Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Крыніцы беларускай фразеалогіі




 

Фразеалогія сучаснай беларускай мовы фарміравалася і ўзбагачалася на працягу многіх стагоддзяў. Асноўная яе крыніца – гэта жывая народная мова, вусная народная творчасць. 3 гэтай крыніцы пастаянна папаўняецца і ўзбагачаецца беларуская літаратурная мова: сам-насам, адбіцца ад рук, блізкі свет, у свіныя галасы, за пояс заткнуць, зямлю парыць, у лапці абуць, з мухамі ў носе і інш. Сталі фразеалагізмамі і некаторыя прафесійныя выразы: мераць на свой аршын, іграць у адну дуду, зялёная вуліца, шыта белымі ніткамі, раскрыць карты, закінуць вуды, ход канём.

Большую частку фразеалагічнага запасу сучаснай беларускай мовы складаюць спрадвечна беларускія фразеалагізмы, сярод якіх вылучаюцца:

а) агульнаславянскія фразеалагічныя адзінкі, што дайшлі да нас з агульнаславянскай мовы: з галавы да ног, закрануць за жывое, правая рука, вадзіць за нос, як на далоні, на край свету;

б) усходнеславянскія, якія перайшлі ў беларускую мову з агульнай усходнеславянскай (старажытнарускай) мовы: богу душу аддаць, віламі па вадзе пісана, лезці на ражон, агарод гарадзіць;

в) уласнабеларускія, якія ўзніклі ў перыяд фарміравання і развіцця беларускай народнасці: абы з рук, было ды сплыло, гула асмаленая, свяціць вачамі, хварэць на пана, ад відна да відна, дзесятаму заказаць, цямця-лямця, холаду нагнаць і інш.

У беларускай мове нямала запазычаных фразеалагізмаў, што прыйшлі да нас з іншых моў (царкоўнаславянскай, рускай, нямецкай, французскай, англійскай, польскай): плоць ад плоці і косць ад косці, крыж несці, блудная авечка, перакаваць мячы на арала, закапаць талент у зямлю, соль зямлі, молада-зелена, ісці ў нагу з часам, пуцёўка ў жыццё, з вачэй далоў і з сэрца вон, шыварат навыварат, на схіле дзён; мець грунт пад нагамі, з малатка, ні рыба ні мяса, іграць першую скрыпку; з вышыні птушынага палёту, раз і назаўсёды, мець месца; рукі прэч, прайсці агонь і ваду; даць дыхту, збіць з тропу. З легендаў, міфаў Старажытнай Грэцыі прыйшлі да нас такія фразеалагічныя адзінкі, як кануць у Лету, ахілесава пята, на сёмым небе, перайсці Рубікон, траянскі конь, сізіфава праца і інш.

Фразеалагічны склад сучаснай беларускай літаратурнай мовы рухомы: ён пастаянна папаўняецца, узбагачаецца як за кошт фразеалагізмаў з народна-гутарковай мовы, так і за кошт запазычанняў.

Фразеалагізмы падаюцца ў спецыяльных даведніках – фразеалагічных слоўніках (гл. ніжэй).

 

Прыказкі (прымаўкі).
Крылатыя словы, афарызмы, перыфразы

Як ужо ўказвалася раней, да фразеалагізмаў паводле некаторых прымет прымыкаюць прыказкі, перыфразы і крылатыя выразы.

Прыказка (прымаўка) – гэта трапнае народнае выслоўе з павучальным зместам: На сваім сметніку і певень гаспадар. Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей. Сябра за грошы не купіш. Тады слова серабро, калі справа золата.

Мова прыказак лаканічная, вобразная. У іх адлюстроўваецца філасофія і жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, думкі, надзеі і спадзяванні, даецца ацэнка сітуацыям, робяцца падказкі, парады на розныя выпадкі жыцця: Дома і сцены дапамагаюць. Не збірай дзецям пасагу, збірай розум. Малы жук, ды вялікі гук. З кім жыць, таго не гнявіць. Нікому з неба само не спадзе. Рана ўстанеш – многа зробіш. Без прычыны і хвост не матляецца. Гуляючы, розуму не прыдбаеш. Навука вочы адчыняе. Ідзі з людзьмі, то не згубішся. Двум багам не служы. Няма лепшага раю ад роднага краю. На языку мядок, а на сэрцы лядок.

Нацыянальныя прыказкі – скарбніца духоўнай сілы народа, таму і не старэюць яны на працягу стагоддзяў.

Крылатыя словы і афарызмы – трапныя вобразныя выслоўі пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў, выдатных людзей розных часоў. Такія выслоўі становяцца шырока вядомымі, пачынаюць распаўсюджвацца, ужывацца як гатовыя моўныя адзінкі. Яны, лаканічныя і выразныя, маюць абагульняльны змест: Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш. Наогул трэба жыць больш змысла і больш мяркоўна, болей сцісла. Мой родны кут, як ты мне мілы! (Я. Колас). Дум не скуеш лапцугамі. Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю. Жыў беларус – і будзе жыць. Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі! (Я. Купала). Рупная пчала ўмее ў соты мёд набраць і з горкіх кветак. Ты не згаснеш, ясная зараначка, ты яшчэ асвеціш родны край. I тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага ўзору, цвяток радзімы васілька (М. Багдановіч). І ўсё мілагучна для слыху майго: і звонкае «дзе», і густое «чаго». Лечыцца трава ад спёкі ліўнем, людзі ласкай лечацца людской (П. Панчанка). Раны гояцца часам, а дружбаю – гора (А. Куляшоў). Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах. Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала (К. Крапіва). Дзе пройдуць ногі маладосці, дыхне і мёртвая зямля (А. Звонак). Беларусь – мая маці і мова, паветра і хлеб (А. Вялюгін). Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма (К. Чорны).

Крылатыя выслоўі беларускіх пісьменнікаў сабраны ў зборніку Ф. Янкоўскага “Крылатыя словы і афарызмы” (1960), а таксама ў зборніку “Час, жыццё, людзі.. Беларускі літаратурны афарызм”. – Складальнік А.Я.Леванюк: Брэст, 2001г.

Перыфразы – апісальныя назвы асобных прадметаў і з'яў, якія ўжываюцца замест слоў, што іх называюць, напрыклад: край блакітных азёр – Беларусь; чорнае золата – нафта; другі хлеб – бульба; беларускі (паўночны) шоўк – лён; зямля бацькоў – радзіма; срэбны званочак – жаўранак. Сэнс многіх перыфраз раскрываецца толькі ў пэўным кантэксце. Перыфразы як сродак вобразнасці і выразнасці твора найчасцей выкарыстоўваюцца ў паэзіі і публіцыстыцы.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...