Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Дапаможнік па курсе. Для студэнтаў экалагічнага профілю. Прадмова. 1. Беларуская мова. Этапы станаўлення і развіцця
Стр 1 из 30Следующая ⇒ Установа адукацыі “МІЖНАРОДНЫ ДЗЯРЖАЎНЫ ЭКАЛАГІЧНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ ІМЯ А. Д. САХАРАВА” Т. І. Красоціна, К. У. Іванец БЕЛАРУСКАЯ МОВА. ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА Дапаможнік па курсе “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” для студэнтаў экалагічнага профілю Рэкамендавана вучэбна-метадычным аб’яднаннем вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь па экалагічнай адукацыі ў якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па ўсіх спецыяльнасцях Мінск 2012 УДК 811. 161. 3 (075. 8)
Рэцэнзенты: кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускай філалогіі БДТУ М. В. Трус; кандыдат педагагічных навук, дацэнт, рэктар прыватнай установы адукацыі “Жаночы інстытут ЭНВІЛА” В. В. Шахаб
Красоціна, Т. І. Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Дапаможнік па курсе «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» для студэнтаў экалагічнага профілю / Т. І. Красоціна, К. У. Іванец. – Мінск: МДЭУ імя А. Д. Сахарава, 2012. – 103 c. У дапаможніку сцісла пададзены тэарэтычны матэрыял па раздзелах: “Лексікалогія”, “Лексікаграфія”, “Тэрміналогія”, “Марфалогія”, “Сінтаксіс”, “Стылістыка”, “Культура прафесійнага маўлення”, прапануецца сістэма практыкаванняў і заданняў, надаецца ўвага засваенню тэрміналагічнай і спецыяльнай лексікі. Прызначаецца для студэнтаў экалагічнага профілю. Можа быць выкарыстаны студэнтамі іншых спецыяльнасцей.
ПРАДМОВА Дапаможнік “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” створаны на аснове тыпавой праграмы “Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў ”, згодна з якой асноўная ўвага звяртаецца на лексіку мовы паводле паходжання і сферы ўжывання, актыўную і пасіўную лексіку, асаблівасці навуковага і афіцыйна-справавога стыляў мовы, культуру маўлення. Матэрыялы, змешчаныя ў дапаможніку, разлічаны на замацаванне і паглыбленне ведаў па асноўных раздзелах беларускага мовазнаўства, на авалоданне навуковай тэрміналогіяй адпаведна выбранай прафесіі, уменне карыстацца тлумачальнымі, перакладнымі і спецыяльнымі слоўнікамі і адпаведнымі дапаможнікамі. З улікам таго што на Беларусі вялікі ўплыў мае інтэрферэнцыя, у выкладанні курса значная ўвага надаецца супастаўленню і выяўленню адрозненняў беларускай і рускай моў.
Матэрыял, змешчаны ў дапаможніку, сістэматызаваны па сямі раздзелах: “Лексікалогія”, “Лексікаграфія”, “Тэрміналогія”, “Марфалогія”, “Сінтаксіс”, “Стылістыка”, “Культура прафесійнага маўлення”. У практычную частку дапаможніка ўключаны тэксты для перакладу, а таксама кароткі руска-беларускі тэрміналагічны слоўнік, узоры справавых папер. Кожная тэма суправаджаецца невялікім граматычным матэрыялам, пасля якога ідуць заданні і практыкаванні, на базе якіх ажыццяўляюцца ўсе віды маўленчай дзейнасці. Матэрыялы практыкаванняў прафесійна арыентаваныя: грунтуюцца на прафесійнай лексіцы, галіновай і агульнанавуковай тэрміналогіі, спецыяльных тэкстах. Акцэнтуецца ўвага на тэрміналагізацыі часцін мовы. Розная ступень цяжкасці практычнага матэрыялу дае магчымасць выкарыстоўваць яго як пры групавым, так і індывідуальным навучанні студэнтаў. Пэўныя заданні дапамагаюць студэнтам набыць навыкі афармлення справавых папер і даведачна-бібліяграфічнага спісу навуковай літаратуры. 1. БЕЛАРУСКАЯ МОВА. ЭТАПЫ СТАНАЎЛЕННЯ І РАЗВІЦЦЯ Адметнай формай культуры народа з’яўляецца мова, у якой найперш выяўляецца духоўная самабытнасць пэўнай грамадскай супольнасці людзей. Як катэгорыя грамадская (або сацыяльная), яна з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства, тым падмуркам, на якім яно трымаецца. Беларуская мова з’яўляецца нацыянальнай мовай беларускага народа. У яе склад ўваходзіць літаратурная мова, тэрытарыяльныя (паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні) і сацыяльныя (моладзевы (студэнцкі) слэнг, жаргонная і аргатычная лексіка), дыялекты, прастамоўе, трасянка і рускамоўны нацыялект.
У эпоху фарміравання нацый адбываецца станаўленне адзінай літаратурнай мовы, якая пачынае абслугоўваць усе сферы пісьмовых і вусных зносін і паступова выцясняе астатнія разнавіднасці мовы. Распаўсюджваецца адзінае вуснае літаратурнае маўленне. Працэс пашырэння літаратурнай мовы асабліва паскараецца ў перыяды інтэнсіўнага сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця нацыі. Павышэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню, узрастанне ролі сродкаў масавай інфармацыі ствараюць спрыяльныя ўмовы для шырокага распаўсюджвання літаратурнай мовы сярод усіх прадстаўнікоў нацыі. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да звужэння ролі і функцый мясцовых гаворак і іншых разнавіднасцей нацыянальнай мовы. Асаблівасцю ўтварэння мовы беларускай нацыі было тое, што новая беларуская мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай – мовай беларускай народнасці – і складвалася на народна-гутарковай аснове. У пачатку ХХ ст. беларуская мова набыла ўсе правы і функцыі нацыянальнай мовы. Упершыню пасля некалькіх стагоддзяў перапынку яна пачала абслугоўваць усе сферы жыцця беларускай нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла развіццю самой беларускай нацыянальнай мовы, і ў першую чаргу яе літаратурнай формы. За кароткі час значна ўзбагаціўся слоўнікавы запас, развіліся функцыянальныя стылі, удасканаліўся граматычны лад, замацаваліся літаратурныя нормы, была створана навуковая тэрміналогія. На сучасным этапе беларуская нацыянальная мова паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная мастацкая літаратура, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навуковыя працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з'яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця.
Беларуская мова належыць да індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай моўнай групы і ўсходнеславянскай падгрупы. На працягу доўгага часу ўсходнеславянскія народнасці, у тым ліку і беларуская, карысталіся адной пісьмовай старажытнаўсходнеславянскай мовай. На гэтай мове створана даволі шмат рукапісных помнікаў (рэлігійных, справавых, мастацкіх). Найбольш вядомымі помнікамі таго часу з’яўляюцца “Слова пра паход Ігаравы”, “Аповесць мінулых часоў” і інш. З улікам наяўнасці пісьмовых помнікаў, што створаны на нашай зямлі, усю гісторыю беларускай літаратурнай мовы можна падзяліць на тры перыяды яе развіцця. Першы перыяд (X – XIV стст. ) – агульны для ўсіх усходніх славян. Гэта час існавання і развіцця старыжытнарускай літаратурнай мовы. Тады яшчэ не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі з’яўляюцца рукапіснымі; да нашага часу захавалася каля тысячы разнастайных рукапісаў гэтага перыяду. Другі перыяд існавання беларускай літаратурнай мовы (XIV – XVIII) – старажытнабеларускі. Мову гэтага часу прынята называць старабеларускай. Яна сфарміравалася на аснове ўсходнеславянскай літаратурнай мовы. Старабеларуская мова ў XVI ст. з’яўлялася дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім і выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах гаспадарчага і грамадскага жыцця, ва ўрадавых установах, судзе, школе, дыпламатычнай перапісцы. Самыя каштоўныя помнікі гэтага перыяду, створаныя на старабеларускай мове, – гэта Статуты ВКЛ, Літоўская метрыка, г. зн. архіў урадавай канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага (каля 600 тамоў), арыгінальныя паэтычныя тэксты Андрэя Рымшы, Сімяона Полацкага, публіцыстычныя тэксты (“Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча” і інш. ), летапісы (хроніка Быхаўца, Баркулабаўскі летапіс і інш. ). Асабліва важную ролю ў развіцці тагачаснай культуры адыграла кнігадрукаванне, заснавальнікам якога быў таленавіты вучоны і асветнік Францыск Скарына. Яго выдавецкая дзейнасць паслужыла пачаткам кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Вялікі ўклад у развіццё беларускай мовы ўнеслі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Але ўжо ў канцы XVI ст. пачынаецца актыўны працэс паланізацыі беларускага і ўкраінскага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Беларуская мова паступова страчвае сваю поліфункцыянальнасць. Забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 годзе і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі выклікалі вялікі разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы. Гэта быў заключны этап у працяглай гісторыі старажытнай беларускай літаратурнай мовы. Толькі беларуская народна-дыялектная мова па-ранейшаму жыла ў народзе, які нязменна карыстаўся родным словам і стварыў надзвычай багаты фальклор. Трэці перыяд развіцця беларускай літаратурнай мовы пачынаецца з XIX стагоддзя і доўжыцца па наш час. Гэта перыяд новай сучаснай літаратурнай мовы. У працэсе яе станаўлення галоўную ролю адыграла мастацкая літаратура. Узнікаюць вершаваныя беларускія творы “Тарас на Парнасе”, “Энеіда навыварат”, выходзяць першыя аўтарскія творы на беларускай мове А. Баршчэўскага, А. Рыпінскага, У. Сыракомлі, Я. Чачота. У іх творах можна было заўважыць ужо такія рысы, як аканне, яканне, дзеканне, цеканне і інш. У другой палове XIX ст. на беларускай мове ствараюцца гутаркі “Пра багацце і беднасць”, “Гутарка старога дзеда”, друкаваная газета “Мужыцкая праўда” К. Каліноўскага і інш.
На пачатку XX ст. падзеяй, што рашуча змяніла ўмовы культурнага развіцця народаў царскай Расіі, была рэвалюцыя 1905–1907 гг. Была знята забарона карыстацца беларускай мовай, друкаваць на ёй. У Пецярбургу ў гэты час дзейнічала беларускае таварыства (“суполка”) “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якое выдала 38 кніг агульным тыражом больш за 100 тысяч экзэмпляраў. Сярод іх “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі, “Жалейка” Янкі Купалы, “Абразкі” Змітрака Бядулі, ”Песні” Цішкі Гартнага і інш. Пачынаюць выходзіць легальныя беларускія газеты і часопісы (газеты: “Наша ніва”, “Наша доля”, “Беларус”, “Гоман” і інш., часопісы: “Лучынка”, “Крапіва” (сатырычны часопіс), “Саха” (сельскагаспадарчы часопіс), “Раніца” (студэнцкі часопіс) і інш. ). Побач з вершамі, апавяданнямі, афіцыйнымі паведамленнямі, сацыяльнымі публікацыямі і інш. друкуюцца публіцыстычныя выданні: нататкі, нарысы, хронікі, інфармацыйныя паведамленні, навукова-папулярныя артыкулы і рэцэнзіі. Новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы звязаны са стварэннем на пачатку 20-х гг. XX ст. беларускай дзяржавы. Беларуская мова стала мовай дзяржаўных і грамадскіх устаноў, мовай школы і навукі, мовай мастацкай літаратуры і перыядычнага друку, радыё і тэатра. Пачалося сістэматычнае і глыбокае даследаванне фанетыкі, лексікі, граматычнага ладу беларускай літаратурнай мовы. Таму паўстала пытанне сістэматызаваць і упарадкаваць яе правапісныя і лексіка-граматычныя нормы. Гэту задачу фактычна выканаў Браніслаў Тарашкевіч, які ў 1918 годзе выдаў “Беларускую граматыку для школ”. Аднак граматыка Б. Тарашкевіча не змагла дакладна вызначыць усе характэрныя рысы беларускай мовы і паслядоўна сфармуляваць іх у адпаведных граматычных правілах, адразу і канчаткова замацаваць граматычныя і арфаграфічныя нормы. Таму ў 20-я гады XX ст. разгарнулася шырокая дыскусія па пытаннях нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Для ўпарадкавання норм роднай мовы ў лістападзе 1926 года прайшла міжнародная акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
У 1933 годзе была прынята пастанова Савета Народных Камісараў БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, арыетаваная на законы арфаграфіі рускай мовы. З гэтага часу пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальна-выхааўчага працэсу ў школе. Паступова беларуская мова выцясняецца і з многіх іншых сфер грамадскага жыцця. Аднак праца па ўдасканаленні беларускай літаратурнай мовы працягвалася. У 1957 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”, праект якой быў абмеркаваны грамадскасцю. Звод правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, арфаграфічны слоўнік, граматыкі, розныя граматычныя даведнікі і лексікаграфічныя дапаможнікі, выдадзеныя з улікам гэтай пастановы, унеслі неабходную дакладнасць у правапіс слоў, урэгулявалі некаторыя ўзаемаадносіны паміж фанетычным і марфалагічным прынцыпамі беларускага правапісу. Канец 30-х гг. – 80-я гг. XX ст. – гэта этап, калі руская мова фактычна выконвала ролю дзяржаўнай, выцесніўшы беларускую мову, таму што займала дамінуючае становішча ў сферах грамадска-палітычнага, адміністрацыйнага і вытворчага жыцця, пераважала ў народнай адукацыі, рэспубліканскім друку. Але беларуская літаратурная мова ў гэты час захавалася і працягвала сваё далейшае развіццё дзякуючы намаганням многіх беларускіх мовазнаўцаў, паэтаў і пісьменнікаў, што стваралі свае творы розных мастацкіх жанраў на беларускай мове: паэзія (П. Броўка, П. Глебка, М. Танк, П. Панчанка, А. Куляшоў, Р. Барадулін інш. ), проза (М. Лынькоў, Я. Брыль, І. Мележ, У. Караткевіч, В. Быкаў, І. Шамякін, І. Навуменка, У. Арлоў і інш. ), драматургія (У. Галубок, К. Крапіва, А. Маўзон, А. Макаёнак, А. Дудараў і інш. ). У 1990 годзе быў прыняты Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, у адпаведнасці з якім беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай. Закон прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афіцыйна-дзелавога ўжытку, а таксама ў адукацыі. Але 14 мая 1995 года адбыўся першы агульнарэспубліканскі рэферэндум, дзе большая частка насельніцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе, г. зн. беларуская і руская мовы могуць раўнапраўна выкарыстоўвацца як дзяржаўныя ў розных сферах жыцця рэспублікі. Зыходзячы з апошняга перапісу насельніцтва роднай мовай беларускую 53, 2% насельніцтва краны, і дома на ёй размаўляе 23% насельніцтва. 23 ліпеня 2008 года Прэзідэнтам Рэспублікі беларусь быў падпісаны закон Рэспублікі Беларусь № 420-З “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктацыі”, які ўступіў у сілу з 1 верасня 2010 года.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|