Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

– праблема чытання, успрыняцця мастацкай літаратуры як мастацтва слова, фармаванне чытача, яго духоўнага свету;




Але школы па гэтай праграме так і не пачалі працаваць, бо ў пачатку верасня 1931 г. была апублікавана пастанова СНК і ЦК УКП(б) «Аб пачатковай і сярэдняй школе». Пачалася карэнная перабудова савецкай школы ў адпаведнасці са сталінскімі ўстаноўкамі. Пачынаючы з 1932/33 навучальнага года ў Беларусі ўводзіцца абавязковае сямігадовае навучанне, пачынаюць адкрывацца сярэднія дзесяцігадовыя школы. Беларуская літаратура як самастойны прадмет вывучаецца ў школах розных тыпаў, пачынаючы з 5 класа. Навучанне ажыццяўлялася ў два этапы, а з улікам і пачатковай школы – у тры. На першым этапе, у 5-7 класах, вывучаліся творы, якім папярэднічалі біяграфічныя звесткі пра аўтара. Вядомы рускі савецкі метадыст М. А. Рыбнікава у другой палове 30-х гг. назвала першы этап літаратурнай адукацыі ў сярэдняй школе літаратурным чытаннем. На другім этапе, у 8-10 класах, вывучалася гісторыя беларускай літаратуры. Гістарычны курс складаўся з аглядавых і манаграфічных тэм.

У 1933 г. у адпаведнасці з пастановамі ўрада і ЦК УКП(б) былі распрацаваны новыя праграмы па беларускай літаратуры, якія, аднак, у школы не трапілі, бо пачалася другая хваля рэпрэсій.

3 улікам новай палітычнай сітуацыі пачалі нанова стварацца праграмы і падручнікі па беларускай літаратуры. Згодна з праграмамі па беларускай літаратуры для старэйшых класаў, якія былі апублікаваны ў 1935 г., у 8 класе вывучаліся вусна-паэтычная народная творчасць і літаратура дакастрычніцкага перыяду, у 9-10 класах – савецкага. Да асобных твораў, аглядавых і манаграфічных тэм упершыню былі змешчаны анатацыі, якія вызначалі настаўніку асноўны кірунак працы, акрэслівалі кола пытанняў, якія павінны былі быць засвоены школьнікамі ў працэсе навучання.

Праграма 1935 г. арыентавала настаўнікаў разглядаць беларускую літаратуру, творчасць асобных пісьменнікаў у святле вульгарызатарскіх поглядаў на мастацтва. Напрыклад, В. Дунін-Марцінкевіч выступаў як выразнік ідэй прыгонніцтва, а Ф. Багушэвіч згодна з праграмай быў прадстаўніком літаратуры беларускай вясковай буржуазіі. Усе анатацыі да твораў і тэм былі прасякнуты ідэяй вынішчэння беларускай культуры, якая падносілася пад выглядам барацьбы з нацыяналізмам у рэспубліцы. Трэба адзначыць, што праграма па беларускай літаратуры для 7-10 класаў засталася праектам. Да працы па ёй прыступіць не паспелі, бо ў 1936 г. пачалася новая хваля рэпрэсій, якая захапіла амаль ўсіх пісьменнікаў Беларусі. Многія з тых, чые творы называліся ў праграме для вывучэння, былі рэпрэсіраваны. Гэта А. Александровіч, С. Баранавых, П. Галавач, Ц. Гартны, А. Дудар, Я. Неманскі, Л. Родзевіч, М. Чарот і многія іншыя. Іх імены тэрмінова трэба было здымаць з праграмы, бо яны былі аб'яўлены ворагамі народа.

Рэпрэсіі 1936-1937 гг. амаль цалкам вынішчылі пісьменніцкую арганізацыю Беларусі. Творы тых нямногіх, хто застаўся ў жывых, чые імёны не былі апаганены, уводзіліся ў школьныя праграмы і падручнікі. Пачынаючы з 1937 г. і да канца дзесяцігоддзя, ва ўсіх класах вывучаліся «Пісьмо беларускага народа Сталіну», вершы беларускіх пісьменнікаў, адрасаваныя «правадыру ўсіх народаў», а таксама далёка не самыя лепшыя творы Я. Купалы, Я. Коласа, 3. Бядулі, Э. Самуйленка, М. Лынькова. Часам уключаліся ў праграмы і падручнікі творы П. Глебкі і К. Крапівы. У 8 класе для вывучэння рэкамендавалася паэма «Тарас на Парнасе», вершы Ф. Багушэвіча. У праграму па беларускай літаратуры для старшых класаў уключаўся і так званы беларускі фальклор савецкага часу, прысвечаны «правадыру народаў», «шчасліваму жыццю сялян у калгасах». У 1937 г. у праграму былі ўведзены і творы пісьменнікаў народаў СССР (Т. Шаўчэнка, Ш. Руставелі, П. Тычына, М. Горкі і інш. ), а таксама замежных майстроў слова.

Праграма па беларускай літаратуры 1937 г. не прадугледжвала ні ведаў па тэорыі літаратуры, ні працы па развіцці вуснай і пісьмовай мовы. Не было ў гэтай праграме і анатацый да асобных твораў, да аглядавых і манаграфічных тэм, якія вывучаліся ў 8-10 класах.

У канцы 30-х гг. пачынаецца праца па падрыхтоўцы падручнікаў трэцяга пакалення па беларускай літаратуры для сярэдняй школы, у даваенны час былі распрацаваны толькі падручнікі хрэстаматыйнага тыпу для 5-10 класаў. Падручнікі гісторыка-літаратурнага тыпу для 8-10 класаў будуць напісаны толькі ў пасляваенны час.

Хрэстаматыю для 5 класа склалі С. Гапіенка і А. Севярнёва. У чытанку ўваходзілі творы, якія называліся ў праграме, і кароткія біяграфічныя даведкі пра іх аўтараў. Падручнік змяшчаў партрэты Я. Купалы, Я. Коласа, 3. Бядулі, К. Крапівы, М. Лынькова, а таксама I. Сталіна, якім адкрывалася хрэстаматыя. Аўтарам хрэстаматыі для 6 класа быў 3. Ліхтэрман, а для 7 – Р. Блях і А. Ус. Усе гэтыя падручнікі таксама адпавядалі праграме, мелі такі ж метадычны апарат.

Аналіз праграмы і падручнікаў для няпоўнай сярэдняй школы прыводзіць да высновы, што дзеці фактычна былі адлучаны ад нацыянальнага мастацкага слова. Не лепшай была сітуацыя і ў 8-10 класах. Першыя падручнікі для старшых класаў пачалі стварацца ў самым канцы 30-х гг., хоць пастановы ўрада і ЦК КПБ(б) ставілі задачу іх напісання адразу пасля вядомых саюзных пастаноў аб школе ў пачатку 30-х гг. Аўтарам хрэстаматый для 8-10 класаў быў А. Кучар. Хрэстаматыя для 8 класа выйшла ў 1938 г., а ў наступныя два гады вучні атрымалі чытанкі для 9-10 класаў. Змест хрэстаматый адпавядаў праграме з пачатку 30-х гг., методыка выкладання беларускай літаратуры практычна не развівалася. У гэты перыяд не было апублікавана ні адной значнай працы па гэтым пытанні. 30-я гг. не далі методыцы як навуцы ніводнага метадыста, які аказаў бы плённы ўплыў на стан выкладання беларускай літаратуры. Аўтары праграм і падручнікаў не ўнеслі ні адной канструктыўнай ідэі ў распрацоўку канцэпцыі літаратурнай адукацыі ў рэспубліцы.

Пасляваенны перыяд развіцця методыкі выкладання беларускай літаратуры. Страты, якія былі нанесены нацыянальнай педагогіцы, прывялі да яе крызісу, з якога яна і цяпер выбіраецца з цяжкасцю. Пачынаючы з 30-х гг., методыка выкладання беларускай літаратуры страціла сваю самастойнасць і цалкам ішла ў фарватары рускай методыкі выкладання мастацкага слова ў школе, паўтараючы не лепшае ў ёй. Гэта было звязана з палітычнай сітуацыяй у СССР і БССР.

3 канца 40-х і канца 80-х гг. не было спрыяльных палітычных умоў для развіцця методыкі выкладання беларускай літаратуры. Сістэматычна распрацоўвалася адзіная праблема – змест і структура адукацыі па нацыянальным мастацкім слове. Адразу зазначым, што канцэптуальныя падыходы да акрэслівання гэтых вызначальных кампанентаў у далучэнні дзяцей да мастацкай літаратуры распрацоўваліся ў Маскве і аўтаматычна пераносіліся ў Беларусь. У пасляваенныя гады літаратура ў школе вывучалася ў два (з пачатковай школай тры) этапы: 5-7 (6-7, 5-8) і 8-10 (9-11) класы. На першым этапе вывучаліся асобныя творы і ў сувязі з імі некаторыя тэарэтычныя паняцці, на другім – асновы гісторыі літаратуры з элементамі тэорыі. Развіццё вуснай і пісьмовай мовы было абавязковым элементам літаратурнай адукацыі ва ўсіх класах.

У 5-6 (4-5) класах мастацкія творы кампанаваліся па жанрава-тэматычным прынцыпе. У жанры аб'ядноўваўся фальклор. Творы пісьмовай літаратуры размяркоўваліся па тых жа самых тэмах, што былі характэрны для комплексных праграм: грамадства, прырода, праца. У 8 (7-8) класе асноўным прынцыпам размяшчэння твораў быў храналагічна-тэматычны. Тэму тут складалі творы аднаго пісьменніка. У 8-10 (9-11) класах курс літаратуры ўключаў у сябе аглядавыя і манаграфічныя тэмы.

Праграмы па беларускай літаратуры 40-50-х гг. істотна не адрозніваліся ад праграм канца 30-х гг. У 5-7 класах вучні знаёміліся з творамі 9-11 мастакоў слова. Ва ўсіх класах вывучаліся творы Я. Купалы, Я. Коласа, Э. Самуйлёнка. У асобных класах вучні маглі прачытаць творы М. Лынькова, К. Чорнага, К. Крапівы, П. Труса, П. Броўкі, П. Глебкі, Я. Маўра, Т. Хадкевіча, I. Грамовіча, А. Куляшова, М. Паслядовіча. У 8-10 класах вывучаліся такія манаграфічныя тэмы, як «Тарас на Парнасе», «В. Дунін-Марцінкевіч», «Ф. Багушэвіч», «Я. Купала», «Я. Колас», «М. Багдановіч» (8 клас), «Я. Колас», «Я. Купала», «3. Бядуля», «М. Лынькоў» (9 клас), «К. Крапіва», «П. Броўка», «А. Куляшоў», «М. Танк» (10 клас). Як бачым, манаграфічныя тэмы ў 8 (9) класе фактычна не мяняліся аж да 1990 г. аглядзе згадваліся імёны Ф. Скарыны, Цёткі, А. Гаруна, Ядвігіна III., Я. Брыля, I. Шамякіна.

У 40-50-я гг., як і ў папярэдняе дзесяцігоддзе, ствараліся падручнікі хрэстаматыйнага тыпу для 5-10 класаў. Аўтарамі іх былі ў 5 класе I. Счасны, у 6 – Н. Вайтковіч, у 7 – А. Александровіч, а пазней – А. Гарачун.

Падручнікі-хрэстаматыі для 8 класа былі складзены спачатку М. Ларчанкам, затым С. Васіленкам, для 9 класа – спачатку Л. Баўдзеем, затым А. Кучарам, для 10 класа – спачатку Е. Гарачун і Л. Баўдзеем, а затым В. Барысенкам. У асноўным яны адпавядалі тагачасным праграмам. Сюды былі ўключаны ленінскія артыкулы, пастановы ЦК УКП(б), прамовы відных партыйных дзеячаў.

У канцы 40-х гг. былі створаны падручнікі гісторыка-літаратурнага тыпу для 8-10 класаў. Да працы над імі былі падключаны вучоныя АН БССР. Падручнік «Беларуская літаратура» для 8 класа выйшаў пад рэдакцыяй В. В. Барысенкі і М. Ц. Лынькова ў 1949 г. і вытрымаў дзевяць выданняў. Ён складаўся з артыкулаў «Літаратура эпохі феадалізму», «Літаратура эпохі капіталізму», «Ф. Багушэвіч», «Я. Колас», «М. Багдановіч», «Парадыйная сатырычная паэма».

Падручнік гісторыка-літаратурнага тыпу «Беларуская савецкая літаратура» для 9-10 класаў напісалі У. І. Агіевіч, У. Б. Карпаў, М. Н. Клімовіч і інш. Ён таксама выйшаў пад рэдакцыяй В. В. Барысенкі і М. Ц. Лынькова і выдаваўся з 1949 па 1956 г. Ён пачынаўся артыкулам «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры». Далей ішлі артыкулы, прысвечаныя Я. Купалу, Я. Коласу, 3. Бядулі, М. Лынькову, К. Крапіве, К. Чорнаму, П. Броўку, А. Куляшову, М. Танку.

Нягледзячы на тое, што школы адчувалі вострую патрэбу ў падручніках гісторыка-літаратурнага тыпу, «Беларуская літаратура» і «Беларуская савецкая літаратура» пад рэдакцыяй В. В. Барысенкі і М. Ц. Лынькова, выклікалі ў друку вострую негатыўную ацэнку найперш сваёй неадпаведнасцю праграмам.

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе распрацоўваліся пытанні вывучэння ў школе асобных твораў школьнай праграмы, пазакласнай працы. Гэтаму спрыяў перыядычны педагагічны друк. У гэты перыяд працягваў выдавацца часопіс «Савецкая школа», выходзіў часопіс «У дапамогу настаўніку». Са снежня 1948 г. пачала выдавацца «Настаўніцкая газета». Першым пасляваенным асобным выданнем па методыцы выкладання беларускай літаратуры з'явілася праца Е. Гарачун і А. Панамаровай «Метадычныя распрацоўкі да хрэстаматыі «Родная літаратура» для 7 класа сярэдняй школы» (Мн., 1955), якая была падрыхтавана ў адпаведнасці з праграмай. У ёй настаўнік мог знайсці матэрыялы па вывучэнні твораў Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, П. Труса, К. Крапівы, Э. Самуйленка, П. Броўкі, П. Глебкі, К. Чорнага, А. Куляшова, М. Паслядовіча.

Перыяд хрушчоўскай «адлігі» таксама не быў спрыяльным для развіцця методыкі выкладання беларускай літаратуры. Нейкі час у школах рэспублікі родная мова як навучальны прадмет наогул адсутнічала, пазней ад яе вызвалялі, калі знаходзілася хоць якая-небудзь зачэпка, літаратура магла вывучацца ў перакладзе на рускую мову. У гэты перыяд ствараюцца новыя праграмы і падручнікі па беларускай літаратуры для сярэдняй школы, якія з невялікімі зменамі праіснавалі да канца 80-х гг. Змест літаратурнай адукацыі пачаў паступова вызваляцца ад твораў нізкай мастацкай якасці, анатацыі – ад вульгарнага сацыялагізатарства. У 5-7 (4-7, 5-8) класах сталі вывучацца творы П. Панчанкі, I. Шамякіна, Я. Брыля. Папоўнілася новымі манаграфічнымі тэмамі, прысвечанымі П. Панчанку, Я. Брылю, I. Шамякіну, I. Мележу, праграма 10 (11) класа.

Аўтарамі падручнікаў для 4 класа сталі М. Масальская, А. Пушкарэвіч, затым Р. Шкраба. Апошні значна ўзбагаціў метадычны апарат хрэстаматыі, павысіў культуру пытанняў і заданняў да вывучаемых твораў. Падручнік А. М. Клачко, С. А. Мітраховіча «Родная літаратура» для 5 класа вытрымаў каля 20 выданняў, хоць асаблівымі вартасцямі не вызначаўся. Сямікласнікі вывучалі беларускую літаратуру па падручніках У. М. Вярбілы і М. Б. Барсток. Хрэстаматыю па беларускай літаратуры для 8 класа склала Л. Ф. Тамашова ў сааўтарстве з Л. А. Царанковым.

Новыя пакаленні хрэстаматый для 8-10 (9-11) класаў пачалі выходзіць з 1966 г., калі з'явіліся кнігі С. Х. Александровіча і А. Р. Навіцкага для 8 (9) класа, У. Р. Богана, У. Р. Каваленкі, В. А. Ляпешкіна для 9-10 класаў.

Да напісання падручнікаў гісторыка-літаратурнага тыпу для старшакласнікаў былі падключаны новыя аўтары. «Беларускую літаратуру» для 8 (9) класа напісалі В. Барысенка і В. Івашын. Па гэтым падручніку школы працавалі да 1979 г. Н. Перкін і Ю. Пшыркоў стварылі падручнік гісторыка-літаратурнага тыпу «Савецкая беларуская літаратура» для 9-10 класаў (1959-1973). Гэтыя падручнікі былі напісаны ў адпаведнасці з узроўнем літаратуразнаўчай навукі і дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі і літаратуры таго часу.

Сярод прац, створаных у гэты перыяд і прысвечаных выкладанню мастацкага слова ў школе, трэба адзначыць кнігу I. Счаснага «Методыка літаратурнага чытання» (Мн., 1956). У ей раскрываліся асноўныя пытанні методыкі выкладання беларускай літаратуры ў 5-7 класах: метады, этапы вывучэння мастацкага слова, развіццё вуснай і пісьмовай мовы, пазакласная праца. Сваёй структурай, выкладам матэрыялу яна дубліравала працу рускага метадыста В. Галубкова. Арыгінальным у дапаможніку было тое, што агульныя метадычныя палажэнні ілюстраваліся творамі беларускіх пісьменнікаў.

У другой палове 50-х і ў 60-я гг. больш актыўна пачалі распрацоўвацца асобныя пытанні методыкі выкладання беларускай літаратуры ў школе. Выразна акрэсліліся і яе асноўныя напрамкі: вывучэнне творчасці пісьменніка і твора вялікай формы, выкладанне літаратуры ў пэўным класе, пазакласная праца.

Выданні тыпу «Пісьменнік у школе» можна падзяліць на дзве групы. Першая ўяўляла сабой зборнікі літаратуразнаўчых артыкулаў, прысвечаных тым пісьменнікам, якія вывучаліся ў школе (М. Барсток «Нарыс аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча», 1961; У. Міцкевіч «Максім Танк у школе», 1966; У. Казбярук «Якуб Колас у школе», 1967). Працы такога тыпу далучалі настаўнікаў да новых ацэнак літаратурных з'яў, што было важна, бо ў літаратуразнаўстве пераадольвалася вульгарнае сацыялагізатарства. Другая група гэтых выданняў (С. Сонцаў «Вывучэнне творчасці Янкі Купалы ў школе», 1959; Л. Семяноўская «Міхась Лынькоў у школе», 1963; У. Міцкевіч «Пятрусь Броўка ў школе», 1964) змяшчала распрацоўкі ўрокаў па творчасці пісьменніка.

3 канца 20-х гт. у савецкай школе ўкаранялася дагматычная сістэма навучання. Менавіта ў час хрушчоўскай «адлігі» яна пачала паступова разбурацца. У методыцы выкладання літаратуры ўсе гэта перш за ўсе праявілася ў з'яўленні шляху, які вядомы рускі метадыст М. А. Рыбнікава ў свой час назвала «следам за аўтарам». Л. Ф. Тамашова выступіла прапагандыстам гэтага шляху на беларускай глебе. Паказальна, што беларускі метадыст пратэставала супраць універсалізацыі аднаго з шляхоў аналізу, у тым ліку і гэтага. Яна не падзяляла іх на эфектыўныя і неэфектыўныя. У кнізе «Вывучэнне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» ў школе» паказваецца, як гэты твор можа быць вывучаны шляхамі «следам за аўтарам» і павобразным.

Выданне 3. Чарвяковай кнігі «Метадычныя распрацоўкі па літаратурным чытанні ў 6 класе» (1958) і працы Л. Тамашовай і Л. Царанкова «Вывучэнне беларускай літаратуры ў 8 класе» (1965) асаблівага ўплыву на развіццё методыкі выкладання беларускай літаратуры не аказалі. Першая – з-за нізкай філалагічнай і метадычнай культуры, другая – з-за чарговай школьнай перабудовы, калі зноў вярнуліся да дзесяцігодак, і таго 8 класа, для якога пісалі сваю працу Л. Ф. Тамашова і Л. А. Царанкоў, не стала.

У кнізе Г. А. Сондак «Вывучэнне беларускай літаратуры XIX ст. » (1963) разглядалася методыка працы над аглядавымі і манаграфічнымі тэмамі гэтага перыяду. Метадыст імкнулася ўключыць вучняў у разнастайныя віды рэпрадуктыўнай і творчай дзейнасці, раіла настаўнікам выкарыстоўваць з гэтай мэтай розныя метады і прыёмы.

У 1958 г. быў прыняты закон «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР». Пазакласная, асабліва краязнаўчая, праца разглядалася як адзін з напрамкаў такой сувязі. Павысілася цікавасць да настаўніцкага вопыту з боку друку. Менавіта ў гэты перыяд з'явіліся першыя асобныя працы настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, у якіх яны дзяліліся сваім вопытам: У. Урбановіча «Па дарагіх мясцінах» (1964), «Шляхамі паэтаў і герояў» (1970), I. Говара «Літаратурныя гульні» (1965), А. Раманоўскага і Л. Раманоўскай «Кемлівым і знаходлівым» (1966), I. Рабкова «Пазакласная работа па беларускай літаратуры» (1967), М. Пашкевіча «3 вопыту работы літаратурнага гуртка Сваткоўскай школы Мядзельскага раёна» (1968) і інш. Дарэчы будзе заўважыць, што В. Быкаў прысвяціў М. Пашкевічу сваю аповесць «Абеліск», тым самым падкрэсліўшы значнасць настаўніцкай працы. Гэтыя публікацыі сведчылі пра тое, ятсі вялікі творчы патэнцыял маюць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры

У гэты перыяд павысілася цікавасць да вывучэння ў школе тэорыі літаратуры, пра што сведчаць выданні М. Лазарука «Тэорыя літаратуры ў школе» (1967) і А. Макарэвіча «Кароткі слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў» (1968). Пачынае ўдзяляцца ўвага выразнаму чытанню. Гомельскі метадыст В. Паўлоўская выдае брашуры, прысвечаныя навучанню выразнаму чытанню вучняў у 5 (1961), 6 (1963), 7 (1964) класах.

У 70-80-я гг. практычна ніякіх змен у змест літаратурнай адукацыі не было ўнесена, за выключэннем таго, што ў праграму асобных класаў уводзіліся імёны Р. Барадуліна, Ул. Караткевіча, Н. Гілевіча, Я. Брыля, В. Быкава, М. Гарэцкага, М. Гусоўскага, I. Навуменкі і інш.

У пачатку 70-х гг. быў аб'яўлены конкурс на стварэнне новых падручнікаў гісторыка-літаратурнага тыпу. Пераможцамі аказаліся В. У. Івашын і М. А. Лазарук, якія напісалі падручнік «Беларуская літаратура» для 8 (9) класа, і Р. В. Шкраба – аўтар падручнікаў «Беларуская савецкая літаратура» для 9 (10) і 10(11) класаў. Першы падручнік меў даволі добра распрацаваны метадычны апарат, быў багата ілюстраваны. Артыкулы, прысвечаныя аглядавым і манаграфічным тэмам, у падручніках Р. В. Шкрабы былі напісаны цікава, аналіз літаратурных з'яў зроблены высокапрафесійна. Падручнікі гісторыка-літаратурнага тыпу адпавядалі тагачаснаму ўзроўню савецкай педагагічнай і літаратуразнаўчай навукі.

У 70-80-я гг. працягвалася распрацоўка тых жа самых пытанняў методыкі выкладання беларускай літаратуры, што і ў папярэдняе дзесяцігоддзе. Прадаўжалі выходзіць кнігі серыі «Пісьменнік у школе»: У. Міцкевіч «Аркадзь Куляшоў у школе» (1979), Р. Аляхновіч «Янка Брыль у школе» (1979), В. Ляшук «Іван Мележ у школе» (1981); выданні, прысвечаныя вывучэнню літаратуры ў пэўным класе: А. Рагуля «Беларуская літаратура ў 4 класе» (1980), П. І. Лявонава «Беларуская літаратура ў 5 класе» (1981) і працы, прысвечаныя пазакласным заняткам (В. Я. Ляшук, Л. П. Смальянава «Матэрыялы для пазакласнай работы па беларускай літаратуры» (1971), М. Б. Яфімава «Літаратурныя вечары ў школе» (1977), «Гучыць жывое слова» (1983)).

Разам з тым павысілася цікавасць метадыстаў да розных тыпаў і відаў урокаў літаратуры, з'явілася імкненне надаць ім разнастайны характар, дасягнуць эфектыўнасці. В. Я. Ляшук паказвае адметнасць вывучэння твораў эпічнай формы ў аднайменнай працы (1987), паказвае ролю і значэнне мясцовага матэрыялу («Краязнаўчыя матэрыялы на ўроках літаратуры» (1980)), М. Н. Шчыракоў вучыць настаўнікаў, як педагагічна пісьменна і дасведчана ўключыць у заняткі літаратуры творы выяўленчага мастацтва («Творы выяўленчага мастацтва на ўроках літаратуры ў 5-7 класах» (1978)). В. І. Смыкоўская ў выданні «Развіццё мовы вучняў на ўроках літаратуры» (1988) паказвае адметнасць працы настаўніка па развіцці культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, у працах А. А. Каляды раскрываюцца асновы тэорыі выразнага чытання.

Выхаванне вучняў сродкамі нацыянальнага мастацкага слова на ўроках беларускай літаратуры і ў працэсе пазакласнай працы асэнсавана ў выданнях «Ідэйна-маральнае выхаванне на ўроках беларускай літаратуры» (пад рэд. В. У. Івашына (1984)) і «Патриотическое воспитание учащихся на уроках и во внеклассной работе» (1985). Апошняе выданне выйшла ў Маскве і засведчыла багатыя набыткі беларускіх настаўнікаў па гэтай праблеме. Кніга выходзіла да 40-годдзя перамогі над фашысцкай Германіяй, і ў ёй галоўным чынам знайшлі адлюстраванне пытанні выхавання вучняў на гераічных традыцыях савецкага народа, на творах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Разам з тым у выданні змешчаны артыкулы настаўнікаў пра выхавальныя мажлівасці літаратурна-краязнаўчага музея, пра выхаванне любві да Радзімы праз родную прыроду, біяграфіі беларускіх пісьменнікаў.

У гэты перыяд узнікла патрэба бліжэй пазнаёміцца са сваімі метадычнымі набыткамі. Гэтай мэце падпарадкаваны анатаваны бібліяграфічны даведнік 1906-1971 гг. «Методыка выкладання беларускай літаратуры» І. Ц. Зяневіча.

Усе гэта было тым падмуркам, які сведчыў, што навукоўцы Беларусі гатовыя да стварэння абагульняльнай працы па методыцы выкладання беларускай літаратуры. Першая спроба ў гэтым кірунку была зроблена Інстытутам педагогікі Міністэрства асветы БССР. Тут быў створаны аўтарскі калектыў. Аднак задума не была да канца рэалізавана, і ў 1980 г. пад рэдакцыяй В. У. Івашына выйшла кніга «Вывучэнне літаратуры: пытанні методыкі». У кнігу ўвайшлі артыкулы, прысвечаныя метадалагічным прынцыпам, метадам і прыёмам выкладання мастацкага слова ў школе, асаблівасцям вывучэння паэзіі, про-зы, драматургіі, фарміраванню тэарэтыка-літаратурных паняц-цяў, арганізацыі пазакласнай працы. Аўтарскі калектыў складаўся з супрацоўнікаў Інстытута педагогікі: В. У. Івашына (навуковы кіраўнік і рэдактар), Р. В. Аляхновіч, Т. В. Кабржыцкай, А. К. Клышкі, П. І. Лявонавай, У. С. Хрол, М. Р. Ціханчука, Г. С. Шупенькі.

У пачатку 80-х гг. ініцыятыву ў свае рукі ўзялі выкладчыкі ВНУ. Пры кафедры беларускай літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута быў створаны аўтарскі калектыў з выкладчыкаў Мінскага (М. І. Мішчанчук, А. У. Рагуля, Г. А. Сондак, М. Н. Шчыракоў), Брэсцкага (Л. В. Асташонак, В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык), Мазырскага (Ю. І. Валынец), Магілёўскага (М. Р. Міхайлаў), Гомельскага (В. І. Смыкоўская) педінстытутаў. Кіраўніцтва і навуковае рэдагаванне было даручана В. Я. Ляшук і А. У. Рагулі. У 1986 г. выйшла праца «Методыка выкладання беларускай літаратуры», якая была зацверджана Міністэрствам асветы БССР у якасці навучальнага дапаможніка.

Працэс дэмакратызацыі грамадства ў другой палове 80-х гг., прыняцце «Закона аб мовах» спрыяў таму, што з 1988 г. у рэспубліцы пачаў выходзіць метадычны часопіс «Беларуская мова і літаратура ў школе», які стаў цэнтрам метадычнай думкі.

У другой палове ХХ стагоддзя актывізуюцца творчыя пошукі ў галіне методыкі выкладання беларускай літаратуры. Адметнай рысай гэтага працэсу стала і тое, што да методыкі пачалі звяртацца навукоўцы-літаратуразнаўцы. Сярод іх – акадэмікі В. У. Івашын і М. А. Лазарук.

Васіль Уладзіміравіч Івашын, акадэмік НАН Беларусі асноўныя навуковыя працы прысвяціў пытанням гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, а таксама метадалогіі і методыцы выкладання літаратуры ў школе. Ён – адзін з аўтараў падручнікаў для 8 і 9 класаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. У 1980 годзе пад рэдакцыяй В. У. Івашына выйшла кніга “Вывучэнне літаратуры: Пытанні методыкі”.

Міхаіл Арсеньевіч Лазарук, акадэмік НАН Беларусі – вучоны шырокага профілю. Ён унёс вялікі ўклад у даследаванне найважнейшых праблем літаратуразнаўства, тэорыі і методыкі выкладання літаратуры. М. А. Лазарук крытычна ставіўся да ідэалагізацыі ў вывучэнні літаратуры, крытыкаваў дагматычную, рэцэптурную методыку. Ён сцвярджаў, што толькі творчы пачатак здольны забяспечыць сінтэз усіх выхаваўча-развіццёвых функцый школьнага курса літаратуры. Гэтыя тэарэтыка-метадычныя ідэі знайшлі сваё адлюстраваннем ў яго фундаментальнай працы “Навучанне і выхаванне творчасцю” (Мінск, 1994). Увага аўтара засяроджана цалкам на праблеме школьнай літаратурнай адукацыі на шляхах і накірунках яе абнаўлення, на пошуках новай сістэмы навучання, якая б задавальняла патрэбы сучаснасці, адпавядала б дэмакратызацыі адукацыі і выхавання. М. А. Лазарук таксама з’яўляўся сааўтарам падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй і вышэйшай школы.

На сённяшні дзень рэфармаванне школы запатрабавала пашырэнне ўвагі да метадычнага пошуку. Бліжэйшыя перспектывы развіцця методыкі выкладання літаратуры – гэта гуманізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу, інтэграцыя прадмета і канкрэтных методык, стварэнне новых тэхналогій, інтэнсіфікайцыя метадаў выкладання літаратуры, пошук новых форм навучання. Адсюль – першаступенная ўвага да суверэннасці чытацкага ўспрыняцця, да яго паглыблення ў працэсе аналізу мастацкіх твораў. 1990-я гады прынеслі многа новага ў літаратуру, літаратуразнаўства, эстэтыку, філасофію і саму методыку. Усё вышэй названае стала дамінуючым у пошуках і напрацоўках сучасных метадыстаў. Сярод іх можна адзначыць В. Я. Ляшук, М. І. Мішчанчука, А. І. Бельскага, В. І. Смыкоўскую, П. І. Лявонаву, В. І. Русілку, А. В. Руцкую і многіх іншых.

І навукоўцы-метадысты, і настаўнікі-практыкі скіроўваюць свае намаганні на вырашэнне тэарэтычных праблем сучаснай метадычнай навукі:

– праблема чытання, успрыняцця мастацкай літаратуры як мастацтва слова, фармаванне чытача, яго духоўнага свету;

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...