Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

СЛОВА ЯК АДЗІНКА МОВЫ




Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт

Факультэт міжнароднага супрацоўніцтва

Кафедра беларускай і рускай моў

 

Беларуская мова

(ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА)

 

Вучэбна-метадычны дапаможнік

для студэнтаў БНТУ

У чатырох частках.

Частка ІІІ

Лексікалогія і лексікаграфія. Беларуская навуковая тэрміналогія.

 

Пад рэдакцыяй Л.А. Гіруцкай

 

Мінск 2007


УДК 808.26 (075.8)

ББК 81.4 Беия 7

Б 75

Аўтары:

Л.А. Гіруцкая, Н.М. Даўгулевіч, В.М. Курцова, А.А. Мішанькіна, К.М. Міцкевіч, Н.Я. Пятрова, А.П. Сахончык, В.І. Уласевіч.

Рэцэнзент:

Кандыдат філалагічных навук І.У. Савіцкая

 

Гіруцкая Л.А.

Б75 Беларуская мова: Вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў БНТУ. У 4 ч. Ч. IІІ. “Лексікалогія і лексікаграфія. Беларуская навуковая тэрміналогія”.

Л.А. Гіруцкая, А.А. Мішанькіна, К.М. Міцкевіч, Н.Я. Пятрова, А.П. Сахончык і інш., пад рэдакцыяй Л.А. Гіруцкай. – Мн.: БНТУ, 2007. – 140 с.

 

Дапаможнік прызначаны студэнтам БНТУ, якія вывучаюць дысцыпліну “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”. Ён змяшчае тэарэтычны і практычны матэрыял па праграмных тэмах “Ле­ксікалогія і лексікаграфія”, ”Беларуская навуковая тэрміналогія”.

Складзены калектывам выкладчыкаў кафедры беларускай і рускай моў БНТУ.

Частка І “Беларуская мова: агульныя звесткі, паходжанне і раз­віццё, функцыянальныя стылі”, аўтары Л.А. Гіруцкая, І.У. Будзько, Т.А. Кузняцова і інш., была выдадзена ў БНТУ ў 2005 г.

Частка ІІ ”Навуковы тэкст: структура, жанры, моўнае афармлен-не”, аўтары Л.А. Гіруцкая, А.А. Мішанькіна і інш., - у 2006 г.


Ад аўтараў

Дадзены дапаможнік, складзены калектывам аўтараў кафедры беларускай і рускай моў, з'яўляецца трэцяй часткай дапаможніка па беларускай мове для студэнтаў БНТУ. Ён адпавядае тыпавой і рабочай праграме дысцыпліны і прысвечаны рознабаковай ха­рактарыстыцы лексікі сучаснай беларускай мовы.

Дапаможнік складаецца з двух раздзелаў і двух дадаткаў. Першы раздзел уключае такія тэмы, як “Слова як адзінка мовы”, “Амо­німы”, “Сінонімы”, “Антонімы”, “Паронімы”, “Актыўная і пасіўная лексіка”, “Беларуская лексіка паводле паходжання”, “Анамастыка”, “Фразеалогія”, “Слоўнікі беларускай мовы”. У другім раздзеле раз­глядаюцца тэмы ”Лексіка абмежаванага ўжывання”, “Асаблівасці тэрмінаў”, “Лексіка-граматычная характарыстыыка тэрмінаў”, “Спосабы ўтварэння тэрмінаў”, “З гісторыі фарміравання і развіцця беларускай тэрміналогіі”. Дадатак 1 – гэта тлумачальны міні-слоў­нік актуальнай іншамоўнай лексікі. У другім дадатку прадстаўлены распаўсюджаныя ўстойлівыя біблейскія выразы з тлумачэннямі іх значэння і крыніцы паходжання.

Кожны раздзел уключае тэарэтычны і практычны матэрыял у выглядзе пытанняў і разнастайных заданняў. Матэрыялы дапа­можніка дазваляюць паглыбіць і сістэматызаваць веды ў галіне беларускай лексікалогіі і тэрміналогіі.

 

I. ЛЕКСІКАЛОГІЯ. ФРАЗЕАЛОГІЯ. ЛЕКСІКАГРАФІЯ.

СЛОВА ЯК АДЗІНКА МОВЫ

 

Лексіка – гэта сукупнасць слоў якой-небудзь мовы або дыялекту. Лексікай таксама называюць сукупнасць слоў, што ўжываюцца ў пэўнай сферы дзейнасці і слоўнікавы склад твораў якога-небудзь аўтара.

Лексікалогія вывучае лексічную сістэму, слоўнікавы склад мовы і асобнае слова як асноўную адзінку гэтага складу.

Слова – гэта гук ці спалучэнне гукаў, якія маюць пэўнае значэнне. Слова як асноўная адзінка мовы мае лексічнае і граматычнае значэнні. Граматычнае значэнне выражаецца рознымі формамі слова пры дапамозе канчаткаў, суфіксаў, прыставак, націску. Лексічнае значэнне слова – гэта яго суаднесенасць з тым ці іншым прадметам, з’явай, г. зн. сэнс слова. Так, слова хата мае наступныя значэнні:

а) лексічнае – ‘жылая пабудова’;

б) граматычнае – назоўнік у форме адз. ліку, ж. роду, н. скл.

Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі. Да іх адносіцца большасць навуковых і тэхнічных паняццяў, некаторыя назвы жывых істот, раслін, асобных прадметаў, напрыклад лагарыфм, вадарод, акунь, аер, аб’ява, літасць. Словы, якія маюць некалькі значэнняў, называюцца мнагазначнымі. Напрыклад, слова змрочны мае пяць значэнняў, кожнае з якіх выяўляецца ў спалучэнні з рознымі словамі:

1) змрочны пакой – ‘слаба асветлены’;

2) змрочны чалавек – ‘хмуры, насуплены’;

3) змрочны настрой – ‘поўны цяжкіх адчуванняў’;

4) змрочны год, час –‘цяжкі, беспрасветны’;

5) змрочная сіла – ‘жорсткая, рэакцыйная’.

Адно са значэнняў мнагазначнага слова з’яўляецца першапачатковым, зыходным, з якім слова ўзнікла і пачало выкарыстоўвацца ў мове. Такое значэнне называецца прамым. Тыя лексічныя значэнні, якія ўзнікаюць на аснове прамога ў выніку яго пераноснага ўжывання, называюцца пераноснымі. Напрыклад, слова атрута мае значэнні:

- прамое – “ядавітае рэчыва”;

- пераноснае – “усё, што шкодна ўплывае на каго-, што-небудзь”.

Перанос назвы з аднаго прадмета на другі адбываецца на аснове падабенства, сумежнасці ці на аснове колькасных адносін. У адпаведнасці з гэтым вылучаюць наступныя тыпы пераносных значэнняў:

1) метафара – тып пераносу, які адбываецца на аснове падабенства. Напрыклад, залаты пярсцёнак – залаты пясок (падабенства па колеры); серп сельскагаспадарчы – серп месяца (падабенства па вонкавай форме); хвост рыбы – хвост самалёта (падабенства на аснове размяшчэння).

2) метанімія – перанос назвы з аднаго прадмета на другі, які адбываецца на аснове сувязі або сумежнасці (часавай, прасторавай ці інш.). Напрыклад, светлая школа – сабралася ўся школа; ахова маста вялася кругласутачна – ахова не разгубілася; у яго прыгожы барытон – спяваў гучны барытон.

3) сінекдаха – перанос назвы з аднаго прадмета на другі на аснове колькасных адносін. Напрыклад, ужыванне слова як назвы цэлага і часткі гэтага цэлага (цвіце сліва – з’еў сліў); ужыванне слова як назвы часткі цела чалавека і ў значэнні “чалавек” (адкрыць рот – у сям’і восем ратоў) ці інш.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...