Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Выпішыце спачатку лексічныя амонімы, а потым – амаформы.




Малінаўкі спеюць – малінаўкі спяваюць, спыніцца каля ліпкі – ліпкі грунт, пайсці ў горы – жылі ў горы, збіраць маркі – маркі касцюм, варта спынілася – варта спыніцца, папасці ў першы забег – забег на хвілінку дамоў, навязаць вузлоў – са скорасцю 10 вузлоў, прыехаць у тэрмін – мовазнаўчы тэрмін, трактарны завод – завод гадзінніка.

 

3. Знайдзіце ў наступных радках выпадкі амафоніі і скажыце, у выніку чаго яна ўзнікае.

На балоце туманы

Сцюдзёнасцю праймаюць,

Уздымаюцца палотнамі

Перад сонцам нізкім,

Ваўкі жыць чалавека

Сюды не прымаюць,

Дзікія качкі

Не знаюцца ні з кім.

(А. Куляшоў)

 

Унізе сцелецца туман,

Як шэрыя папахі;

Здаецца, сотні партызан

Ідуць уброд па пахі.

(С. Грахоўскі)

 

4. Вызначце сярод прыведзеных слоў амаформы, амафоны, амографы і растлумачце іх утварэнне.

Адбо́ю – ад бо́ю, адве́зці – адве́сці, адрасы́ – ад расы́, бачо́к – бачо́к, ве́даў – ве́даў, ву́сны – ву́сны, даво́лі – да во́лі, зага́даў – загада́ў, зага́ру – загару́, загару́ – за гару, заса́ліў – засалі́ў, згары́ – з гары́, каса́ – ка́са, ні́зка – ні́зка, па́рай – пара́й, роз – рос, свя́ты – святы́, ста́ла – стала́, Танк – танк, хва́лю – хвалю́, чаро́д – чаро́т.

 

5. 1. Вызначце, у якіх формах могуць супадаць даныя словы. Пакажыце гэта на прыкладах, склаўшы з прыведзенымі словамі словазлучэнні.

Поле і паліць, вера і верыць, надаіць і надаваць.

 

2. Праскланяйце прыведзеныя словы і вызначце, якія іх склонавыя формы маюць амаформы і амографы.

Варта, вяз, сыр, туга, раса, стол, хваля.

3. Утварыце формы загаднага ладу і прошлага часу ад прыведзеных дзеясловаў і вызначце, якія з іх маюць амаформы і амографы.

Наліць, паліць, шыць, ведаць, падаць.

 

6. Вызначце, на чым заснавана ігра слоў у прыведзеных урыўках і які мастацкі эфект гэтым дасягаецца.

А) Мімоза кажа мне ў садку,

Уся ў духмянай завязі:

– Ламай мяне, к сакавіку

Сваёй каханай завязі.

(А. Астрэйка)

Б) Хвалявацца стала Качка –

Не рашаецца задачка.

Хоць вазьмі ды дробку тры...

Колькі будзе – пяць ды тры?

(С. Шушкевіч)

В) Ведайце, сябры мае,

Добрую прывычку мае

Той, хто першым устае, –

Сонейку дапамагае.

(В. Вітка)

Г) І крыўдна мне, калі букеты

Хтось носіць на кірмашны рад,

З пялёсткаў круглыя манеты

Чаканіць і – бясконца рад.

(А. Пысін)

Д) Сосны гэтыя і бярозы

Не пыталі

Хто я, адкуль,

А мяне серабром і бронзай

Засланялі ў вайну ад куль.

(М. Аўрамчык)

 

СІНОНІМЫ

 

Словы, якія называюць адзін і той жа прадмет, з’яву, дзеянне, прымету, называюцца сінонімамі. Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. Тое слова сінанімічнага рада, якое найчасцей выкарыстоўваецца ў мове як назва адпаведнага прадмета ці з’явы і не мае дадатковых адценняў, называецца дамінантай. Дамінанта заўсёды стаіць на першым месцы:

Вялікі, буйны аграмадны, гіганцкі, велічэзны; мёрзнуць, зябнуць, калець, стыць, дубець; пах, дух, духмянасць, арамат, водар.

У залежнасці ад таго, якімі адценнямі значэння адрозніваюцца паміж сабой словы ў сінанімічным радзе, сярод іх вылучаюцца сэнсавыя, стылістычныя і сэнсава-стылістычныя сінонімы. Акрамя таго, асобны тып складаюць кантэкстуальныя сінонімы.

Сэнсавыя сінонімы (семантычныя, ідэаграфічныя) адрозніваюцца сэнсавымі адценнямі значэння. Напрыклад, адвага, смеласць, храбрасць; халодны, ледзяны, сцюдзёны. Галоўная функцыя такіх сінонімаў у мове – дыферэнцыяльная. Кожны з іх ужываецца ў залежнасці ад таго, якое іменна адценне ці прымету ў той ці іншай з’яве, дзеянні неабходна дакладна выразіць ці падкрэсліць. Напрыклад: бегчы, імчацца, ляцець. Гэтыя словы аб’ядноўваюцца ў сінанімічным радзе з агульным значэннем ‘рухацца, пераступаючы нагамі, робячы крокі’. Але дзеяслоў імчацца паказвае на больш хуткі рух, а дзеяслоў ляцець – на самы хуткі рух. Значыць, сінонімы бегчы, ляцець, імчацца адрозніваюцца паміж сабой рознымі сэнсавымі адценнямі, таму што паказваюць на розную ступень (хуткасць) праяўлення дзеяння.

Стылістычныя сінонімы адрозніваюцца рознымі стылістычнымі адценнямі значэння, гэта значыць ужываюцца ў розных стылях мовы. Напрыклад, розум – інтэлект, гаварыць – балбатаць, дапамога – садзейнічанне, бусел – бацян, маланка – бліскаўка, бегемот – гіпапатам, канчатак – флексія, пляменніца – братанка.

Так, словы бусел, маланка, канчатак, пляменніца і інш. выкарыстоўваюцца ўсімі носьбітамі беларускай мовы незалежна ад іх узросту, адукацыі і г. д., а адпаведныя ім сінонімы бацян, бліскаўка і інш. вядомы толькі абмежаванай частцы насельніцтва (ужываюцца толькі ў асобных дыялектах) ці пашыраны ў навуковай сферы, гэта значыць абмежаваны ў сваім выкарыстанні кніжнай мовай.

Сэнсава-стылістычныя сінонімы адрозніваюцца тым ці іншым значэннем і маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку. Так, словы гераічны і доблесны з’яўляюцца сінонімамі, але адрозніваюцца сваім значэннем і стылістычнай афарбоўкай: сінонім доблесны выражае больш высокую ступень якасці (яго значэнне – ‘такі, у якім праяўляецца гераізм, дастойны славы’) і адначасова надае паняццю стылістычнае адценне ўзнёсласці і паэтычнасці. Да такіх сінонімаў адносяцца таксама словы прысяга – клятва, хуткі – імклівы і інш.

Кантэкстуальныя сінонімы збліжаюцца сваім значэннем толькі ў пэўным кантэксце, напрыклад:

Імгла заслала сіні далягляд,

І жураўлі ляцяць, вяслуюць к Нілу.

(Е. Лось)

Відавочна, што словы ляцець і веславаць выкарыстаны ў значэнні ‘рухацца ў паветры пры дапамозе крылаў’. Без кантэксту кожнае з гэтых слоў мае розныя значэнні.

У лінгвістычнай літаратуры сустракаецца паняцце эўфемізма. Гэта слова або выраз, што маскіруе прамы сэнс зняважлівага, не зусім прыдатнага абазначэння з эстэтычных патрэб, напрыклад, зараза – інфекцыя, аперацыя – хірургічнае ўмяшанне, белабрысы – бландзін, прагнаць – папрасіць выйсці, стары – немалады.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. Падбярыце сінонімы да прыведзеных слоў у розных значэннях. Складзіце сказы са словам гарэць у розных яго значэннях:

Вольны – ‘нікому не падпарадкаваны’; ‘нікім, нічым не заняты’; ‘не абмежаваны якімі-небудзь перашкодамі’. Даволі – ‘у значнай ступені’; ‘столькі, колькі трэба’. Гарэць – ‘знішчыць агнём’; ‘даваць, выпраменьваць святло’; ‘быць у гарачцы’; ‘выдзяляцца яркай афарбоўкай’; ‘рабіцца гарачым’; ‘быць у кветках’. Задума – ‘тое, што задумана, намечана зрабіць’; ‘асноўная думка мастацкага твора’; ‘псіхічны стан, разважанні’.

Даведка: бязмежны, бяскрайні, вакантны, незалежны, пусты, свабодалюбівы, свабодны; багата, многа, шмат, парадкам, дастаткова, досыць, хопіць; блішчаць, залаціцца, зіхацець, ззяць, ірдзець, курэць, палаць, палыхаць, прамяніцца, свяціць, серабрыцца, цвісці, чырванець, шугаць, трызніць; задуменнасць, заклапочанасць, замысел, засяроджанасць, ідэя, намер, план, прыцэл, разлік, рашэнне, роздум.

 

2. Вызначце, якія з прыведзеных у сінанімічных радах сінонімы з’яўляюцца сэнсавымі, а якія – стылістычнымі.

Бяда, пагібель, канец, каюк, крышка; галава, кацялок; гультай, абібок; зразумець, скеміць, уцяміць, раскусіць; маланка, бліскаўка; канчатак, флексія; май, травень; хуткі, імклів; гераічны, доблесны; спаць, дрыхнуць.

 

3. Да прыведзеных запазычаных слоў падбярыце ўласнабеларускія сінонімы.

Элемент, імпульс, дыслакацыя, каноэ, рэгламент, эфектыўны, інтэрпрэтаваць, эксперымент, дэфект, бартэр, фенаменальны, крэдыт, матор, эвалюцыя, дэталь, рэзерв, філантроп, кантраст, рэгент, рэзананс, ілюзія, дэбітор, дырэктыва, рэестр.

Для даведак: колькасць руху, тавараабмен, рухавік, змена, незвычайны, дослед, дабрадзей, частка, дзейсны, недахоп, падрабязнасць, даўжнік, знаходжанне, загад, тлумачыць, падзея, лодка, адрозненне, пазыка, запас, дырыжор, расклад, рэха, спіс.

 

4. Прачытайце тэкст. Растлумачце сэнс выдзеленых слоў. Перакажыце тэкст, замяняючы выдзеленыя лексемы сінанімічнымі.

Многія дасягненні нашай навукі падобны на мары, увасобленыя ў жыцці. З хуткасцю ствараюцца новыя рэчывы і незвычайныя матэрыялы. Не паспеў нарадзіцца полівінілавы спірт поліакрылнітрыл, як на яго аснове вынайшлі цудоўнае валакно – бензанол. Штучнае валакно і пластмасы сталі вырабляць з манамераў і паўпрадуктаў. Новы матэрыял – шлакасісталы – пераўзыходзіць па сваіх уласцівасцях бетон і цэглу. Новы клей для жалезабетону – клеебетон – валодае перавагай у параўнанні з эпаксідным клеем. Цудоўным падарункам для будаўнікоў з’явіліся і белыя квадрацікі, якія нагадваюць цукар-рафінад, – шклаплітка, якая надае прыгажосць жалезабетонным дэталям.

 

5. Сінонімы шырока функцыянуюць у мове мастацкай літаратуры. На выкарыстанні сінанімічных адзінак заснаваны прыём замены слоў, прыём “нанізвання” сінонімаў і прыём паралельнага ўжывання сінонімаў. Растлумачце сутнасць гэтых прыёмаў, ахарактарызуйце прыём выкарыстання сінонімаў у наступных урыўках.

А) Дарога вільнула ўправа, потым улева, затым зноў загнула ў правы бок і зноў пятляла, нібы той, хто пракладваў гэтую дарогу, меў намер павярнуцца як не ля кожнага пня. (А. Савіцкі)

Б) Звіняць касілкі, свішчуць косы

У летняй маладой траве. (А. Астрэйка)

В) Другу баліць – мне нялёгка,

Маме баліць – вельмі цяжка,

Сыну баліць – невыносна.

А Радзіме баліць

Стыне сэрца ад болю. (Н. Загорская)

Г) Завіруха вые, плача, тужыць.

Сцішыцца, каб нанава пачаць. (С. Грахоўскі)

Д) Травы ачысцяцца, дрэвы памыюцца,

Лівень не зломіць іх – стануць даўжэй. (П. Панчанка)

Е) Куды ты, любая дзяўчынка?

Свой спорны крок спыні, пастой

Не свята там, а вечарынка

Шумлівай моладзі пустой. (С. Грахоўскі)

 

 

АНТОНІМЫ

 

Словы з супрацьлеглым значэннем называюцца антонімамі (спакойны – усхваляваны; выздаравець – захварэць; праўда – мана). Сярод антонімаў у залежнасці ад структуры выдзяляюць рознакарэнныя і аднакарэнныя. Рознакарэнныя антонімы – гэта словы з рознымі каранямі: добры – дрэнны, халодны – гарачы. Аднакарэнныя антонімы – гэта словы аднаго кораня, але з прыстаўкамі супрацьлеглага значэння: закрыць – адкрыць, унесці – вынесці, прывязаць – адвязаць.

Але не ўсе словы маюць антонімы, таму што не ўсе прадметы і з’явы рэчаіснасці супрацьпастаўляюцца па сваіх прыметах з іншымі прадметамі і з’явамі. Напрыклад, не маюць антонімаў такія словы: аловак, варона, лілея, пяцьдзесят і інш.

Антонімы, якія набываюць супрацьлеглае значэнне толькі ў пэўным кантэксце, адносяцца да кантэкстуальных:

Я шмат прайшоў дарог –

Яны былі шырокія і вузкія.

Яны былі далёкія

І нашы – беларускія (П. Глебка).

У гэтых радках словы шырокія і вузкія – агульнамоўныя антонімы, таму што яны і ў кантэксце, і па-за кантэкстам маюць супрацьлеглае значэнне. Словы далёкія (у вершы ‘якія не адносяцца да Беларусі’) і беларускія – кантэкстуальныя антонімы, бо па-за кантэкстам яны не маюць супрацьлеглага значэння.

На выкарыстанні антонімаў заснаваны наступныя стылістычныя прыёмы:

антытэза – стылістычны прыём, заснаваны на ярка выражаным супастаўленні кантрастных з’яў і паняццяў, напрыклад:

Любоў і лад узвышаюць,

Вядуць за далягляд.

Варожасць і злосць прыніжаюць,

Адкідаюць назад. (А. Вярцінскі)

Як бачым, любові і ладу паэт супрацьпаставіў варожасць і злосць. Любоў і лад акрыляюць людзей, адкрываюць у іх самае лепшае. Варожасць і злосць разбураюць лад, згоду, дружбу паміж людзьмі. Іменна гэта і выразіў паэт усяго некалькімі словамі з супрацьлеглым значэннем.

аксюмаран – стылістычны прыём, заснаваны на спалучэнні слоў з супрацьлеглым значэннем, якія абазначаюць лагічна несумяшчальныя паняцці: гарачы снег; аглушальны спакой.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Вызначце, якія з прыведзеных слоў з’яўляюцца антонімамі, а якое слова лішняе ў кожным радзе.

1.Горача, светла, холадна. 2. Блізкі, далёкі, добры. 3. Адважны, баязлівы, страшны. 4. Лёгкі, мяккі, цвёрды. 5. Весялосць, радасць, сум. 6. Актыўнасць, лёгкасць, пасіўнасць. 7. Бодры, змучаны, ласкавы.

 

2. Падбярыце антонімы да прыведзеных словазлучэнняў.

Моцная вяроўка –..., моцнае сэрца –..., моцны вецер –..., моцны вучань –..., моцная дружба –...;

Свежы хлеб –..., свежая газета –..., свежае паветра –..., свежыя кветкі –..., свежыя думкі –..., свежыя агуркі –...;

Мяккі клімат –..., мяккая гліна –..., мяккі голас –..., мяккі чалавек –..., мяккая пярына –...;

Свабодны народ –..., свабодны рух –..., свабоднае месца –..., свабодны ўваход –..., свабодны дзень –...;

Горкі смак –..., горкая вестка –..., горкае жыццё –..., горкія думкі –..., горкія слёзы –...

 

3. Прачытайце ўрыўкі з вершаў. Знайдзіце антонімы. Якія антонімы з’яўляюцца агульнамоўнымі, а якія – кантэкстуальнымі?

А) Жыццё, мяне не беражы

І надалей ад неспакою.

Не пакідай на той мяжы,

Што між гарачаю любоўю

І між нянавісцю ляжыць. (Г. Каржанеўская)

Б) Дзівак чалавек...

Бачыць сцяжынку гладкую,

А марыць аб трудных, цярністых шляхах

З іх круцізною,

З іх небяспечнай загадкаю

І будзе ісці,

Пакуль мае сілу ў нагах.

Дзівак чалавек...

Са стратаю непапраўнаю

Не мірыцца ён ні за што ў душы.

З няпраўдай не мірыцца,

І з крыўднаю праўдаю

Не хоча мірыцца –

Хоць кол ты на ім чашы. (А. Вярцінскі)

В) Я адплаціў народу,

Чым моц мая магла:

Зваў з путаў да свабоды,

Зваў з цемры да святла. (Я. Купала)

 

4. Вызначце антонімы і ахарактарызуйце прыём іх выкарыстання. Раскрыйце мастацка-выяўленчую функцыю антонімаў.

А) Сяброўства бывае рознае –

І цёплае, і марознае,

І вечнае, і да пары,

Бо розныя нашы сябры... (Р. Тармола)

Б) Які сёння дзень і якая дата?

Для каго – будзень,

Для каго – свята.

Недзе – засуха.

Недзе – макрэча.

Аднаму – разлука,

Другому – сустрэчы. (А. Грачанінаў)

В) Ісціна, адвечная як свет:

Шчасце ходзіць толькі ў пары з горам.

За надзеяй – боль зняверу ўслед.

За пашанай – прыніжэння сорам.

За святлом знаходкі – горыч страты,

За агнём любві – разлукі снег.

За абдымкамі – падножка здрады...

Ісціна, адвечная як свет. (Н. Гілевіч)

5. Прачытайце прыказкі, назавіце ў іх антонімы. Растлумачце сэнс прыказак.

Чужога дабра не гань, а свайго ліхога не хвалі. Горкая часам праца, ды хлеб ад яе салодкі. Гаварыць трэба паасобку, а спяваць – разам. Хто не бачыў вялікага, той з малога дзівіцца. Летнюю часіну зімовым тыднем не зменіш. Чорны мак, ды смачны, белая рэдзька, ды горкая. Схлусіш сёння, не павераць заўтра. Далей паложыш – бліжэй возьмеш. Менш гавары – больш рабі. Птушка малая, а карысць ад яе вялікая.

 

6. Спішыце сказы. Замест кропак устаўце патрэбныя антонімы, растлумачце іх значэнне.

Што аднаму цяжка даецца, тое калектывам... бярэцца. Новых сяброў набывай, а... не забывай. Не адкладвай на заўтра, што паспееш зрабіць.... Сады садзі і ў маладосці, і ў.... Лёгка пасварыцца, ды....... Здароўе лёгка страціць, ды....... Шчырыя сябры аднолькавыя ў радасці і ў.... Высока падляцеў, ды....... Блізка відаць, ды... дыбаць. За чужымі і... не відаць.

 

7. Успомніце і запішыце прыказкі, у якіх ёсць антонімы густа – пуста, мякка – цвёрда, лета – зіма, горкая – салодкая, мір – вайна, свой – чужы, вялікі – малы, малады – стары, лёгка – цяжка.

 

 

ПАРОНІМЫ

 

Словы, якія належаць да адной часціны мовы, маюць блізкае гучанне, але адрозніваюцца па значэнню, называюць паронімамі, напрыклад, адрасант (той, хто пасылае пісьмо) і адрасат (атрымальнік); карысны (які прыносіць карысць) і карыслівы (які імкнецца да асабістай выгады), зажываць (загойвацца) і зажывіць (залячыць, загаіць); еднасць (адзінства) і яднанне (цесная сувязь, згуртаванне).

Часцей за ўсё паронімы ўзнікаюць у выніку запазычання іншамоўнай лексікі: квадрат (роўнастаронні прамавугольнік) і квадрант (чацвёртая частка круга), эканоміка (стан народнай гаспадаркі) і эканомія (беражлівасць). Але ў паранімічную пару могуць аб’ядноўвацца і словы славянскага паходжання: асобы (незвычайны, выключны) і асобны (самастойны).

Паронімы адносяцца да адной часціны мовы і ўтвараюць рады з двух ці некалькіх кампанентаў. Знешняе гукавое падабенства паронімаў – прычына таго, што іх часам памылкова ўжываюць адзін замест другога. Гэта парушае сэнс выказвання і абцяжарвае яго разуменне: Злева ад дарогі ўзвышаецца гліняны бераг. (Правільна – гліністы).

На аснове параніміі развілася такая фігура маўлення, як паранамазія. Яна ўтвараецца свядомым або выпадковым сутыкненнем у адным кантэксце сугучных слоў, якія адрозніваюцца адным складам або гукам: У век няшчаднага лазера спяваць недарэчна лазара (Р. Барадулін).

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. Растлумачце значэнні паронімаў, складзіце з выдзеленымі словамі сказы.

Прыгодніцкі – прыгодны, паказальны – паказны, зайздрослівы – зайздросны, паверхневы – павярхоўны, пасінелы – пасінены, адрывісты – адрыўны, прыёмнік – прыёмшчык, кампрэс – кампрэсар, транспарт – транспарант, рэклама – рэкламацыя, практык – практыкант, эфект – дэфект, транзіт – транзістар, ордэн – ордэр, яшчар – яшчур.

 

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...