Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Методыка выкладання літаратуры як навуковая дысцыпліна, яе месца сярод дысцыплін літаратуразнаўчага і педагагічнага цыклаў.




Методыка выкладання беларускай літаратуры – 1) практыка-арыентаваная навука педагагічнага цыклу, якая раскрывае метадалагічныя асновы, мэты, змест, заканамернасці, прынцыпы, метады, формы навучання беларускай літаратуры, 2) навука педагагічнага цыклу, якая дае магчымасць рацыянальна арганізаваць вывучэнне літаратуры як вучэбнага прадмета, паспяхова вырашыць развіваючыя і выхаваўчыя задачы.

Прадмет мвбл – працэс выхаваўчага навучання школьнікам літаратуры як вучэбнаму прадмету.

Змест методыкі выкладання беларускай літаратуры складаецца з трох асноўных раздзелаў:

1. Агульныя асновы методыкі – развіццё методыкі, метадычныя школы, погляды, праблемы, прынцыпы і метады выкладання.

2. Сістэма вывучэння літаратуры на ўроках – шляхі, метады, прыёмы вывучэння літаратуры, эмацыянальны і лагічны падыходы, распрацоўка ўменняў і навыкаў, самастойная праца, інтэграванасць.

3. Сістэма факультатыўных заняткаў і пазакласнай працы.

Як і кожная навучальная дысцыпліна, методыка выкладання беларускай літаратуры мае свае задачы:

1) пазнаёміць з тэарэтычнымі асновамі выкладання літаратуры – вызначэнне мэт, задач і зместу навучання літаратуры ў школе, заканамернасцей і прынцыпаў навучання літаратуры, найбольш эфектыўных метадаў, прыёмаў і форм навучання;

2) вывучэнне і навуковае асэнсаванне метадычнай спадчыны і перадавога вопыту;

3) выпрацаваць першапачатковыя практычныя ўменні і навыкі для падрыхтоўкі да ўрока роднай літаратуры;

4) даць накірункі да самаадукацыі і творчага пошуку;

5) дапамагчы настаўніку адказаць на асноўныя прынцыповыя пытанні, што ўзнікаюць у час падрыхтоўкі да заняткаў, у працэсе выкладання, пасля аналізу праведзенага ўрока.

Методыка выкладання літаратуры не можа разглядацца ізалявана, паколькі навучанне літаратуры з’яўляецца састаўной часткай працы школы ў цэлым. Таму толькі ў цеснай сувязі з іншымі навукамі методыка выкладання беларускай літаратуры можа даць вычарпальныя адказы на тры асноўныя пытанні: Што вывучаць? Як? Для чаго (навошта)? Методыка звязана з псіхалогіяй, педагогікай, літаратуразнаўствам, лінгвістыкай, гісторыяй, этыкай, эстэтыкай, філасофіяй, сацыялогіяй, культуралогіяй і інш.

Вельмі цесна методыка літаратуры звязана з літаратуразнаўчай метадалогіяй, тэорыяй літаратуры, паколькі прадметам зацікаўлення нашай методыкі выкладання з'яўляецца мастацкая літаратура, якую даследуе таксама і літаратуразнаўства. Методыку мастацтва слова цікавіць як матэрыял для фарміравання і развіцця ў вучняў здольнасцей да ўспрымання і пазнання свету цераз мастацкія вобразы, словы, творчую фантазію, пачуццёвую палітру. Літаратуразнаўства, як вядома, вывучае заканамернасці мастацкага літаратурнага працэсу з пазіцый гісторыі літаратуры, яе тэорыі і крытыкі. Таму методыка выкладання літаратуры і літаратуразнаўства самым цесным чынам звязаны паміж сабою.

Літаратуразнаўства ацэньвае мастацкія творы, вызначае іх эстэтычную якасць і грамадскую каштоўнасць, і дапамагае адказаць на першае з трох важнейшых пытанняў метадычнай навукі: што вывучаць, якія творы, заканамернасці літаратурнага працэсу, тэарэтычыя паняцці, крытычныя артыкулы, біяграфічныя матэрыялы ўключаць у школьную праграму і падручнікі. Гэта сувязь выяўляецца перш за ўсё ў вызначэнні мэты, зместу і структуры курса літаратуры. Метадалогія літаратуразнаўства аказвае ўплыў і на метады навучання.

Методыка выкладання беларускай літаратуры звязана з педагогікай і псіхалогіяй. Псіхалогія дае настаўніку веды аб узроставых адметнасцях дзяцей, садзейнічае наладжванню цеснага кантакту з вучнямі, выяўленню іх духоўнага свету, характару ўспрымання, асаблівасцей памяці, камунікацыйных аспектаў.

Дзякуючы педагогіцы (навука аб навучанні і выхаванні), настаўнік мае магчымасць даведацца пра агульнадыдактычныя прынцыпы, метады і прыёмы выкладання, тыпы і віды ўрокаў, грунтуючыся на якіх методыка выпрацоўвае свае спецыфічныя крытэрыі.

Педагогіка з псіхалогіяй даюць настаўніку адказ на другое пытанне методыкі: як навучаць?

Нельга вывучаць беларускую літаратуру, не звяртаючы ўвагі на маральна-этычны бок пэўнага твора. Адсюль вынікае, што методыка выкладання беларускай літаратуры мае самыя цесныя сувязі з эстэтыкай – навукай аб прыгожым і этыкай – навукай аб маралі.

Немагчымае вывучэнне беларускай літаратуры адасоблена ад гісторыі, паколькі кожны творца – гэта прадстаўнік пэўнага гістарычнага працэсу. Акрамя таго, вельмі часта пісьменнік звяртаецца да гістарычных крыніц: летапісаў, дакументаў, ліставання і г. д. “Гістарычны аспект у дачыненні да аналізуемага твора методыка літаратуры рэкамендуе выкарыстоўваць з улікам трох патрабаванняў: часу напісання твора, часу, які адлюстраваны ў творы, і сённяшняга часу”.

Навучанне літаратуры ў школе не можа разглядацца ў адрыве ад моўнага навучання.

Кожная навука мае сваю структуру, якая залежыць ад асаблівасцей прадмета яе вывучэння. Структура методыкі літаратуры абумоўлена структурай працэсу вывучэння літаратуры ў школе, які складаецца з наступных элементаў: мэты навучання – літаратура – настаўнік – вучань. Высвятленне мэтаў навучання дае магчымасць адказаць на трэцяе пытанне методыкі: навошта вучыць? Мэта навучання – ідэальны вынік навучання літаратуры, які павінен быць дасягнуты вучнем і настаўнікам. Яны бываюць стратэгічныя (на далёкую перспектыву) і тактычныя (на блізкую перспектыву). Прызначэнне літаратуры як школьнага прадмета (стратэгічная) – фарміраваць у вучняў пры дапамозе настаўніка адпаведны аб'ём літаратурных ведаў, вобразна-эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці, развіваць у іх навыкі эстэтычнага аналізу, інтэлектуальнае развіццё і выхаванне школьнікаў. Пры вывучэнне пэўных тэм і раздзелаў школьнага курса літаратуры ставяцца тактычныя мэты.

Методыка як навука займаецца распрацоўкай школьных праграм па літаратуры, падручнікаў, вучэбных і наглядных дапаможнікаў, метадычных рэкамендацый і парад.

Кожная навука, у тым ліку і методыка літаратуры, мае свае метады даследавання: абагульненне перадавога вопыту настаўнікаў метад зрэзаў, метад мэтанакіраванага назірання і метад эксперыменту.

Сярод асноўных з іх – абагульненне перадавога вопыту аднаго настаўніка ці групы настаўнікаў, якія дасягнулі поспехаў у канкрэтным кірунку педагагічнай працы. Вывучэнне вопыту патрабуе папярэдняга вызначэння задач пры дапамозе назірання за ходам выкладання. Даследчык загадзя знаёміцца з метадычнай літаратурай па праблеме даследавання, вызначае гіпотэзу і вядзе назіранне. Назіранні могуць суправаджацца гутаркамі з вучнямі і настаўнікам, пісьмовымі адказамі на анкеты, вядзеннем дзенніка, відэа- і аўдыёзапісамі.

Метад зрэзаў яшчэ называюць метадам адначасовага масавага апытання. Ён вельмі папулярны ў час раённых ці абласных праверак школ па пэўных прадметах і дае магчымасць вывучыць пытанне аб чытацкіх зацікаўленнях вучняў, аб іх веданні літаратурных тэкстаў, праверыць уменні і навыкі школьнікаў па аналізе твораў, характарыстыцы зместу. Для ацэнкі вучнёўскіх ведаў распрацоўваюцца колькасныя і якасныя крытэрыі, якія могуць выяўляцца праз сістэму балаў ці адзнак.

Метад мэтанакіраванага назірання выкарыстоўваецца з мэтай атрымання станоўчых ці адмоўных вынікаў у адпаведнасці з вылучанай гіпотэзай. Назіранне, як і пры вывучэнні перадавога вопыту, праводзіцца па загадзя распрацаваным плане з выкарыстаннем разнастайных формаў працы: гутаркі, метаду зрэзаў, сачыненняў і г. д. Мэтанакіраванае назіранне дае даследчыку магчымасць скарэкціраваць метадычныя аспекты працы настаўніка з вучнямі, дапамагчы яму ў пошуку аптымальных метадаў і прыёмаў выкладання і выхавання.

Эксперымент праводзіцца часцей за ўсё ў канкрэтным класе з мэтай праверкі тэарэтычна распрацаваных палажэнняў і меркаванняў. Пры яго станоўчых выніках матэрыял эксперыменту можа рэкамендавацца для масавага выкарыстання ў школьнай практыцы. Ён бывае канстатуючы (з дапамогай падрыхтаваных зрэзавых заданняў дыягнастычнага характару вызначаецца наяўны ўзровень ведаў, уменняў і навыкаў вучняў), пошукавы (праводзіцца папярэдняе высвятленне тых або іншых падыходаў у методыцы навучання), навучальны (у адпаведнасці з канцэпцыяй даследавання эксперыментатар распрацоўвае ўласную методыку, правярае яе эфектыўнасць ў параўнанні з традыцыйнай, супастаўляючы вынікі зрэзаў, праведзеных у кантрольных і эксперыментальных класах), кантрольны (паўторная праверка эфектыўнасці распрацаванай методыкі ў параўнанні з традыцыйнай практыкай), а паводле ўмоў – лабараторны (навучанне праводзіцца з спецыяльнай групай вучняў у спецыяльна створаных умовах) і натуральны (пры звычайным навучанні).

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...