Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Чым адрозніваецца лексічнае значэнне слова ад граматычнага?




2. Якіх слоў у мове больш – адназначных ці мнагазначных? Абгрунтуйце адказ. Прывядзіце прыклады мнагазначных слоў, вылучыце прамыя і пераносныя значэнні. Растлумачце падставу ўзнікнення пераносных значэнняў.

3. Назавіце віды пераносных значэнняў. Які від вы лічыце найбольш прадуктыўным, чаму?

4. У кожным слупку знайдзіце адназначнае слова. Дакажыце, што астатнія – мнагазначныя словы:

 

 

аб’ём формула акалічнасць канчатак калена пялёстак
маса лагарыфм дзейнік прыстаўка рабро сцябло
прыцяжэнне прыклад азначэнне корань плячо плод
паскарэнне ступень дапаўненне аснова кісць ліст

 

5. Якая прымета з’явы ці прадмета пакладзена ў аснову назвы?

Завушніцы, дзьмухавец, завея, падтыннік, масляк, сыраежка, чарніцы, бяляк, снежань, студзень, роўнядзь.

 

6. Вызначце прамое і пераноснае значэнне слоў у наступных прыкладах. На якой аснове адбыўся перанос назваў?

Прамы чалавек, прамы шлях, прамы цягнік, прамы выклік.

Тонкі памол, тонкі густ, тонкі сшытак.

Цвіце сліва, з’еў сліву.

Сумная кніга, сумная жанчына, сумная вестка.

Мяккі дотык, мяккі пластылін, мяккі зычны, мяккі ложак.

Паказалася галава каровы, у статку 150 галоў.

Здабыча золата, золата заваявалі хакеісты.

Ледзяны панцыр, ледзяны вецер, ледзяны позірк.

Адарваць ад работы, адарваць лісток.

Намаляваць акварэллю, наведаў выстаўку акварэлей.

Апора маста, апора ў жыцці.

Багаж ведаў, ручны багаж.

Вастрыё іголкі, вастрыё сатыры.

Спелыя вішні, спелыя думкі.

Вузкая дарога, вузкі кругагляд.

 

7. Прачытайце тэксты. Вызначце сярод выдзеленых слоў адназначныя і мнагазначныя. Якіх слоў больш у дадзеных тэкстах і чаму?

А. У мэтах забеспячэння эканамічнай і надзейнай работы абсталявання Мінская ЦЭЦ-4 аснашчана: аўтаматычным кіраваннем асноўнымі тэхналагічнымі працэсамі, сродкамі кантролю тэхналагічных параметраў, сістэмай дыскрэтнага кіравання электрафікаванай запорнай арматурай (індывідуальнае, выбарнае, па месцы); тэхналагічнымі абаронамі, блакіроўкамі, папярэджальнай тэхналагічнай і аварыйнай святло-гукавай сігналізацыяй, якія папярэджваюць узнікненне і развіццё аварый. Для аператыўнага кіраўніцтва станцыя абсталявана сучаснымі сродкамі тэлефоннай і камандна-пошукавай сувязі.

 

Б. Для праектавання і разліку элементаў інжынерных збудаванняў неабходна ведаць такія механічныя ўласцівасці матэрыялаў, як пругкасць, трываласць, пластычнасць і цвёрдасць. Пад уздзеяннем знешніх сіл целы дэфармуюцца. Дэфармацыі могуць быць простымі і складанымі. Аднак любую дэфармацыю можна ўявіць як сукупнасць больш простых яе відаў.

 

 

АМОНІМЫ

 

Словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць рознае значэнне, называюцца амонімамі (ліра – музычны інструмент і ліра – грашовая адзінка; нота – музычны знак і нота – афіцыйны дыпламатычны зварот). З’ява супадзення ў гучанні і напісанні розных слоў называецца аманіміяй. Паколькі амонімы – розныя словы, то кожнае з іх фіксуецца і раскрываецца ў тлумачальных слоўніках у асобных слоўных артыкулах. Пры гэтым кожнае слова-амонім пазначаецца надрадковай арабскай лічбай зверху справа ў канцы загаловачнага слова:

Но́та, -ы, дав., месн. но́це, ж. 1. Умоўны знак, якім абазначаюць музычны гук. 2. (мн. но́ты, нот.) Тэкст музычнага твора, запісаны ўмоўнымі знакамі. Іграць па нотах. 3. перан. Тон мовы, гаворкі, які выражае пэўнае пачуццё. Нота незадавальнення.

Но́та, -ы, дав., месн. но́це, ж. Афіцыйны дыпламатычны зварот урада адной дыпламатычнай дзяржавы да ўрада другой. Абмен нотамі.

Словы адной і той жа часціны мовы, якія супадаюць у вымаўленні і напісанні ў сваіх пачатковых формах, адносяцца да лексічных амонімаў (люстра – ‘адшліфаванае шкло, здольнае даваць адбіткі прадметаў’ і люстра – ‘падвесны асвятляльны прыбор’). Словы, у якіх супадаюць усе суадносныя граматычныя формы, адносяцца да поўных лексічных амонімаў (кампанія – ‘група блізка знаёмых людзей, якія разам праводзяць вольны час’ і кампанія – ‘сукупнасць ваенных аперацый’. Словы, у якіх супадаюць не ўсе суадносныя граматычныя формы, а толькі асобныя з іх, з’яўляюцца няпоўнымі лексічнымі амонімамі (дысцыпліна – ‘асобная галіна якой-небудзь навукі’ і дысцыпліна – ‘цвёрда ўстаноўлены парадак’ супадаюць толькі ў склонавых формах адзіночнага ліку, таму што першае слова ў множным ліку не ўжываецца).

У сучаснай беларускай літаратурнай мове сустракаюцца не толькі выпадкі супадзенняў у гучанні і напісанні асобных слоў, але і выпадкі супадзення толькі некаторых форм слоў адной ці розных часцін мовы. Формы асобных слоў, якія супадаюць у вымаўленні і напісанні, называюцца амаформамі, гэта значыць, што амаформы не маюць супадзення ў пачатковых формах. Напрыклад: го́ркі – форма роднага склону адзіночнага ліку назоўніка го́рка і го́ркі – форма нозоўнага склону прыметніка го́ркі; забе́г – форма вінавальнага склону адзіночнага ліку назоўніка забе́г і забе́г – форма прошлага часу адзіночнага ліку мужчынскага роду дзеяслова забе́гчы; грана́ты – форма назоўнага склону множнага ліку слова грана́т і грана́ты – форма назоўнага склону множнага ліку слова граната.

Словы, якія аднолькава пішуцца, але вымаўляюцца па-рознаму, называюцца амографамі. Супадаць у напісанні могуць:

А) словы адной часціны мовы: мука́ і му́ка, пада́ць і па́даць;

Б) словы розных часцін мовы: туга́ (назоўнік) і ту́га (прыслоўе), самы́ (назоўнік) і са́мы (займеннік);

В) асобныя формы розных часцін мовы: ска́заў (назоўнік) і сказа́ў (дзеяслоў).

Словы, якія аднолькава вымаўляюцца, але па-рознаму пішуцца, называюцца амафонамі. З’ява супадзення ў гучанні асобных слоў і словазлучэнняў называецца амафоніяй. У вымаўленні могуць супадаць:

А) розныя словы адной часціны мовы: грыб і грып, везці і весці;

Б) словы розных часцін мовы: прыназоўнік пад і назоўнік пат (‘становішча ў шахматнай гульні’);

В) асобныя формы слоў: лад (назоўнік у форме назоўнага склону адзіночнага ліку) і лат (форма роднага склону множнага ліку слова лата – ‘кавалак тканіны’);

Г) агульныя і ўласныя назоўнікі: Колас (Якуб Колас) і колас (расліна).

Амонімы, амаформы, амографы і амафоны з’яўляюцца адным са сродкаў стварэння вобразнасці ў мове мастацкай літаратуры, асабліва ў паэзіі. Вобразна-выяўленчыя магчымасці гэтых моўных з’яў заключаюцца ў тым, што ў тэксце ўжываюцца словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць рознае значэнне. У залежнасці ад таго, якія словы ці формы слоў рыфмуюцца, вылучаюць:

 

А) аманімічныя рыфмы:

Высокім травам даспяваць

Прыходзілася позна.

А нам спяваць – не даспяваць

На песні ў нас заводня.

(Ю. Голуб)

Б) амаформныя рыфмы:

Хлеб, напэўна, ніколі не горкі,

Толькі горкая праўда зямлі.

Дзед з жыццёвай спускаецца горкі,

Ужо не свецяць яму мазалі.

(А. Пысін)

 

В) амаграфныя рыфмы:

А паром на прывязі.

Толькі крыкні:

- Прывязі!

Прывязе на бераг той.

(Р. Барадулін)

 

Г) амафонныя рыфмы:

Ці трапіць штых ва ўпор,

Ці куля ўп’ецца ў каску,

Хай знаюць:

Я памёр,

Памёр за гэту казку.

(А. Куляшоў)

 

Д) амафанічныя рыфмы:

Ушчэнт ступіліся нарогі,

Сашнік нагрэўся на раллі,

Валы прысталі і на рогі

Барвовы месяц паднялі.

(С. Грахоўскі)

На з’яве супадзення ў гучанні і напісанні розных слоў ці форм слоў заснаваны каламбуры (невялікія вершаваныя творы гумарыстычнага ці сатырычнага характару):

Дожджык,

Рунь спаўна палі.

Гусі селі – палі.

Пух спадае на палі.

Перастылі палі.

Смуціцца ў акне малыш:

Хутка снег,

А няма лыж.

(Р. Барадулін)

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. Як, на вашу думку, адрозніць амонімы ад мнагазначных слоў? Вызначце ў кожным сказе слова, якое мае амонімы:

1. А нагнуўся, аглянуўся – і ад радасці схіснуўся: ля абабка -–махавік, а наводдаль – чашчавік, а за імі каля сцежкі – чарадою сыраежкі і, як родныя сястрычкі, маладзенькія лісічкі. 2. Паўз сцену – што ад двара – стаяла лава. 3. Дождж б’е, нібы пранік на цвёрдым таку. 4. На Браншчыне, дзе мы праходзілі археалагічную практыку, можна было рукамі перамацаць хоць сотню кубаметраў зямлі – і спрэс толькі адзін лёс. 5. Раз-пораз сепаецца страла цыбатага, як бусел, вежавага крана. 6. Бярозка ў люстры возера любуецца сваёй зялёнаю каронаю, распушчанай касой.

 

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...