Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Адкуль у чалавека імя? Што яно азначае?




З грэчаскай мовы

Алена – ад слова геліас – сонца або залітая святлом прастора. Святляным дзяўчынкам за іх падабенства да сонца давалі ў Грэцыі імя Гэленас, якое, толькі без суфікса -с-, засталося ў польскай мове да нашых дзён – Гэлена. У беларускую мову прыйшлі памяншальныя формы гэтага імя – Гэля, Гэлька, якімі карыстаюцца ў нас шырока, побач з такімі, як Лена, Ленка, Леся, Лёля. Пашыранае апошнім часам у Беларусі імя Алёна аддаляе яго ад першавытокаў.

Аляксандр, Алесь. Імя ўтворана з двух слоў: алекса – абаронца і анэр – мужчына (родны склон – андрас). Пры пераходзе ў рускую мову адпаў характэрны для грэчаскай мовы канчатак -ас. Беларусы яшчэ больш падкарацілі імя, выкінуўшы суфікс -к- і адкінуўшы другую частку. Яно стала гучаць – Алесь, і цяпер абедзве формы існуюць раўнапраўна: Аляксандр і Алесь. Памяншальныя формы – Алеська, Саня, Саша, Шура, Лесік.

Андрэй, Анджэй – ад слова андрэйас, што значыць мужны, храбры. Анджэй – тое самае, што Андрэй, толькі ў польскім вымаўленні. Па­мяншальныя формы – Андрэйка, Андрук, Андруха.

Арцём – ад слова артэмес – непашкоджаны, здаровы. Памяншальныя формы – Арцік, Цёма.

Вераніка – з двух слоў: веро – несці і ніке – перамога, цалкам азначае носьбітка перамогі.

Зміцер, Змітрок, Дзмітрый. У старажытнай міфалогіі багіню ўрадлівасці і земляробства называлі Дземетра. Хлопчыкам, бацькі якіх былі прыхільныя рабіць на зямлі, засяваць яе, давалі імя Дземетрыос. Па-руску яно займела гучанне Димитрий, а па-беларуску – Зміцер, Змітрок. Памяншальныя формы – Змітрок, Дзіма, Міця, Зміцер, Мітра.

Яўгенія, Аўгіння, Аўга. Многія імёны, асабліва ў сваіх памян­шальных формах, гучаць і пішуцца аднолькава як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў. Напрыклад, Жэня, Шура, Саня, Юзя. Аднак варта звярнуцца да поўнага імя, як усё становіцца на своё месца. Калі Жэня – хлопчык, дык будзе Яўген, Аўгень, калі ж дзяўчынка, дык загучыць Яўгенія або Аўгіння, Аўга. Еўга. Прыйшло гэтае імя з грэчаскай мовы, дзе ўтворана ад слова эўгенес, што значыць высакародны, шляхетны, як цяпер кажуць, усебакова развіты.

 

З лацінскай

Антанін, Антон, Антось, Антаніна. Рымскае родавае імя Антанінус. Такое імя насілі два рымскія імператары ІІ ст. нашай эры. Ад мужчынскага імя ўтворана жаночае Антаніна або Антуніна. Памяншальныя формы – Антук, Анцік, Антонка, Тоня, Тоша, Тося, Анця, Антося, Ніна, Іна. Паходзіць ад выразу антэ эо – быць наперадзе.

Віктар, Вікторыя – ад слова віктор, вікторыя, што значыць пера­можца, перамога. Памяншальныя формы – Віця, Віта, Віка, Вікця, Віктора, Віцюк.

Максім. Вельмі пашыранае імя, утворанае ад слова максімус, што значыць найбольшы, найвышэйшы, найвялікшы.

Наталля – ад слова наталіс, што азначае родная, не чужая, бо былі ж у сям’і і чужыя, прыёмныя, не адной маці дзеці, а розных. Каб адрозніць родных ад няродных, давалі імя Наталля. Памяншальныя формы – Наташа, Ната, Наля.

 

 

Славянскія імёны

Алег, Вольга. З поўначы прыйшло да нас гэтае імя яшчэ ў тыя часы, калі воднымі шляхамі “варагі хадзілі ў грэкі”, падарожнічалі на поўдзень, засноўваючы на дарозе паселішчы, а заадно даючы пасяленцам свае скандзінаўскія імёны. Словы хельг, што значыць свята, і хельгі – свяшчэнны, прыналежны для святых, далі жыццё імёнам Хельгі (муж­чынскае) і Хельга (жаночае). Звычайна такія імёны давалі, калі дзень нараджэння выпадаў на свята. З’явіўшыся на старажытных славянскіх землях, яны прынялі адпаведнае гучанне: спачатку Ольг, а пасля Олег (у старарускай мове) і Ольга. Беларусы ж вымаўлялі гэтае імя з захаваннем нацыянальных асаблівасцей праз аканне і прыстаўны гук на пачатку слова – Алег і Вольга. Памяншальнымі формамі да мужчынскага імя Алег сталі Алік, Лёша, а Воля, Волька (па-руску Оля, Лёля) – да жаночага Вольга.

Вадзім – ад старажытнарускага вадити і беларускага вадзіцца, што значыць сварыцца, агаворваць каго-небудзь. Памяншальныя формы – Вадзік, Дзімка, Вадзя.

Людміл, Людміла. Агульнаславянскае імя, утворанае з двух слоў: людзі і мілы – людзям мілы, спагадлівы душой да гора людскога і чалавечых радасцей. Люда і Люся – раўнапраўныя, бо належаць аднаму і таму ж імені. Памяншальныя формы – Міла, Люля.

Уладзімір. Імя гэтае славянскага паходжання, утворана ад слоў валодаць і мір. У старыя часы мірам называлі грамаду, сход гэтай грамады, гараджан ці аднавяскоўцаў. Чалавеку, які стаяў на чале грамады, валодаў мірам (грамадой), было прынята даваць імя Уладзімір. Памян­шальныя формы – Уладзік, Уладак, Валодзя, Вова, Воўка, Воля.

 

Са старажытнаяўрэйскай мовы

Ада. У старажытнаяўрэйскай мове словам ада называлі жанчыну, якая любіла аздобы, упрыгожванні, мела звычку ўзбірацца на вышыню, каб потым на людзях прыгожа спускацца з яе ўніз.

Марыя, Мар’я, Марыля, Маруся. Бадай ці не самае пашыранае ў шмат якіх народаў свету жаночае імя. Прыйшло са старажытнаяўрэйскай мовай, а там утворана ад слова мара, што значыць супраціўляцца, адхіляць, адпрэчваць непрыемнае. У імені Марыам быў закладзены глыбокі сэнс прыняцця жанчынай на свае плечы цяжкай матчынай долі, ношы маця­рынства. У славянскіх мовах, у тым ліку і ў беларускай, старажытнае імя Марыам ператварылася ў прасцейшае – Марыля, Мар’я.

Міхаіл, Міхась, Міхал. Імя Мікаэл азначае роўны Богу. Вытворныя формы – Міша, Міхаська, Мішан.

Тамара. У аснове імя ляжыць назва фінікавай пальмы, што на мове іўрыт завецца фамар, тамар. Давалі такое імя стройным дзяўчынкам. Памяншальныя – Тамарка, Тама, Тома.

Паводле У. Юрэвіча

 

6. Раскажыце пра імёны вашага роду.

 

7. Прачытайце тэкст. Выкажыце ўласнае меркаванне наконт прачытанай інфармацыі.

Паміж імем чалавека і яго лёсам існуе незразумелая загадкавая сувязь. Так, у старажытным Рыме квітнеў патрыцыянскі род Клаўдзіяў, у ім з нейкага часу нікога з нованароджаных хлопчыкаў не называлі Луцыем. Чаму? Ды таму, што ўсе іх папярэднія Луцыі абавязкова станавіліся або рабаўнікамі, або забойцамі.

Рускі бібліёграф і пісьменнік С. Мінцлоў склаў табліцу з прозвішчаў выдатных расіян, і выявілася, што вядомасці і славы дасягалі часцей за астатніх Аляксандры (Пушкін, Грыбаедаў, Астроўскі і г.д.), Іваны, Мікалаі, Фёдары. Сяргееў, заўважыў даследчык, не вылучылі са свайго асяроддзя ніводнага вялікага чалавека, хоць менавіта яны з’яўляюцца, апярэджваючы тут іншых, бацькамі гэтых вялікіх.

На думку С. Мінцлова, імя не толькі прадказвае вядучае ці ценявое становішча ў жыцці, але і да пэўнай ступені акрэслівае загадзя характар таго, каго ім узнагародзілі. Па яго назіранні, Аляксандры амаль усе веселуны, Пётры, у большасці сваёй, – людзі з цяжкім характарам, упартыя. Яшчэ больш цяжкія Сцяпаны, якія не церпяць перашкодаў свайму нораву. Уладзіміры і Міхаілы простыя і дабрадушныя. Бесхарактарныя, але хітрыя і разважлівыя, як правіла, Аляксеі, Дзмітрыі, Мікалаі, Васілі любяць хлусіць. Канстанціны – няўдачнікі.

Барыс Хігір у кнізе “Тайна імені” сцвярджае, што ў імянны прагноз уносіць папраўку час нараджэння заснавальнікаў новай сям’і. Атрымлі­ваецца так, што самыя ўдалыя шлюбы – тыя, у якіх адзін з партнёраў нарадзіўся летам. Але толькі адзін! Калі абодва з’явіліся на свет летам або восенню, вясной або зімой, то шлюб звычайна нетрывалы.

А характар залежыць яшчэ ад імя па бацьку, якое быццам нясе ў сабе нейкі генетычны код, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Б. Хігір прыйшоў да высновы: усе Аляксандравічы звычайна імпульсіўныя, спачатку здзейсняць учынак, а ўжо потым абдумваюць яго. Ігаравічы ўпартыя, жорсткія. Мікалаевічы настойлівыя ў дзеяннях, у экстрэмальных сітуацыях нікога не шкадуюць. Барысавічы любяць падарожнічаць і зухвата вадзіць машыну. Васілевічы працавітыя і вынослівыя, але іншы раз неарганізаваныя, што запавольвае іх прасоўванне па службовай лесвіцы. Рыгоравічы спакойныя, памяркоўныя, выдатныя сем’яніны, часцей за ўсё лідэры ў сям’і.

Паводле Л. Карабельнікавай

Ці згодны вы з тым, які лёс наканаваў даследчык С. Мінцлоў Аляксандрам, Сяргеям?

 

8. Прачытайце тэкст. Якія праблемы ўздымае Н. Гілевіч? Ці маем мы права выракацца сваіх імёнаў?

Да знаёмых жанчын у дзяцінстве сваім я звяртаўся на роднай мове і ў духу нацыянальных звычаяў так: цётка Марыля, цётка Гілена, цётка Барбара, цётка Параска, цётка Рыпіна, цётка Луцэя, цётка Зося, цётка Еўка, цётка Тэкля.... Адышлі на вечны спачын гаротніцы-цёткі, зніклі і іх імёны. Унучкам і праўнучкам яны ўжо не дасталіся. Нехта ў свой час пераканаў, што Марыля, або Гілена, або Зося – гучыць непрыгожа, некультурна. Зрэшты, пераканалі ўвесь народ, што яго імёны – брыдкія, немілагучныя і што іх трэба памяняць на лепшыя. І пачалі мяняць. І напераменьвалі так, што ўжо нічога, ані знаку свайго не засталося. Па імені ўжо не пазнаеш, што перад табой беларус. Паляка пазнаеш, балгарына пазнаеш, француза пазнаеш – у кожнага народа свае імёны, чаму ж не пазнаць! А мы сваіх імён не маем, нас па імені не адрозніш.

Але ж быў час, мілыя мае браткі беларусы, калі пазнавалі па імені і нас, грэшных. Пачуеш Міхась, Юрась, Тамаш, Сымон, Антось, Язэп, Лукаш, Змітрок, Пятрусь, Абросім – ну, ясна: з Беларусі таварышы! Свет увесь пазнаваў! І паважаў нас за гэта, што свае імёны мелі. (Паводле Н. Гілевіча)

 

Філалагічныя загадкі

1. Вазьмі імя начное птушкі і адну літару за вушкі адразу выкінь у закутак з яго пачатку, каб дадаць назоў такое часткі сутак, калі той птушкі не відаць. І ўміг з-пад кемнага пяра ўзляціць назола-жамяра.     2. Спачатку першы склад спатрэбіцца назваць, а ён – прыстаўка. Тады табе на добры лад вышэйшая адзнака “5” за гэта будзе стаўка. Прыстаўку гэтую з адзнакай тою складзеш, і разальюся я ракою. Якою
3. Расказваць многа пра сябе няма ахвоты, мае склады, апроч другога, – ноты. Другі таксама нотай стаць напагатове, калі заместа “о” пісаць “і” ў гэтым слове. Але галосныя таго не пажадалі і тут жа з каліва майго стручкі парвалі. 4. Я рагаты, я сахаты, не даюся ў крыўду воўку, але ў корані маім ты зрабі перастаноўку, і змянюся я зусім. Растваруся я нязнакам Стану ў страве я прысмакам.
5. Я не птах, а крылы маю, не сабака, а кусаю, не машына, а гуду, наганяючы нуду. Але – верце ці не верце – застываю на канверце, калі толькі захачу і склады перакручу для таго, каб не памерці, бо ўсё хочуць маёй смерці. 6. Скажу табе я на пачатак, калі адкінеш мой канчатак, а ён – займеннік асабовы, я на вачах перамянюся, імгненна злучнікам зраблюся, і атрымаецца два словы. А злучыш зноў іх, і мой цень дасць прахалоду ў скверны дзень.
7. Калі, як ёсць, мяне чытаць, жытлом лісы магу я стаць, а памяняць склады дазволю, ператваруся ў месца болю. 8. Чатыры літары хапае, каб напісаць: трава сухая, і аніводнай не мяняць, каб я магла ракою стаць.
9. Да прыназоўніка дадаць спатрэбіцца імя дзяўчыны, і я магу адразу стаць следам ад машыны.
і

 

/
Адгадкі: 1. ава + дзень = авадзень; 2. пры + 5 = Прыпяць; 3. фа + со + ля; 4. лось – соль; 5. камар – марка; 6. але + я = алея; 7. нара – рана; 8. сена – Сена; 9. каля + Іна = каляіна.

(Васіль Сахарчук)

 

 

ФРАЗЕАЛОГІЯ

Фразеалогія як раздзел мовазнаўства

Ф р а з е а л о г і я (з грэч. phrasis – выраз, моўны зварот і logos – вучэнне) – гэта раздзел мовазнаўства, які вывучае значэнне фразеалагізмаў, іх структуру, адносіны да слова і словазлучэння, іх паходжанне і ўжыванне ў мове. Фразеалогіяй называюць таксама сукупнасць фразеалагізмаў пэўнай мовы.

У фразеалогіі вывучаюцца ўстойлівыя спалучэнні слоў з непадзельным цэласным значэннем (фразеалагізмы, або фразеалагічныя адзінкі), а таксама прыказкі, устойлівыя параўнанні, крылатыя выразы, перыфразы. Агульнае падабенства апошніх з фразеалагізмамі ў тым, што яны таксама ўжываюцца як гатовыя моўныя комплексы, а не ствараюцца падчас маўлення, маюць агульнавядомае, замацаванае за імі значэнне.

Фразеалагізм – своеасаблівая моўная адзінка, якая мае некаторыя агульныя рысы і са словам, і са словазлучэннем. Сваім значэннем фразеалагізм падобны да слова; як словазлучэнне, складаецца не менш як з двух слоў (кампанентаў), але выражае адно паняцце, значэнне вынікае з усяго ўстойлівага звароту, сэнсава ён непадзельны: выйсці сухім з вады 'апраўдацца, пазбегнуць пакарання', язык прыкусіць 'змоўкнуць'. У складзе фразеалагізма словы страчваюць сваё першаснае значэнне. Фразеалагічная адзінка мае адзіны, цэласны сэнс, які не вынікае са значэнняў асобных слоў, што ўваходзяць у яе склад. Некаторыя кампаненты фразеалагізма наогул самастойна не ўжываюцца: задаваць храпавіцкага, бібікі біць, блёкату аб'еўся, даць драла і інш.

Фразеалагізмы не ствараюцца ў час размовы, пісьма, гэта гатовыя адзінкі з вядомым, гатовым значэннем. У гэтым заключаецца ўзнаўляльнасць фразеалагічнай адзінкі.

Незалежна ад колькасці слоў у ім, фразеалагізм з'яўляецца адным членам сказа: Я прачытала кнігу адным духам (акалічнасць). Добра дае бог вайны! (дзейнік). А ў самой кошкі душу скраблі: дзе ён? (выказнік).

Такім чынам, фразеалагізм – гэта ўстойлівая, узнаўляльная, не менш як двухкампанентная сінтаксічна непадзельная адзінка з цэласным значэннем.

Большасць фразеалагізмаў мае адно значэнне: мафусаілаў век, з мухі слана рабіць, заглянуць у душу, абламаць зубы, кроў з малаком, з языка сарвацца, але ёсць і такія, што маюць два, тры значэнні і больш, г. зн. з'яўляюцца мнагазначнымі: будзь здароў – 1) 'вельмі добра (ехаць, працаваць і інш.)', 2) 'вельмі многа (ёсць, было каго-, чаго-н), 3) 'вельмі моцна (ударыць, ушчыкнуць і пад.)', 4) 'вельмі добры'), свету (белага) не бачыць – 1) 'быць вельмі занятым, не мець спачыну, вольнай часіны', 2) 'жыць у горы'.

Блізкія значэннем фразеалагізмы можна аб'яднаць у сінанімічныя рады. Напрыклад, са значэннем 'вельмі мала' ўжываюцца сінанімічныя фразеалагізмы з жабіны прыгаршчы, з антонаву слязу, зайцу на закуску, можна на пальцы спячы, як кату пад’есці, як сароцы на хвасце панесці.

Пераклад фразеалагізмаў з адной мовы на другую выклікае пэўную цяжкасць, таму ў большасці выпадкаў ён ажыццяўляецца падборам сэнсава блізкіх адпаведнікаў: бел. абое рабое – рус. два сапога пара.

З’яўляючыся выразным стылістычным сродкам, устойлівыя звароты ўжываюцца ў гутарковай мове, публіцыстыцы і мастацкай літаратуры. Яны ажыўляюць маўленне, робяць мову выразнай, вобразнай, каларытнай, трапнай.

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...