Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Этапы станаўлення і развіцця методыкі выкладання беларускай літаратуры.




Этапы станаўлення і развіцця методыкі выкладання беларускай літаратуры.

Перыяд, які папярэднічаў станаўленню метадычнай думкі на Беларусі.

Першай школай эстэтычнага выхавання і мастацкай адукацыі народа быў фальклор, гэтую школу прайшлі літаральна ўсе пісьменнікі.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі даволі рана пачала складвацца арыгінальная літаратурная школа – у сярэдзіне ХІІ стагоддзя вядомы прапаведнік Кліменцій Смаляціч выкарыстоўваў у сваіх выступленнях творы антычных паэтаў і філосафаў-язычнікаў, забароненых на той час царквой, абгрунтоўваў права на сімвалічнае вытлумачэнне свяшчэннага пісання.

Новы этап у духоўным жыцця ўсходнеславянскіх народаў пачаўся з асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны, выдавецкая дзейнасці якога была падпарадкавана асветніцкай ідэі, а крытэрыям ісціны з’яўляецца розум. У прадмове да “Псалтыра” тлумачыцца, што гэтая кніга – “дзецям малым пачатак усякай добрай навукі…”. Скарына прапагандаваў думку, што сутнасць чалавечага існавання ў патрыятычным служэнні “паспалітаму люду”, гэта значыць, што асноўная педагагічная мэта асветніка – выхаванне чалавека-грамадзяніна і патрыёта.

Дзеячы рэфармацыі стварылі шырокую сетку пратэстанцкіх школ, у якіх аформілася пэўная арганізацыйная структура вучэбнага працэсу, намецілася методыка выкладання. Прынцыпы тагачаснай методыкі складаліся ў барацьбе са схаластыкай, што панавала ў каталіцкіх школах – асабліва ў езуіцкіх, у якіх выкарыстоўвалася механічнае зазубрыванне правіл граматыкі і рыторыкі, а таксама выхоўвалася пагарда да роднай мовы. У пратэстанцкіх школах выкарыстоўваўся прынцып раўнапраўя моў, выкладання на роднай мове, узаемаразумення настаўніка і вучняў.

Выдатным асветнікам рэфармацыі быў Сымон Будны, які сцвярджаў, што веды павінны быць правераны розумам, а ў сістэме гуманістычнага выхавання вызначаў вялікую ролю настаўнікаў, якіх параўноўваў з соллю зямлі (“Катэхізіс”).

Другі рэфарматар – Васіль Цяпінскі – дамагаўся адкрыцця школ з беларускай мовай навучання (“Евангелле”).

У XVI – XVII стагоддзях на Беларусі дзейнічалі брацкія школы, якія вялі барацьбу супраць апалячвання і акаталічвання беларускага насельніцтва, але ў працэсе навучання яны арыентаваліся на стараславянскую, а не жывую беларускую мову. Лаўрэнцій Зізаній у 1596 г. надрукаваў першы буквар “Наука ку читаню и розуменю письма словенского” з малюнкамі і “Лексісам” – беларускім слоўнікам, у гэтым самым годзе выходзіць яго “Граматіка словенска” на стараславянскай і беларускай мовах, у асобным раздзеле якой была выкладзена тэорыя вершаскладання..

Вялікі ўплыў на выкладанне піітыкі і рыторыкі ў Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне аказалі лекцыі па этыцы і рыторыцы прафесара Полацкай калегіі Мацея Казіміра Сарбеўскага, трактат якога “Багі язычнікаў” быў асноўнай метадычнай крыніцый школьных заняткаў па рыторыцы ў XVІI – XVIІI стагоддзях.

У 1697 годзе сейм забараніў ужыванне беларускай мовы ў дзяржаўных установах, з гэтага часу беларускае мастацкае слова да пачатку ХХ стагоддзя існавала неафіцыйна.

У апошняй трэці ХІХ стагоддзя беларуская метадычная думка набірала новую вышыню, калі ў Беларусі пачалі ўзнікаць “тайныя школы”, у якіх выкладанне вялося на беларускай мове.

У 1906 годзе ў Пецярбургу пабачыў свет “ Лемантар” К. Каганца, за аснову якога быў узяты буквар Льва Талстога, пабудаваны па прынцыпе тэматычнага падзелу і інтэграванага вывучэння літаратуры і мовы.

Першы падручнік-хрэстаматыю ў 1906 годзе “Першае чытанне для дзетак беларусаў” выдала беларуская пісьменніца Цётка. Гэту працу прадоўжыў Якуб Колас, які ў 1909 годзе выдаў “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. У справе адраджэння беларускай нацыянальнай школы нельга не адзначыць імя Сяргея Палуяна. Беларускі публіцыст, празаік і літаратуразнавец, адзін з пачынальнікаў беларускай прафесійнай літаратурнай крытыкі, напісаў першы ў беларускай крытыцы аглядны артыкул “Беларуская літаратура ў 1909 годзе”, першы гістарычны нарыс новай беларускай літаратуры “Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках”.

С. Палуян лічыў, што менавіта народная школа павінна стаць галоўным сродкам распаўсюджання беларускай мовы. Ён першым на Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя паставіў пытанне аб “нацыяналізацыі школы”, якую разумеў шырока, уключаючы сюды і дэмакратызацыю школьнай справы. Галоўным момантам пры гэтым ён лічыў увядзенне выкладання на роднай мове, садзейнічанне школе ў развіцці нацыянальнай свядомасці вучняў.

Станаўленне і развіццё методыкі выкладання беларускай літаратуры ў пачатку XX ст.

Методыка выкладання беларускай літаратуры – навука маладая. Яна пачала фарміравацца ў пачатку XX ст. у сувязі з увядзеннем у школьнае выкладанне адпаведнага прадмета. Першыя беларускія школы з выкладаннем беларускай літаратуры як самастойнага прадмета пачалі працаваць на акупіраванай немцамі ў ходзе першай сусветнай вайны тэрыторыі Беларусі. Іх колькасць значна павялічылася пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (1918 г. ). Выкладалася беларуская літаратура і ў школах Заходняй Беларусі і БССР пасля падзелу згодна з Рыжскім дагаворам паміж Польшчай і Расіяй (1921 г. ).

X з'езд Расійскай Камуністычнай партыі бальшавікоў у пастанове па нацыянальным пытанні адзначыў неабходнасць для невялікарускіх народаў развіваць савецкую дзяржаўнасць «у формах, адпаведных нацыянальна бытавым умовам гэтых народаў», загадаў перавесці на родную мову суд, адміністрацыю, органы гаспадаркі, прэсу, тэатр, пачатковую, сярэднюю, вышэйшую школу, паскорыць падрыхтоўку кадраў з ліку людзей, якія добра ведаюць «быт і псіхалогію мясцовага насельніцтва». Гэта мела станоўчыя вынікі для пашырэння беларускіх школ і выкладання беларускай літаратуры як самастойнага прадмета.

Пастановай урада БССР (1923 г. ) у школах усіх тыпаў на тэрыторыі рэспублікі былі ўведзены як абавязковыя такія прадметы, як беларуская мова, літаратура і гісторыя. Выкладанне гэтых дысцыплін практычна паўсюдна пачалося з 1924/25 навучальнага года. У канцы 1923 г. Наркамам асветы былі заснаваны вышэйшыя курсы беларусазнаўства, якія давалі досыць грунтоўны веды па гісторыі і культуры Беларусі.

З'яўленне новага навучальнага прадмета ў школе патрабавала тэарэтычнага і практычнага забеспячэння яго выкладання. У сувязі з гэтым пачалося станаўленне новай навукі і навучальнай дысцыпліны ў ВНУ, якія рыхтавалі настаўнікаў-славеснікаў.

Надзвычай плённа методыка выкладання беларускай літаратуры развівалася ў 20-я гг. Гэтаму садзейнічалі ўздым патрыятызму ў рэспубліцы, палітыка яе ўрада ў адносінах да нацыянальнай культуры ўвогуле і школы ў прыватнасці, энтузіазм інтэлігенцыі, якая імкнулася як мага хутчэй адрадзіць асвету і культуру свайго народа.

Маладая навука творча ўбірала багатыя традыцыі нацыянальнай асветы і педагогікі, выкарыстоўвала дасягненні прагрэсіўнай рускай метадычнай думкі (Ф. І. Буслаеў, В. І. Вадавозаў, У. Я. Стаюнін, В. П. Астрагорскі, Ц. П. Балталон і інш. ).

У 20-я гг. у педагагічных часопісах публікаваліся артыкулы, прысвечаныя гісторыі беларускай школы, асобным выдатным педагогам мінулага, рэцэнзіі на працы па методыцы выкладання літаратуры беларускіх і рускіх аўтараў.

Яшчэ ў 1920 г. пры Наркамаце БССР быў арганізаваны навукова-метадычны кабінет, які прыступіў да распрацоўкі навучальных планаў, праграм, падрыхтоўкі падручнікаў, метадычных дапаможнікаў па ўсіх дысцыплінах, у тым ліку і па беларускай літаратуры. У 1924 г. пры Інбелкульце была створана педагагічная секцыя. Пры белпедтэхнікумах (у 20-я гг. яшчэ існавалі яўрэйскія і польскія) спачатку ў Мінску, а затым і ў іншых гарадах былі адкрыты спецыяльныя даследчыя школы, дзе праходзілі апрабацыю новыя праграмы, падручнікі, метады навучання і інш. 3 цягам часу яны пераўтвараліся ў самастойныя навукова-даследчыя школы.

Інтэнсіфікацыі метадычных пошукаў у 20-я гг. садзейнічаў і перыядычны педагагічны друк. У той час выходзіла некалькі педагагічных часопісаў. Першы з іх – «Школа і культура Савецкай Беларусі» (1919, 1921), штомесячны навукова-даследчы і даведачна-афіцыйны орган Народнага камісарыята асветы БССР. Ён выдаваўся спачатку на трох (беларускай, рускай і яўрэйскай), а затым на дзвюх (беларускай, рускай) мовах. У беларускім раздзеле часопіса змяшчаліся матэрыялы па нацыянальнай эканоміцы, гісторыі, культуры, літаратуры, па гісторыі асветы і педагагічнай думкі.

У 1921-1922 гг. замест часопіса «Школа і культура Савецкай Беларусі» выдаваўся «Вестник Народного комиссариата просвещения БССР». Па сваёй структуры і змесце гэтае выданне амаль што не адрознівалася ад папярэдняга, таму можна гаварыць хутчэй пра змену назвы, чым пра новы часопіс.

3 чэрвеня 1924 г. пачаў выходзіць педагагічны часопіс «Асвета», які пад назвай «Народная асвета» выдаецца і цяпер. Менавіта на яго старонках пачалі з'яўляцца матэрыялы па методыцы выкладання беларускай літаратуры. Сярод праблем, якія ў 20-я гг. узнімаў асноўны педагагічны часопіс, вылучаюцца такія, як змест і структура нацыянальнага мастацкага слова ў школе (праграмы, падручнікі), асноўны метад выкладання і вывучэння мастацкага твора, краязнаўчая праца і яе месца ў савецкай школе, пазакласныя заняткі, іх формы і віды.

На старонках гэтага выдання змяшчаліся публікацыі выдатных метадыстаў таго часу – І. І. Замоціна, І. К. Самковіча, І. І. Пратасевіча, якія, па сутнасці, акрэслілі магістральны напрамак развіцця методыкі выкладання літаратуры ў нашай рэспубліцы. Часопіс з ахвотай прадастаўляў свае старонкі настаўнікам і іншым працаўнікам асветных устаноў.

Паралельна з часопісам «Асвета» выходзілі «Абвеснік Народнага камісарыяту асветы БССР» (1925), які публікаваў пастановы і загады органаў улады аб школе, асвеце. «Працаўнік асветы» (1928-1929) – дадатак да газеты «Савецкая Беларусь», які з'яўляўся своеасаблівай трыбунай настаўнікаў. На яго старонках школьныя педагогі, працаўнікі органаў народнай адукацыі дзяліліся сваім вопытам. Так, І. Масюкевіч вёў гутарку аб тым, як лепш арганізаваць драматычны гурток (1928, № 3), а К. Шапялевіч расказваў пра краязнаўчую канферэнцыю школьнікаў Мінска (1928, № 4).

У перыяд беларускага адраджэння 20-х гг. з'явіліся значныя працы па методыцы выкладання беларускай літаратуры ў школе: «Методыка роднае мовы» (1926) К. М. Міцкевіча (Якуб Колас), «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» (1927, 1928) І. І.. Замоціна, «Заданні па беларускай літаратуры для 5, 6, 7 класаў» І. К. Самковіча, «Клубна-гуртковая праца школы» (выйшла без імён аўтараў), «Антырэлігійнае выхаванне ў школе для 11 канцэнтру школ-сямігодак (з практыкі Мінскай даследчай школы)» I. Самковіча і іншых. Усе гэта было зроблена за няпоўныя шэсць гадоў. Пазней нават на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў не выходзіла столькі асобных выданняў па методыцы выкладання беларускай літаратуры, як у гэты перыяд.

Іван Карлавіч Самковіч (1889 – 1939) сумяшчаў выкладанне на рабфаку пры БДУ з навуковай дзейнасцю. У сваіх працах, прысвечаных літаратурнай адукацыі, ён асаблівую ўвагу звяртаў на тэорыю літаратуры, раіў настаўнікам дабівацца асэнсаванага разумення вучнямі тэарэтычных паняццяў, усведамлення іх ролі ў мастацкім творы, паколькі менавіта гэта дапамагала вучням асэнсаваць адметнасць мастацкай літаратуры, яе спецыфічнае месца сярод іншых навучальных дысцыплін. Асабліва грунтоўна пытанне вывучэння тэорыі літаратуры пададзена ў артыкуле “Беларуская літаратура ў комплекснай сістэме выкладання” (“Асвета”, 1928, № 1). У полі зроку гэтага метадыста заўсёды была праблема метадаў навучання літаратуры. Ім былі складзены парады па выкарыстанні лабараторнага метаду (“Заданні да беларускай літаратуры для 5-7 класаў” (1928)), а таксама працы па Дальтон-плану (“Асвета”, 1925, № 2).

Поруч з І. К. Самковічам працаваў і І. Пратасевіч Сумесна яны складалі праграмы па беларускай літаратуры і метадычныя рэкамендацыі для іх. Значна пашыралі напрацоўкі вядучых метадыстаў таго часу і М. І. Каспяровіч, які прапагандаваў вялікія магчымасці літаратурна-краязнаўчай працы як эфектыўнага сродку навучання літаратуры, а таксама У. З. Раманінаў, аспектам метадычных распрацовак якога стала пазакласная праца і, ў прыватнасці, формы працы ў літаратурных гуртках.

Адна з асноўных задач школы ў 20-я гг. – вызначэнне зместу навучання. 3 1924 г. савецкія школы пачынаюць працаваць па комплексных праграмах, калі ўвесь вучэбны матэрыял аб'ядноўваецца ў тэмы, ці, як тады гаварылі, комплексы: праца, прырода, грамадства. Менавіта ў гэтым годзе была апублікавана першая праграма па беларускай літаратуры для 5-7 класаў, згодна з якой літаратура ў 5-7 класах уваходзіла толькі ў комплекс «грамадства». Акрамя ўступу, праграма па беларускай літаратуры для 5-6 класаў уключала наступныя тэмы: «Агульны нарыс жыцця і працы сялян»; «Пад паншчынай і барацьба з панамі»; «Жыццё і барацьба сялян пасля вызвалення з-пад паншчыны»; «Нацыянальна-класавы ўціск і барацьба супраць яго»; «Паступовы ўзрост і жыццё пралетарскага класа ў капіталістычных умовах»; «Класавая барацьба»; « Рэвалюцыйны рух 1905 года ў Беларусі»; «Рэвалюцыйны рух 1917-1918 гг. і сучасная эпоха»; «3 часоў імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў». 3 невялікімі зменамі такое размеркаванне літаратурнага матэрыялу з арыентацыяй на грамадскую тэматыку захавалася да канца 20-х гг.

Змест літаратурнай адукацыі ў комплексе складаўся з вывучэння асобных мастацкіх твораў і тэарэтычных паняццяў. Праграма прадугледжвала таксама развіццё вуснай і пісьмовай мовы школьнікаў.

Згодна з комплекснымі праграмамі па беларускай літаратуры была падрыхтавана чытанка, ці, як яе тады называлі, выпісы, – «Родныя шляхі» I. Самковіча і I. Пратасевіча. У чытанцы было змешчана 146 твораў, з іх 121 – беларускіх пісьменнікаў: К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Цеткі, К. Каганца, Я. Купалы, Я. Коласа, Ядвігіна Ш., М. Багдановіча, Ц. Гартнага, А. Гурло, Я. Журбы, А. Гаруна, М. Гарэцкага, М. Чарота, Я. Нёманскага, 3. Верас, У. Галубка, Е. Міровіча – практычна ўсіх беларускіх мастакоў слова ХІХ-ХХ стст. Уключаліся ў чытанку пераклады ўрыўкаў з твораў Г. Караленкі, М. Горкага, У. Гаршына, Э. Пацье, Э. Заля і інш. Вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з творамі розных жанраў: у чытанцы было 88 празаічных, 63 вершаваных, 5 драматычных твораў.

Той факт, што беларуская літаратура ўваходзіла толькі ў комплекс «грамадства», вёў да значных выдаткаў. Пры рэалізацыі комплексных праграм узнікала рэальная пагроза, што літаратура згубіць сваю спецыфіку як мастацтва слова, як дысцыпліна эстэтычнага цыклу, ператворыцца ў ілюстрацыю пэўных грамадскіх з'яў. Гэтую небяспеку добра ўсведамлялі аўтары першых праграм і падручнікаў па беларускай літаратуры і засцерагалі настаўнікаў ад мажлівых перакосаў у бок сацыялагізатарства.

Беларуская літаратура ў 7 класе ніколі не ўваходзіла ў комплекс, а заставалася самастойным прадметам, бо на працягу 20-х гг. тут вывучаўся сістэматычны курс. Вучні знаёміліся з вуснай народнай творчасцю (песнямі, прыказкамі, загадкамі) і творамі пісьменнікаў ХІХ-ХХ стст. Гэта ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, К. Каганца, Цёткі, Ядвігіна Ш., Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, 3. Бядулі, А. Гаруна, Ц. Гартнага. Прадугледжвалася і вывучэнне літаратуры перыяду Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Праграма 7 класа ставіла задачу паказаць вучням адметнасць пісьменнікаў, якія пачыналі свой творчы шлях у газеце «Наша ніва», і тых мастакоў слова, што ўваходзілі ў склад арганізацый «Маладняк» і «Узвышша», рэкамендавалася яшчэ вывучаць тэарэтычныя паняцці, а таксама развіваць вусную і пісьмовую мову школьнікаў. У 1926 г. I. Самковіч і I. Пратасевіч зрабілі спробу ўключыць у праграму 7 класа старажытную беларускую літаратуру. Аднак гэтае новаўвядзенне не было ўхвалена Навукова-метадалагічнай камісіяй Наркамата асветы рэспублікі.

Першы падручнік для сістэматычнага курса па беларускай літаратуры (7 клас) напісаў У. Дзяржынскі. Паказальнай з'яўляецца яго назва – «Выпісы з беларускай літаратуры ХІХ-ХХ стагоддзяў (з далучэннем уводных і крытычных артыкулаў, літаратурных тэм, пытанняў і заданняў)». Такім чынам, у загалоўку акрэсліваўся і метадычны апарат, якім была аснашчана вучэбная кніга для сямікласнікаў. «Выпісы» У. Дзяржынскага былі разлічаны не толькі на школьнікаў, але і на рабфакаўцаў, студэнтаў тэхнікумаў, слухачоў партшкол.

Падручнік складаўся з двух раздзелаў – «Беларуская літаратура XIX стагоддзя» і «Беларуская літаратура першай чвэрці XX стагоддзя», якія мелі падраздзелы. У першы падраздзел «Беларуская літаратура эпохі прыгону» былі ўключаны паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе», творы Я. Баршчэўскага, А. Рыпінскага, Я. Чарота, В. М. Дуніна-Марцінкевіча. Другі падраздзел «Павевы народніцтва ў беларускай літаратуры апошняй чвэрці XIX стагоддзя» склалі творы Ф. Багушэвіча. Другі раздзел меў таксама два падраздзелы: «Нашаніўскае адраджэнне і паслякастрычніцкая пара» (Цётка, Ядвігін Ш., А. Гарун, Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, 3. Бядуля, Ц. Гартны, М. Гарэцкі, А. Гурло), «Маладое пакаленне беларускіх пісьменнікаў і паэтаў» (М. Чарот, У. Дубоўка, М. Грамыка, Я. Нёманскі, М. Зарэцкі, К. Чорны, К. Крапіва, Я. Пушча, П. Трус, А. Дудар, А. Александровіч, А. Вольны).

Падручнік у параўнанні з праграмай быў больш змястоўны. Ён мог задаволіць патрэбы вучняў у самастойным чытанні, што ў той час мела вялікае значэнне, таму што бібліятэк было мала, а ў тых, што функцыяніравалі, фонд мастацкіх твораў быў невялікі і вельмі абмежаваны.

Важным для методыкі выкладання беларускай літаратуры было і пытанне пра метады навучання і выхавання. Перавага аддавалася такім метадам навучання, у якіх дзеці – не аб'ект дзейнасці настаўніка, а суб'ект навучальнага працэсу. У метадычнай літаратуры яго называюць па-рознаму: працоўны, даследчы, лабараторны, нават краязнаўчы.

Асабліва пашыраны быў лабараторны метад, ці Дальтон-план. Ён прывабліваў педагогаў тым, што ставіў вучня ў сітуацыю, калі той вымушаны быў працаваць самастойна. Асноўную працу школьнік вёў у лабараторыі, дзе была патрэбная для выканання задання літаратура, дзе ён мог атрымаць неабходную кансультацыю настаўніка. Справаздачу аб самастойна праведзенай працы школьнікі здавалі ў пісьмовай форме (даклад, рэферат). Настаўнік знаёміўся з вучнёўскімі справаздачамі, аналізаваў іх, вызначаў тыповыя недахопы, якія затым абмяркоўваліся на выніковай канферэнцыі.

Лабараторны метад, бясспрэчна, выхоўваў самадзейнасць, самадысцыпліну, прывіваў культуру самастойнай працы, фарміраваў здольнасць разумна планаваць свой час, развіваў пачуццё адказнасці за даручаную справу. Але гэты метад меў і пэўныя выдаткі. Пры яго выкарыстанні практычна выключалася жывое слова вучня. На жаль, у 20-я гг. лабараторны метад успрымаўся як адзіна творчы і супрацьпастаўляўся лекцыі і працы з падручнікам нават такім самабытным метадыстам, як І. К. Самковіч.

Арганізуючым пачаткам пры лабараторнай сістэме навучання з'яўлялася заданне для самастойнага выканання. У сувязі з гэтым метадысты 20-х гг. імкнуліся дапамагчы настаўнікам у распрацоўцы заданняў па беларускай літаратуры. Па гэтай праблеме ў часопісе «Асвета» быў апублікаваны шэраг артыкулаў, аднак найбольш значнай працай была кніга І. К. Самковіча «Заданні па беларускай літаратуры для 5, 6, 7 класаў: 3 практыкі Мінскай цэнтральнай даследчай школы», выдадзеная ў 1928 г.

У 20-я гг. асаблівых поспехаў дасягнула школьнае краязнаўства. Працэс яго развіцця працякаў у цеснай сувязі з грамадскім краязнаўствам. Аналіз школьных праграм па беларускай літаратуры сведчыць пра тое, што краязнаўчы ўхіл адбіўся толькі на працы настаўніка па развіцці вуснай і пісьмовай мовы. Гэта выяўлялася ў тым, што перавага аддавалася напісанню сачыненняў на аснове асабістых уражанняў вучняў ад акаляючай рэчаіснасці. У беларускай педагагічнай літаратуры таго часу былі спробы вызначыць сутнасць і асаблівасці школьнага краязнаўства. Адны лічылі яго своеасаблівым метадам, які актывізуе працу школьніка, другія называлі самастойным прадметам, трэція слушна адзначалі, што вывучэнне роднага краю ў школе не можа быць самамэтай, а павінна быць падпарадкавана навучанню і выхаванню дзяцей.

Асабліва значных поспехаў школы Беларусі дасягнулі ў разгортванні пазакласнай краязнаўчай работы. Наркамат асветы БССР распрацаваў статут школьнага краязнаўчага гуртка, у якім былі вызначаны асноўныя формы працы: сходы, вечарыны, дыспуты, экскурсіі, экспедыцыі, стварэнне краязнаўчых музеяў, кабінетаў. Статут арыентаваў юных краязнаўцаў на сувязь з мясцовай краязнаўчай арганізацыяй, стварэнне краязнаўчай бібліятэкі.

У 20-я гг. шмат увагі ўдзяляецца методыцы правядзення экскурсій. Яны разглядаюцца як дзейсная форма сувязі навучання з жыццём. У час экскурсіі вучням рэкамендавалася параўноўваць мінулае з сучасным, каб лепш усвядоміць і ацаніць заваёвы рэвалюцыі. Друк 20-х гг. фактычна не пакінуў нам апісанняў экскурсій па літаратурных мясцінах. Выключэнне складае артыкул М. І. Каспяровіча «Там, дзе тварыў Каганец: літаратурная экскурсія», змешчаны ў часопісе «Наш край» (1928. № 10. С. 14-26).

Пэўную ролю ў разгортванні пазакласнай працы па літаратуры меў так званы клубны дзень, уведзены ў 1925/26 навучальным годзе па рашэнні ЦК УЛКСМ. У гэты дзень вучэбных заняткаў не было. Вучні ішлі ў школу для правядзення арганізатарскай і грамадскай працы. Асноўная мэта клубнага дня – зняць перагрузку вучняў, даць выхад іх актыўнасці, уключыць у грамадскую працу. 3 часам акрэсліліся асноўныя формы і напрамкі дзейнасці дзяцей у гэты дзень – праца ў гуртках тэхнічнай творчасці, літаратурных, харавых, танцавальных гуртках, гуртках выяўленчага мастацтва, падрыхтоўка і правядзенне вечарын, конкурсаў, турніраў, спаборніцтваў, стварэнне чытальняў і інш.

Увядзенне клубнага дня выклікала вострую патрэбу ў метадычных дапаможніках. Навукова-метадалагічная камісія Народнага камісарыята асветы БССР пачынае выдаваць серыю зборнікаў «Клубна-гуртковая праца сямігадовай школы», на старонках часопісаў «Асвета» і «Працаўнік асветы» з'яўляецца шэраг публікацый, прысвечаных арганізацыі працы дзяцей у клубны дзень.

Большасць школьнікаў аддавала свае сімпатыі літаратурнаму гуртку, іншым відам працы з кнігай. Праграму працы ў літаратурным гуртку рэкамендавалася акрэсліваць зыходзячы з дзіцячых зацікаўленняў, але перавага аддавалася сучасным творам. Настойліва раілася прыцягваць дзяцей да актыўнага ўдзелу ў распрацоўцы праграмы гуртка, ствараць умовы, каб яны самі выказваліся, творы якіх пісьменнікаў жадаюць вывучаць, якая тэматыка іх больш за ўсё хвалюе. Не рэкамендавалася ствараць асобныя гурткі па вывучэнні беларускай, русай, яўрэйскай літаратур, лічылася «больш важным паказаць адзінства ідэй, тыпаў, словам, падкрэсліць іх інтэрнацыянальы характар».

Працу ў гуртках рэкамендавалася рабіць разнастайнай, выкарыстоўваючы такія яе формы, як выразнае чытанне мастацкага твора кіраўніком гуртка, пераказ, гутарка, інсцэніраванне твораў, «літаратурны суд», чытанне і абмеркаванне дакладаў, выпуск насценных газет, часопісаў, арганізацыя літаратурных гульняў.

Бясспрэчным дасягненнем методыкі выкладання беларускай літаратуры 20-х гг. з'яўляецца пастаноўка пытання пра неабходнасць арганізацыі пазакласнага чытання. Яго роля бачылася перш за ўсё ў тым, што дадатковае чытанне мастацкіх твораў паглыбляе веды па праграмных тэмах, пашырае кругагляд вучняў, знаёміць з прыродай і жыццём іншых краін свету, развівае мастацкі густ, прывівае любоў да чытання. У разглядаемы перыяд была звернута ўвага на вывучэнне чытацкіх асаблівасцей, а таксама чытацкіх зацікаўленняў вучнёўскай моладзі.

У канцы 20-х гг. на старонках друку вылучаліся і найбольш актыўныя прапагандысты пазакласнай працы па літаратуры. Да іх ліку належыць У. З. Раманінаў. Ён працаваў настаўнікам рускай літаратуры ў адной з чыгуначных школ Беларусі, добра ведаў методыку выкладання свайго прадмета, быў энтузіястам пазакласнай працы, у тым ліку і па беларускай літаратуры. Яго артыкулы – гэта папулярызацыя ідэй рускіх метадыстаў і настаўнікаў сярод педагогаў Беларусі, ідэй, правераных уласным вопытам, набытым пры правядзенні вечарын, літаратурных гульняў, святкаванняў юбілеяў пісьменнікаў і інш.

Такім чынам, у 20-я гг. у методыцы выкладання беларускай літаратуры ішлі інтэнсіўныя пошукі, якія, як вядома, не абыходзяцца без выдаткаў. Але былі і здабыткі, якія сучасны настаўнік павінен узяць на ўзбраенне і дзякуючы гэтаму павысіць свой прафесійны ўзровень.

Стан методыкі выкладання беларускай літаратуры ў перадваеннае дзесяцігоддзе. У канцы 20-х гг. для беларускага народа наступіў змрочны перыяд сталінскіх рэпрэсій, якія ў нашай рэспубліцы праводзіліся пад сцягам барацьбы з нацдэмаўшчынай, а фактычна – з найбольш нацыянальна свядомымі яе грамадзянамі.

Рэпрэсіі ў 1929-1930 гг. былі галоўным чынам скіраваны супраць працаўнікоў Наркамасветы, які на той час кіраваў усёй асветнай і культурнай дзейнасцю ў рэспубліцы і дзе канцэнтравалася большасць беларускай інтэлігенцыі. Былі рэпрэсіраваны тыя, хто закладваў асновы нацыянальнай школы, распрацоўваў методыку выкладання беларускай мовы і літаратуры ў школе, тэхнікуме, ВНУ. Калі ДПУ пачало пошукі лідэра так званага СВБ, то выбар выпаў на У. М. Ігнатоўскага, былога першага наркама асветы рэспублікі, на той час прэзідэнта АН БССР, які распачаў працэс беларусізацыі. У. М. Ігнатоўскі кончыў жыццё самагубствам, пратэстуючы супраць распачатай кампаніі вынішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі. У хуткім часе быў абвешчаны ворагам народа і расстраляны А. В. Баліцкі, паслядоўнік і пераемнік У. М. Ігнатоўскага, які асабліва шмат зрабіў для паспяховага правядзення беларусізацыі ў навучальных установах рэспублікі. Такі ж лёс напаткаў большасць членаў Навукова-метадалагічнага камітэта развіцця адукацыі, дзейнасць якога заключалася ў вылучэнні прыярытэтных праблем, зацвярджэнні праграм, падручнікаў, метадычных дапаможнікаў для ўсіх тыпаў навучальных устаноў. Былі высланы за межы Беларусі, у прыватнасці ў Сібір і на Поўнач, аўтары першых праграм, падручнікаў, метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры, актыўныя супрацоўнікі педагагічнага друку І. І. Замоцін, М. І. Каспяровіч, У. Дзяржынскі, І. К. Самковіч і многія іншыя. У 1929/30 навучальным годзе са школ забралі амаль усе падручнікі, распрацаваныя ў папярэднія гады, на той падставе, што былі арыштаваны іх аўтары, або таму, што гэтыя падручнікі не адпавядалі мэтам сацыялістычнага будаўніцтва.

Сталінскія рэпрэсіі былі скіраваны і супраць настаўніцтва, прычым, закранулі не асобных людзей, а дзесяткі, сотні, а то і тысячы лепшых педагогаў. Ворагамі народа найперш аб'яўляліся нацыянальна свядомыя педагогі, якія ў сваёй большасці былі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. Кіраўніцтва краіны і рэспублікі бярэ курс русіфікацыю. Аднак у канцы 30-х гг. адбылося ўзяднанне заходніх і ўсходніх частак Беларусі. У Заходняй Беларусі пачынаецца працэс беларусізацыі, што не магло станоўча не паўплываць і на іншыя рэгіёны рэспублікі. Партыйнае кіраўніцтва БССР прыняло спецыяльную пастанову аб вывучэнні беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй і вышэйшай школе. Наркамату асветы рэспублікі даручалася забяспечыць выкладанне прадметаў нацыянальнага профілю падручнікамі і метадычнымі дапаможнікамі.

У пачатку 30-х гг. ЦК КПБ(б) прыняў шэраг пастаноў аб школе, якія аказалі ў асноўным негатыўны ўплыў на лёс нацыянальнай адукацыі. Гэтыя пастановы зацвярджалі на доўгія дзесяцігоддзі аднолькавасць, аднатыпнасць школ на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза, нівеліравалі нацыянальную спецыфіку, мясцовыя традыцыі, пазбаўлялі педагогаў магчымасці творчых пошукаў у арганізацыі і правядзенні ўрокаў і пазакласных заняткаў. Разам з тым гэтыя пастановы адкрывалі мажлівасць для новых масавых рэпрэсій настаўніцтва, працаўнікоў органаў народнай адукацыі яшчэ і пад сцягам барацьбы супраць левацкіх перагібаў і вяртання назад, да буржуазнай школы.

Згодна з гэтымі пастановамі вучань станавіўся толькі аб'ектам навучання і выхавання. Роля дзяцей абмяжоўвалася і зводзілася толькі «да павышэння якасці вучобы і ўмацавання свядомай дысцыпліны».

У 30-я гг. у педагогаў, у першую чаргу настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, амаль не было магчымасці павышаць свой педагагічны ўзровень дзякуючы друку. У студзені 1930 г. часопіс «Асвета» быў перайменаваны ў «Камуністычнае выхаванне», які выдаваўся да 1936 г., але выходзіў нерэгулярна. Ужо ў 1932 г. чытач атрымаў усяго дзесяць нумароў замест дванаццаці, у наступныя гады – па восем, а ў 1936 г. іх выйшла толькі два. Пачынаючы з 1935 г., аб'ём часопіса скараціўся ўтрая. На працягу аднаго года, з сярэдзіны 1937 па сярэдзіну 1938 г., выходзіла штомесячнае выданне накшталт часопіса пад назвай «Кансультацыя настаўніку». Пасля аб'яднання ўсходніх і заходніх абласцей рэспублікі, з 1940 г., пачаў выдавацца часопіс «Савецкая школа».

Пытанні школьнага краязнаўства шырока асвятляліся на старонках часопіса «Наш край». 3 1930 г. ён пачаў выдавацца пад назвай «Савецкая краіна», але праіснаваў нядоўга, толькі да студзеня 1933 г. Зразумела, што публікацый па школьным краязнаўстве ён ужо не змяшчаў.

Такім чынам, у перыяд, калі вынішчэнне нацыянальнай культуры дасягнула свайго апагею, з лютага 1936 па сярэдзіну 1937 г. і з сярэдзіны 1938 па люты 1940 г., у рэспубліцы на роднай мове не выдавалася ніводнага педагагічнага часопіса. Калі ж яны і выходзілі, то пытанні методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры на іх старонках не асвятляліся.

3 першых сваіх нумароў часопіс «Камуністычнае выхаванне» распачаў сістэматычны і планамерны разгром нацыянальнай школы, павёў кампанію палітычных абвінавачванняў супраць тых, хто закладваў асновы нацыянальнай школы ў Беларусі, супраць дзеячаў беларускай культуры, найперш пісьменнікаў, даследчыкаў мастацкага слова, ахвотна аддаваў старонкі для пакаянных «прызнанняў» некаторым нацыянальна свядомым грамадзянам у нейкіх «грахах», у якіх яны не былі вінаватыя (Янка Купала, Якуб Колас і інш. ). Агонь публікацый-даносаў быў скіраваны супраць кіраўнікоў Народнага камісарыята асветы БССР, членаў Навукова-метадалагічнай камісіі, рэдактара і членаў рэдкалегіі часопіса «Асвета», аўтараў праграм, падручнікаў, метадычных дапаможнікаў па беларускай мове і літаратуры ў сямігадовай і беларускіх чытанак у пачатковай школе. Яны былі аб'яўлены наймітамі буржуазіі, ворагамі рэвалюцыйных пераўтварэнняў у рэспубліцы, а значыць, і ворагамі народа, кулацкмі прыхвастнямі, якія свядома праводзілі контррэвалюцыйную палітыку ў галіне народнай адукацыі, каб прышчапіць свае ідэалы дзецям, моладзі. Гэта У. М. Ігнатоўскі і А. В. Баліцкі – першыя міністры народнай асветы рэспублікі; I. Мазур – адзін з кіраўнікоў Навукова-метадалагічнага камітэта пры Наркамасвеце БССР, рэдактар часопіса «Асвета»; У. Дзяржынскі, I. Самковіч, I. Пратасевіч, Л. Гарбацэвіч, А. Лёсік – аўтары праграм і падручнікаў па беларускай мове і літаратуры.

Яны абвінавачваліся ў тым, што ўключалі ў праграмы і падручнікі творы пісьменнікаў – выразнікаў, па меркаванні Л. Бэндэ і інш., ідэй эксплуататарскіх класаў (Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, Я. Чачот); прапагандыстаў нацдэмаўшчыны – нашаніўцаў (Ядвігін Ш., А. Гарун, К. Каганец, Я. Купала, Я. Колас і інш. ), песняроў буржуазіі (Ф. Багушэвіч, М. Багдановіч і інш. ), апалагетаў кулацтва (М. Зарэцкі, Я. Пушча, М. Лужанін і інш. ).

Гэтыя праграмы і падручнікі называліся варожымі, шкоднымі яшчэ і на той падставе, што іх аўтары высока ацэньвалі творы названых пісьменнікаў, рэкамендавалі іх вучням для самастойнага чытання, а настаўнікам для самаадукацыі – даследаванні М. Гарэцкага, М. Піятуховіча. Яны хацелі, каб дзеці не адрываліся ад нацыянальных каранёў, каб ведалі, гаворачы словамі Ф. Багушэвіча, «суседскае, але найперш – сваё».

За няпоўныя сем гадоў існавання часопіс «Камуністычнае выхаванне» апублікаваў некалькі матэрыялаў, прысвечаных пытанням нацыянальнай культуры ў школе. Гэта артыкулы М. Каспяровіча «Краязнаўства і школа» (1930), С. Васілёнка «Сацыяльная значнасць вуснай народнай творчасці» (1931), Таміліна «Мастацкае расказванне ў школе» (1933), М. Карпачова «Да пытання вывучэння фальклору ў школе» (1935).

Часопіс «Савецкая школа», які выдаваўся з лютага 1940 г., спачатку цалкам выходзіў на рускай мове. У ім змяшчаліся матэрыялы па выкладанні ўсіх прадметаў. На жаль, праблемам выкладання беларускай мовы і літаратуры ў часопісе адводзілася мала месца. Зрэдку публікаваліся літаратуразнаўчыя артыкулы В. Барысенкі, Л. Барага. За ўвесь даваенны перыяд у ім было змешчана толькі два артыкулы па пытаннях выкладання беларускай літаратуры ў школе. Р. Шкраба апублікаваў рэкамендацыі па вывучэнні паэмы Я. Купалы «Бандароўна», у якіх акрэсліў кола пытанняў, якія пад кіраўніцтвам і з дапамогаю настаўніка трэба ўсвядоміць вучням: час напісання паэмы; прычыны звароту Я. Купалы да мінулага; гістарычныя падзеі, пакладзеныя ў аснову твора; фальклорнае паходжанне паэмы; працоўны народ у паказе Я. Купалы; вобраз Бандароўны; вобраз эксплуататара пана Патоцкага; мастацкія асаблівасці паэмы; значэнне твора. Называлася літаратура, якую можа выкарыстаць настаўнік, рыхтуючыся да ўрокаў, прысвечаных паэме. Гэта працы П. Шэйна, Я. Галавацкага, Ю. Пшыркова, Р. Бярозкіна, М. Смолкіна.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гомельскай сярэдняй школы імя Камінтэрна В. Манькова дзялілася на старонках часопіса вопытам сваёй працы па развіцці вуснай і пісьмовай мовы вучняў 8-10 класаў.

Такім чынам, часопіс «Савецкая школа», як і папярэднія выданні, практычна не аказваў станоўчага ўплыву на ўдасканаленне методыкі выкладання роднай мовы і літаратуры.

Негатыўную ролю адыграў і той факт, што ў 1930/31 навучальным годзе ў школьную практыку пачынаюць укараняцца так званыя праграмы праектаў. Згодна з гэтымі праграмамі вучні павінны былі распрацоўваць тры віды праектаў: вытворчыя, сацыяльна-палітычныя, культурныя, дзякуючы чаму меркавалася дасягнуць адзінства тэорыі і практыкі.

Навучанне па праграмах праектаў арганізоўвалася такім чынам, каб вучні ўжо ў школе прымалі актыўны ўдзел у ажыццяўленні практычных задач сацыялістычнага будаўніцтва. У аснову вывучэння ўсіх дысцыплін, у тым ліку і беларускай літаратуры, былі пакладзены актыўная грамадская праца дзяцей, іх практычны ўдзел у вытворчай дзейнасці, дапамога дарослым у выкананні планаў пяцігодкі. Дзеці ішлі на прадпрыемствы, знаёміліся з тым, як там выконваецца прамфінплан, а затым у школе сродкамі навучальных дысцыплін «праектавалі», як могуць дапамагчы дарослым, кадравым рабочым, у выкананні заданняў. Са сваімі прапановамі дзеці зноў ішлі на прадпрыемствы і агітавалі рабочых і служачых сродкамі літаратуры: чыталі вершы, ладзілі спектаклі, пісалі лозунгі, плакаты, якія заклікалі працаваць лепш і ў тэрмін выканаць план.

Праграма праектаў была разлічана ў першую чаргу на гарадскія школы, хоць былі спробы перанесці іх і ў вёску. У рэспубліцы гэта праграма праектаў па беларускай мове і літаратуры была разлічана толькі на 5-6 класы. У 7 класе вывучаўся сістэматычны курс беларускай літаратуры.

У адпаведнасці з праграмай па беларускай літаратуры для 7 класа Л. Бэндэ і А. Кучарам быў распрацаваны падручнік, які складаўся з дзвюх частак, і да другой часткі Л. Бэндэ публікуе метадычныя парады «Да пытання аб класавай дыферэнцыяцыі сучаснай беларускай літаратуры». Новаспечаны «метадыст» баіцца, што настаўнікі не арганізуюць правільную працу па падручніку, аўтарам якога ён з'яўляецца, таму і дае ўказанні, як можна зрабіць, каб вучні не прыйшлі да сваіх ацэнак твораў, змешчаных у раздзеле «

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...