейскі калонападобны (вышыня 12 м. ). Асаблівую цікавасць да аднаўлення выклікае парк у в. Відзы-Лаўчынскія Браслаўскага раёну. Тут у былым маёнтку Мінейкі знаходзіцца вядомая серная крыніца. Вырастаюць лепшыя ў краіне 5 экземпляраў клёна востралістнага Шведлера.

З другой паловы ХІХ ст. распаўсюдзіліся эканамічныя паркі. Такія паркі ствараліся з мэтай прынясення прыбытку. Найбольш яскравымі прыкладамі з’яўляюцца парк “Саломінка” у в. Дабрыгоры Бешанковіцкага раёна, в. Сітцы Докшыцкага раёна, Брыгітполле Віцебскага, Арэхаўна і Двор-Пліна Полацкага, Мікалаёва Міёрскага раёнаў.

Паркі ў гарадах. У ХVІІ ст. у Віцебску меўся сад пры езуіцкім калегіуме. У 1848 г. быў закладзены парк Цівалі. К кан. ХІХ ст. у горадзе быў губернатарскі сад, “Елагі”, епархіяльнага вучылішча, батанічны. У 1873 г. у Оршы быў створаны гарадскі сад. У міжваенны перыяд быў створаны парк чыгуначнікаў у Віцебску (1924), гарадскія паркі ў Оршы (1937), Лепелі (1939), Дзісне (1939). Пасля вайны у шматлікіх гарадах і вёсках Віцебшчыны разбіваюцца паркі і скверы Перамогі, у гонар загінуўшых землякоў (Віцебск, Паставы, Оршы). Мемарыяльны парк з курганам Славы разбіваецца на Зялёным востраве ў Полацку. У ім жа парк у гонар Сацыялістычнай рэвалюцыі, 40-годдзя камсамола.

Пры лясніцтвах у пасляваенны час былі закладзены паркі: Верхнядзвінскім, Копысскім, Рубаўскім лясніцтвах. Асаблівую вядомасць у краіне атрымаў Глыбоцкі дэндрасад, закладзены 1963 – 1967 гг. і парк у в. Мосар Глыбоцкага раёна закладзены кс. Ю. Булькай.

У развіцці паркаў на Віцебшчыне значную ролю адыгралі Семянтоўскі М. (парк у маёнтку Ражаншчына), Ул. Адамаў В. (Лятчанскі батанічны сад у Віцебскім раёне), Я. Мароз (Фатынь Лепельскага раёна), І. Сікора (М. Алашкі Шаркоўшчынскага раёна.

5) Помнікігісторыі ­– будынкі, збудаванні, памятныя мясціны і рэчы, звязаныя з важнейшымі гістарычнымі падзеямі ў жыцці народа, развіццём грамадства і дзяржавы, развіццём навукі і тэхнікі, культуры, побыту народа. Памятныя месцы гераічнага мінулага. Помнікі і памятныя мясціны культуры, навукі і мастацтва памятныя месцы кнігадрукавання, навуковыя і навучальныя ўстановы, помнікі і памятныя мясціны звязаныя з музыкай, тэатрам, мастацтвам, памятныя мясціны звязаныя з жыццем і творчасцю вядомых дзеячаў.

Такія месцы – храм-помнік каля в. Лясная, 1812 г. (Буйнічы, Кобрын, Полацк, Віцебск, Студзёнка, Воўкавыйск, Барысаў, Бабруйск), капліца на вайсковых могілках у г. Мінске (118 салдат 119 Каломенскага палка пад Плеўнай 1877–1877), І Сусветнай вайны (Нарач, Паставы).

У Віцебску памятнымі месцамі з’яўляюцца Рынкавая плошча і плошча перад Упенскім саборам – як асноўнае месца дзеяння антыўніяцкага паўстання гараджан у 1623 г., віцебская гімназія як месца вучобы дзекабрыста Гарбачэўскага,

Найбольш прадстаўленымі ў сучасная Беларусі з’яўляюцца помнікі і памятныя мясціны прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Самымі вядомымі ў краіне з’яўляюцца мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, помнік экіпажу М. Гастэла ў Маладзечанскім раёне, “Кацюша” (Орша, 1966), мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле” ў Магілёўскім раёне, Курган Славы Савецкай арміі-вызваліцельніцы Беларусі ў Смалявіцкім раёне (1969), манумент на плошчы Перамогі ў Мінске (1954), каля в. Леніна (1968), помнік вызваліцелям у Віцебску, манумент у гонар Маці-патрыёткі ў Жодзіна, мемарыяльны ансамбль у гонар воінаў-памежнікаў у Гродна, “Хатынь” (1969), Вялікі Трасцянец (Мінск 206 тыс чал. ), мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” ў Докшыцкім раёне, “5-ы полк” (Віцебск 80 тыс. чалавек), ур. Барок (Глыбокае 37 тыс. чалавек). Прыгадаем таксама помнікі Ц. П. Бумажкову (першаму сярод партызан Герою Савецкага Саюза) ў г. п. Акцябарскі Гомельскай вобласці, К. Заслонаву ў Оршы, помнік піянеру-партызану Марату Казею ў Мінску, Мемарыяльны комплекс “Прарыў” ва Ушацкім раёне, камсамольцам-падпольшчыкам на Смаленскай плошчы ў Віцебску.

Шэраг гістарычных падзей яшчэ не знайшлі адлюстраванне ў гісторыі і мемарыялізацыі па прычынах ідэалагічнага і культурнага характару, нізкага ўзроўню гістарычнай свядомасці. Да такіх падзей можна аднесці леваэсэраўскі мяцеж, Невельскае паўстанне. На Віцебшчыне ёсць шэраг памятных месцаў, якія ўшанаваны кіраўніцтвам ведамстваў на месцах. Такімі своеасаблівымі помнікамі з’яўляюцца пажарная машына каля будынка МЧС Віцебскай вобласці, аўтамабіль МАЗ 207 каля будынка аўтакалоны № 1, трактар ў г. п. Багушэўску, грэйдэра у г. п. Шаркоўшчына, помнік музыку каля летняга амфітэатра, помнік краўцу на вул. Талстога, помнік Айбаліту каля будынка ветэрынарнай акадэміі і інш.

6) Помнiкi горадабудаўнiцтва – забудова, планiровачная структура або фрагменты населеных пунктаў (разам з навакольным асяроддзем, у тым лiку культурным пластом). Помнiкi горадабудаўнiцтва, як правiла, з'яўляюцца комплекснымi гiсторыка-культурнымi каштоўнасцямi. У Віцебску гэта ансамблі вуліц Кірава, Янкі Купалы, Савецкай, камісара Крылова, Суворава, у Паставах – Рынкавая плошча, у Полацку вуліца і плошча Ф. Скарыны.

7) Помнiкi мастацтва – творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога i iншых вiдаў мастацтва. Сярод помнікаў мастацтва вылучаецца некалькі катэгорый: творы манументальнага мастацтва, помнікі выяўленчага мастацтва, помнікі выяўленчага мастацтва

Да найбольш значных твораў манументальнага мастацтва Беларусі прыгадаем помнікі Максіму Багдановічу ў Мінску; Францішку Багушэвічу ў в. Жупраны Ашмянскага раёна; Сымону Буднаму ў Нясвіжы; Уладзіміру Караткевічу ў Оршы і ў Віцебску; Якубу Коласу ў Мінску; Янку Купалу ў Мінску і ў в. Ляўкі Аршанскага раёна; Адаму Міцкевічу ў Навагрудку; Пятру Мсціслаўцу ў Мсціслаўлі; Напалеону Ордзе ў Іванаве Брэсцкай вобласці; Ефрасінні Полацкай у Мінску і ў Полацку; Сімяону Полацкаму ў Полацку; Францыску Скарыне ў Мінску, Полацку, Лідзе; Кірылу Тураўскаму ў Тураве.

У Віцебску прыгадаем помнік А. Гараўцу, Ул. Караткевічу, М. Шагалу, Е. Лось, В. Харужай, М. П. Шмырову, Ф. А. Піроцкаму, М. М. Машэраву, С. М. Кіраву, У. І. Леніну, К. Марксу, мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў на плошчы Перамогі, помнік на месцы размяшчэння лагера смерці 5-ы полк, помнік віцебскім падпольшчыкам, чыгуначнікам (на тэрыторыі лакаматыўнага дэпо) і іншыя.

У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў горада Віцебска ўключаны 233 аб’екты (219 помніка архітэктуры, 8 – гісторыі, 6 – археалогіі). Больш падрабязна пра іх у раздзеле 6 в “Гісторыка-культурныя каштоўнасці Віцебска”. У Полацку на 2006 было пад аховай 97 помнікаў гісторыі і культуры, а ў 2008 г. – 130.

Помнікі якіх няма. На жаль, існуець шмат гістарычных асоб і падзей, якія знайшлі свайго адлюстравання ў архітэктуры і скульптуры Віцебска. На нашу думку варта ўзвесці помнікі княгіне Вольге, Альгерду, Ульяніі Цвярской, А. Рыпінскаму, Старому-Хатабычу. Заслугоўвае павагі ўдзел віцебскай харугвы ў Грунвальдскай бітве і іншыя падзі. Падрабязней ў раздзеле 6 х “Помнікі якіх няма”.

 

Да нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца звычаi, традыцыi, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), мова, яе дыялекты, змест геральдычных, тапанiмiчных аб'ектаў i твораў народнага мастацтва (народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) iншыя нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека.

Катэгорыi гiсторыка-культурных каштоўнасцей

Гiсторыка-культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на адпаведныя катэгорыi ў залежнасцi ад iх гiсторыка-культурнай значнасцi.

Матэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на наступныя катэгорыi:

катэгорыя " 0" - гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя ўключаны або прапанаваны для ўключэння ва ўстаноўленым парадку ў Спiс сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны або Спiс сусветнай спадчыны, што знаходзiцца пад пагрозай;

катэгорыя " 1" - гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасцi якiх маюць мiжнародную значнасць;

катэгорыя " 2" - гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасцi якiх маюць нацыянальную значнасць;

катэгорыя " 3" - гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасцi якiх маюць значнасць для асобных рэгiёнаў Рэспублiкi Беларусь.

Матэрыяльныя аб'екты, якiя ўваходзяць у склад комплексных матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, але якiм асобна не нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, лiчацца матэрыяльнымi гiсторыка-культурнымi каштоўнасцямi без катэгорыi.

Нематэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на наступныя катэгорыi:

катэгорыя " А" - гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, поўная аўтэнтычнасць i дакладнасць якiх безумоўныя i нязменныя;

катэгорыя " Б" - гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя поўнасцю або часткова адноўлены (зафiксаваны) на другасным матэрыяле цi адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасцi якiх аб'ектыўна з часам могуць змяняцца.

Катэгорыя гiсторыка-культурным каштоўнасцям надаецца i пры неабходнасцi змяняецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на падставе рашэнняў Навукова-метадычнай рады аб неабходнасцi аднясення гiсторыка-культурнай каштоўнасцi да пэўнай катэгорыi i аб неабходнасцi змянення яе катэгорыi.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...