Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

1.5.2 Жанры навуковага стылю. Як падрыхтаваць канспект артыкула




1. 5. 2 Жанры навуковага стылю

Надзвычай адметныя жанры навуковага стылю: манаграфiя, артыкул, тэзiс, рэферат, анатацыя, падручнiк, вучэбны дапаможнiк, слоўнiк, даведнiк, дысертацыя i iнш.

Навуковыя тэксты будуюцца ў адпаведнасцi з законамi жанру.

Артыкул , напрыклад, пачынаецца з выкладу гiсторыi пытання, абгрунтавання актуальнасцi тэмы, аб’екта даследавання, вызначэння мэт i задач; у галоўнай частцы выкладаюцца факты, назiраннi, а трэцяя частка – вывады, што з’яўляюцца вынiкам таго, аб чым было заяўлена ў асноўнай частцы; заключны этап артыкула – спiс лiтаратуры, у асобных выпадках – iлюстрацыi, дадатак у выглядзе слоўнiка i пад.

Канспект – кароткi запiс зместу лекцыi, прамовы, твора. Гэта разнавiднасць тэксту, якая ствараецца ў вынiку перапрацоўкi пачутай iнфармацыi. Мэта канспектавання – выяўленне, сiстэматызацыя i абагульненне найбольш каштоўнай iнфармацыi. Асноўнае правiла канспектавання – зразумець логiку падачы iнфармацыi, запiсаць iстотнае. Агульнапрынятыя спосабы канспектавання: 1) адбор iнфармацыi з улiкам яе навiзны i значнасцi (у вынiку змяншаецца аб’ём iнфармацыi), даслоўны запiс фармулёўкi азначэнняў, правiлаў, законаў, асноўных характарыстык; 2) перафармулёўка пачутага – шляхам занатоўвання апорных слоў i словазлучэнняў, тэрмiнаў, запiсаў у форме тэзiсаў, скарачэння слоў.

 

Як падрыхтаваць канспект артыкула

Уважліва прачытайце тэкст, канспект якога трэба падрыхтаваць.

Перачытваючы кожны абзац, выдзяляйце ў ім асноўную думку (пры гэтым да кожнага абзаца можна задаваць пытанне “Пра што гаворыцца ў гэтай частцы тэксту? ”).

Адказ на такое пытанне да кожнага абзаца і дасць асноўныя палажэнні тэксту.

Фармулюючы асноўныя думкі кожнага абзаца, ілюструючы іх прыкладамі, атрымліваем канспект артыкула.

Пры перадачы зместу можна кіравацца словамі аўтара. Калі ж трэба перафармуляваць аўтарскую думку, важна захаваць яе, не сказіць сэнс.

Рэцэнзiя аналiз i ацэнка твора. Пры падрыхтоўцы рэцэнзіі трэба не толькі ўважліва прачытаць твор, але і пазнаёміцца з творамі, блізкімі па тэматыцы, праблеме, каб аб’ектыўна і добразычліва ацаніць зробленае аўтарам.

Рэцэнзія мае пэўную структуру, кампазiцыю i складаецца з

агульнай даведкi, iнфармацыi пра твор (акрэслiваецца жанр, тэма, праблематыка, галiна ведаў, да якой адносiцца твор);

характарыстыкi структуры, кампазiцыi;

агульнай ацэнкi твора;

аналiзу частак (раздзелаў): разглядаюцца асноўныя iдэi, палажэннi аўтара, яго аргументы, ход i логiка разважанняў, якасць iлюстрацыйнага матэрыялу, мова твора;

заключнай ацэнкi, вывадаў, палажэнняў, прапаноў.

Для сувязі паміж часткамі рэцэнзіі можна выкарыстаць наступныя сінанімічныя рады: тэма, пытанне, праблема, задача, мэта, разважанне, сцвярджэнне, думка, ідэя; пункт погляду, пазіцыя, тэорыя, канцэпцыя; з’ява, заканамернасць, працэс, тэндэнцыя; асаблівасць, спецыфіка, адметнасць, уласцівасць, рыса; аргумент, доказ, сітуацыя, становішча, абставіны, варункі; вывад, вынік, заключэнне.

 

Літаратура

 

1. Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэбны дапаможнік / Д. В. Дзятко [і інш. ]; пад рэд. Д. В. Дзятко. – Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с.

2. Беларуская мова: прафесійная лексіка: Вучэбны дапаможнік / Даўтар. -склад. А. В. Катэнка. – Мн. : Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2004. – 104 с.

 


1. 6 АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫ СТЫЛЬ

 

1. 6. 1 Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

 

Мова дзяржаўных актаў, пастаноў, законаў, статутаў, міжнародных пагадненняў, дакументацыя ўстаноў, арганізацый, а таксама асабістых заяў, дакладных, даверанасцей і г. д. мае агульныя рысы, якія абумоўлены функцыянаваннем у адміністрацыйна-прававой дзейнасці. Тэксты, рэалізаваныя ў сферы гэтай камунікатыўнай дзейнасці, адносяцца да афіцыйна-справавога стылю. Моўныя асаблівасці гэтага стылю знаходзяцца ў прамой залежнасці ад жанру і зместу дзелавога дакумента, абумоўлены яго задачамі і патрабаваннямі – выразіць волю заканадаўца, прадпісаць паводзіны, давесці што-небудзь да ведама каго-небудзь.

У складзе афіцыйна-справавога стылю даследчыкі выдзяляюць наступныя падстылі: 1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты); 2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя); 3) адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, дзелавыя паперы, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

У навуковай літаратуры прынята падраздзяляць жанры дзелавой мовы на вусныя і пісьмовыя. Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Гэта віды дакументацыі, не зарыентаваныя на вусную форму выкладу, напрыклад, указ, загад, пастанова, інструкцыя, справавыя пісьмы, кодэксы і г. д. Для вуснай формы справавых зносін характэрны такія жанры справавой мовы, як дзелавая размова: кадравая, праблемная, арганізацыйная, творчая, прыём наведвальнікаў і іншыя яе разнавіднасці (перагаворы, прэзентацыі, справавая тэлефонная размова, прэс-канферэнцыя, сход акцыянераў і г. д. ). Спецыфічным жанрам вусных справавых зносін можна лічыць справавую спрэчку, дыскусію, палеміку, дэбаты, інструктаж, выступленне на судовым працэсе і г. д. Некаторыя з іх хоць і абапіраюцца на раней падрыхтаваны (часткова ці поўнасцю) пісьмовы тэкст, аднак маюць прыкметныя адрозненні: аўтары імкнуцца пазбягаць спецыфічных кніжных зваротаў афіцыйна-справавога стылю і выкарыстоўваюць элементы жывога размоўнага стылю, таму што сухая канцылярская мова цяжкая для вуснага ўспрыняцця (У. В. Анічэнка).

Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (Слухалі), і загад (Пастанавілі). Паспяховасць выканання гэтых функцый залежыць ад наступных якасцей:

доказнасць праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стан­дартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;

аб’ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

інфармацыйнасць і ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць, эканомія моўных сродкаў;

адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з'яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г. д. з навакольным светам. Напрыклад, клічнік пасля звароту падкрэслівае значнасць і афіцыйнасць пісьма: Паважаныя калегі! Выкарыстанне пабочных канструкцый са значэннем эмо­цый пазбаўляе выклад катэгарычнасці. Параўн.: Мы вымушаны Вам адказацъ. – На жалъ, мы вымушаны Вам адказацъ.

У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка я выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі: Я выканаў – мною выканана. Рэдка ўжываецца займеннік ён. Параўн.: Да нас прыехаў прафесар Іваноў. Прафесар зараз прачытае нам лекцыю.... Займеннік вы заўсёды выкарыстоўваецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Як Вам ужо вядома, мы велъмі зацікаўлены ў Вашай прадукцыі;

стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдкая абавязковасць формы. Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкі. У афіцыйна-справавым стылі шырока выкарыстоўваюцца так званыя канцылярскія штампы. Штамп – моўны зварот, які шматразова паўтараецца, шаблонны, трафарэтны, зацяганы выраз з цьмянай экспрэсіўнасцю: дагаворныя бакі, узяцъ на кантролъ і г. д.          

 

1. 6. 2 Паняцце дакумента

 

Справаводства – гэта дзейнасць, якая ахоплівае пытанні дакументавання і арганізацыі работы з дакументам у працэсе выканання кіруючых функцый. Справаводства – адна з найважнейшых частак працы кожнай установы, арганізацыі, прадпрыемтсва. У іх практычнай дзейнасці выкарыстоўваюцца розныя сістэмы справаводства, але для іх абавязковым з’яўляецца вядзенне адміністрацыйнага справаводства (агульнага справаводства). Справаводчая дзейнасць грунтуецца на адзінай дзяржаўнай сістэме справаводства (АДСС). АДСС – гэта навукова ўладкаваны комплекс асноўных палажэнняў, нормаў, правілаў і рэкамендацый, якія азначаюць і рэгламентуюць працэс справаводства, пачынаючы з моманту паступлення альбо стварэння дакумента і да яго здачы ў архіў.

Як было адзначана вышэй, справаводства дапамагае ажыццяўляць кіруючыя функцыі. Працэс кіравання ўключае наступныя асноўныя тыпавыя аперацыі: збор і апрацоўку дакументаў інфармацыі, падрыхтоўку рашэння, прыняцце і дакументаванне рашэння, давядзенне рашэння да выканаўцаў, выкананне рашэння, кантроль выканання, збор інфармацыі аб выкананні, захаванне і пошук інфармацыі.

Кіраўнічы апарат ажыццяўляе свае функцыі галоўным чынам пры дапамозе выкарыстання універсальных афіцыйна-распарадчых дакументаў, якія дзейнічаюць незалежна ад спецыфікі дзейнасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і дзяржаўнага кіравання.

Асноўным відам справавога тэксту з’яўляецца дакумент. Дакумент – адпаведным чынам складзеная, падпiсаная i засведчаная справавая папера, з дапамогай якой афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыi, прававыя адносiны i дзеяннi юрыдычных асоб i грамадзян.

Ёсць i iншае азначэнне дакумента: матэрыяльны аб’ект з iнфармацыяй, замацаванай створаным чалавекам спосабам для перадачы ў часе i прасторы (Документы и делопроизводство. Справочное пособие. М., 1991. – С. 5).

Дакумент мае прававое і гаспадарчае значэнне і можа служыць пісьмовым доказам, а таксама крыніцай разнастайных звестак пазнавальнага характару. Дакументы даюць магчымасць узнавіць факты дзейнасці ўстановы, арганізацыі або прадпрыемства, знайсці ў закончаных і здадзеных у архіў справах такія звесткі, якія маюць значэнне для аператыўнай работы і для гісторыі. Дакумент – своеасаблівы матэрыял, “сыравіна для апрацоўкі”). Ён павінен быць дабраякасным, а інфармацыя павінна здабывацца хутка і прадуктыўна.

Патрабаванні да дакументаў:

1. Дакумент павінен выдавацца паўнапраўным органам або асобай у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

2. Дакумент не павінен супярэчыць дзеючаму заканадаўству і дырэктыўным указанням вышэйшых органаў.

3. Дакумент павінен быць дакладным і адпавядаць заданням канкрэтнага кіраўніцтва, г. зн. грунтавацца на фактах і змяшчаць канкрэтныя і рэальныя ўказанні.

4. Дакумент павінен быць складзены па ўсталяванай форме.

5. Дакумент павінен быць бездакорна адрэдагаваны і аформлены.

Знешні выгляд дакумента – прамое сведчанне стылю працы кіравання, дысцыпліны і асабістай культуры супрацоўнікаў. Калі дакументы выкананы нядбайна, значыць ва ўстанове нізкая культура працы.

Класіфікацыя дакументаў:

1. Распарадчыя дакументы (пастановы, распараджэннi, рашэннi, загады i iнш. ).

2. Арганiзацыйныя дакументы (статуты, палажэннi, iнструкцыi).

3. Арганiзацыйна-распарадчыя дакументы (пратаколы, план, справаздача, кантракт, дамова).

4. Iнфармацыйна-даведачныя дакументы (даведкi, дакладныя i тлумачальныя запiскi, зводкi, агляды, акты, лiсты, тэлеграмы i тэлефанаграмы).

5.  Асабiстыя дакументы (заява, аўтабiяграфiя, даручэнне, распiска).

6.  Справавыя лiсты (лiст-запытанне, лiст-просьба, лiст-зварот, лiст-прапанова, лiст-папярэджанне, лiст-напамiн, лiст-запрашэнне, суправаджальны лiст).

7. Фiнансавыя i ўлiковыя дакументы.

Дакументы могуць класiфiкавацца паводле зместу (простыя i складаныя, у залежнасцi ад таго, адно цi некалькi пытанняў ахоплiвае iх змест), паходжання (афiцыйныя, цi службовыя, i асабiстыя), тэрмiновасцi (тэрмiновыя i нетэрмiновыя). Па форме дакументы падзяляюцца на агульныя, стандартныя i тыпавыя. Агульнымi з’яўляюцца дакументы, якiмi афармляюцца розныя дзеяннi i адносiны, напрыклад, заявы, загады, службовыя лiсты. На кожны раз тут складаецца новы дакумент. Стандартныя запаўняюцца ў пэўнай паслядоўнасцi i па строга абавязковых правiлах. Гэта – даручэннi на атрыманне таварна-грашовых каштоўнасцяў, камандзiровачныя пасведчаннi, даведкi пра заработную плату, з месца жыхарства i пад. Для тыпавых дакументаў, апрача формы, органы кiравання вызначаюць i прыкладны змест. Паводле спосабу адлюстравання аперацый дакументы бываюць асноўныя (першасныя) i зводныя.

Кожны дакумент складаецца з асобных элементаў – рэквiзiтаў (аўтар, адрасат, подпiс, дата i г. д. ). Сукупнасць рэквiзiтаў, пэўным чынам размешчаных у дакуменце, складае яго фармуляр.

 

1. 6. 3 Групы афiцыйна-справавой дакументацыi

Асабістыя дакументы

Калі афіцыйна звяртаюцца да службовай асобы, ва ўстанову, грамадскую арганізацыю, пішуць заяву. Зверху справа ў заяве пішацца пасада службовай асобы, яе прозвішча, імя, імя па бацьку. Праз адзін-два радкі пасярэдзіне ліста пішуць слова Заява. З чырвонага радка пачынаецца тэкст заявы. Калі да заявы дадаюцца дакументы, іх пералічваюць у канцы асноўнага тэксту. На заяве ўнізе злева ставяць дату, а справа – подпіс.

У аўтабіяграфіі коратка расказваюць пра свой жыццёвы шлях, таму гэта папера пішацца ад імя 1-ай асобы. У пачатку тэксту трэба назваць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, час і месца нараджэння, сказаць пра заняткі бацькоў. Пасля гэтага коратка гавораць пра асноўныя жыццёвыя падзеі. У канцы тэксту ставяць дату і подпіс.

Даверанасць можа выдавацца ўстановай або службовай ці прыватнай асобай. У даверанасці называюцца: 1) установа, якая давярае, або прозвішча, імя, імя па бацьку таго, хто давярае; 2) пасада, прозвішча, імя, імя па бацьку таго, каму давяраюць; 3) што і адкуль неабходна атрымаць; 4) дата і подпіс. Унізе даверанасці, выдадзенай установай, падпісваецца кіраўнік і ставіць пячатку. Калі даверанасць дае прыватная асоба, яе подпіс завяраецца на месцы вучобы ці працы.

 

 

Распарадчыя дакументы

1. Пастанова вызначана як “прававы акт, які прымаецца вышэйшымі органамі кіравання ў мэтах вырашэння найбольш важных задач, якія стаяць перад дадзенымі органамі, і ўсталявання стабільных нормаў правілаў паводзін”.

2. Рашэнне як распарадчы дакумент з’яўляецца прававым актам, які прымаецца калегіяльным органам (калегія міністэрстваў, навуковы савет і г. д. ).

3. Распараджэнне  -- акт кіравання дзяржаўнага органа, які мае ўладны характар і абавязковую сілу для грамадзян і ўстаноў, якім распараджэнне адрасавана (Савет міністраў, калегійныя органы дзяржаўнага кіравання, адміністрацыя прадпрыемстваў і ўстаноў).

4. Загад – акт, выдадзены кіраўнікамі міністэрстваў, выканкамаў, кіраўнікамі ўстаноў і прадпрыемстваў. Загад выдаецца для вырашэння асноўных аператыўных задач, якія стаяць перад дадзеным органам. Па юрыдычнай прыродзе загад можа быць нарматыўным актам кіравання, які змяшчае нормы права, рэгулюе пэўныя сферы грамадскіх зносін, і актам прымяненне нормаў права (напрыклад, аб назначэнні на пасаду).

Загад з’яўляецца самым распаўсюджаным відам распарадчага дакумента. Ён выдаецца па пытаннях стварэння, ліквідацыі, рэарганізацыі ўстановы, інструкцый, правілаў і іншых дакументаў, якія патрабуюць зацвярджэння, па ўсіх пытаннях унутранага жыцця ўстановы, а таксама па кадравых пытаннях прыёму, перамяшчэння, звальнення супрацоўнікаў. Пры дапамозе загада кіраўнік ставіць асноўныя задачы перад супрацоўнікамі, указвае шляхі вырашэння прынцыповых пытанняў. Загад абавязковы для ўсіх супрацоўнікаў дадзенай установы ці галіны.

Падрыхтоўка асноўных відаў распарадчых дакументаў у асноўным аналагічная. Яна ўяўляе сабой дастаткова складаны працэс, які мае адрозненні ў канчатковай стадыі афармлення дакументаў. Можна выдзеліць наступныя стадыі падрыхтоўкі дакумента:

– вывучэнне сутнасці пытання;

–падрыхтоўка праекта дакумента;

– абмеркаванне дакумента;

– падпісанне.

Для пастановы і рашэння дадаюцца стадыі абмеркавання і прыняцця гэтых дакументаў на паседжанні калегійнага органа.

Падрыхтоўка распарадчага дакумента можа быць даручана аднаму ці некалькім структурным падраздзяленням альбо асобным службовым асобам. Пры распрацоўцы праектаў складаных і вялікіх распарадчых дакументаў могуць стварацца працоўныя групы (камісіі), прыцягвацца навукоўцы ці кваліфікаваныя спецыялісты з ліку практычных супрацоўнікаў. Галоўная ўмова, якая забяспечвае якасць дакумента, – дастатковая кампетэнтнасць асоб, якія яго рыхтуюць. Чым вышэйшы ўзровень дакумента, тым вышэйшыя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да яго складальнікаў (прафесіяналізм, глыбіня ведаў пытання, агульны культурны ўзровень, уменне перадаваць думкі).

Тэкст распарадчага дакумента часцей за ўсё складаецца са ўзаемазвязаных частак – канстатуючай і распарадчай. Канстатуючая частка з’яўляецца ўводзінамі ў сутнасць разглядаемага пытання, прызвана растлумачыць, чым выкліканы распараджэнні. У ёй могуць быць пералічаны факты, дадзена ацэнка. Нярэдка ў гэтай частцы даецца пераказ акта вышэйшага органа, у выкананне якога выдаецца дадзены распарадчы дакумент. У гэтым выпадку вызначаюцца від акта, яго аўтар, поўная назва, нумар і дата, г. зн. прыводзяцца яго пошукавыя даныя. Канстатуючая частка неабавязковая, яна можа і адсутнічаць, калі няма неабходнасці даваць тлумачэнні.

Калі распарадчая частка ўключае розныя па характары дзеянні некалькіх выканаўцаў, яна дзеліцца на пункты, якія нумаруюцца арабскімі лічбамі. У кожным пункце ўказваецца выканаўца – у давальным склоне; дзеянне, якое прадпісваецца для выканання, -- у форме інфінітыва; тэрмін выканання павінен быць рэальным, адпавядаць аб’ёму працы па разглядаемых пытаннях.

 

Арганізацыйныя дакументы

Статуты – звод правілаў, якія рэгулююць дзейнасць устаноў, правы і абавязкі ў пэўнай сферы дзяржаўнага кіравання ці гаспадарчай дзейнасці.

Палажэнні– нарматыўныя акты, якія вызначаюць парадак утварэння, структуру, функцыі, кампетэнцыю, абавязкі і арганізацыю работы органаў дзяржавы.

Інструкцыі – прававыя акты, якія выдаюцца органамі дзяржаўнага кіравання з мэтай устанаўлення правілаў, якія рэгулююць арганізацыйныя пытанні, навукова-тэхнічныя, тэхналагічныя, фінансавыя і іншыя спецыяльныя бакі дзейнасці ўстаноў. Інструкцыі выдаюцца таксама для тлумачэння і вызначэння парадку прымянення заканадаўчых актаў і распарадчых дакументаў.

 

Інфармацыйна-даведачныя дакументы

Да гэтага віду дакументаў адносяцца акты, даведкі, тлумачальныя і дакладныя запіскі, тэлефанаграмы.

 

1. 6. 4 Справавыя лісты

 

Сучасныя формы перапіскі склаліся каля 150 гадоў назад. Радзіма іх – Англія. Менавіта адтуль вядуць пачатак асноўныя правілы этыкету складання карэспандэнцыі. Выкананне гэтых правілаў сведчыць аб ветлівасці, павазе да партнёра.

Справавы ліст прынята пісаць на бланку ўстановы, дзе ўжо маюцца яе рэквізіты. Знешні выгляд бланка – своеасаблівая візітная картка, таму да яго афармлення неабходна адносіцца вельмі акуратна. Чым больш афіцыйны бланк, тым больш афіцыйным павінен быць стыль ліста.

На канверце спачатку пішуць Каму, а потым Куды. Адрас атрымальніка пішацца двойчы: на канверце з правага боку знізу і зверху злева на лісце. Калі ліст укладваецца ў канверт з празрыстым акенцам, то адрас пішацца адзін раз – злева ўверсе на лісце, а сам ліст складваецца такім чынам, каб адрас атрымальніка апынуўся ў акенцы.

Пасля адраса неабходна напісаць прозвішча адрасата з ініцыяламі: спачатку ініцыялы, потым прозвішча. Калі ў адрасата ёсць званне ці тытул, лепш замест звароту “Спадар”, “Спадарыня” ўказаць яго. Ва ўсіх заходнееўрапейскіх краінах, як і ў ЗША, апускаць тытул як ў вусным, так і ў пісьмовым маўленні лічыцца няветлівым. Аднак пісаць і гаварыць “Спадар + тытул + прозвішча” прынята толькі ў Германіі. Словы “Спадар” і “Спадарыня” не прынята ўжываць без прозвішча, але можна скараціць да “Сп. ”, а званні і тытулы лепш пісаць поўнасцю.

Пасля неабходна напісаць назву фірмы, дзе працуе адрасат, яе паштовы адрас у наступным парадку: нумар дома, вуліца, назва горада, паштовы індэкс, краіна.

Структура справавога ліста

Справавыя лісты пішуцца на спецыяльных бланках, якія адпавядаюць стандарту і маюць усталяваны комплекс абавязковых кампанентаў – рэквізітаў. Рэкамендуецца наступны іх склад:

1. Назва арганізацыі-адпраўшчыка.

2. Указанні на спасылку: ініцыялы складальніка ліста ці машыністкі, лічбавыя ці літарныя абазначэнні фірмы, аддзела.

3. Дата напісання ліста. У нашай краіне прыняты запіс лічбамі, напрыклад: 23. 09. 2015. У міжнароднай практыцы такі запіс не ўжываецца, таму назву месяца неабходна пісаць літарамі.

4. Адрас атрымальніка ліста.

5. Нумар тэлефона і факса.

6. Банкаўскія рэквізіты.

7. Уступны зварот: “Паважаны спадар + прозвішча”. У афіцыйных лістах да асоб, якія займаюць дастакова высокую пасаду, не звяртаюцца на “ты”, нават калі ведаюць іх асабіста. У нашай краіне пасля ўступнага звароту ставіцца коска, за мяжой – клічнік.

8. Указанне на агульны змест ліста. Найбольш сучасным лічыцца спосаб, пры якім тэма ліста падкрэсліваецца ці пішацца цалкам вялікімі літарамі.

9. Асноўны тэкст ліста. Калі ў лісце шмат старонак, усе, акрамя першай, павінны быць пранумараваны.

10.  Заключная формула ветлівасці. Ліст, які пішацца ў адказ, павінен змяшчаць тую ж формулу ветлівасці, што і дасланы.

11.  Подпіс.

12.  Указанне на дадаткі.

13.  Указанне на рассылку копій.

14.  Прозвішча, імя, імя па бацьку выканаўцы.

15.  Спасылка на зыходны нумар і дату паступіўшага дакумента ў абавязковым парадку ўказваецца на дакументах-адказах.

Тыпы справавых лістоў

Ліст-просьба. Просьбу фармулюйце дакладна і ясна, па магчымасці коратка. Неабходна падкрэсліць асабістую зацікаўленасць і загадзя падзякаваць за выкананне.

Ліст-паведамленне. Дасылаецца з ветлівасці, у знак падзякі за хуткі адказ, як выражэнне гатоўнасці да супрацоўніцтва.

Ліст-напамін. Дасылаецца ў тых выпадках, калі з дапамогай тэлефонных перамоў ці асабістых кантактаў не ўдалося атрымаць пажаданы вынік своечасова. Мэта такога ліста – тактычна нагадаць аб неабходнасці выканаць узятыя на сябе абавязкі.

Ліст-пацвярджэнне. Часцей за ўсё з’яўляецца гарантыяй раней дадзеных абяцанняў. Такі ліст з’яўляецца выражэннем ветлівасці і глыбокай павагі да партнёра.

Ліст-прэтэнзія. З’яўляецца афіцыйным папярэджаннем, змяшчае падставы для прад’яўлення прэтэнзіі, самі прэтэнзіі і канкрэтныя патрабаванні.

Ліст-прабачэнне. Звычайна змяшчае выклад прычын, па якіх раптоўна парушаецца папярэдняя дамоўленасць.

Гарантыйны ліст. Накіроўваецца як абавязацельства аплаты за пакупку і г. д. Ліст заканчваецца фразай: “Аплату гарантуем” і ўказаннем банкаўскіх рэквізітаў. Такі ліст абавязкова мае два подпісы – кіраўніка і галоўнага бухгалтара.

Цыркулярныя лісты. Іх мэта – данесці інфармацыю аднаго зместу да некалькіх адрасатаў.

Моўныя асаблівасці справавых лістоў

Справавыя лісты валодаюць прававой значнасцю, таму іх стыль павінен адпавядаць пэўным патрабаванням:

– тэкст ліста павінен быць дакладным, ясным і лаканічным;

– тэкст павінен быць выкладзены граматна ў адпаведнасці з дзеючымі правіламі арфаграфіі і пунктуацыі, у афіцыйна-справавым стылі.

Мова афіцыйных дакументаў – гэта своеасаблівы набор клішэ, штампаў, стандартаў, якія вызначаюцца вядомай уніфікацыяй. Стандартызаваныя словазлучэнні дапамагаюць успрымаць тэкст, дазваляюць паскорыць падрыхтоўку афіцыйнага ліста. Так, напрыклад, для справавых лістоў з’яўляецца тыповым наступны пачатак сказаў: У сувязі з... . Згодна вашай просьбе... .

У афіцыйным лісце неабходна дакладна і коратка выкладаць сутнасць справы, захоўваючы нейтральнасць тону.

Справавыы лісты рэкаментуецца складаць толькі па адным пытанні. Пры складанні ліста неабходна спачатку зрабіць “лагічную схему” яго зместу. У якасці прыкладу можна выкарыстоўваць узоры службовай перапіскі.

Найбольш рацыянальнай бачыцца структура тэксту, якая складаецца з дзвюх частак: у першай выкладаюцца матывы, якія сталі прычынай для складання ліста; у другой – просьбы, рашэнні, распараджэнні.

Выклад кожнага новага аспекта зместу неабходна пачынаць з новага абзаца. Разбіваючы тэкст афіцыйнага ліста на абзацы, мы паляпшаем яго ўспрыманне адрасатам.

Моўныя канструкцыі справавых лістоў

Выразы, якія пацвярджаюць атрыманне ліста, дакументаў, тавараў:

Мы атрымалі Ваш ліст ад...;

Ваш ліст атрыманы намі...;

Паведамляем Вам, што мы атрымалі Ваш ліст ад...;

Пацвярджаем атрыманне + назоўнік у родным склоне (ліста, новага прэйскуранта і г. д. ).

 

Выражэнне падзякі:

Дзякуем Вам за + назоўнік у вінавальным склоне (... Ваш ліст);

Мы Вам вельмі ўдзячны за + назоўнік у вінавальным склоне (... Ваш своечасовы адказ); Загадзя дзякуем за + назоўнік у вінавальным склоне (... Ваш удзел);

Мы былі б Вам удзячны, калі б Вы + дзеяслоў (даслалі нам... ).

Выразы, якія тлумачаць матывы:

У парадку аказання дапамогі...;

У сувязі з цяжкім становішчам...;

У сувязі з правядзеннем сумеснай працы...;

У адпаведнасці з...;

У мэтах узмацнення аховы дзяржаўнай маёмасці...;

У адказ на вашу просьбу...;

Спасылаючыся на + назоўнік у вінавальным склоне (Вашу тэлеграму... );

На падставе + назоўнік у родным склоне (гандлёвага пагаднення... );

У адказ на + назоўнік у вінавальным склоне.

Выражэнне просьбы:

Просім... (... Вас праверыць ход выканання работ, прыняць меры... );

Прашу... (паведаміць аб выкананні).

Пацвярджэнне:

З удзячнасцю пацвярджаем... (атрыманне Вашага запрашэння).

Напамін:

Нагадваем, што... (у адпаведнасці з... Вы абавязаны... ).

Паведамленне:

Паведамляем, што.. (на жаль, не можам Вам выслаць..., затрымка адбылася ў сувязі з... );

Паведамляем, што... (Ваша прапанова прынята).

Гарантыя:

Аплату..., якасць..., тэрмін выканання... гарантуем.

Прапанова:

Мы можам прапанаваць Вам...;

Прапануем Вам...;

Мы можам рэкамендаваць Вам... .

Запрашэнне:

Запрашаем... (прадстаўніка Вашай установы наведаць..., ... Вас прыняць удзел у... ).

Адмова і адхіленне прапановы:

Ваша прапанова адхілена па наступных прычынах...;

Дасланы Вамі праект не можа быць прыняты па наступных прычынах....

Інтэрпрэтацыя дзеянняў другога боку:

Зусім не зразумела, чаму...;

Дадзеныя Вамі гарантыі не выконваюцца. Такая затрымка можа прывесці... .

Заключныя словы:

Просім прабачыць нам за затрымку з адказам (за памылку);

Спадзяёмся, што наша просьба будзе выканана;

Просім Вас не затрымліваць адказ.

Калі аўтар – асоба юрыдычная, то дзеянні перадаюцца ад 3-яй асобы адзіночнага ліку, напрыклад: Арганізацыя гарантуе; Прадпрыемства прапануе; ад 3-яй асобы множнага ліку, напрыклад: Дырэкцыя, прафкам звяртаюць увагу; ад 1-ай асобы множнага ліку, напрыклад: Просім...; Паведамляем...; Гарантуем... .

Калі аўтар – асоба фізічная, то дзеянні перадаюцца ад імя 1-ай асобы адзіночнага ліку, напрыклад: Прашу...; Паведамляю...; Даводжу да Вас; ад 1-ай асобы множнага ліку, напрыклад: Віншуем...; Падтрымліваем...; Мы атрымалі... .

 

Літаратура

 

1. Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэбны дапаможнік / Д. В. Дзятко [і інш. ]; пад рэд. Д. В. Дзятко. – Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с.

2. Беларуская мова: прафесійная лексіка: Вучэбны дапаможнік / Даўтар. -склад. А. В. Катэнка. – Мн. : Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2004. – 104 с.


Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...