Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

1. 4. Функцыянальныя стылі маўлення




Моўны стыль (грэч. stylos – палачка для пісьма ў старажытнасці і Сярэднявеччы) – сукупнасць моўных сродкаў, ужыванне якіх залежыць ад характару, мэтаў і зместу выказвання. Стыль – гэта функцыянальная разнавiднасць мовы, форма яе грамадскага выкарыстання.

На аснове функцый i сфер зносiн вылучаюць мастацкi, навуковы, публiцыстычны, афiцыйна-справавы, гутарковы стылi. Кожны стыль характарызуецца пэўным наборам моўных сродкаў з аднатыпнай эмацыянальна-экспрэсiўнай i функцыянальна-стылiстычнай афарбоўкай. Iснуюць пэўныя заканамернасцi выкарыстання моўных сродкаў, наяўнасць цi адсутнасць гэтых сродкаў (напрыклад, для афiцыйна-справавога стылю характэрна выкарыстанне канцылярскiх штампаў i не ўласцiвы словы з суфiксамi суб’ектыўнай ацэнкi, як у мастацкiм).

Існаванне стыляў абумоўлена багаццем мовы, яе сінанімікай. У сучасных нацыянальных мовах любое выказванне можна перадаць па-рознаму. Чым больш развітая мова, чым багацейшыя яе сінанімічныя рэсурсы, тым больш разнастайныя спосабы перадачы інфармацыі.

Гутарковы стыль абслугоўвае сферу бытавых зносiн i часцей выкарыстоўваецца ў форме вуснага маўлення (у пiсьмовай форме ў тэкстах мастацкага, радзей публiцыстычнага стылю). Для яго характэрны нязмушанасць, суб’ектыўнасць, дыялагiчнасць, эмацыянальнасць, адсутнасць строгай лагiчнасцi, выкарыстанне няпоўных сказаў, экспрэсiўна-эмацыянальнай лексiкi, пытальных i пабуджальных сказаў, невербальных сродкаў (жэстаў, мiмiкi, разнастайных рухаў). Адрознiваюць дзве разнавiднасцi размоўнага стылю: размоўна-бытавы i размоўна-афiцыйны.

Мастацкi стыль  вызначаецца сваёй унiкальнасцю: ён выконвае агульную для ўсiх стыляў камунiкацыйную функцыю, выкарыстоўвае сродкi ўсiх стыляў, для яго характэрна эстэтычная функцыя. Мастацкая мова характарызуецца эмацыянальнасцю, экспрэсiўнасцю, разнастайнымi сродкамi выражэнныя – метафара, параўнанне, эпiтэт i iнш. Мастацкi стыль спалучае аб’ектыўнасць i суб’ектыўнасць, маналог i дыялог, агульнаўжывальную лексiку i разнастайныя вобразна-выяўленчыя сродкi.

Публiцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-палiтычных i лiтаратурна-мастацкiх часопiсах, на радыё, тэлебачаннi i г. д. Важнейшымi яго асаблiвасцямi з’яўляюцца папулярнасць, iнфармацыйнасць, вобразнасць, палемiчнасць. Задача гэтага стылю – фармiраваць светапогляд чытача, абуджаць грамадзянскiя якасцi асобы. Асноўныя функцыi – паведамленне i ўздзеянне. Адрознiваюць газетна-публiцыстычны, радыётэлежурналiсцкi, аратарскi падстылi.

Літаратура

1. Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэбны дапаможнік / Д. В. Дзятко [і інш. ]; пад рэд. Д. В. Дзятко. – Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с.

2. Беларуская мова: прафесійная лексіка: Вучэбны дапаможнік / Даўтар. -склад. А. В. Катэнка. – Мн. : Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2004. – 104 с.


1. 5 НАВУКОВЫ СТЫЛЬ

 

1. 5. 1 Асаблівасці навуковага стылю

 

Навуковы стыль абслугоўвае навуковую дзейнасць грамадства i выкарыстоўваецца пераважна ў пiсьмовай форме ў навуковай лiтаратуры (манаграфiях, дакладах, артыкулах, дысертацыях, справаздачах аб навукова-даследчай працы i iнш. ). Усе моўныя сродкi навуковага стылю накiраваны на тое, каб лагiчна, дакладна i зразумела перадаць змест, таму адно з асноўных патрабаванняў стылю – лагiчнасць, а таксама дакладнасць, абстрактнасць, аб’ектыўнасць.

Мэта навуковых тэкстаў – зафiксаваць, захаваць, перадаць, данесцi да чытача аргументаваную iнфармацыю ў пэўнай галiне ведаў, выкладзеную лагiчна, ясна, дакладна i аб’ектыўна.

Аснову навуковага стылю складаюць агульналітаратурныя словы, стылістычна нейтральныя (міжстылёвыя). Міжстылёвая лексіка аб’ядноўвае словы, якія аднолькава свабодна могуць выкарыстоўвацца ў любым тыпе выказвання.

Пэўную частку лексікі тэкстаў навуковага стылю складаюць словы агульнанавуковага выкарыстання (міжнавуковыя тэрміны), якія ўжываюцца ў навуковых працах самых розных галін ведаў: аналіз, сінтэз, дослед, працэс, пошук, гіпотэза, сістэма, мадэль, тэорыя, узаемасувязь, даказаць, абгрунтаваць. Заўважым, што сярод слоў гэтай групы шмат іншамоўных і нават інтэрнацыянальных, паколькі гэта словы лацінскага ці грэчаскага паходжання.

Вузкаспецыяльныя тэрміны – гэта ўласна навуковыя тэрміны, якія выражаюць сістэму паняццяў пэўнай галіны ведаў, большасць з такіх тэрмінаў не выходзяць за межы вузкапрафесійных зносін: злачынная нядбайнасць, пракурорскі нагляд, калегіяльнасць суда, экстрадыцыя, яўка з пакаяннем (юрыдычныя тэрміны); базідыяльныя грыбы, біякамунікацыя, апакарпны плод, рутакветныя, арніталогія, штучная мутацыя, чаравікападобны пялёстак (біялагічныя тэрміны); інтэгральнае злічэнне, алгебраічнае складанне, лагарыфмічная функцыя, сістэма раўнанняў з частковымі вытворнымі, прывядзенне дробаў да супольнага назоўніка (матэматычныя тэрміны); сімвал кіравання прыладай, сістэма вылічальная інтэрактыўная, цыкл звароту да памяці, ранг матрыцы, абход графа, рэзідэнтны абсяг (тэрміны па інфарматыцы).

Навуковы стыль характарызуецца вышэйшай ступенню абстрактнасцi, абагульняльнасцю, наяўнасцю як лексiчных, так i iншых сродкаў выражэння (схемы, карты, атласы, таблiцы, умоўныя знакi).

Асноўная форма навуковага стылю – маналог, але вылучаюць i розныя вiды навуковага дыялога: iнтэлектуальная гутарка, навуковая дыскусiя, манаграфiя, пабудаваная паводле схемы дыялога.

 

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...