Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Беларуская літаратура як вучэбны прадмет. Адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”.




Агульная сярэдняя адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь, павінна “забяспечваць духоўнае і фізічнае станаўленне асобы, падрыхтоўку маладога пакалення да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, выхаванне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, авалоданне ім асновамі навук, дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь, навыкамі разумовай і фізічнай працы, фарміраванне ў яго маральных перакананняў, культуры паводзін эстэтычнага густу і здаровага ладу жыцця”.

Дасягненню гэтай мэты і падпарадкаваны ўвесь навучальны працэс ў сярэдніх навучальных установах краіны. У школьным вучэбным плане прадугледжаны дысцыпліны розных тыпаў:

Ø якія носяць так званы дакладны характар і накіраваны на аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаісчнасці, г. зн. вучню неабходна дакладна засвойваць тую ці іншую інфармацыю (напрыклад, тэарэма Піфагора, табліца множання, тры законы Ньютана, табліца хімічных элементаў Д. Мендзялеева і інш. );

Ø якія садзейнічаюць фізічнаму развіццю і асновам фізічнай працы (фізічная культура, працоўнае навучанне);

Ø якія выяўляюць і развіваюць эстэтычны густ (выяўленчае мастацтва, музыка і спевы).

Беларускай літаратуры як вучэбнаму прадмету ў школе належыць асобнае месца і як самастойны вучэбны прадмет пачынае вывучацца з 5 класа. З аднаго боку, беларуская літаратура – дысцыпліна культуралагічнай скіраванасці са сваім суб’ектыўным пачаткам, “якая паслядоўна і сістэматычна далучае вучняў да мастацтва. Літаратура ў школе – сродак эстэтычнага асваення (вымярэння) жыцця, яго маральных нормаў і вартасцей”. З другога боку, пры вывучэнні нацыянальнай літаратуры акрамя знаёмства з пэўнай інфармацыяй і засваеннем яе найлепшым чынам можна рэалізаваць усе адукацыйныя мэты. Вялікая культурная каштоўнасць літаратуры ў тым, што яна ўяўляе неацэннае і незамянімае ідэйна-эстэтычнае багацце, вялікі духоўны здабытак народа, і валодае магутным ідэйна-выхаваўчым і грамадска-педагагічным паіэнцыялам.

Літаратура – “асаблівая катэгорыя духоўнай творчай дзейнасці грамадства, адрозная ад філасофіі, навукі і мастацтва і разам з тым цесна звязаная з імі, паколькі яна карыстаецца ўсімі іх сродкамі: паняццямі, сімваламі, вобразамі, метрам, рытмікай... ” (Конард Н. И. Запад и Восток, М, 1966). Гэта своеасаблівы сінтэз навукі, філасофіі і мастацтва.

Літаратура – чалавеказнаўства. Творы пісьменнікаў выступаюць дзейсным сродкам пазнання прыроды, грамадства і жыцця ва ўсіх яго разнастайных праявах. Знаёмячыся з літаратурнымі героямі, іх лёсамі, унутраным светам, іх ідэаламі, вучні праецыруюць усё гэта на сябе і такім чынам глыбей пазнаюць сваю індывідуальнасць, у іх фарміруюцца ўласныя адносіны да высокага і нікчэмнага, добрага і благога, складваецца разуменне вечнага і часовага ў чалавеку, сутнаснага і вызначальнага ў яго жыцці, фарміруюцца здольнасці актыўна супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям у грамадстве. Усвядомленая аўтарская пазіцыя, увасобленая ў мастацкіх творах, аказвае на школьнікаў, якія знаходзяцца ў працэсе пошуку свайго духоўнага станаўлення, выхаваўчае ўздзеянне. Біяграфіі пісьменнікаў, мастацкія тыпы і характары пры пэўных умовах могуць стаць ідэалам ці антыідэалам, з улікам якіх вучні ствараюць сваю мадэль асобы і імкнуцца рэалізаваць яе ў жыцці.

Літаратура развівае ўяўленне, фантазію чытача, яго творчыя задаткі. Яна з’яўляецца дзейсным сродкам мастацка-эстэтычнага і маральнага выхавання. Будучы здольнай мадэліраваць паводзіны чалавека ў разнастайных жыццёвых сітуацыях, літаратура выступае як крыніца выпрацоўкі сістэмы духоўных каштоўнасцяў, ўзбагачэння эстэтычнага вопыту школьніка. Дапамагаючы вучню пазнаваць жыццё, літаратура адначасова фарміруе магчымасці маральнага, эмацыянальнага і эстэтычнага развіцця, духоўнага самасцвярджэння яго як асобы, якая адчувае сябе часткай прыроды, грамады і валодае здольнасцямі творча і актыўна выяўляць сябе. Пры пазнанні мастацкага твора надзвычай важную ролю адыгрываюць не толькі інтэлект і эмоцыі, але і ўяўленне, што плённа ўплывае на асэнсаванне матэрыялу пры вывучэнні прыродазнаўчых, фізіка-матэматычных дысцыплінаў у школе. Літаратура спрыяе выпрацоўцы вобразна-інтуітыўнага, мадэлюючага тыпу мыслення, развіццю творчага патэнцыялу асобы. Вывучэнне літаратуры ў школе ўключае падлеткаў і юнакоў у розныя віды творчай дзейнасці.

Літаратура як мастацтва, што карыстаецца мовай, здольна ахопліваць сваёй увагай самыя разнастайныя сферы рэчаіснасці, спасцігаць рэчаіснасць універсальна, усеабдымна, у самых розных яе вымярэннях: сучасным, гістарычным, адлюстроўваючы жыццё свайго народа і жыццё людзей розных краін. Пісьменнікі стварылі мастацкі летапіс гісторыі сваёй радзімы, увасобілі нацыянальны характар, адлюстравалі асаблівасці менталітэту беларусаў, народны побыт, лад жыцця, адносіны ў сям, і. Беларуская літаратура паказвае чалавека ў пэўным сацыяльна-культурным асяроддзі, яна ўздымае важныя філасофскія, маральна-этычныя, экалагічныя і іншыя праблемы сучаснасці.

Беларуская літаратура ў школе адносіцца да прадметаў, з якімі звязваецца галоўная мэта навучання і выхавання – фарміраванне асобы ва ўсёй яе шматграннасці: інтэлектуальнае і эмацыянальнае развіццё, светапогляд, маральнасць, этычная, эстэтычная, мастацкая, моўная культура.

Галоўная мэта навучання прадмету – далучэнне школьнікаў да багацця беларускай і сусветнай мастацкай літаратуры, эстэтычнае спасціжэнне вучнямі свету, складанасці чалавечых узаемаадносін і на гэтай аснове – выхаванне асобы з глыбока гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, адданасцю агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здатнай успрыманне прыгажосці (эстэтычнае ўспрыманне) ператварыць у стымул маральнага самаўдасканалення, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

Спецыфіка літаратуры як прадмета навучання вызначаецца тым, што мастацкая літаратура па сваёй прыродзе цесна звязана з іншымі формамі грамадскай свядомасці (навукай, мараллю, рэлігіяй, палітыкай і інш. ), асабліва з гуманітарнымі галінамі ведаў, а таму яна мае вялікае пазнавальнае і грамадска-выхаваўчае значэнне, дае вучням разнастайныя веды і ўяўленні пра прыроду і месца ў ёй чалавека, жыццё грамадства, гістарычныя падзеі, лёс выдатных асобаў.

Але самае галоўнае, што ўсё гэта ў літаратуры рэалізуецца праз эстэтычна-мастацкае ўспрыманне і асэнсаванне жыццёвых з’яў. Літаратура – гэта мастацтва. І як усякае мастацтва, яна мае поліфункцыянальную спецыфіку:

пазнавальную (літаратура – крыніца ведаў аб жыцці),

эўрыстычную (літаратура спрыяе развіццю мыслення),

камунікатыўную (літаратура – сродак і канал сувязі паміж пісьменнікам і чытачамі, паміж чытачамі),

эстэтычную (літаратура – навука і мастацтва аб прыгожым),

выхаваўчую (з дапамогай літаратуры мы выпрацоўваем свае погляды на жыццё, свае адносіны да яго),

геданістычную (літаратура прыносіць нам асалоду, радасць судакранання з мастацтвам),

развіццёвую (літаратура ўзбагачае і развівае інтэлектуальны і эмацыянальны свет чытача, узбуджае яго фантазію, узбагачае і развівае мову),

культуратворчую і нацыятворчую функцыі, садзейнічае гуманітарызацыі мыслення.

Беларуская літаратура ў школе належыць да навучальных дысцыплін гуманітарнага цыкла, які ўключае ў сябе яшчэ і такія прадметы, як руская літаратура, беларуская, руская і замежная мовы, айчынная і сусветная гісторыя, чалавек і грамадства і інш.

Прыклады: Многае яднае беларускую літаратуру з літаратурай сусветнай, арганічнай часткай якой яна і з’яўляецца. Таму беларуская літаратура вывучаецца ў кантэксце сусветнага мастацкага слова. Гэта пераконвае вучняў у тым, што нацыянальнае прыгожае пісьменства – сапраўды важная і неад’емная з’ява ў агульначалавечай мастацкай культуры. Паралельна вывучаючы творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, навучэнцы пераконваюцца ў тым, што людзей свету яднаюць агульныя праблемы, памкненні, радасці і трывогі, што за час свайго існавання чалавецтва выпрацавала агульныя духоўныя каштоўнасці. Вывучэнне рускай літаратуры, знаёмства з сусветна значнымі мастацкімі набыткамі падмацоўваюць гэтую выснову і спрыяюць фарміраванню глыбокіх эстэтычных падыходаў да з’яў мастацтва, грамадзянскіх перакананняў, гуманістычнага светапогляду вучня як прадстаўніка свайго этнасу, носьбіта нацыянальнай і агульначалавечай культуры.

Нарэшце, літаратура як мастацтва слова з’яўляецца сродкам авалодання і ўзбагачэння мовы, сродкам індывідуальнага самавыяўлення школьніка. Праз мастацкія тэксты вучань спазнае адметнасць складу беларускай мовы, яе сінтаксісу. Чытанне і вывучэнне літаратурных твораў развівае здольнасці вучня ў камунікацыі, узбагачае выяўленчыя, экспрэсіўныя магчымасці яго мовы, лексічны, фразеалагічны, слоўнікавы запас, фарміруе маўленчыя нормы, у цэлым развівае маўленчую культуру, а г. зн. і агульную культуру асобы.

Беларуская літаратура таксама звязана з гісторыяй. Кожны мастацкі твор выяўляе асаблівасці той гістарычнай эпохі, у якую ён быў створаны, ці пра якую распавядае. Мастацкія тэксты – своеасаблівая крыніца інфармацыі аб гістарычным мінулым беларускага народа, пісьменнік з’яўляецца сведкам той эпохі, у якую ён жыў. Без вызначанага запасу ведаў па гісторыі нельга правільна ацаніць і вытлумачыць творчасць пісьменніка на ўроках беларускай літаратуры. Гісторык можа прапанаваць навучэнцам прачытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў на гістарычныя тэмы. Рэалізацыя сувязі паміж урокамі літаратуры і гісторыі пакажа навучэнцам, што перадавыя, гістарычна абумоўленыя ідэі не ведаюць нацыянальных меж.

У той жа час беларуская літаратура – гэта дысцыпліна эстэтычнага цыкла, яна збліжана з выяўленчым мастацтвам, музыкай. Як і гэтыя школьныя курсы, беларуская літаратура фарміруе эстэтычныя густы і ідэалы, задавальняе патрэбы ў эстэтычнай дзейнасці. Урокі музыкі спрыяюць мімавольнаму запамінанню беларускай лексікі, актывізуюць яе, развіваюць пачуццё мовы, выпрацоўваюць правільную інтанацыю, замацоўваюць арфаэпічныя навыкі. Урокі літаратуры часам суправаджаюцца праслухоўваннем музычных твораў, якія выклікаюць у школьнікаў вызначаныя асацыяцыі, павышаюць эмацыйны настрой і палягчаюць засваенне тэкстаў.

На ўроках беларускай літаратуры можна абапірацца і на навыкі, набытыя навучэнцамі на ўроках выяўленчага мастацтва. Настаўнік выяўленчага мастацтва можа падказаць настаўніку, хто з навучэнцаў здольны зрабіць ілюстрацыі да які вывучаецца твора, яго кансультацыі дапамогуць падабраць тэматычна блізкія жанравыя карціны, партрэты пісьменнікаў, ілюстрацыі да твораў і правільна іх пракаментаваць.

Такім чынам, літаратура – гэта асобасна-арыентаваны школьны прадмет. Разам з тым сярод дысцыплін эстэтычнага цыкла беларускай літаратуры належыць адметнае месца. Мастацкае слова спалучае ў сабе пэўныя магчымасці жывапісу і музыкі, яно здатнае ствараць зрокавыя і слыхавыя вобразы. Беларуская літаратура далучае вучняў да духоўнага жыцця і культуры народа. У нацыянальнай літаратуры выявілася светаўспрыманне этнасу, яго разнастайныя ўяўленні, узаемаадносіны з прыродай, маральныя і эстэтычныя ідэалы.

Курс роднай літаратуры ў школе складаецца з некалькіх кампанентаў.

Большая частка гадзін адведзена на вывучэнне твораў беларускіх пісьменнікаў. Аднак немалая колькасць гадзін адводзіцца і на працу з найлепшымі ўзорамі сусветнай літаратурнай класікі. Такі зварот дапамагае па-новаму зірнуць на нацыянальную літаратуру. Менавіта ўключэннем замежных пісьменнікаў і твораў у праграму па беларускай літаратуры забяспечваецца прынцып вывучэнне нацыянальнай літаратуры ў кантэксце сусветнай, “зарыентаванасць праграм на вывучэнне нацыянальнай літаратуры ў суадносінах з сусветнай, што сведчыць пра культуралагічную накіраванасць навучання і выхавання, пашырае магчымасці ў пазнанні шляхоў развіцця літаратуры, спрыяе вызначэнню рыс падабенства і арыгінальнасці, спасціжэнню эстэтычных асаблівасцей беларускага мастацкага слова”. Пры вывучэнні мастацкіх твораў неабходна знаёміць навучэнцаў і з пэўнымі тэарэтычнымі паняццямі, якія прапануюцца праграмай і вывучэнне якіх прапануецца, улічваючы ўзроставыя асаблівасці школьнікаў, з 5 класа. Беларускую літаратуру як адзін з відаў мастацтва нельга вывучаць у адрыве ад іншых відаў мастацтва. Параўнанне мастацтва слова і, напрыклад, музычнага выяўлення таго ж самага пачуцця заўсёды будзе спрыяць развіццю творчых здольнасцей маладога чалавека. Акрамя таго, многім пісьменнікам і творам, мастацкім вобразам прысвечана нямала ўзораў жывапісу, музыкі, партрэта і інш.: опера “Зорка Венера” Ю. Семянякі, песня “Аляксандрына” У. Мулявіна, мастацкі фільм М. Пташука “Знак бяды” і многае іншае. Таксама варта ўзгадаць, што класікам Янку Купалу і Якубу Коласу прысвечаныя цэлыя альбомы: “Янка Купала ў творчасці мастакоў” і “Якуб Колас у творчасці мастакоў” (абодва – 1982 г. ). Гэты важны кампанент літаратурнага навучання ўлічаны ў школьных вучэбных праграмах па беларускай літаратуры і знайшоў сваё адлюстраванне ў спецыяльнай рубрыцы “Мастацтва”.

Такім чынам, родная літаратура, будучы асобным, самастойным прадметам школьнай адукацыі, звязана з іншымі прадметамі грамадска-гуманітарнага і мастацка-эстэтычнага цыклаў, цесна суадносіцца з усім навучальна-выхаваўчым працэсам. Сістэмнае вывучэнне адукацыйнай вобласці “Беларуская літаратура” павінна забяспечыць:

– фарміраванне ў вучняў сістэмы літаратурных ведаў як кампанента гуманітарнага светаадчування і мыслення;

– развіццё чытацкіх і моўных уменняў – сродку самавыяўлення і самавыхавання, неабходнай умовы для ўваходжання ў дыялог з іншымі людзьмі, з мастацтвам і навукай;

– фарміраванне ўмення аналізаваць мастацкі твор як аснову для разумення своеасаблівасці творчасці пісьменніка, для развіцця здольнасці адчуваць сапраўднае мастацтва, высокае і нізкае ў свядомасці і паводзінах чалавека;

– разуменне вучнямі грамадскага значэння нацыянальнай літаратуры – састаўной часткі агульначалавечай культуры і мастацтва, сродку духоўнага ўсведамлення быцця народа, формы зносінаў людзей і цэласнага разумення свету;

– развіццё асобы навучэнцаў: іх пачуццяў, мыслення, самасвядомасці, унутранай духоўнай культуры, мастацка-эстэтычнага густу.

Мастацкая літаратура ў школе забяспечвае самавызначэнне і самарэалізацыю асобы ў сучасным зменлівым свеце. Беларуская літаратура – тое спалучальнае звяно, якое перадае ад папярэднікаў да сучаснікаў назапашаны на працягу стагоддзяў духоўны і эстэтычны вопыт. На аснове гэтага духоўнага вопыту разгортваецца выхаванне гарманічна развітой, цэласнай асобы, здольнай выяўляцца ў грамадстве ў працэсе творчай дзейнасці.

Рэспублікі Беларусь

29. 05. 2009 № 32

АДУКАЦЫЙНЫ СТАНДАРТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА” (I–XI КЛАСЫ)

1. МЭТА ВЫВУЧЭННЯ ПРАДМЕТА

Мэтай вывучэння вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” з’яўляецца далучэнне вучняў да набыткаў айчыннай мастацкай славеснасці (у кантэксце сусветнай), развіццё іх здольнасцей да эстэтычнага ўспрымання і ацэнкі з’яў літаратуры; фарміраванне эстэтычных густаў, інтарэсаў, грамадзянскай, духоўна-маральнай, камунікатыўнай культуры вучняў, выхаванне ўдумлівага чытача.

2. ЗАДАЧЫ ВЫВУЧЭННЯ ПРАДМЕТА

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі (агульнаадукацыйныя ўстановы з беларускай мовай навучання)

– фарміраванне вобразных уяўленняў аб навакольным свеце, адносін да жыццёвых з’яў, каштоўнасных арыентацый вучняў;

– далучэнне да нацыянальна-культурнай спадчыны; выхаванне сродкамі чытання грамадзянскіх, духоўных і эстэтычных пачуццяў;

– развіццё эмацыянальна-пачуццёвай сферы, вобразнага і крытычнага мыслення, літаратурна-творчых здольнасцей вучняў;

– развіццё цікавасці да чытання, пашырэнне кола чытання малодшых школьнікаў, іх начытанасці;

– навучанне правільнаму, усвядомленаму, выразнаму чытанню ўголас у адпаведнасці з нормамі літаратурнага вымаўлення; самастойнаму чытанню моўчкі (сам сабе);

– фарміраванне сістэмы чытацкіх уменняў і літаратурных уяўленняў вучняў, неабходных для паўнавартаснага ўспрымання літаратуры як мастацтва слова і разумення мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных тэкстаў;

– фарміраванне маўленчай дзейнасці вучняў, узбагачэнне і пашырэнне іх слоўніка;

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі (агульнаадукацыйныя ўстановы з рускай мовай навучання)

– фарміраванне маўленчай дзейнасці на беларускай мове, узбагачэнне і пашырэнне слоўніка вучняў, забеспячэнне авалодання арфаэпічнымі і акцэнталагічнымі нормамі беларускай мовы;

– развіццё цікавасці да кніг беларускіх пісьменнікаў і чытання на беларускай мове, пашырэнне кола чытання малодшага школьніка, яго начытанасці;

– навучанне правільнаму, асэнсаванаму, выразнаму чытанню ўголас і сам сабе з хуткасцю, якая не перашкаджае асэнсаванню;

– фарміраванне чытацкіх уменняў, уменняў слоўнікавай працы і літаратурных ведаў, неабходных для паўнавартаснага ўспрымання літаратуры як мастацтва слова і разумення мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных тэкстаў;

на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

– азнаямленне вучняў з асаблівасцямі літаратуры як віду мастацтва;

– развіццё дыферэнцыраванага ўспрымання літаратурных твораў у залежнасці ад іх мастацка-эстэтычнай спецыфікі і жанрава-стылявых асаблівасцей;

– фарміраванне асноўных ведаў, уменняў і навыкаў аналізу літаратурных твораў;

– вывучэнне твораў айчыннай літаратуры ў кантэксце сусветнай, скаардынаваная рэпрэзентацыя на ўсіх ступенях літаратурнай адукацыі зместу курсаў беларускай і рускай літаратур;

– фарміраванне ў вучняў ведаў і ўменняў, якія забяспечваюць самастойнае засваенне мастацка-эстэтычных, духоўна-маральных каштоўнасцей;

– сістэматызацыя ведаў пра літаратуру як цэласнасць, прадстаўленую ў выглядзе паняццяў і спосабаў дзейнасці;

– фарміраванне культуралагічнай кампетэнцыі, развіццё ўяўленняў пра літаратуру як сацыякультурны феномен;

– развіццё літаратурна-творчых здольнасцей;

– фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі;

на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

– вывучэнне твораў айчыннай літаратуры ў кантэксце сусветнай;

– фарміраванне ў вучняў ведаў і ўменняў, якія забяспечваюць самастойнае засваенне мастацка-эстэтычных, духоўна-маральных каштоўнасцей;

– фарміраванне літаратурнай кампетэнцыі – сістэматызацыя ведаў пра літаратуру як цэласнасць, прадстаўленую ў выглядзе паняццяў і спосабаў дзейнасці;

– фарміраванне культуралагічнай кампетэнцыі, развіццё ўяўленняў пра літаратуру як сацыякультурны феномен;

– развіццё літаратурна-творчых здольнасцей;

– фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі.

3. ЗМЕСТ АДУКАЦЫІ ПА ВУЧЭБНЫМ ПРАДМЕЦЕ “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА”

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі (агульнаадукацыйныя ўстановы з беларускай мовай навучання)

– фальклорныя творы (казкі, загадкі, песенькі, прыказкі і прымаўкі, былі і небыліцы, легенды, паданні), творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, спецыяльна створаныя для дзяцей, творы класічнай літаратуры, якія трывала ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання; навукова-пазнавальная, даведачная кніга, дзіцячыя часопісы і газеты;

літаратурныя ведыпра:

– традыцыйную тэматыку кніг для дзяцей малодшага ўзросту (пра Радзіму, пра подзвігі, пра дзяцей, пра жывёл і расліны, пра поры года, пра чарадзейнае і фантастычнае, пра гісторыю машын і рэчаў, пра герояў, дзеячаў навукі і мастацтва);

– элементы кнігі (вокладка, тытульны ліст, прадмова, змест, пасляслоўе, ілюстрацыя);

– сродкі выразнасці пры чытанні ўголас (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

літаратурныяўяўленніпра:

– асаблівасці твораў фальклору (калыханкі, лічылкі, скорагаворкі, загадкі, прыказкі, казкі);

– асаблівасці мастацкіх твораў (казкі, апавядання, верша, байкі);

– мастацкія сродкі выразнасці (вобразныя словы і выразы, параўнанні, адухаўленне з’яў прыроды, эмацыянальна-ацэначныя словы);

чытацкія ўменні:

– чытаць правільна, асэнсавана і бегла цэлымі словамі ўголас і сам сабе;

– чытаць выразна ўголас мастацкія творы розных жанраў, карыстаючыся сродкамі інтанацыйнай выразнасці (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

– ацэньваць сваё і пачутае чытанне ў адпаведнасці з правільнасцю і выразнасцю;

– вызначаць тэму і галоўную думку твора;

– вылучаць галоўныя і другарадныя дзеючыя асобы, аналізаваць іх узаемаадносіны, учынкі, тлумачыць матывы ўчынкаў;

– выяўляць эмацыянальны стан дзеючых асоб, характарызаваць герояў па іх паводзінах, учынках, параўноўваць персанажаў;

– знаходзіць у тэксце апісанні дзеючых асоб, карцін прыроды, вызначаць іх ролю ў тэксце;

– узнаўляць мастацкія вобразы (слоўнае маляванне дзеючай асобы, карцін прыроды);

– выяўляць адносіны аўтара да героя, яго ўчынкаў;

– выказваць уласныя адносіны да дзеючых асоб, іх учынкаў, зместу твора;

– назіраць за формай апавядання: ад чыйго імя вядзецца апавяданне;

– дзяліць твор на часткі, складаць план невялікага апавядальнага твора, пераказваць яго змест падрабязна ці сцісла (з дапамогай настаўніка) паводле гатовага плана;

– назіраць за будовай верша (вершаваны радок, рытм і рыфма, вобразная мова), знаходзіць у вершы рыфму;

– вызначаць агульны эмацыянальны настрой паэтычнага твора, пачуцці, якія перадае паэт, суадносіць іх з уласнымі ўражаннямі, знаходзіць у тэксце словы, што перадаюць настрой і пачуцці паэта;

– назіраць за выразнымі словамі, якія ствараюць вобразы ў мастацкім творы, вылучаць іх з тэксту, тлумачыць значэнне, выяўляць іх вобразную функцыю шляхам слоўнага малявання;

– вылучаць з тэксту эмацыянальна-ацэначныя словы, словы-сінонімы, асэнсоўваць іх функцыянальнае прызначэнне: чаму гэтае слова выбраў аўтар, як яно характарызуе героя;

– чытаць на памяць вершаваная творы;

– складаць вуснае апавяданне ці казку па серыі малюнкаў або малюнку і апорных словах, па ілюстрацыі да твора;

– калектыўна ствараць творчыя пераказы (ад імя героя, ад трэцяй асобы, з працягам сюжэтных ліній);

– інсцэніраваць невялікія мастацкія творы або іх асобныя эпізоды, насычаныя дыялогамі;

– сачыняць скорагаворкі, загадкі, невялікія казкі ці займальныя гісторыі;

– самастойна выбіраць і чытаць дзіцячыя кнігі, часопісы, газеты;

– вызначаць прыкладны змест незнаёмай кнігі па інфармацыі, змешчанай на вокладцы, тытульным лісце, у прадмове, пасляслоўі, змесце, а таксама па ілюстрацыях на вокладцы і на старонках выданняў;

– суадносіць назву і змест твора або кнігі, даваць ацэнку прачытанаму;

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі (агульнаадукацыйныя ўстановы з рускай мовай навучання)

– Творы вуснай народнай творчасці: загадкі, скорагаворкі, прыказкі і прымаўкі, песні, пацешкі, лічылкі, небыліцы, легенды, паданні, казкі (народныя і аўтарскія), творы беларускіх класікаў, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання, творы сучаснай дзіцячай літаратуры, перыёдыка: дзіцячыя газеты і часопісы, слоўнікі і даведнікі;

літаратурныя ведыпра:

– традыцыйную тэматыку кніг для дзяцей малодшага ўзросту (пра Радзіму, пра подзвігі, пра дзяцей, пра жывёл і расліны, пра поры года, пра чарадзейнае і фантастычнае, пра гісторыю машын і рэчаў, пра герояў, дзеячаў навукі і мастацтва);

– элементы кнігі (вокладка, тытульны ліст, прадмова, змест, пасляслоўе, ілюстрацыя);

– сродкі выразнасці пры чытанні ўголас (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

літаратурныяуяўленніпра:

– асаблівасці твораў фальклору (калыханкі, лічылкі, скорагаворкі, загадкі, прыказкі, казкі);

– асаблівасці мастацкіх твораў (казкі, апавядання, верша, байкі);

– мастацкія сродкі выразнасці (вобразныя словы і выразы, параўнанні, адухаўленне з’яў прыроды, эмацыянальна-ацэначныя словы);

чытацкія ўменні:

– чытаць правільна, асэнсавана і бегла цэлымі словамі ўголас і сам сабе з хуткасцю, якая не перашкаджае разуменню; перадаваць пры чытанні арфаэпічныя асаблівасці беларускай мовы (правільнае вымаўленне беларускіх гукаў [ў], [дз’], [дж], [г], [ж], [ч], [р], [ц], падвоеных зычных), выразнае вымаўленне галосных;

– чытаць выразна ўголас мастацкія творы розных жанраў, карыстаючыся сродкамі інтанацыйнай выразнасці (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

– вылучаць словы, падобныя па гучанні да слоў рускай мовы і ўстанаўліваць іх значэнне;

– тлумачыць лексічнае значэнне незразумелых слоў праз кантэкст, пераклад і з дапамогай тлумачальнага слоўніка;

– вызначаць вобразныя словы і выразы, тлумачыць іх значэнне і ролю;

– разумець значэнне прыказак, трапных выразаў, “гаваркіх” слоў, ужытых у тэксце;

– прагназаваць змест тэксту па ілюстрацыях, загалоўку, апорных словах;

– эмацыянальна ўспрымаць і рэагаваць на пачутае / прачытанае;

– вылучаць словы і выразы, якія перашкаджаюць разуменню тэксту;

– устанаўліваць паслядоўнасць падзей, суадносіць паслядоўнасць падзей з малюнкавым радам; знаходзіць урыўкі тэксту, якія адпавядаюць ілюстрацыі;

– вызначаць месца, час, абставіны падзей;

– выяўляць прычынна-выніковыя сувязі паміж падзеямі і ўчынкамі герояў;

– вызначаць дзеючых асоб, іх эмацыянальны стан, пачуцці, суадносіць дзеючую асобу і ўчынак;

– характарызаваць героя на падставе паводзін і ўчынкаў;

– вызначаць адносіны аўтара да падзей, герояў, учынкаў;

– даваць уласную ацэнку ўчынкам і героям; выказваць уласнае стаўленне да падзей; аргументаваць сваю пазіцыю;

– фармуляваць тэму тэксту, вызначаць яго галоўную думку;

– тлумачыць загаловак твора ці прыдумваць свой загаловак да твора;

– вылучаць сэнсавыя часткі апавядальнага твора; складаць план тэксту;

– падрабязна пераказваць невялікі апавядальны тэкст ці ўрывак з яго па самастойна складзеным плане;

– выбарачна пераказваць тэкст з дапамогай апорных слоў; маляваць словамі партрэт героя ці карціну прыроды з твора;

– ужываць ва ўласным маўленні сродкі вобразнай выразнасці на падставе ўзораў з пачутага / прачытанага;

– самастойна адказваць і задаваць пытанні па змесце пачутага ці прачытанага;

– выяўляць і асэнсоўваць лінгвакраязнаўчую інфармацыю;

– ацэньваць уласнае і пачутае чытанне і гаварэнне (адпаведнасць арфаэпічным і лексічным нормам);

– правільна называць кнігу (аўтар, назва);

– арыентавацца ў кнізе па назве, малюнках, змесце, прадмове, пасляслоўі;

– знаходзіць у змесце прозвішча аўтара, назву патрэбнага твора і старонку;

– выкарыстоўваць прыёмы выбару неабходнай кнігі для чытання (на пэўную тэму, пэўнага аўтара);

на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

– творы фальклору;

– біблейскія казанні;

– мастацкія творы класічнай і сучаснай беларускай літаратуры;

– асобныя творы замежных аўтараў;

– тэарэтыка-літаратурныя веды: вусная народная творчасць і яе жанры; фальклор і літаратура; тэма і ідэя мастацкага твора; характар літаратурнага героя і сродкі яго раскрыцця (мова, партрэт, пейзаж, інтэр’ер, аўтарская характарыстыка, мастацкая дэталь); сюжэт і яго элементы; кампазіцыя (пабудова) мастацкага твора; вобразна-выяўленчыя сродкі мовы (эпітэт, параўнанне, метафара, увасабленне, сімвал, алегорыя); проза і паэзія як два віды літаратурнай творчасці, празаічная і вершаваная мова (вершаваны радок, страфа, рытм, паэтычны сінтаксіс, рыфма, гукапіс); вершаваныя памеры (двух- і трохскладовыя: ямб, харэй, дактыль, амфібрахій, анапест); літаратура мастацкая, навуковая, публіцыстычная; літаратурныя роды і жанры; літаратура прыгодніцкая і фантастычная; гумар, сатыра, іронія; камічнае, іранічнае, узвышанае, трагічнае; пачатковае паняцце пра літаратурны працэс; мастацкія плыні і кірункі ў літаратуры; пачатковае паняцце пра стыль пісьменніка;

– гісторыка-літаратурныя веды: час напісання твора і час, адлюстраваны ў тэксце; вытокі мастацтва і яго сувязь з гісторыяй, грамадскім жыццём; найбольш характэрныя прыкметы літаратуры Сярэднявечча, Адраджэння, Асветніцтва, рамантызму, рэалізму; асноўныя факты жыцця і творчага шляху беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць вывучаецца манаграфічна;

на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі

– творы нацыянальнай класікі, якія маюць вялікае мастацкае значэнне ў гісторыі літаратуры, вызначаюць шлях літаратурнага развіцця;

– творы сучаснай літаратуры (з сярэдзіны 1980-х гадоў да пачатку ХХІ стагоддзя ўключна) высокай мастацка-эстэтычнай каштоўнасці, што атрымалі грамадскае прызнанне, адпавядаюць патрабаванням адукацыйнага працэсу;

– асобныя творы класічнай сусветнай літаратуры;

– тэарэтыка-літаратурныя веды: звесткі пра шляхі і галоўныя этапы развіцця беларускай літаратуры ва ўзаемасувязі з сусветнай; звесткі пра найбольш істотныя асаблівасці рамантызму, рэалізму, мадэрнізму і спецыфіку іх развіцця ў Беларусі; абагульненыя звесткі пра сутнасць мастацтва, яго вобразнасць, паняцці тыповага, канкрэтна-гістарычнага і агульначалавечага значэння твораў класічнай літаратуры; уяўленні пра традыцыі і наватарства, мастацкую спадчыну і літаратурную пераемнасць; асноўныя эстэтычныя катэгорыі: прыгожае, узвышанае, гераічнае, трагічнае, камічнае і інш.; асаблівасці родаў і жанраў літаратуры; асноўныя спосабы выяўлення аўтарскай пазіцыі; абагульненыя звесткі пра стыль пісьменніка;

– гісторыка-літаратурныя веды: звесткі пра жыццёвы і творчы шлях беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць вывучаецца манаграфічна; звесткі пра творчую гісторыю найбольш значных твораў; гісторыка-культурныя звесткі; уяўленне пра літаратурны працэс як частку агульнакультурнага.

4. ПАТРАБАВАННІ ДА ЎЗРОЎНЮ ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ

4. 1. Патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў за перыяд навучання на ўзроўні агульнай базавай адукацыі.

Вучань павінен

 в е д а ц ь:

– асноўныя звесткі пра жыццё і творчасць пісьменнікаў;

– шляхі і галоўныя этапы развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да першай трэці ХХ стагоддзя);

– змест, праблематыку, сістэму вобразаў вывучанага твора;

– змест асноўных тэарэтыка-літаратурных паняццяў;

– асноўныя роды і жанры літаратуры;

– асноўныя эпохі і напрамкі літаратуры перыяду, які вывучаецца;

– творы, прапанаваныя для завучвання на памяць;

у м е ц ь:

– выразна чытаць тэксты мастацкіх твораў з улікам іх родавай і жанравай спецыфікі, выяўленага аўтарам пафасу ці настрою;

– вызначаць прыналежнасць твора да пэўнага літаратурнага роду і жанру;

– вызначаць асноўныя праблемы літаратурнага твора;

– характарызаваць літаратурнага героя;

– супастаўляць герояў розных твораў і вылучаць у іх характарах і паводзінах агульнае і адрознае;

– вызначаць сувязь паміж героямі твора і эпохай; аргументаваць сваю ацэнку герояў і падзей;

– умець падрабязна або сцісла пераказваць змест прачытанага, будаваць вуснае паведамленне або разважанне пра твор;

– вызначаць узаемасувязь і ўзаемазалежнасць састаўных частак твора;

– самастойна ацэньваць вывучаныя творы з улікам іх мастацкай спецыфікі і абгрунтоўваць гэтую ацэнку;

– выкарыстоўваць вытрымкі з крытычных прац пры разглядзе творчасці пісьменніка ці пры аналізе літаратурнага твора;

– рыхтаваць вусны (або пісьмовы) разгорнуты адказ на праблемнае пытанне па вывучаным творы, карыстаючыся літаратуразнаўчымі крыніцамі;

– пісаць сачыненні на літаратурную тэму;

– рыхтаваць вусны і пісьмовы водгук і рэцэнзію на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаныя кінафільм, тэлеперадачу, спектакль;

– складаць план і канспект літаратурна-крытычнага артыкула;

– рыхтаваць даклад або рэферат на літаратурную тэму;

в а л о д а ц ь:

– навыкамі абагульнення і сістэматызацыі вывучанага, вылучэння галоўнага, істотнага, бачання своеасаблівага, адметнага пры параўнанні вывучаных твораў;

– навыкамі супастаўлення (на аснове асабістых уражанняў) літаратурнага твора з ілюстрацыямі да яго, а таксама з яго кіна- і тэлеэкранізацыямі;

– рознымі відамі літаратурна-творчай дзейнасці;

– навыкамі працы з навукова-крытычнай і даведачнай літаратурай па вызначанай тэме;

– уменнямі і навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, лагічнага і выразнага выказвання думак, дастатковым запасам маўленчых сродкаў.

4. 2. Патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў за перыяд навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

Вучань павінен в е д а ц ь:

– змест твораў, прадугледжаных для тэкстуальнага вывучэння, а таксама самастойна прачытаных твораў;

– біяграфіі, жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна;

– спецыфіку асноўных эстэтычных катэгорый – прыгожага, узвышанага, трагічнага, гераічнага, камічнага і інш., – неабходных для засваення духоўных, мастацка-эстэтычных каштоўнасцей твора;

– асаблівасці рамантычнага, рэалістычнага і мадэрнісцкага тыпаў мастацкай творчасці;

– асаблівасці асноўных родаў і жанраў літаратуры;

– асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да пачатку XXІ стагоддзя) у суаднясенні з развіццём сусветнай літаратуры;

– характэрныя асаблівасці эпохі, якая адлюстравалася ў творах, тыповае, канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў іх змесце;

– грамадзянскую пазіцыю аўтара, сувязь яго творчасці з эпохай, жыццём грамадства;

– мастацкую цэласнасць твора, функцыянальнае ідэйна-эстэтычнае значэнне ўсіх яго структурных кампанентаў (тэмы, ідэі, сюжэта, кампазіцыі, вобразаў, выяўленчых сродкаў мовы);

– змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэт і кампазіцыю вывучаных твораў, іх канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае значэнне;

– асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці (стыль, напрамак, мастацкі вобраз, літаратурны характар, літаратурны тып, лірычны герой, аўтар, задума твора, праблематыка, пафас, род, жанр, жанравая форма і інш. ), патрэбныя для ўспрымання, засваення, аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў;

– асноўныя жанравыя і стылявыя асаблівасці мастацкіх твораў, якія вывучаюцца тэкстуальна;

– тэксты, прапанаваныя для завучвання на памяць;

у м е ц ь:

– выразна чытаць мастацкія творы з улікам іх родавай і жанравай спецыфікі, выяўленага аўтарам пафасу ці настрою;

– успрымаць творы на эмацыянальна-вобразным узроўні ў адзінстве ідэйнага зместу і мастацкай формы;

– даваць самастойную ацэнку прачытаным творам і абгрунтоўваць яе;

– узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам;

– вызначаць асноўную праблематыку твора;

– выяўляць асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка;

– характарызаваць героя твора, супастаўляць герояў аднаго або некалькіх твораў;

– выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылявыя асаблівасці вывучаных твораў;

– выяўляць узаемасувязь структурных частак твора;

– суадносіць веды пра гістарычную эпоху з падзеямі, адлюстраванымі ў творы;

– суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі эпохамі і кірункамі сусветнага літаратурнага працэсу;

– пісаць сачыненні па вывучаных ці самастойна прачытаных мастацкіх творах;

– рыхтаваць рэферат і даклад з выкарыстаннем літаратуразнаўчых крыніц;

– пісаць рэцэнзію на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаны фільм, спектакль;

в а л о д а ц ь:

– навыкамі абагульнення, сістэматызацыі і супастаўлення вывучанага, выяўлення адметных рыс характару герояў, тыповага ў іх паводзінах, адносінах да жыцця;

– уменнямі і навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, лагічнага і выразнага выказвання думак, дастатков

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...