Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Запазычаная лексіка




У беларускай мове ёсць словы, запазычаныя з іншых моў. Яны пранікалі ў беларускую мову на працягу ўсяго гістарычнага перыяду яе развіцця рознымі шляхамі пры ўзаемадзеянні з рознымі мовамі. Прычына запазычання слоў – сацыяльна-эканамічныя, дзяржаўна-палітычныя зносіны паміж народамі. Папаўненне лексікі іншамоўнымі словамі ў выніку цесных моўных узаемасувязей адбываецца двума шляхамі: вусным – пры непасрэдных моўных зносінах з нашымі народамі і пісьмовым – праз кнігі, афіцыйныя дакументы, пераклады, прыватную перапіску. Адрозніваюць запазычанні з неславянскіх і з блізкароднасных славянскіх моў.

Пранікненне запазычаных слоў у беларускую мову пачалося яшчэ ў часы ўсходнеславянскага адзінства. Да даўніх запазычанняў адносяцца, у асноўным, словы з неславянскіх моў – з грэчаскай, лацінскай, цюркскіх моў (пераважна з татарскай), італьянскай, французскай, нямецкай. У наш час запазычаная лексіка з неславянскіх моў трапляе ў беларускі слоўнік пераважна праз рускую і польскую, радзей праз чэшскую мову.

Асноўныя прыметы запазычаных слоў з неславянскіх моў наступныя:

1) наяўнасць у слове [ф]: фарба, шафа, фасоля, Фёдар, Соф’я;

2) спалучэнні ге, ке, хе ў корані: агент, кельма, Яўген;

3) спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, рэвю, кювет, капюшон, фюзеляж;

4) пачатковае о, э і непрыставачнае а: эра, Эма, ода, опера, Аляксей;

5) спалучэнне двух галосных у корані: аул, ідэал, дуэт, гуаш;

6) цвёрдасць зычных д і т у спалучэннях дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дывідэнд, дыфтэрыя, дысцыпліна;

7) прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-: амаральны, антыцыклон, архіважны, рэфармацыя, амфітэатр;

8) суфіксы -ізм(-ызм), -іст(-ыст), -ір(-ыр) і інш.: арганізм, сацыя­ліст, капіраваць.

9) спалучэнні зычных шт, шп у пачатку слова: штык, штатыў, шпіль;

10) спалучэнне хт у сярэдзіне слова: вахта, шахта;

11) канцавыя спалучэнні анс, ёр, аж (яж), ер (эр), інг (ынг): сеанс, суфлёр, пляж, фермер, блюмінг;

12) пачатковае спалучэнне дж: джэм, джаз.

Значную частку іншамоўных слоў у беларускай мове складаюць запазычанні са славянскіх моў, у асноўным з польскай, рускай і украінскай.

Пранікненне з польскай мовы пачалося яшчэ ў старажытныя часы (прыкладна з другой паловы XVI ст.). Гэты працэс асабліва актывізуецца ў XVII ст., калі частка беларускіх зямель аказалася ў залежнасці ад Рэчы Паспалітай. Ён працягваецца і ў больш позні час (XIX–XX ст.). Гэта такія словы, як парэнчы, наконт, кудлаты, тлусты, цудоўны, падарунак, пацалунак.

Самую вялікую па колькасці слоў групу складаюць запазычанні з рускай мовы: аплот, аказаць, выключны, плошча, ажыццяўленне, безабаронны.

У выніку цеснага кантакту беларускага народа з украінскім у беларускай мове замацаваліся такія украінізмы, як прыгадаць, чубаты, боршч, варэнік.

Значную частку запазычаных слоў у беларускай мове складаюць інтэрнацыяналізмы – словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (параўн. бел. тэатр, ням. Theater, англ. theatre, фр. theatre, ісп. teatro, польск. teatr, балг. театър, серб. театр).

Асобны разрад іншамоўных слоў інтэрнацыянальнага характару складаюць варварызмы – словы, якія знаходзяцца па-за літаратурнай мовай, не адлюстроўваюцца слоўнікамі, але якія могуць быць ужыты ў тэкстах любой мовы: а’кэй, банжур, мерсі, салям, post factum.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Чым тлумачыцца няўхільны рост запазычанага лексікону бела­рускай мовы? Ці з’яўляецца запазычванне характэрнай адзнакай толькі сучаснасці?

2. Як растлумачыць, што ў розныя перыяды развіцця мовы працэнт запазычаных слоў розны?

3. За кошт лексікі якіх славянскіх і неславянскіх моў папаўняецца слоўнік беларускай мовы?

 

 

4. Вызначце семантычныя, фанетычныя і марфалагічныя адмет­насці лексікі, запазычанай з іншых славянскіх моў:

а) са стара- ці царкоўнаславянскай (Х ст.): блага, паблажліва, глава, злак, плашч, улада, уладыка, храм, храбры, прах, вобраз, чрэва, шмель. дзяржава, юны;

благаславенне, благаславенны, блазноты, вяшчун, дзясніца, чало, ерась;

б) з рускай ці праз рускую мову: забастоўка, стачка, мяцеж, пераварот, ссылка, саслоўе, чарнасоценец, агітацыя, рабочы рух, лікбез;

камсамол, піянер, акцябронак, прафорг, камсорг, ваенрук, прараб, біліцёр, абліцоўшчык, вадзіцель, ліцейшчык;

махавік, вагранка, каленчаты вал, абойма, земснарад, гільза, фармоўка, пракат, рубільнік, верталёт, агнямёт, гусеніца;

педвуз, райком, аблвыканком, райсабес;

ажыццявіць, распрацаваць, аднавіць, выкарыстаць, абавязаць;

пяцігодка, дзяржплан, палітзаняткі;

в) з украінскай: багавінне, баханка, бублік, галушка, боршч, варэнік, шкляр, сярнічка, заляцанне, забабоны;

бадзёры, лядашчы, недалужны, чубаты;

журыцца, лунаць, нагадаць, прыкмячаць;

г) з польскай: рыдлёўка, кавадла, прасці, радла, спружына, дратва, мэбля, марля, пэндзаль;

гузік, сукенка, абутак, відэлец, патэльня, вяндліна, зразы, клёцкі;

войт, біскут, падатак;

сэнс, гвалт, здрада, карысць, скарга, лямант, смутак;

вандраваць, бэсціць, дранцвець, кахаць, клянчыць;

палац, ганак, маёнтак, парэнчы, гонта, гмах, млын, хлеў.

 

5. Карыстаючыся тэкстам “Запазычаная лексіка”, назавіце асноўныя прыметы запазычаных слоў з неславянскіх моў.

 

6. Знайдзіце асаблівасці фанетычнага і марфалагічнага афармлення, уласцівыя ўсёй групе прыведзеных запазычаных слоў. Вызначце генетычную прыналежнасць слоў кожнай групы і складзіце табліцу іх характэрных прымет.

Філалогія, фантазія, фанетыка, філасофія; акіян, аўтамат, этап, эпоха, аўтаномія, анархія, алагізм; аксіёма, дыск, эліпс, сімптом, сімвал; аўтаномія, іерархія, манархія.

Бюргер, бургамістр; шпунт, шахта, шланг, штольня, шрыфт, шпон, паштэт, шторм; дрэль, друк.

Абсалютызм, альтэрнатыва, асамблея, аванцюра; велюр, абажур; камуфляж, фюзеляж, бельэтаж; бюст, накцюрн, аванцюра, амбразура, гравюра, сюіта, вестыбюль, капюшон.

Прэсінг, мітынг, маркетынг, маніторынг; джаз, джынсы, джэм.

 

7. Прывядзіце прыклады назоўнікаў сучаснай беларускай мовы, у якіх ёсць запазычаныя фарманты:

Фона (грэч.) – гук, аўта (грэч.) – сам, мнема (грэч.) – памяць, нана (грэч.) – карлік, кінета (грэч.) – рухомы, сінхра (грэч.) – адначасовы, амфі (грэч.) – вакол, з абодвух бакоў, дэка (грэч.) – дзесяць, механа (грэч.) – сцягванне.

 

8. Растлумачце, чым адрозніваюцца ад беларускіх слоў блізкія па значэнні іншамоўныя.

Антракт – перапынак, афіша – аб’ява, басейн – вадаём, дыплом – пасведчанне, дыскусія – спрэчка, інцыдэнт – выпадак, мемуары – успаміны, мініяцюрны – маленькі, турыст – падарожнік, асістэнт – памочнік, вакуум – пустата, імітацыя – падробка, іронія – насмешка, рэстаўрацыя – узнаўленне, аналогія – падабенства.

 

9. Падбярыце да беларускіх слоў і выразаў іншамоўныя адпаведнікі.

1. Гідраакустычны прыбор для вымярэння глыбінь мора. 2. Надта моцная цэгла, у якую не пранікае вільгаць. 3. Ускосны падатак за продаж тавараў шырокага ўжытку, які ўключаецца ў цану тавара. 4. Адсутнасць пігментацыі скуры, валасоў, радужнай абалонкі вачэй у чалавека і жывёл. 5. Спецыяліст-кансультант у якой-небудзь галіне пры пасольстве. 6. Ска­мянелая празрыстая смала, жоўтага колеру. 8. Грубы, непрыстойны. 9. Знешнія абрысы прадмета, будынка, канструкцыі. 10. Зусім, поўнасцю, дазвання. 11. Страчваць адчувальнасць, нямець, дзерванець. 12. Юры­дычна, на падставе закона. 13. Пабуджальны. 14. Уключыць, далучаць. 15. Узровень разумовага развіцця. 16. Сцісканне. 17. Афіцыяльнае паве­дамленне, пераважна па пытаннях міжнароднага значэння. 18. Згода, адзінства. 19. Вядомасць, папулярнасць. 20. Служачы, які выдае ключы, прымае пошту і інш. у вестыбюлі гасцініцы.

Словы для даведак: інтэлект, дашчэнту, эхалот, парцье, дранцвець. кампрэсія, аташэ, імпульсіўны, габарыт, клінкер, кансэнсус, вібрацыя, камюніке, дэ-юрэ, акцыз, бурштын, інкарпараваць, вульгарны, паблісіці, альбінізм.

 

10. Перакладзіце словы з рускай мовы на беларускую і вызначце асаблівасці беларускага асваення запазычаных слоў.

Аир, аккордеон, асбест, аудитория, бутсы, госпиталь, дакламировать, депутатский, енот, афрейтор, йод, калоша, квартира, ковёр, ковёр-самолёт, дежурный, колбаса, конвейер, коридор, жандарм, купорос, масштаб, Наум, одеколон, риск, рюкзак, салфетка, сержант, фельдшер, тюк, шляпа, шурин, ярмарка, Афанасий, Григорий, Даниил, Евгений, Филипп.

 

11. Падбярыце да запазычаных слоў спрадвечна беларускія сінонімы, карыстаючыся слоўнікамі.

Аграрны, адукацыя, акропаль, аранжарэя, аргумент, афарызм, аратар, апладысменты, аркуш, дыкцыя, рэзюмэ, кліпсы, кавалерыя, ландшафт, гарызонт, маёнтак, фігура, сцюардэса, арфаграфія, аўдыенцыя, індустрыя, туберкулёз, шарэнга, фрукты, эксперымент.

 

12. Назавіце агульнаславянскія словы: а) якія захаваліся ў сучаснай беларускай мове; б) якія выйшлі з ужытку, замяніўшыся на новыя; в) якія паслужылі базай для ўтварэння ўласнабеларускіх слоў або відазмяніліся.

Винити, пети, боятися, писати, видети, кричати, судити, гасити, седети, будити, готовати, держати, верити, искати, драти, метити, строити, слышати, сосати, боротися, кидати.

 

13. Якім з ніжэйпрыведзеных слоў рускай і ўкраінскай мовы адпа­вядаюць уласнабеларускія словы? Запішыце іх.

Быстро – швидко, красивый – гарний, подсолнечник – соняшник, одеваться – одягатися, отблеск – вилиск, совершенный – досконалий, ветка – гілка, ужас – жах, повстанец – повстанець, торопить – квапити, путешественник – мандрівець, подчёркивать – підкрэслювати, напряжение – напруга.

 

Гэта цікава

Звычайнае беларускае слова бульба, або такое ж звычайнае рускае картофель, ці сярэдняе між імі таксама беларускае, але ўжо мясцовае, дыялектнае картопля. Адкуль яно? З Амерыкі. На наш еўрапейскі кантынент яго прывёз не хто іншы, як сусветна вядомы мораплавальнік Хрыстафор Калумб. Вяртаўся пераможцам з далёкага плавання, адкрыўшы новы кантынент, або, як яго называюць яшчэ і цяпер, Новы Свет – Амерыку. Вяртаўся з кошыкам клубняў, што раслі ў зямлі і прыйшліся да спадобы як смачны харч. Назва беларуская пайшла ад лацінскага бульбус або больбус – цыбуліна, круглы плод, што расце ў зямлі.

Вядома, што ў рускую мову слова картофель прыйшло з нямецкай, як пазычанае ў італьянскай мове, дзе ёсць тартуфель або труфель. Так называюць падземныя грыбы, падобныя формай на клубні цыбуліны. Тартуфель немцы перайначылі ў картофель. У немцаў гэтае слова пазычылі палякі – картофель. Да беларусаў яно прыйшло ад суседзяў палякаў, але пашыралася не вельмі каб ахвотна. На Беларусі лепш прыжылося бульбус, што значыць клубень, адкуль і ўтварылася неўміручае слова – бульба. Дарэчы, яно ёсць і ў польскай мове, але там лічыцца мясцовым, ёсць у чэшскай, дзе гучыць – бульва як утварэнне ад нямецкага балле, што значыць клубень. Украінская мова спынілася на назве бульба. (У. Юрэвіч.)

 

 

АНАМАСТЫКА

 

Анамастыка – раздзел мовазнаўства, які вывучае любыя ўласныя імёны, іх паходжанне, гісторыю, асноўныя заканамернасці развіцця і функцыянавання.,

Анамастыка падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з катэгорыямі аб΄ектаў, што носяць уласныя імёны.

Тапаніміка – раздзел анамастыкі, які вывучае ўласныя імёны геаграфічных аб’ектаў.

Антрапаніміка – раздзел анамастыкі, які вывучае ўласныя асабовыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, імёны – мянушкі, псеўданімы.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. Пракамеціруйце наступнае выказванне К. Паўстоўскага:

“Назвы – гэта народнае паэтычнае афармленне краіны. Яны апавядаюць пра характар народа, яго гісторыю, яго чхільнасці і асаблівасці побыту”.

 

2. Прачытайце легенды. Ці дакладна яны тлумачаць узнікненне тапоніма?

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...