2.3. Актыўная і пасіўная лекіка
2. 3. Актыўная і пасіўная лекіка Паводле ступені ўжывальнасці лексіка беларускай мовы падзяляецца на актыўную і пасіўную. Большасць слоў беларускай мовы адносіцца да актыўнай лексікі. Гэта словы агульнавядомыя і шырокаўжывальныя, пашыраныя як у вуснай, так і пісьмовай мове. Такіх слоў у беларускай мове большасць: бацька, сястра, чалавек, час, хлеб і інш. Пасіўную лексіку складаюць словы, якія носьбіты мовы ўжываюць рэдка. Яны маюць адценне ўстарэласці або навізны. Звязана гэта з пэўнымі працэсамі ў грамадстве, развіццём навукі, тэхнікі, культуры і мастацтва (валока, мануфактура, вакацыі, ланіты, біёніка, акрыл, аэраплан). Выдзяляюць наступныя віды пасіўнай лексікі: · гістарызмы – словы, што выйшлі з актыўнага ўжывання і сталі фактам «гісторыі»: фальварак, аброк, баярын; · архаізмы – словы, якія з’яўляюцца ўстарэлымі назвамі тых прадметаў і паняццяў, што існуюць у сучаснай рэчаіснасці, але абазначаюцца новымі словамі: аэраплан – самалёт, гута – шклозавод, раць – войска; · неалагізмы – гэта новыя словы ці новыя значэнні вядомых слоў, якія называюць новыя прадметы ці з’явы рэчаіснасці, што не страцілі адцення навізны: онлайн, смартфон, дрэскод, ф’юзар. Заданні 1. Выпішыце спачатку гістарызмы, затым архаізмы. Падбярыце да іх сучасныя адпаведнікі. Карыстайцеся тлумачальным слоўнікам беларускай мовы. Ураднік, рамёны, працадзень, чырвонаармеец, пасталы, каптур, дзіда, скрыжалі, кісцень, бранзалеты, лікбез, баярын, аброк, лемантар, магерка, атрамант, ланіты, валока, уста, тлумач, калчан, тартак, жупан, чало, дойлід, аканом, калітка, нэп, павятком, сеча, кварта. 2. Выпішыце неалагізмы, дайце іх тлумачэнне.
Стаханавец, эўкаліпт, біёніка, касмадром, рызаграфія, камп’ютар, галаграфія, асаднік, ваўчар, губерня, аўтабан, менталітэт, спадарожнік, мануфактура, акванаўт, аэраджып, маніторынг, маркетынг, дысплей, імідж, гала-канцэрт, іспыты, дызайн. 3. Прачытайце верш. Выпішыце ўстарэлыя словы, вызначце іх тып і функцыю ў тэксце. Якую функцыю выконваюць устарэлыя словы ў вершы. Слова Разбіваецца слова аб прастору, як птушка: пранік, церніца, прасніца, матавіла, барташка, апалушкі, пярэтычкі, дылі, білы, сявенькі… Колькі слоў паўмірала – Бабулек сівенькіх.
Данута Бічэль 3. ЛЕКСІКАГРАФІЯ Лексікаграфія — раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца тэорыя і практыка складання слоўнікаў. Задачамі лексікаграфіі з'яўляюцца вызначэнне тыпаў слоўнікаў і будовы слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова, размежаванне ў слоўніках амонімаў. Дзякуючы ўсебаковаму даследаванню слова як моўнай адзінкі магчыма складанне слоўнікаў. У слоўніках не толькі фіксуецца, сістэматызуецца і апісваецца лексіка беларускай мовы, але і замацоўваюцца літаратурныя нормы, што спрыяе павышэнню пісьменнасці і культуры маўлення. Слоўнік - гэта кніга, у якой фіксуюцца словы, пададзеныя ў алфавітным парадку; да слоў даюцца тыя ці іншыя тлумачэнні або пераклад на іншую мову. Слова, якое тлумачыцца ў слоўніку, называецца рэестравым словам. Рэестравае слова разам з усімі звесткамі пра яго складае слоўнікавы артыкул. Будова слоўнікавага артыкула вызначаецца тыпам слоўніка. Рэестравае слова падаецца ў слоўніках у пачатковай форме. Размяшчаюцца рэестравыя словы ў слоўніках у алфавітным або ў алфавітна-гнездавым парадку. Граматычная і стылістычная характарыстыкі слова даюцца шляхам выкарыстання розных памет. Да граматычных адносяцца паметы роду, назвы часцін мовы, паметы трывання, а таксама некаторыя іншыя паметы граматычнага характару. У стылістычную характарыстыку слова ўваходзяць паметы, якія паказваюць на абмежаванае выкарыстанне слоў: разм. (размоўнае), абл. (абласное), кніж. (кніжнае); на сферу выкарыстання. Тлумачэнне значэння слова ўдакладняецца ілюстрацыямі, якімі з'яўляюцца цытаты, узятыя з літаратурных крыніц. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу могуць выкарыстоўвацца таксама цытаты са старажытных помнікаў, дыялектныя запісы, прыказкі і інш. Ілюстрацыйны матэрыял залежыць ад тыпу слоўніка. У слоўніках размяжоўваюцца мнагазначныя словы і словы-амонімы. Значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле, кожнае значэнне пазначаецца арабскай лічбай і падаецца з чырвонага радка (акрамя першага). Словы-амонімы пазначаюцца надрадковай лічбай, якая ставіцца пасля слова, і падаюцца ў асобных слоўнікавых артыкулах.
У слоўніках беларускай мовы сістэматызуецца і апісваецца беларуская лексіка. Вылучаюцца дзве групы слоўнікаў — энцыклапедычныя і лінгвістычныя. Энцыклапедычныя слоўнікі падаюць кароткія звесткі па ўсіх ці асобных галінах навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і інш. Яны тлумачаць не словы, а самі паняцці, прадметы, з'явы, падзеі, расказваюць аб гістарычных асобах, выдатных дзеячах навукі, культуры. Загаловак слоўнікавага артыкула ў такіх даведніках — гэта назоўнік ці словазлучэнне з назоўнікам. Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць агульныя (універсальныя) і галіновыя. Да ўніверсальных належыць “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, у якой расказваецца пра чалавецтва і сусвет, пра мінулае і сучаснае Беларусі, апісваюцца яе гарады і вёскі, рэкі і азёры, раслінны і жывёльны свет. Да галіновых энцыклапедычных слоўнікаў адносяцца “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”. Энцыклапедычнымі даведнікамі з'яўляюцца і біяграфічныя слоўнікі, або персанальныя энцыклапедыі. Лінгвістычныя слоўнікі тлумачаць значэнне слова (фразеалагізма), вызначаюць яго ўжыванне, паходжанне, напісанне, вымаўленне, утварэнне, даюць яго граматычную і стылістычную характарыстыку. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. У залежнасці ад таго, якія словы ўключаюцца ў слоўнік і як яны тлумачацца, аднамоўныя слоўнікі падзяляюцца на тлумачальныя, дыялектныя, арфаграфічныя, арфаэпічныя, тэрміналагічныя, фразеалагічныя і інш. Двухмоўныя і шматмоўныя — гэта перакладныя слоўнікі, у якіх пры дапамозе слоў роднай мовы тлумачацца словы іншай ці іншых моў або наадварот — да беларускіх слоў падбіраюцца адпаведнікі з іншых моў. Перакладныя слоўнікі дапамагаюць пры перакладзе тэкстаў з адной мовы на другую. У тлумачальных слоўніках раскрываецца значэнне слова, даецца яго граматычная і стылістычная характарыстыка, адлюстроўваецца мнагазначнасць, аманімія, падаюцца фразеалагізмы з гэтым словам. Будова слоўнікавага артыкула наступная: загаловачнае слова з абазначэннем націску, далей ідзе граматычная і стылістычная памета, раскрыццё сэнсу слова, пасля, пры неабходнасці, — кароткія словазлучэнні ці сказы. У канцы слоўнікавага артыкула, пасля знака < >, змяшчаюцца фразеалагізмы і тэрміналагічныя словазлучэнні. Арфаграфічныя слоўнікі вызначаюць правільнае напісанне слоў, садзейнічаюць замацаванню ў пісьмовай практыцы асноўных нормаў беларускага правапісу, павышэнню культуры мовы. Арфаэпічныя слоўнікі адлюстроўваюць літаратурнае вымаўленне слоў і іх формаў.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|