1. 7 культура прафесійнага маўлення
⇐ ПредыдущаяСтр 18 из 18 1. 7 КУЛЬТУРА ПРАФЕСІЙНАГА МАЎЛЕННЯ 1. 7. 1 Паняцце культуры маўлення. Камунікатыўныя якасці маўлення Тэрмін «культура маўлення» азначае якасць маўлення і навуку аб якасці маўлення. Асноўнымі кампанентамі культуры маўлення з’яўляюцца правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня, выразнасць, дарэчнасць. Правільнасць маўлення прадугледжвае захоўванне носьбітамі мовы літаратурнай нормы, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж тымі, хто вядзе гаворку. Правільнасць маўлення цесна звязана з такім паняццем як «норма». Дакладнасць маўлення заключаецца ў адпаведнасці сэнсу слоў, выказванняў рэаліям, сітуацыям ці ў выкарыстанні пэўных слоў з пэўнымі, уласцівымі ім значэннямі, якія зафіксаваны ў слоўніках, лінгвістычных даведніках. Дакладнасць маўлення цесна звязана з лексічнай нормай, што рэгулюе правільнасць выбару слова (слоў) для пэўнага кантэксту. Дакладнасць прафесійнага маўлення абумоўлена такімі фактарамі, як валоданне сінанімічным багаццем беларускай мовы, уменне размяжоўваць паронімы, амонімы, а таксама дыферэнцыраваць значэнні мнагазначных слоў. Лагічнасць маўлення прадугледжвае пабудову несупярэчлівага, паслядоўнага выказвання, у якім асобныя часткі лагічна звязаны паміж сабой. Дарэчнасць маўлення ўвасабляе адметны выбар моўных сродкаў у адпаведнасці з тэмай, сітуацыяй, мэтай выказвання, стылем, умовамі праяўлення маўленчай дзейнасці і г. д. Выразнасць маўлення вызначаецца і дасягаецца найперш праз якаснае ўжыванне моўных сродкаў (наяўнасць трапных сінонімаў, параўнанняў, метафар, перыфраз і іншых вобразна-выяўленчых элементаў, што дапамагаюць зацікавіць слухачоў, даць ацэнку, павысіць узровень успрымання інфармацыі).
Чысціня вызначае мэтазгоднасць увядзення ва ўжытак асобных лексічных адзінак, што маюць абмежавануюсферу рэалізацыі (дыялектызмы, жарганізмы, прастамоўныя лексемы), або адносяццада слоў, выкарыстанне якіх у беларускай мове непажадана (русізмы, паразітычныя гукі і словы, запазычанні тыпу чао, о’кей і інш). Багацце маўлення выяўляецца ў разнастайнасці выкарыстання моўных сродкаў і ў адсутнасці ці вельмі рэдкім паўтарэнні адных і тых жа слоў ці выразаў. 1. 7. 2 Тэхніка і выразнасць вуснага маўлення Тэхніка маўлення – сукупнасць навыкаў і прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца з мэтай дасягнення найлепшага гучання маўлення і дазваляюць прамоўцу з максімальнай эфектыўнасцю ўздзейнічаць на слухача. Тэхніка маўлення ўключае: правільнае маўленчае дыханне; пастаўлены голас; добрую дыкцыю, інтанацыю; выразнае вымаўленне (артыкуляцыю). Авалоданне правільнай тэхнікай маўлення дазваляе прамоўцу не адчуваць стомленасці пры шматгадзіннай нагрузцы на маўленчы апарат, наладжваць максімальны кантакт са слухачамі, дабівацца высаякаснага маўлення. Выразнасць вуснага маўлення – якасць, якая дазваляе з дапамогай галасавых сродкаў надаць выказванню дадатковую сэнсавую і эмацыянальную афарбоўку. Падчас прафесійна-камунікатыўных кантактаў выкарыстоўваюцца вербальныя (слоўныя, моўныя) і невербальныя (нямоўныя) сродкі зносін. Да невербальных сродкаў уздзеяння адносяцца: міміка, жэсты, манеры, поза. 1. 7. 3 Падрыхтоўка да публічнага выступлення Публічнае маўленне – гэта вуснае выступленне перад масавым слухачом; від кантактаў, сувязей з іншымі людзьмі, які ўяўляе сабой працэс перадачы і прыёму інфармацыі. Да асноўных фактараў паспяховага публічнага выступлення адносяцца: выбар тэмы ў адпаведнасці з агульнай падрыхтоўкай і практычным вопытам прамоўцы, маўленчай сітуацыяй і інтарэсамі слухачоў;
фармулёўка тэмы (яркая, вобразная, запамінальная, дакладная); вызначэнне агульнай і канкрэтнай мэт выступлення; падбор матэрыялаў (тэарэтычныя і эмпірычныя крыніцы, СМІ, інтэрнэт, ілюстрацыйны матэрыял); аналіз выбранага матэрыялу (вызначэнне ўласнай пазіцыі, фармулёўка сваіх думак, асэнсаванне прапанаваных ідэй з пазіцыі слухачоў); складанне плана; кампазіцыя маўлення (прынцыпы паслядоўнасці, лагічнасці, эаканоміі, узмацнення; суадноснасць састаўных частак); метады падачы матэрыялу (індуктыўны, дэдуктыўны, гістарычны, метад аналогіі і інш. ); моўнае афармленне публічнага выступлення; аргументацыя (лагічныя і камунікатыўныя аргументы, доказы); авалоданне матэрыялам выступлення; кантакт са слухачамі (інтэлектуальны, візуальны, эмацыянальны, фанацыйны). 1. 7. 4 Маўленчы этыкет і культура зносін Маўленчы этыкет – выпрацаваныя правілы маўленчых паводзін, сістэма маўленчых формул. Веданне правілаў маўленчага этыкету дазваляе чалавеку адчуваць сябе ўпэўнена, натуральна ў любой маўленчай сітуацыі, пры любых прафесійна-дзелавых абставінах. Захаванне маўленчага этыкету людзьмі лінгваінтэнсіўных прафесій (настаўнікамі, юрыстамі, журалістамі, палітыкамі, кіраўнікамі і інш. ) спрыяе ўмацаванню і павышэнню ўзроўню маўленчай культуры ўсіх носьбітаў мовы, дапамагае пры выкананні прафесійных абавязкаў, устанаўленні кантактаў з калегамі, партнёрамі, чыноўнікамі. Маўленчы этыкет мае нацыянальную спецыфіку, вызначаецца сацыяльным статусам чалавека, яго прафесіяй, узростам, полам, характарам, маўленчай сітуацыяй, умовамі зносін (публічнае выступленне, прэзентацыя, канферэнцыя, дзелавая сустрэча, кансультацыя і інш. ). Формулы маўленчага этыкету ўключаюць звароты (спадар, спадарыня, спадарства, шаноўныя), падзякі (вельмі ўдзячны Вам), знаёмства (будзем знаёмы), прывітанне (маё шанаванне), развітанне (да сустрэчы; бывайце), прабачэнне (даруйце, калі ласка; прабачце), віншаванне (са святам), згоду, пацвярджэнне (так; але; дамовіліся), пажаданне (смачна есці; спору ў працы), ветлівасць (як здароўе? як маешся? ). Культура маўленчых паводзін фарміруецца ў комплексе з маральнымі нормамі і этычнымі прынцыпамі грамадства; ветлівасцю, карэктнасцю, далікатнасцю, абавязковасцю, сціпласцю – усім тым, што складае змест паняцця культура дзелавых зносін.
Літаратура
1. Беларуская мова. Прафесійная лексіка: дапам. / А. М. Асіпчук, В. В. Маршэўская, А. С. Садоўская. – Гродна: ГрДУ, 2009. – 271 с. 2. Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэбны дапаможнік / Д. В. Дзятко [і інш. ]; пад рэд. Д. В. Дзятко. – Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|