Утварэнне, ужыванне i правапiс дзеепрыметнiкаў
Утварэнне, ужыванне i правапiс дзеепрыметнiкаў Дзеепрыметнiкi ўтвараюцца ад асноў дзеяслова. Дзеепрыметнiкi незалежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы iнфiнiтыва пры дапамозе суфiкса –л-: пажаўцець – пажаўцелы, зарасцi – зарослы. Непажадана ўжываць формы з суфiксамi –ўш-, -ш-: падросшы, парыжэўшы, паколькi яны супадаюць з аманiмiчнымi дзеепрыслоўямi: Праросшы парастак убiраўся ў сiлу. – Праросшы, парастак убiраўся ў сiлу. Дзеепрыметнiкi залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы iнфiнiтыва пераходных дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфiксаў: -н- -- пры аснове на а, я: апрацаваць – апрацаваны, засеяць – засеяны; -ен-, -ан- -- пры аснове на зычны i на галосныя i, ы, е: з’есцi – з’едзены, пазычыць – пазычаны, забялiць – забелены, дагледзець – дагледжаны; -т- -- пры аснове з аднаскладовай каранёвай марфемай: вылiць –вылiты, апрануць – апрануты. Нехарактэрны для беларускай мовы дзеепрыметнiкi незалежнага стану цяперашняга часу з суфiксамi –уч-, -юч-, -ач-, -яч-, а таксама дзеепрыметнiкi залежнага стану цяперашняга часу з суфiксамi –ем-, -iм-: кантралюючыя i кантралюемыя органы (трэба: кантрольныя i падкантрольныя органы). У беларускай мове адсутнiчаюць зваротныя дзеепрыметнiкi: нельга ўжываць формы тыпу развiваючыяся краiны, прагаладаўшыеся дзецi. Каб пазбегнуць непажаданых форм дзеепрыметнiкаў, трэба карыстацца: 1) ужывальнымi формамi дзеепрыметнiкаў: увядшие цветы – завялыя кветкi; 2) прыметнiкамi i назоўнiкамi: падающая звезда – знiчка, тоскующий взгляд – тужлiвы погляд; 3) дзеясловамi цi дзеепрыслоўямi: я не пьющий – я не п’ю; идущие люди смотрели в её сторону – iдучы, людзi глядзелi ў яе бок; 4) даданымi сказамi: одинокая свеча, горевшая на столе… --- адзiнокая свечка, якая гарэла на стале…
Утварэнне i правапiс дзеепрыслоўяў
Дзеепрыслоўi незакончанага трывання ўтвараюцца ад асноў цяперашняга часу дзеясловаў незакончанага трывання з дапамогай суфiксаў –учы, -ючы (калi дзеяслоў 1-га спражэння) i –ачы, -ячы (калi дзеяслоў 2-га спражэння): бягуць – бегучы, чытаюць – чытаючы, ляжаць – лежачы, стаяць – стоячы. Але: баяцца – баючыся, дрыжаць – дрыжучы, крычаць – крычучы, спаць – сплючы. Дзеепрыслоўi закончанага трывання ўтвараюцца ад асноў прошлага часу дзеясловаў закончанага трывання з дапамогай суфiксаў –ўшы (пры аснове на галосны ) i -шы (пры аснове на зычны ): сагнаў – сагнаўшы, апёк – апёкшы. Ад зваротных дзеясловаў утвараюцца зваротныя дзеепрыслоўi: мыюцца – мыючыся; памыўся – памыўшыся; вiтацца – вiтаючыся; павiтаўся – павiтаўшыся. Увага: дзеепрыслоўi, утвораныя ад дзеясловаў незакончанага трывання з дапамогай суфiксаў –ўшы, -шы: бегшы, мыўшы, касiўшы, лiчацца парушэннем лiтаратурнай нормы (трэба: бегучы, мыючы, косячы).
1. 2. 7 Асаблiвасцi дапасавання i кiравання ў беларускай мове
У словазлучэннях выразна выяўляецца нацыянальная спецыфiка мовы. Так, у беларускай мове дзеясловы са значэннем ветлiвасцi тыпу дзякаваць, выбачаць, дараваць утвараюць словазлучэннi з назоўнiкамi (займеннiкамi) у форме давальнага склону: выбачайце мне, дараваць сябру. Дзеясловы са значэннем руху тыпу iсцi, бегчы, плыць, а таксама волевыяўленчыя ( паслаць, адправiць, выправiць ) спалучаюцца з назоўнiкамi (займеннiкамi) у форме вiнавальнага склону з прыназоўнiкамi па, у (з назвамі грыбоў і ягад): пайсцi ў грыбы, паслаць па доктара. Дзеясловы са значэннем думкi, маўлення, пачуцця тыпу гаварыць, казаць, распытваць, разважаць, думаць, клапацiцца спаалучаюцца з назоўнiкамi (займеннiкамi) у форме вiнавальнага склону з прыназоўнiкам пра: думаць пра будучае, разважаць пра твор, клапацiцца пра дзяцей.
Дзеясловы тыпу смяяцца, жартаваць, рагатаць, насмiхацца, здзекавацца, кпiць кiруюць назоўнiкамi (займеннiкамi) роднага склону з прыназоўнiкам з: жартаваць з сябра, здзекавацца з палоннага. Дзеясловы хварэць, захварэць ужываюцца з назоўнiкамi вiнавальнага склону з прыназоўнiкам на: хварэць на грып, захварэць на адзёр. Дзеясловы ажанiць, ажанiцца ўжываюцца з назоўнiкамi (займеннiкамi) творнага склону з прыназоўнiкам з(са): ажанiцца з Вольгай, ажанiў сына з суседкай. Дзеясловы i аддзеяслоўныя назоўнiкi са значэннем пачуцця жалю, смутку, тугi кiруюць назоўнiкамi ў форме меснага склону з прыназоўнiкам па: сумаваць па школе, туга па радзiме. Дзеясловы i назоўнiкi са значэннем дзеяння ўжываюцца з назоўнiкамi меснага склону з прыназоўнiкам па: хадзiць па пакоi, вандроўка па гiстарычных мясцiнах. У беларускай мове шмат iншых спецыфiчных словазлучэнняў: пiсаць на адрас, вызначыць на смак, смуткаваць з прычыны, адрознiвацца значэннем, малы памерам, паводле закона, паехаць да брата, дом на два паверхi, стаяць ля (каля ) акна, некалькi разоў на тыдзень, на карысць каму, падобны да каго, не выканаць праз ляноту, загадчык аддзела, заляцацца да дзяўчыны, ехаць у млын, чытаць сам сабе, узяць шлюб, скасаваць шлюб, даглядаць дзіця i iнш.
Літаратура
1. Беларуская мова. Прафесійная лексіка: дапам. / А. М. Асіпчук, В. В. Маршэўская, А. С. Садоўская. – Гродна: ГрДУ, 2009. – 271 с. 2. Беларуская мова: юрыдычная лексіка: вучэб. дапам. для студэнтаў юрыдычных спецыяльнасцей устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі / Т. М. Смольская, Л. У Хрышчановіч. – Мн.: ТетраСистемс, 2006. – 240 с. 3. Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэбны дапаможнік / Д. В. Дзятко [і інш. ]; пад рэд. Д. В. Дзятко. – Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с. 4. Беларуская мова: прафесійная лексіка: Вучэбны дапаможнік / Даўтар. -склад. А. В. Катэнка. – Мн. : Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2004. – 104 с. 5. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: зацверджаны Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. № 420-З. – Мінск: Дыкта, 2009. – 160 с. 1. 3 ЛЕКСІЧНАЯ СІСТЭМА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ
1. 3. 1 Слова і яго лексічнае значэнне
Слова – найменшая сэнсавая адзiнка мовы, гук або комплекс гукаў, якi мае значэнне i называе паняцце: сум –тужлiвы, маркотны настрой, сом – вялiкая драпежная рыба з вусамi, сым –спалучэнне гукаў, якое не мае сэнсу, таму яго нельга назваць словам. Змест слова складае яго лексiчнае значэнне, г. зн. суаднесенасць слова з адпаведным паняццем, з’явай рэчаiснасцi. Слова з адным лексiчным значэннем называецца адназначным, з двума i больш – мнагазначным: загаловак – назва кнiгi, часопiса, артыкула; задача – 1) заданне, якое рашаецца шляхам вылiчэнняў, захоўваючы пэўныя ўмовы; 2) тое, што неаходна выканаць, зрабiць; 3) мэта, якой хочуць дасягнуць. Лексiчнае значэнне можа быць нематываваным (адвольным): нос, кнiга i матываваным (усведамляецца пры ўдзеле iншага слова): вятрак, гарлачык, пiва. Словы могуць ужывацца ў прамым i пераносным значэннях. Пераноснае значэнне ўзнiкае на аснове прамога, калi падабенства або блiзкасць прадметаў, з’яў i дзеянняў дазваляюць супастаўляць, параўноўваць iх: чорны колер – чорныя думкi, залатыя завушнiцы – залатыя валасы, хвост яшчаркi – хвост калоны, пачаўся дыктант – праверыў дыктант, Рудольф Дызель – магутны дызель, лiмон (дрэўца) i лiмон (плод).
1. 3. 2 Класіфікацыя лексікі па паходжанні Спрадвечная лексiка беларускай мовы ўключае агульнаславянскiя словы (лiпа, хмель, галава, ткаць, дзесяць), усходнеславянскiя (жаваранак, кошка, дзядзька, пляменнiк, дзевяноста), уласнабеларускiя (дрыгва, сумёт, калiва, ветразь). Сярод запазычаных слоў адрознiваюць: 1) iншамоўныя словы, якiя поўнасцю асвоены беларускай мовай i абазначаюць паняццi нашага жыцця: цукар, бурштын, лiмон, студэнт, аўтобус; 2) iншамоўныя словы, якiя поўнасцю асвоены беларускай мовай, але абазначаюць паняццi з жыцця iншых народаў (экзатызмы): вiгвам, iглу, сакля, фрау, паранджа; 3) iншамоўныя словы, якiя зусiм не асвоены беларускай мовай (варварызмы): акей, хэлоў, хенде хох, адзьё, персона грата; 4) iнтэрнацыянальныя словы: атам, вектар, бактэрыя, вiрус, дэмакратыя, эвалюцыя.
1. 3. 3 Класіфікацыя лексікі па ўжыванні
Слоўнiкавы склад мовы характарызуецца не толькi колькасцю слоў, але i шырынёй iх выкарыстання. Аснову мовы складаюць агульнаўжывальныя, усiм добра вядомыя словы, якiя ўваходзяць у лексiкон кожнага чалавека: дзiця, бяроза, праца, радасць. У процiлегласць iм iснуюць словы, якiмi карыстаюцца не ўсе, а толькi некаторыя носьбiты мовы, якiя жывуць у межах пэўнай тэрыторыi або ўтвараюць замкнутую сацыяльную цi прафесiйную групу. Такiя словы складаюць лексiку абмежаванага ўжывання. Сюды ўключаюць: 1) дыялектныя словы, ужыванне якiх абмежавана пэўнай тэрыторыяй: картопля (бульба), рамон (рамонак), юргiня (вяргiня), матацыкла (матацыкал), лiсапета (веласiпед); 2) спецыяльныя словы, якiя падзяляюцца на а) тэрмiны (абазначаюць навуковыя i тэхнiчныя паняццi, служаць сродкам iх лагiчнага азначэння): паралель, мерыдыян, атам, малекула, адвакат, следчы, пракурор; б) прафесiяналiзмы (ужываюцца ў гутарковай мове людзей пэўных прафесiй як паўафiцыйныя назвы з мэтай больш дэталёвай дыферэнцыяцыi асобных прадметаў i паняццяў, якiя ў агульнанароднай мове не дэталiзуюцца i не дыферэнцыруюцца): шапка (загаловак), лапкi (двукоссе), майна (уверх), вiра (унiз); 3) жарганiзмы (словы, якiмi карыстаюцца пэўныя сацыяльныя групы людзей у вуснай гутарковай мове замест агульнаўжывальных слоў): хвост (запазычанасць), шпора (шпаргалка), майданшчык (злодзей, якi крадзе ў цягнiках). У мове iснуюць два пласты слоў – актыўныя ва ўжытку, здольныя абслугоўваць усе сферы дзейнасцi людзей, i словы малаўжывальныя, якiя належаць да пасiўнай лексiкi. У залежнасцi ад прычын, якiя выклiкалi пераход слоў у пасiўны лексiкон, вылучаюць архаiзмы i гiстарызмы. Архаiзмы – гэта ўстарэлыя назвы такiх прадметаў, з’яў i паняццяў, якiя iснуюць i ў наш час, але для iх абазначэння выкарыстоўваюцца iншыя словы: лемантар – буквар, атрамант – чарнiла, вуглякоп – шахцёр. Гiстарызмы – гэта назвы такiх прадметаў, з’яў i паняццяў, якiя перасталi iснаваць на тым цi iншым этапе гiсторыi беларускага народа: земства, батрак, рэкрут, аршын, фунт, лапцi, андарак. У склад пасiўнага слоўнiка ўваходзяць i словы, якiя яшчэ не набылi агульнай вядомасцi i дастаткова шырокага выкарыстання – неалагiзмы: капірайтар, гаджэт, iмiдж, аўдытар, брокер.
1. 3. 4 Сінонімы, дублеты, варыянты, антонімы, амонімы, паронімы
Амонiмы – словы аднолькага гукавога складу, якiя не маюць нiчога агульнага ў семантыцы: корт – тканiна i корт – пляцоўка для гульнi. Адрознiваюць амонiмы: 1)лексiчныя (словы адной i той жа часцiны мовы, якiя супадаюць у гучаннi i напiсаннi, але адрознiваюцца значэннем): гасцiнец – падарунак i гасцiнец – дарога; 2) фанетычныя (аднолькава гучаць, але па-рознаму пiшуцца): казка – каска, грып – грыб; 3) графiчныя (аднолькава пiшуцца, але па-рознаму гучаць): к а са –кас а, пр ы клад – прыкл а д; 4) марфалагiчныя (словы розных часцiн мовы, якiя супадаюць у асобных граматычных формах): лiпкi (назоўнiк) i лiпкi (рпыметнiк); 5) мiжмоўныя (словы блiзкароднасных моў): дыван (бел. ) – ковёр (руск. ), диван (руск. ) – канапа (бел. ); час (бел. ) – время (руск. ), час (руск. ) –гадзiна (бел. ).
Сiнонiмы – блiзкiя значэннем словы, якiя па-рознаму гучаць i пiшуцца: думаць, меркаваць, разважаць, мыслiць. Вылучаюць сiнонiмы: 1) семантычныя (адрознiваюцца адценнем значэння): педагог, настаўнiк, выкладчык; 2) стылiстычныя (адрознiваюцца сферай ужывання): вандроўнiк (нейтр. ) i пiлiгрым (кнiжн., уст. ); 3) семантыка-стылiстычныя (адрознiваюцца i адценнем значэння, i сферай ужывання): пiсаць – крэмзаць, крычаць – галёкаць. Дублеты – аднолькавыя значэннем словы: крумкач – груган, экспарт – вываз, адвакат – абаронца. Варыянты – словы, якiя маюць адно лексiчнае значэнне, але адрознiваюцца асобнымi лiтарамi, марфемамi, граматычнымi формамi, нацiскам: рэформенны –рэформавы, фiнансаваць – фiнансiраваць. Паронiмы – словы, якiя маюць блiзкае гучанне, але адрознiваюцца значэннем: квадрат (роўнастароннi прамавугольнiк) i квадрант (чацвёртая частка круга); эканомiка (стан народнай гаспадаркi) i эканомiя (ашчаднасць, беражлiвасць). Антонiмы – словы, якiя абазначаюць лагiчна процiлеглыя, але суадносныя паняццi: купiць – прадаць, пачынаць – заканчваць, святло – цемра, багаты – бедны, справа – злева. Адрознiваюць аднакаранёвыя антонiмы: праўда – няпраўда, надводны – падводны i рознакаранёвыя: праўда – хлусня, радасны – сумны, дэмакратычны – рэакцыйны.
1. 3. 5 Тэрмін і тэрміналогія
Тэрмiн – гэта спецыяльнае слова цi спалучэнне слоў, створанае (прынятае, запазычанае) для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў i абазначэння спецыяльных прадметаў: анексiя – гвалтоўнае далучэнне (захоп) дзяржавай тэрыторыi iншай дзяржавы або народнасцi, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасцi ў межах чужой дзяржавы; анклаў – частка тэрыторыi адной дзяржавы, якая цалкам абкружана сухапутнай тэрыторыяй iншай дзяржавы або некалькiх iншых дзяржаў; ананiмнае пiсьмо – пiсьмо, аўтар якога невядомы; нагляд – адна з форм дзейнасцi дзяржаўных праваахоўных органаў па выкананнi законнасцi. Тэрмiналогiя – 1) сукупнасць тэрмiнаў адной галiны ведаў (адной навукi цi навуковага накiрунку), якая адлюстроўвае адпаведную сукупнасць паняццяў: медыцынская тэрмiналогiя, спартыўная тэрмiналогiя, юрыдычная тэрмiналогiя; 2) сукупнасць усiх тэрмiнаў адной мовы: тэрмiналогiя беларускай мовы, тэрмiналогiя рускай мовы; 3) навука пра тэрмiны (тэрмiназнаўства). Тэрмiналогiю разглядаюць як сукупнасць тэрмiнаў, якая склалася стыхiйна i адлюстроўвае гiстарычна сфарміраваныя паняццi якой-небудзь галiны навукi цi тэхнiкi, наогул – спецыяльнай сферы дзейнасцi чалавека. Тэрмiнасiстэма – упарадкаванаясукупнасць тэрмiнаў, якiя адэкватна выражаюць сiстэму паняццяў тэорыi, што апiсвае некаторую спецыяльную сферу ведаў цi дзейнасцi чалавека.
1. 3. 6 Спецыфіка тэрмінаў
Асаблiвасць тэрмiнаў заключаецца ў тым, што значэнне звычайнага слова можа быць растлумачана, а значэнне, сутнасць тэрмiна павiнна быць вызначана: пакаранне – мера ўздзеяння за зробленае злачынства, правiннасць; кара (ТСБМ, т. 3, с. 610) i пакаранне – прадугледжаная крымiнальным законам мера дзяржаўнага прымусу, якая ўжываецца судом ад iмя дзяржавы да асобы, вiнаватай ва ўчыненнi злачынства, выказвае адмоўную ацэнку злачынцу i яго дзеянням i прычыняе асуджанаму пэўныя страты i абмежаваннi з мэтай яго выпраўлення i перавыхавання, прадухiлення ўчынення новых злачынстваў як асуджаным, так i iншымi асобамi (ЮЭС, с. 371). Асноўная прыкмета тэрміна – дэфініцыя. Дэфініцыі бываюць наступных відаў: – пераліковыя – азначэнне тэрміна пры дапамозе пераліку асоб, дзеянняў і г. д. Напрыклад: вандалізм – апаганьванне будынкаў, псаванне маёмасці на грамадскім траспарце ці ў іншых грамадскіх месцах; – апісальныя. Напрыклад: адміністрацыйным правапарушэннем (учынкам) прызнаецца проціпраўнае, вінаватае (наўмаснае ці неасцярожнае) дзеянне або бяздзеянне, якое робіць замах на дзяржаўны ці грамадскі парадак, правы і свабоды грамадзян, на ўсталяваны парадак кіравання, за якое заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць; – рода-відавыя. Напрыклад: намер – адна з формаў віны. Функцыянальнае прызначэнне тэрмiна – коратка, дакладна i адназначна выражаць навуковае паняцце, служыць сродкам яго атаясамлiвання i адрознiвання ў спецыяльным ужываннi. Для паспяховай рэалiзацыi гэтай функцыi тэрмiн, якi ўяўляе сабой адзiнства формы i зместу, павiнен задавальняць некаторым важным патрабаванням: 1) адэкватнасць: змест паняцця, якое абазначана тэрмiнам, павiнен адпавядаць сучасным навуковым ведам пра адпаведны аб’ект; 2) дакладнасць: змест i аб’ём тэрмiнуемага паняцця павiнны строга адрознiвацца ад iншых паняццяў у дадзенай мiкрасiстэме; гукавы комплекс тэрмiна не павiнен утрымлiваць элементаў, якiя могуць няправiльна арыентаваць у адносiнах зместу i аб’ёму тэрмiнуемага паняцця; 3) адназначнасць (монасемiя): любы гукавы комплекс павiнен быць замацаваны толькi за адным паняццем, полiсемiя тэрмiна – з’ява недапушчальная; 4) адзiнааформленасць: паняцце павiнна выражацца адным гукавым комплексам, полiнайменнасць – з’ява збыткоўная. Акрамя гэтага, да тэрмiнаў прад’яўляюцца дадатковыя патрабаваннi: 1) адны i тыя ж прыкметы паняццяў павiнны выражацца ў розных тэрмiнах аднымi i тымi ж моўнымi знакамi (словамi, тэрмiнаэлементамi); 2) гукавыя комплексы, што выражаюць аднатыпныя паняццi, павiнны будавацца па адной i той жа структурна-семантычнай мадэлi. Iнакш кажучы, тэрмiны, звязаныя на ўзроўнi паняццяў, павiнны быць звязаны i структурна, словаўтваральна. Пры строгiм i паслядоўным выкананнi пералiчаных патрабаванняў да тэрмiна выразна праявiцца важнейшая ўласцiвасць – займаць пэўнае, строга акрэсленае месца ў тэрмiнасiстэме. Кожны тэрмiн з’яўляецца адзiнкай пэўнай тэрмiнасiстэмы, абмежаванай адной галiной навукi. Тэрмiны ў межах пэўнай сiстэмы – члены адной сям’i. Яны залежаць адзiн ад аднаго, кожны мае сваё месца. Тэрмiн выяўляе сваю адназначнасць i атрымлiвае яе менавiта праз прыналежнасць сваю да дадзенай сiстэмы: канстытуцыя – асноўны закон дзяржавы, якi мае вышэйшую юрыдычную сiлу i вызначае грамадскi дзяржаўны лад, выбарчую сiстэму, прынцыпы арганiзацыi i дзейнасцi дзяржаўных органаў i асноўныя правы i абавязкi грамадзян (юрыдычны тэрмiн) i канстытуцыя – будова арганiзма, склад цела (медыцынскi тэрмiн). Мнагазначнасць як з’ява, шырока прадстаўленая ў агульнай лексiцы, знаходзiць сваё пашырэнне i ў тэрмiналогii: адтэрмiнаваць – 1)вызначыць тэрмiн на больш познi час; 2) працягнуць тэрмiн; апiсаць – 1) зрабiць апiсанне чаго-небудзь; 2) завяшчаць; мемарандум – 1) дыпламатычны дакумент, у якiм дэталёва выкладаецца сутнасць якога-небудзь пытання; 2) у гандлёвых адносiнах пiсьмо з напамiнам аб чым-небудзь; 3) дакладная запiска або тлумачальная пiсьмовая даведка якой-небудзь установы; 4) пералiк у полiсах (асаблiва марскiх) небяспек, страхаванне ад якiх не прымаецца. Тэрмiны могуць мець дублеты, варыянты, уступаць у антанiмiчныя i нават аманiмiчныя адносiны. Тэрмiны-дублеты – адзiнкi, якiя поўнасцю супадаюць у значэннi i ўжываннi, вызначаюцца гранiчнай семантычнай раўназначнасцю. У структурным плане вылучаюцца тры вiды дублетных адносiн: 1)дублетнасць слоў: даходы – дывiдэнты; няўстойка – штраф; адвакат – абаронца, пракурор – абвiнаваўца; 2) дублетнасць слоў i словазлучэнняў: чартэр – дагавор фрахтавання; апатрыды – асобы без грамадзянства; 3) дублетнасць словазлучэнняў: рэгрэсiўны iск – адваротнае патрабаванне; квалiфiкаванае злачынства – квалiфiкаваны вiд злачынства. Дублеты ўзнiкаюць пры паралельным выкарыстаннi: 1) двух iншамоўных тэрмiнаў: фундатар – спонсар; кадзiраванне – шыфраванне; цана – тарыф; кантралёр – рэвiзор –аудытар; 2) iншамоўнага i ўласнага тэрмiна: экспарт – вываз; iмпарт – увоз; правазнаўства – юрыспрудэнцыя; абавязацельства – гарантыя; 3) аднаслоўнага тэрмiна i апiсальнай назвы: чартэр – дагавор фрахтавання; цэсiя – уступка патрабавання; 4) поўнай назвы i яе кароткага варыянта: дзяржаўны стандарт – дзяржстандарт; крыптаграфiчны дакумент – крыптаграма; ваенкамат – ваенны камiсарыят; МУС – Мiнiстэрства ўнутраных спраў. Тэрмiны-варыянты – разнавiднасцi таго самага тэрмiна, якiя адрознiваюцца памiж сабой фанетычнымi цi словаўтваральнымi элементамi, сродкамi выражэння граматычных адносiн, але не маюць нiякiх семантычных адценняў i поўнасцю супадаюць сваiм значэннем: рэкламаваць – рэкламiраваць; рынкавы – рыначны. Тэрмiны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняццi. У кожнай галiне навукi, тэхнiкi выдзяляюцца антонiмы: вага брута – вага нета; адпраўнiк – атрымальнiк; актыў – пасiў; дэ-юрэ – дэ-факта. Антонiмы ў тэрмiналогii падзяляюцца на лексiчныя i словаўтваральныя. Лексiчныя антонiмы – гэта рознакаранёвыя словы з процiлеглым значэннем: адвакат – пракурор; злачынства – пакаранне; знешнi – унутраны. Словаўтваральныя антонiмы – гэта словы з супрацьлеглымi афiксамi цi антанiмiчнымi часткамi слоў: парны – няпарны; законны – незаконны; уваход – выхад, камерцыйны – некамерцыйны; увоз – вываз. Сярод тэрмiнаў-амонiмаў адрознiваюць мiжгалiновыя i мiжсiстэмныя. Мiжгалiновыя амонiмы – гэта тэрмiны, якiя ўваходзяць у розныя тэрмiнасiстэмы, маюць аднолькавае фанетычнае афармленне, але абазначаюць розныя паняццi: канстытуцыя – асноўны закон дзяржавы, якi мае вышэйшую юрыдычную сiлу i вызначае грамадскi дзяржаўны лад, выбарчую сiстэму, прынцыпы арганiзацыi i дзейнасцi дзяржаўных органаў i асноўныя правы i абавязкi грамадзян (юрыдычны тэрмiн) i канстытуцыя – будова арганiзма, склад цела (медыцынскi тэрмiн); навела – закон, які дапаўняе або часткова замяняе дзеючыя кодэксы законаў (юрыдычны тэрмiн) і навела – кароткая аповесць ці апавяданне звычайна пра якую-небудзь адну падзею з нечаканым фіналам (літаратуразнаўчы тэрмін). Мiжсiстэмныя амонiмы ўзнiкаюць у тых выпадках, калi адно i тое ж слова з блiжэйшым значэннем уваходзiць у сiстэму агульналiтаратурнай лексiкi, а з аддаленым значэннем – у тэрмiнасiстэму: прагал – незарослае дрэвамi месца ў лесе; палянка; голае, пазбаўленае покрыву месца на якой-небудзь паверхнi (агульнаўжывальнае слова) i прагал – сiтуацыя, калi грамадскiя адносiны, што ўваходзяць у сферу прававога рэгулявання, застаюцца неўрэгуляванымi канкрэтнымi нормамi права (юрыдычны тэрмiн).
1. 3. 7 Утварэнне тэрмінаў
Тэрмiны, як i звычайныя словы лiтаратурнай мовы, утвараюцца паводле законаў i на аснове законаў лiтаратурнай мовы. Аднак утварэнне тэрмiнаў мае i свае асаблiвасцi: 1) тэрмiны ствараюцца як найменнi паняццяў, звязаных з вузкай галiной i прызначаных служыць сродкам зносiн прафесiяналаў, а звычайныя словы ствараюцца для патрэб усяго грамадства; 2) тэрмiны заўсёды ўтвараюцца свядома, яны не з’яўляюцца, а прыдумваюцца, ствараюцца па меры ўсведамлення iх неабходнасцi; 3) кожны новы тэрмiн фiксуецца ў навуковых працах, слоўнiках; 4) тэрмiн патрабуе дэфiнiцыi (азначэння). Вылучаюць некалькi спосабаў утварэння тэрмiнаў: 1) сiнтаксiчны – утварэнне тэрмiнаў шляхам пабудовы рознага тыпу спалучэнняў: судовы працэс, ахова грамадскага парадку, нядбайнае захоўванне агнястрэльнай зброi; 2) марфалагiчны, у якiм адрознiваюць: а) суфiксальны: патрыятызм, законны, арбiтражны; б) прыставачны: антыкарупцыйны, незаконны; в) прыставачна-суфiксальны: падсудны, падзаконны; г) бяссуфiксны: арышт, захоп; д) аснова- i словаскладанне: землекарыстанне, праваахова; е) складана-суфiксальны: аднаразовы, аднагалосна, высокааплатны; ё) складанаскарочаны: ЗАЦС, ДАI, зарплата, дзяржбанк. Шырока выкарыстоўваюцца складаныя тэрміны са звязанымі кампанентамі, запазычанымі з а) грэчаскай мовы: логія- (крыміналогія); нама- (ад nomos – закон) – (намаканон –зборнік царкоўных канонаў і грамадзянскіх законаў, якія датычылі быту і сямейнага права Візантыйскай імперыі); нарка- (наркаманія); такса- (ад toksikon – яд) – (таксікаманія); графа- (графалогія); полі (палігамія); клепта (клептаманія); дактыла- (дактыласкапія); б) лацінскай мовы: авія-, аква-, вібра-, мілі-, мульты-, санты-, уні-, -фікацыя, -цыд: авіякампанія, акваторыя, віброграф, міліметр, мультуплекс, сантыграм, уніфікацыя, суіцыд; 3) семантычны – за кошт пераасэнсавання значэння агульналiтаратурнага слова: жалезны лiст, прагалы; 4) запазычанне тэрмiнаў з iншых моў: аўдытар, аўкцыён, абалiцыя (з лац. ), апатрыды, аналогiя (з грэч. ), бартар, маркетынг, кантэйнер (з англ. ), валюта, вэксаль, штраф (з ням. ), акцыя, бензiн, бетон, купюра (з фр. ), банк, мафiя, фiрма (з iт. ); 5) выкарыстанне агульналiтаратурных слоў у якасцi тэрмiнаў без змены iх значэння: муж, жонка, дзецi (юрыд. ).
1. 3. 8 Лексiка-граматычная і генетычная характарыстыка тэрмiнаў
Тэрмiны паводле будовы суадносяцца са словамi i словазлучэннямi. Тэрмiны-словы прадстаўлены: 1) назоўнiкамi: допыт, закон, следчы; 2) прыметнiкамi (як правiла, у спалучэннi з назоўнiкам): крымiнальны, судовы, працэсуальны; 3) дзеясловамi: вызначаць, кампенсаваць, судзiць; 4) прыслоўямi (рэдка): дакладна, беражлiва, ашчадна, рэгрэсiўна. Тэрмiны-словазлучэннi надзвычай шырока прадстаўлены ва ўсiх галiнах навукi i тэхнiкi. Сярод iх вылучаюцца свабодныя i несвабодныя словазлучэннi. У тэрмiнах са свабодным спалучэннем слоў кожны кампанент па-за тэрмiнам можа ўступаць у сувязь з iншымi словамi: цывiльнае права, крымiнальнае права, канстытуцыйнае права. У несвабодных словазлучэннях можна выдзелiць кампанент, якi iзалявана можа i не быць тэрмiнам: бацькоўская фiрма, джэнтльменскае пагадненне. Тэрмiны-словазлучэннi бываюць двухкампанентныя: судовы працэс, адклiканне суддзяў, дэпутацкая недатыкальнасць, дагавор перавозкi; трох-, чатырох-, пяцiкампанентныя: абмен жылымi памяшканнямi; марская арбiтражная камiсiя; акты органаў дзяржаўнага кiравання; незаконны выраб, збыт i захоўванне спiртных напiткаў. Адрознiваюць прыназоўнiкавыя i беспрыназоўнiкавыя словазлучэннi: падатак на зямлю; папраўчыя работы без пазбаўлення волi; абскарджанне дзеянняў службовых асоб; звычаёвае права. Тэрмiналагiчная лексiка паводле паходжання падзяляецца на ўласную i iншамоўную. Уласныя тэрмiны ўключаюць 1) агульнаўжывальныя словы, якiя сталi тэрмiнамi ў вынiку працэсу тэрмiналагiзацыi: прагалы, справа, скарб; 2) вытворныя тэрмiны, цi дэрываты: дагавор, адтэрмiноўка, калегiяльнасць; 3) агульнаўжывальныя словы – яны ж тэрмiны: мацi, бацька, бабуля. Iншамоўныя тэрмiны запазычваюцца з розных моў: лацiнскай: арандатар, калегiя; грэчаскай: апатрыды, аналогiя; англiйскай: прэсiнг, чартар; нямецкай: апцыён, штраф; французскай: акцыя, купюра; iтальянскай: мафiя, банк.
Літаратура
1. Беларуская мова. Прафесійная лексіка: дапам. / А. М. Асіпчук, В. В. Маршэўская, А. С. Садоўская. – Гродна: ГрДУ, 2009. – 271 с. 2. Беларуская мова: юрыдычная лексіка: вучэб. дапам. для студэнтаў юрыдычных спецыяльнасцей устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі / Т. М. Смольская, Л. У Хрышчановіч. – Мн.: ТетраСистемс, 2006. – 240 с. 3. Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэбны дапаможнік / Д. В. Дзятко [і інш. ]; пад рэд. Д. В. Дзятко. – Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с. 4. Беларуская мова: прафесійная лексіка: Вучэбны дапаможнік / Даўтар. -склад. А. В. Катэнка. – Мн. : Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2004. – 104 с.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|