Растлумачце жарганізмы агульналітаратурнай лексікай.
Бабкі, братва, даун, калёсы, качаць, ломка, мажор, мыла, сабака, траўка, фанера, фішка, чайнік.
§2. АСАБЛІВАСЦІ ТЭРМІНАЎ
Вылучаюцца наступныя асаблівасці, якімі характарызуюцца тэрміны. Сістэмнасць – рыса, якая абумоўліваецца прыналежнасцю тэрміналагічнай адзінкі да пэўнай галіны навукі. Зададзенасць тэрміналагічнай адзінкі абазначаць толькі канкрэтна ўстаноўленыя для яе асаблівасці абумоўлівае строгую залежнасць такіх лексем ад іншых тэрмінасродкаў і вызначае іх унутрысістэмную ўпарадкаванасць. Гэта вымагае ад тэрміна быць адназначным. Так, лексема аперацыя ў сферы вытворчасці выступае са значэннем 'асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы, напрыклад, вытворчая аперацыя '; у фінансава-крэдытнай і інш. сферах гэта – 'асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-небудзь фінансавай, крэдытнай, прамысловай, гандлёвай, страхавой або іншых задач, напрыклад, банкаўская аперацыя '; у вылічальнай тэхніцы гэта – 'выкананне лічбавай вылічальнай машынай якога-небудзь дзеяння з зыходнымі велічынямі, напрыклад, арыфметычная аперацыя '; слова хром у хімічнай тэрміналогіі выступае як 'хімічны элемент, цвёрды метал шэра-стальнога колеру, які выкарыстоўваецца для вырабу цвёрдых сплаваў, для пакрыцця металічных вырабаў', у гарбарнай прамысловасці хром мае значэнне 'гатунак мяккай тонкай скуры'; корань у батаніцы гэта – 'падземная частка расліны'; у матэматыцы гэта – 'матэматычная велічыня, якая пры ўвядзенні ў ступень дае пэўны лік'; клетка ў прыродазнаўстве мае значэнне 'элементарная адзінка будовы арганізма, якая складаецца з ядра, пратаплазмы і абалонкі'; у будаўніцтве ў складзе назвы лесвічная клетка гэта – 'памяшканне ў доме для лесвіцы'.
Адназначнасць тэрміна замацоўваецца ў сваю чаргу праз азначэнне, ці дэфініцыю, што вымагае яго спецыяльнага ўсведамлення і засваення. Сістэмная ўпарадкаванасць тэрмінаў выўяўляецца таксама ў іх унармаванасці, кадыфікацыі. Выкарыстанне тэрмінаадзінак пераважна як адметнага сродку пісьмовай літаратурнай мовы дазваляе ствараць іх штучна, спецыяльна (таму і можна вызначыць аўтара-стваральніка тэрміна). Так, адзінка вымярэння сілы току ампер атрымала сваю назву па імені навукоўца, французскага фізіка А.М. Ампера; фарадаметр – прыбор для вымярэння электрычнай ёмістасці электратэхнічных вырабаў (кандэнсатараў, кабеляў) – па імені англійскага фізіка М. Фарадэя; мендзялевій – хімічны элемент, названы ў гонар рускога вучонага Д.І. Мендзялеева; банахава алгебра – адзін з відаў алгебры, названы ў гонар польскага матэматыка Стэфана Банаха, функцыя Чабышава – адзін з відаў матэматычных функцый, адкрывальнікам якой стаў рускі механік і матэматык П.Л. Чабышаў. Па-за межамі тэрмінасістэмы ўстаноўленыя для назвы ўласцівасці сістэмнасці, адназначнасці, дэфініцыі губляюцца і лексема ператвараецца ў агульнавядомае слова, або дэтэрміналагізуецца. Так, фізічны тэрмін кантакт мае значэнне 'судакрананне двух праваднікоў, дзякуючы якому ток пераходзіць з аднаго правадніка ў другі, а таксама месца гэтага судакранання'. Акрамя таго, у гэтай жа галіне ведаў ён выступае са значэннем 'прыстасаванне, якое забяспечвае падобнае судакрананне'. Як агульнавядомае слова кантакт у беларускай літаратурнай мове ўжываецца са значэннем 'цесная сувязь, узгодненасць у дзеяннях; узаемаразуменне'; ці рэакцыя, як спецыяльнае тэрміналагічнае абазначэнне (хімічны тэрмін), гэта – 'фізіка-хімічнае ўзаемадзеянне паміж двума або некалькімі рэчывамі', як агульнавядомае, гэта – учынак, адказ на якое-небудзь уздзеянне'.
Адсутнасць экспрэсіўнай афарбоўкі вызначаецца як статусам тэрмінаў – служыць для абазначэння пэўнага паняцця, так і асаблівасцямі іх стылёвага выкарыстання. Напрыклад, назоўнік галоўка, які ўжываецца ў складзе электратэхнічных тэрмінаў галоўка запісу, галоўка ўзнаўлення, галоўка гуказдымальніка, галоўка сцірання, або слова трубка, якое ўваходзіць у склад такіх фізічных тэрмінаў, як віхравая трубка, рэнтгенаўская трубка, трубка току, электронна-прамянёвая трубка, утрымліваюць суфікс -к-. Гэты суфікс выступае паказчыкам памяншальна-ласкальнай формы ад лексем галава і труба. Аднак такую адметную функцыю ў пералічаных словазлучэннях, як адзінках найменняў адпаведных паняццяў, ён страчвае. Адсутнасцю экспрэсіўных прыкмет характарызуюцца таксама любыя словы-тэрміны, утвораныя з дапамогай наступных словаўтваральных суфіксаў: -ак-, -ок-, -ёк-, - ік-, -ык-, -інк- і інш.: свярдзёлак, кулачок барабанны, кручок іголкі, кружок заштрыхаваны, кастылёк аэрастата, мосцік, надпятнік, грабеньчыкі, крупінка золата. Адзначаныя і падобныя да іх лексемы ў розных спецыялізаваных сферах моўнай дзейнасці людзей губляюць экспрэсіўнасць, вобразнасць і ў выніку метафарычнага пераносу становяцца набыткам іншай моўнай падсістэмы. Тэрміны пэўнай тэрмінасістэмы, як і любыя намінатыўныя адзінкі, могуць уступаць паміж сабой у розныя лексічныя адносіны, характэрныя для моўнай сістэмы наогул – сінаніміі, антаніміі, аманіміі, варыянтнасці і інш. Напрыклад, аднолькавае значэнне маюць тэрміны: грунтаванне і грунтоўка, драпіраванне і драпіроўка, адкладанні і адклады, назапашванне і намнажэнне, цітрацыя – цытраванне – тытрацыя – тытраванне і інш. Істотную частку такіх сінанімічных пар складаюць уласнабеларускія словы і іх запазычаныя адпаведнікі: шарападобны 'які мае выгляд шара, падобны на шар' і сферычны 'які мае адносіны да сферы, які мае форму сферы, шара'; выбіральны 'заснаваны на ўласцівасці рабіць адбор, выбар' і селектыўны 'здольны рабіць адбор'; дослед 'вывучэнне з'яў аб'ектыўнага свету ва ўмовах, набліжаных да натуральных' і эксперымент 'навукова пастаўлены дослед', бясколернасць 'уласцівасць бясколернага; адсутнасць колераў' і ахраматызм 'здольнасць аптычнай сістэмы не раскладаць светлавога праменя на састаўныя колеры пры пераламленні'. Колькасць падобных сінанімічных пар у розных галінах навукі і вытворчасці неаднолькавая. Асабліва шмат адзначаецца іх у тых сферах навукі і вытворчасці, якія з'яўляюцца адносна маладымі і характарызуюцца неўсталяванасцю сваіх тэрміналагічных сродкаў. Так, у галіне інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі з адным і тым жа значэннем прапаноўваецца ўжываць: ануляванне і скасаванне, адмена; дэкодэр і дэшыфратар; дыяпазон і памер; імітацыйная і сімуляцыйная (мадэль); інтэрвал і прамежак; пульт аператара і кансоль; магазін і стэк; гадзіннік і таймер; тэст і дыягнастычная праграма, драйвер і кіравальная праграма і інш.
Прыведзеныя тэрміны-сінонімы не маюць ні сэнсавых адценняў значэння, ні стылістычных адрозненняў паміж сабой. Апошняе дае падставу называць іх абсалютнымі сінонімамі, ці дублетамі. Большасць даследчыкаў лічыць сінанімію тэрмінаў недахопам, таму што гэта пярэчыць асэнсаванню тэрміна як адназначнай адзінкі. Таму галоўнай задачай любой тэрмінасістэмы з'яўляецца выпрацоўка дасканалай сістэмы сродкаў з мінімальнай наяўнасцю ў ёй унутрысістэмных варыянтаў рознага тыпу. У беларускай мове дасягнуць гэтага пакуль што не ўдаецца з-за нераспрацаванасці тэрмінасістэм многіх галін навукі, вытворчасці. Разам з тым, аналіз тэрміналагічных сродкаў розных галін навукі паказаў, што працэс разбурэння сінанімічных (і дублетных) адносін мае месца ў беларускай мове. Так, засведчана: "Калі на матэрыяле 40-х гадоў каэфіцыент сінанімічнасці, дублетнасці і варыянтнасці (адносіны колькасці тэрмінаў, якія ўступаюць у сінанімічныя, дублетныя ці варыянтныя рады, да ўсіх тэрмінаў) быў роўны 0,19, то ў далейшым ён паступова панізіўся да 0,1 (70-я гады) і 0,04 (90-я гады)". Такі паказчык, як мяркуюць лексіколагі, варта лічыць аптымальным: звесці яго да нуля практычна немагчыма, паколькі працэс пазнання і з'яўлення новых паняццяў бясконцы. Адпаведна і пры наданні новых назваў новым паняццям адзначаныя вышэй лексіка-семантычныя з'явы будуць непазбежныя. Да таго ж з'яўленне новых лексічных варыянтаў тлумачыцца не іх унутрысістэмнай абумоўленасцю, а найперш камунікатыўнай сферай дзейнасці чалавека, яго кантактамі. Зрэшты, тэкставыя сінонімы ў навуковых творах – рэч натуральная і часам вымушаная.
З'ява аманіміі, у адрозненне ад варыянтнасці, сінаніміі і антаніміі, мае месца не столькі ў межах унутрысістэмнага тэрміналагічнага згрупавання, колькі сярод розных тэрміналагічных сістэм. Так, лексема амартызацыя ў тэхнічнай вытворчасці выступае за значэннем 'паступовае зніжэнне вартасці машын, будынкаў, інструментаў і пад. у выніку зношвання', у эканоміцы ёй адпавядае значэнне 'выплата пазыковых абавязацельстваў'; ці дэпазітарый у эканоміцы гэта – 'банк, брокер, судовы выканаўца, прымальнік розных каштоўнасцей на захаванне або ў выглядзе закладу', у юрыспрудэнцыі, у міжнародным праве гэта – 'дзяржава або міжнародная арганізацыя – захавальнік аўтэнтычнага тэксту міжнароднага многабаковага дагавора, здадзенага ў яго архівы па згодзе ўдзельнікаў дагавора'. Іншыя лексічныя з'явы ў галіне тэрміналагічных сістэм беларускай літаратурнай мовы (антанімія, паранімія, варыянтнасць) не вылучаюцца ніякай адметнасцю ў параўнанні з іх характарам у мове наогул. Напрыклад, словы аб'ёмісты і аб'ёмны, каардынацыйны і каардынаваны, канструкцыйны і канструктыўны, завіхрэнне і завіхранасць – паронімы; асіметрыя адмоўная і асіметрыя дадатная, мяжа верхняя і мяжа ніжняя, задні шчыт і пярэдні шчыт – антонімы; дэфарміраванне і дэфармаванне, выпраменьванне і выпрамяненне, вапнагасілка і вапнагасільнік, маскіраванне і маскіроўка – фанетычныя і словаўтваральныя варыянты. Адасобленасць у сродках мовы, абумоўленая спецыфiкай працоўнага занятку, галiны дзейнасцi, уласцiва па сутнасці прадстаўнiкам усiх больш-менш спецыялiзаваных прафесiй. Гэта служыць падставай для складання слоўнiкаў тэрмiналогii, назваў i выразаў, якія адлюстроўваюць лексiчную i iншую спецыфiчнасць адпаведных прафесiйных адгалiнаванняў мовы.
§3. ЛЕКСІКА-ГРАМАТЫЧНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ТЭРМІНАЎ
Паводле будовы тэрміны суадносяцца са словамі, спалучэннямі слоў ці словазлучэннямі. Акрамя таго, асаблівую групу тэрмінаў складаюць сімвалы-словы і тэрміны з сімваламі ў іх складзе: б-часціцы, пастаянная Планка h, паўправаднік п-тыпу, жоўтыя зоркі класа G, К-захоп, калена V‑падобнае, К-прастора, Г-падобны чатырохполюснік. Словы-тэрміны падзяляюцца ў залежнасці ад часцінамоўнай прыналежнасці на назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі.
Пераважная колькасць тэрмінаадзінак у складзе тэрміналагічных сістэм – назоўнікі. Гэта зразумела, калі мець на ўвазе адметную асаблівасць тэрміна – яго намінатыўнасць. Такія найменні, як правіла, агульныя назоўнікі: алейня, выпраменьванне, дробнасць, засцярога, лёдадрабілка, мядзведка, нарэз, оптыка, паслядоўнасць, пераўтварэнне, паўплоскасць, перыметр, радовішча, раўнавага, укручнік, успрымальнасць, электраакустыка. Сярод намінатыўных тэрмінаадзінак значная частка – абстрактныя назоўнікі ніякага роду адзіночнага ліку на -нн-е, -енн-е (‑энн‑е): адшчапленне, апрамяненне, атрыманне, праламленне, дабаўленне, даследаванне, звязванне, ахалоджванне, змяншэнне, зніжэнне, з'яўленне, паглынанне, парушэнне, правядзенне, атручванне, радыеёдаванне, апылкаванне, узаемадзеянне, імпульсаванне. Пэўная частка намінацый у складзе тэрмінасістэм належыць найменням, утвораным ад уласных імёнаў: вебер 'адзінка магнітнай хвалі' (па імені нямецкага фізіка В.Э. Вебера), еўропій 'хімічны элемент' (суадносіцца з уласным назоўнікам Еўропа), фарадэеў: вярчальнік палярызацыі фарадэеў 'тэхнічнае прыстасаванне' (у гонар англійскага фізіка М. Фарадэя) і інш. Як асобныя тэрміналагічныя адзінкі прыметнікі амаль не сустракаюцца ў тэрміналогіі. Пераважна яны спалучаюцца з назоўнікамі, утвараючы адпаведнае словазлучэнне: цеплавое выпраменьванне, квантавая оптыка, хвалевая функцыя, фазавая самамадуляцыя, унутраная энергія, аднаэлементнае мноства, пакрыццё ізалявальнае, паглынальная здольнасць, пазавае ўшчыльненне, выцяжны вентылятар, працэнтная стаўка, паўпрастора апорная, сімвал пачатковы, сетка спалучаная і г. д., а таксама: рацыянальны, каўшовы, вагальны, бінарны, палярны, папярочны, аналітычны, якасны і інш. Дзеясловы як тэрміны не складаюць важкага лексічнага пласта ў складзе тэрмінасістэм у адрозненне ад назоўнікаў і прыметнікаў увогуле. Аднак у асобных галінах вытворчасці, напрыклад, у металургічнай, электратэхнічнай, у справавой сферы, маркетынгу і інш., такія адзінкі ўжываюцца досыць часта: адрасаваць, ануляваць, блакаваць, каталізаваць, рэкламаваць, уніфікаваць, узаконіць, фінансаваць, фрахтаваць, экспартаваць, абязводзіць, намагнічваць, наклёпваць, накаксаваць. Нешматлікая група тэрмінаў-прыслоўяў: менш, бязвыплатна, беспрыбыткова, па выпуску, па наміналу, цалкам, разам, рэгрэсіўна, унакладку, усутык, напырскам. Вельмі прадуктыўным і шырокаўжывальным тэрміналагічным сродкам ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі з'яўляюцца словазлучэнні. Па ступені злітнасці кампанентаў сярод словазлучэнняў-тэрмінаў выдзяляюцца свабодныя і несвабодныя словазлучэнні. Свабодныя словазлучэнні вылучаюцца шырокай спалучальнасцю сваіх кампанентаў, па-за межамі канкрэтнага словазлучэння яны ўступаюць у сувязь з іншымі словамі, напрыклад: кіраванне аўтаматычнае, кіраванне аналагавае, кіраванне замкнутае, кіраванне змяненнем напружання, кіраванне нагрузкай, кіраванне пускам, кіраванне са зваротнай сувяззю і інш. Але адначасова кожнае з такіх спалучэнняў ці нават асобны кампанент яго – тэрмін. Так, слова кіраванне як шырокавядомы тэхнічны тэрмін мае значэнне 'сукупнасць прыбораў, пры дапамозе якіх кіруюць машынай, механізмам і пад.'. У складзе словазлучэння кіраванне ў разамкнутым контуры, якое ўжываецца ў электратэхніцы, значэнне лексемы спецыялізуецца. Сярод пэўнай часткі тэрмінаў-словазлучэнняў вылучаюцца кампаненты, якія функцыянуюць і як агульнавядомыя словы: паверхня падзелу, шкляное валакно, імпульсы святла – тэрміналагічныя адзінкі з галіны аптычнага прыборабудавання, дзе паверхня, шкляны, святло па-за межамі пералічаных словазлучэнняў не маюць значэння тэрміналагічнасці і выступаюць як агульнавядомыя словы. Але такі працэс, як поўная тэрміналагізаванасць, ці, дакладней, ідыяматычнасць (ад грэч. idioma 'своеасаблівы выраз'), і яе няпоўная замацаванасць, – з'ява абсалютна тыповая і заканамерная для сферы тэрміналогіі. Яна толькі лішні раз спраўджвае статус тэрміна – прыналежнасць да моўнай сістэмы і надзеленасць тыповымі, як і ў агульнавядомых слоў, лексіка-граматычнымі характарыстыкамі. Па гэтай жа прычыне тыя з тэрмінаў, кампаненты якіх успрымаюцца як цэласныя паводле зместу, ці ідыяматычныя адзінкі, разглядаюцца часам як фразеалагізмы: ластаўчын хвост, глухое зазямленне, вавёрчына клетка – тэрміналагічныя словазлучэнні, якія ўжываюцца ў электратэхніцы; чорная скрынка – найменне ў сістэме моўных сродкаў інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі; драконава кроў – тэрмін-словазлучэнне, вядомае ў лака-фарбавальнай вытворчасці, Вялікая Мядзведзіца, Валасы Веранікі, Вялікі Пёс, Залатая Рыба, Конская Галава (туманнасць), Гончыя Псы (сузор'е) – тэрміналагічныя адзінкі з галіны астранамічных абазначэнняў. Паводле структуры тэрміналагічныя словазлучэнні падзяляюцца на простыя (складаюцца з двух самастойных слоў) і складаныя (уключаюць тры і больш самастойныя словы): энергетычны ўзровень, цеплавы шум, чысты тон, ціск кантактаў, клас ізаляцыі, напрацоўка на адмову, лазар на фарбавальніку, кальцо з дзяленнем і закон вялікіх лікаў, праекцыя вектара на восі каардынат, пранікальнасць электроннай лямпы, ацэнка найбольшай праўдападобнасці, крывая пастаяннай шырыні, канцавая запраўка правадоў на ізалятары, вярчэнне рэха-сігналаў цыклоннае. Паводле прыналежнасці галоўнага слова да пэўнай часціны мовы словазлучэнні падзяляюцца на іменныя і дзеяслоўныя: аператыўная гатоўнасць, канцавы ўзмацняльнік, апярэджванне па фазе, адключэнне кароткага замыкання і ставіць знак роўнасці, прыводзіць да агульнага назоўніка, узводзіць у квадрат. Але пераважная большасць словазлучэнняў сярод тэрміналагічных сістэм – гэта іменныя словазлучэнні. Вельмі істотную групу тэрмінаў-словазлучэнняў складаюць канструкцыі назоўнік у спалучэнні з назоўнікам (назоўнікамі): адставанне па фазе, параметр пераключэння, панель кіравання, паз статара, запаўненне абмоткі, затуханне сігнала, засцярога ад асіметрыі фаз, напружанне на шынах, засцярога з дзеяннем на адключэнне, напружанне паміж фазай і нейтраллю – у электратэхнічнай галіне; вярчэнне рухавіка, паз стрыжня, злучэнне абмотак, лямпа напальвання, дыфракцыя святла на ўльтрагуку, змяненне частаты вярчэння рухавіка, пуск абмоткі статара рухавіка, сячэнне правадніка клеткі, ланцуг узбуджэння рухавіка, частата вярчэння ротара – у галіне прыборабудавання; дзеянне пружыны, грэбень хвалі, дэфармацыя кручэння, запальванне разраду, лінія затрымкі, плячо сілы, шчыльнасць магутнасці, ціск насычэння, закон адбіцця святла, узмацненне магутнасці сігнала, закон руху цэнтра мас, дыфракцыя святла на ультрагуку – у фізічнай галіне. У якасці кампанента тэрмінаў-словазлучэнняў могуць выступаць уласныя назоўнікі, адно слова, а часам некалькі: градус Фарэнгейта, група Лорэнца, дужка Якобі, закон Фарадэя, закон Паскаля, спіраль Архімеда, закон Кулона, кандэнсацыя Бозе – Эйнштэйна, выпраменьванне Чаранкова – Вавілава, закон Джоўля – Ленца, тэарэма Флаке – Ляпунова, закон Стэфана – Больцмана і інш. Сярод словазлучэнняў-тэрмінаў з боку іх утварэння вылучаюцца найбольш прадуктыўныя тыпы. Вельмі пашыранымі з'яўляюцца спалучэнні, утвораныя шляхам далучэння назоўніка да прыметніка: аптычнае валакно, квантавая прырода, нелінейная оптыка, падвойнае праменепраламленне, квантавыя эфекты, святлосігнальная сувязь, святлавая жыла, механічнае пашкоджванне, шкляныя дубцы – у аптычным прыборабудаванні; канвеер узважвальны, тармазная калодка, аўтамабільнае кола, здвоены карбюратар, задні ход, механічны знос, аўтавагальнае звяно, дынамічнае запазненне, устаўны зуб – у машынабудаванні. У складзе падобных паняційных канструкцый прыметнік страчвае сваю галоўную адметнасць – абазначаць якасць, інакш кажучы, ён наміналізуецца, не мае асобнага лексічнага значэння і выконвае пераважна інфармацыйную ці класіфікацыйную функцыю. Так, тэрмін аперацыйная сістэма мае значэнне 'камплект праграм, якія дазваляюць кіраваць рэсурсамі (аператыўнай памяццю, жорсткім дыскам, працэсарам); кампрэсарныя машыны выступаюць са значэннем 'гідраўлічныя машыны, якія выкарыстоўваюць для сціскання і перамяшчэння газаў'; вакуумная лямпа 'лямпа напальвання з выпампаваным з яе паветрам'. Па прычыне страты прыметнікам сваёй азначальнай прыкметы і выкананні інфармацыйна-класіфікацыйнай ролі таксама страчваюцца і такія яго граматычныя паказчыкі, як здольнасць утвараць ступені параўнання ці формы суб'ектыўнай ацэнкі, але пры гэтым захоўваецца характар сінтаксічнай сувязі з галоўным словам. Адметнасцю сучаснай навуковай тэрміналогіі беларускай мовы з'яўляюцца полікампанентныя тэрміны. Незалежна ад колькасці слоў у іх складзе яны выступаюць як цэласныя лексічныя адзінкі. Таму такія канструкцыі незаўжды можна замяніць асобным словам, напрыклад: свабодная састаўляльная пераходнага току, звышпераходная часу на папярочнай восі, провад высокага супраціўлення, магнітны ўзмацняльнік з самаўзбуджэннем – у электратэхніцы; цэгла белая сілікатная, цэгла для муравання скляпення, мацаванне са стоек пад распілоўку, запаўняльнік са штучна падабраным зерневым саставам – у будаўніцтве і г.д. Састаўныя полікампанентныя тэрміны могуць спрашчацца. У выніку спрашчэння іх замяняюць складаныя словы, словы-абрэвіятуры: гідраэлектрычная станцыя – ГЭС, вялікая інтэгральная схема – ВІС, вольт-ампер рэактыўны – ВАР, электронна-вылічальная машына – ЭВМ, аператыўнае запамінальнае прыстасаванне – АЗП, біялагічны эквівалент рэнтгена – бэр, дзяржаўны стандарт – ДАСТ, навуковая арганізацыя працы – НАП, капітальныя ўкладанні – капукладанні, электрычная праводнасць – электраправоднасць, аўтаматычная інфармацыйнасць – аўтаінфармацыйнасць, фатаграфічны эфект – фотаэфект, аўтаматычная зборка – аўтазборка, каленчаты вал – каленвал і да т.п. Тэрміналагічная лексіка, якая ўваходзіць у склад розных тэрмінасістэм беларускай мовы неаднолькавая паводле свайго паходжання. У асобных тэрмінасістэмах, сфарміраваных на аснове традыцыйных сфер гаспадарання і спецыяльных вытворчых заняткаў, напрыклад, у сельскагаспадарчай вытворчасці, медыцыне, сярод найменняў батанічнай і заалагічнай наменклатуры і інш., значную частку тэрмінаадзінак складаюць уласнабеларускія (агульнаўсходнеславянскія) найменні. Яны сталі тэрмінамі дзякуючы тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў: бабка: бабка дапаможная, бабка для ўстаноўкі загатоўкі; кола: кола зубчатае кароннае, кола вадзяное верхненаліўное; дуга: дуга круга, дуга засцерагальная, дуга павортнага механізма; трубка: трубка вектарная; памылка: памылка акруглення; крыло: крыло веласіпеда, крыло будынка; заплечыкі: заплечыкі вала і інш. Істотная частка тэрмінаў – гэта пераважна вытворныя адзінкі, ці дэрываты, словы, якія ўтварыліся на аснове ўласнамоўнага матэрыялу або ў выніку камбінавання словаўтваральных элементаў чужых моў з уласнабеларускімі афіксамі: складаць – складанне (мностваў), звязаць – звязка (прамых), пучок – прадпучок (мностваў), вагальны – вагальнасць (сістэмы), акустыка – акустычны, сіметрыя – сіметрычны, кантакт – кантактны – кантактнасць, сфера – паўсфера, паўсферычны, сістэмнасць – бессістэмнасць, рэгістрацыя – перарэгістрацыя, аналіз – аналізаваць, кокс – каксаваць, код – кадзіраваць. Асабліва шмат сярод тэрміналагічных утварэнняў такіх, якія ўзніклі на ўласным моўным матэрыяле: змазка, развязка, бародка ключа, вышыня гука, папера-аснова, год светлавы, рухавік цеплавы, каляя чыгуначная, віхар кальцавы, стужка ліпкая, кіпенне вадкасці пры паніжаным ціску, бой цагляны. Другая досыць важкая частка слоў-тэрмінаў беларускай мовы – запазычанні. Яны сталі набыткам нашай мовы ў розны час і з розных моў: крэкінг (англ. cracking) 'перапрацоўка нафты і цяжкіх нафтапрадуктаў у спецыяльных устаноўках для атрымання больш каштоўных прадуктаў (галоўным чынам бензіну)'; ксілаліт (ад грэч. xylon – дрэва і lithos – камень) 'штучны будаўнічы матэрыял з сумесі драўляных апілак, азбесту і інш. (прымяняецца для высцілання падлогі, вырабу перагародак і пад.)'; маёліка (ад іт. maiolica) 'абпаленая каляровая гліна, пакрытая непразрыстай палівай з малюнкам'; цыліндр (ад грэч. kylindros) 1. 'геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем прамавугольніка вакол аднаго з яго бакоў'; 2. У тэхніцы – 'дэталь або канструкцыя падобнай формы'; фатон (ад грэч. phōs, phōtos – святло) 'часціца святла'; штамп (ням. Stampe ад іт. stampa) 'спецыяльная форма для вытворчасці розных прадметаў шляхам штампоўкі'. Працэс з'яўлення запазычаных слоў адбываўся і адбываецца зараз у беларускай мове як непасрэдна з моў-крыніц, так і праз пасрэдніцтва іншых моў. Асноўнымі шляхамі запазычвання з'яўляюцца пісьмовы (праз сродкі масавай інфармацыі і афіцыйныя кантакты, Інтэрнэт, перакладную літаратуру) і вусны (праз непасрэдныя моўныя зносіны). Самыя старыя іншамоўныя запазычанні беларускай мовы – гэта разнастайныя найменні з грэчаскай, лацінскай, нямецкай, татарскай, італьянскай і французскай моў. Сённяшнія іншамоўныя словы трапляюць у нацыянальны слоўнік пераважна з англійскай мовы. Як правіла, усе іншамоўныя словы, у тым ліку і тэрміны, адаптаваліся ў беларускай мове згодна яе фанетыка-марфалагічных асаблівасцей. Разам з тым запазычаныя найменні маюць шэраг прыкмет, галоўным чынам фармальных, радзей структурных, якія дазваляюць вызначыць статус такіх лексем як іншамоўных. Сярод іх найбольш яскравымі з'яўляюцца наступныя: сярод грэцызмаў і лацінізмаў пераважна: · пачатковыя гукі а, э: абсалютны, аб'ект, акустыка, эліптычны, электрод, экспартаваць, экспанент, эквівалент, экалогія; · наяўнасць зычнага ф: фонд, фільтр, фізічны, фаза, функцыя, фокус, сфера, граф, тэлефон, геаграфія, перыферыя, дэфармацыя; · спалучэнні зычных кс, ск, кт, пс, мв, мп у сярэдзіне слова: аксіёма, электрыфікацыя, экспазіцыя, рэфлекс, пункт, прадукт, канспект, праект, калапс, эліпс, сімвал, сімптом; · спалучэнні ге, ке, хе: гексамер, геаметрыя, генерацыя, кераміка, кермезіт, гравітахеаметрыя; · наяўнасць кампанентаў -ад-, -ід-, -ік- (-ык-), -ізм-, -іск-, -ос (-ас-): піраміда, эпік, графіка, механіка, методыка, матэматыка, абеліск, эгацэнтрызм, эпас; · наяўнасць кампанентаў -ум, -ус, -тар, -ент (-энт), -ур-, -цы(я), -ат: вакуум, аэробус, радыус, сінус, тонус, радыятар, трансфарматар, квадратура, клавіятура, вентыляцыя, радыяцыя, камутацыя, экспанат; · прыстаўкі а-, ан-(ана-), бі-, архі-, анты-, гіпер-, дэ-, дэз-, і-, контр-, рэ-, пан-, суб-, супер-, транс-, ультра- і інш.: алагізм, асіметрыя, ахраматызм, архівольт, антывібрацыя, антысіметрыя, антыкатод, бімодуль, біметал, гіпергук, дэсорбцыя, дэстабілізацыя, дэзінфармацыя, ірэгуляцыя, контрдыск, рэтрасляцыя, суб'ядро, суперцэмент, трансмісія, ультраструктура; · пачатковыя часткі слоў: аэра-, бія- (біё-), гекта-, гідра-, дыя-, інфра-, квазі-, макра-, мега-, мета-, мікра-, храна-, электра-, энерга- і інш.: аэрадынаміка, аэрамабіль, біятэхніка, біядынаміка, гектаметр, гідраапарат, гідрадамкрат, дыяграма, дыятэрмометр, дыяфанометр, інфрагук, інфраструктура, квазіімпульс, макрапрацэс, мегавольт, мегацыкл, метастабільнасць, метафаза, мікраампер, мікрасістэма, хранометр, электрасхема, энергааналізатар; сярод германізмаў: · спалучэнні зычных шп, шт у пачатку або ў сярэдзіне слова: шпакляваць, шпулька, шпонка, варштат, штамп, штатыў, штаба, штыфт, штыр; · спалучэнне зычных хт пераважна ў сярэдзіне слова: вахта, шахта, фрахт; сярод запазычанняў з французскай мовы: · канцавыя спалучэнні анс, ёр, ер, ор, аж, яж: баланс, сеанс, аванс, бар'ер, інтэр'ер, кар'ер, дублёр, фунікулёр, стажор, вітраж, дубляж, метраж, тыраж; · спалучэнні бю, вю, мю, пю, фю: бюрэтка, бюджэт, бюро, бюкса, гравюра, мюон, капюшон, купюра, фюзеляж; · спалучэнні лье, нье, цье, сье: рэльеф, віньетка, віньён, манпансье, дасье, канферансье, ранцье; · спалучэнні уа, уэ: дуэль, гуаш, амплуа; · канцавыя націскныя галосныя: кашэ, клішэ, турнэ, дэпо, кіно, пано, рэле, фае, філе; сярод запазычанняў з англійскай мовы: · пачатковае спалучэнне дж: джоўль, джойсцік, джып, джут; · канцавыя спалучэнні інг/ынг, ер/эр/ар, эл(ь)/ел(ь)/ал(ь): блюмінг, дэмпінг, крэкінг, маркетынг, тумблер, бульдозер, буфер, прапелер, пульсар, статар, транзістар, ваўчар, грэйдэр, катэр, тэндэр, матэль, бройлер, тунель, вакзал; · канцавая частка складанага слова -мен: рэкардсмен, спартсмен, джазмен. Адметная частка слоў сярод запазычанняў – экзатызмы і варварызмы. Экзатызмы – гэта словы, што называюць прадметы, з'явы, паняцці, характэрныя для жыцця і побыту іншых народаў і не ўласцівыя для нашай рэчаіснасці (вермахт, пфеніг, фрау – звязаны з жыццём Германіі; шылінг, лорд, сэр – з жыццём Англіі). Варварызмы ў адрозненне ад экзатызмаў не да канца засвоены беларускай мовай, знаходзяцца па-за межамі літаратурнай нормы, ужываюцца ў вусным маўленні асобных сацыяльных груп, таму не адлюстроўваюцца ў слоўніках: пардон, чао, о'кей. Сярод запазычанняў вылучаецца таксама група іншамоўных украпванняў. Гэта словы ці выразы з якой-небудзь мовы, ужытыя двух- ці шматмоўнай асобай у нязменным або транслітараваным выглядзе. Сярод украпванняў ёсць устойлівыя інтэрнацыянальныя элементы з класічных моў, як: дэ-факта 'фактычна': лац. de facto, дэ-юрэ 'юрыдычна, на падставе закона': лац. de jure, апрыёры 'не абапіраючыся на вывучэнне фактаў, незалежна ад вопыту': лац. a priori, апастэрыёры 'на падставе вопыту, наяўных даных': лац. a pasteriori і інш. Досыць вялікая колькасць сярод слоў-тэрмінаў сучаснай беларускай мовы – інтэрнацыяналізмы. Да інтэрнацыяналізмаў адносяцца словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні. Такія тэрміналагічныя адзінкі адзначаюцца не менш чым у трох няроднасных мовах. Вызначаюцца інтэрнацыяналізмы наяўнасцю вялікага пласта міжнародных элементаў: авія-, агра-, аква-, археа-, аўта-, бія-, вела-, гідра-, касма-, мота-, полі- (палі-), сейсма-, стэрэа-, тэле-, тэрма-, турба-, фота-, электра-, энерга- і шматлікіх іншых: авіялінія, аўтамадэль, акваметрыя, аграфізіка, археаграфія, біякарозія, велатрэк, гідрагенератар, касмахімія, мотаінструмент, поліцыліндр, сейсмастанцыя, стэрэаэфект, тэлеэкран, тэрмаізаляцыя, турбагенератар, фотаметр, электратэхніка, энергабаланс і інш. З'яўленне новых запазычаных слоў у мове абумоўліваеццца пераважна адсутнасцю адпаведнага лексічнага наймення і немагчымасцю зрабіць дакладны пераклад лексемы. Сёння выкарыстанне запазычанняў у беларускай мове з'яўляецца досыць інтэнсіўным у параўнанні з пачатковым этапам станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Да таго ж мае месца тэндэнцыя да іх павелічэння. Паказальным з гэтага боку з'яўляецца аналіз моўных сродкаў навуковага стылю. Падчас яго вывучэння было заўважана, што "ў тэкстах 40-х і 70-х гадоў сярод тэрмінаў і кніжных слоў у генетычных адносінах нязначная перавага ва ўжыванні была на баку спрадвечна- і ўласнабеларускіх лексем (1,3: 1), а ў 90-х гадах ужо часцей ужываліся запазычанні (1,25: 1). Сярод запазычанняў даволі значная колькасць слоў — інтэрнацыяналізмы: 40‑я гады – 55%, 70-я – 57%, 90-я – 65%". Такое інтэнсіўнае ўжыванне кніжных слоў міжнароднага тэрміналагічнага фонду, рост у іх складзе інтэрнацыяналізмаў сведчыць, з аднаго боку, аб набліжэнні навуковага стылю беларускай літаратурнай мовы да міжнародных стандартаў. З другога – гэта паказчык яго адасаблення, адчужэння ад агульнаўжывальных сродкаў моўнага выражэння.
§ 4. СПОСАБЫ ЎТВАРЭННЯ ТЭРМІНАЎ
Тэрміналагічныя адзінкі беларускай мовы па спосабах утварэння (тыпах, мадэлях) нічым не адрозніваюцца ад утварэння агульнавядомых слоў. Пашыранымі спосабамі ўтварэння тэрмінаў з'яўляюцца: лексіка-семантычны, сінтаксічны, марфалагічныя (суфіксальны, прэфіксальны, прэфіксальна-суфіксальны), аснова- і словаскладанне, складана-суфіксальны, абрэвіяцыя. Сярод пералічаных высокай прадуктыўнасцю вылучаецца лексіка-семантычны, а таксама сінтаксічны спосабы. Гэта цалкам вытлумачальна: лексіка-семантычнае тэрмінаўтварэнне грунтуецца на тэрміналагізацыі агульналітаратурных слоў, інакш кажучы, абумоўлена набыццём лексемай новага статуса тэрміналагічнай адзінкі, напрыклад: мноства як агульнавядомае слова мае значэнне 'вельмі вялікая колькасць каго-, чаго-небудзь' і ў матэматыцы гэта – 'сукупнасць элементаў, якія вылучаны ў асобную групу па якой-небудзь агульнай прыкмеце': тэорыя мностваў. Сучаснае агульналітаратурнае слова колер мае агульнаўжывальнае значэнне 'светлавы тон чаго-небудзь; афарбоўка'; у фізіцы гэта – 'уласцівасць цел ці з'яў выклікаць пэўнае зрокавае адчуванне ў адпаведнасці са спектральным саставам і інтэнсіўнасцю святла, якое яны адбіваюць ці выпрамяняюць'. Акрамя гэтага, у больш вузкіх значэннях слова колер тэрміналагізавалася ў жывапісе, дзе абазначае 'адценне фарбы, густата, ступень яркасці яе' і як спецыяльнае паняцце ў фарба-тэхнічнай вытворчасці гэта – 'падрыхтаваны для афарбоўкі чаго-небудзь састаў фарбы'. Спецыфіка сінтаксічнага спосабу тэрмінаўтварэння выяўляецца ва ўтварэнні тэрмінаў шляхам спалучэння слоў. Асаблівай словаўтваральнай частотнасцю характарызуецца мадэль прыметнік + назоўнік, назоўнік + назоўнік. Пры гэтым досыць шырока ў якасці тэрмінаў ужываюцца не толькі двухсастаўныя ўтварэнні, але і полікампанентныя, напрыклад: шаблонная абмотка, крокавае напружанне, мацавальныя дэталі, чатырохполюсная сістэма, стужка канвеерная бясконцая, машына газарэзальная шматполымная, дыяганаль моста, датчык перамяшчэння, знаходжанне абрыву ланцуга, машына для напаўнення і закаркоўвання, дыяметр светлавой плямы, электрапрывод пастаяннага току. У межах марфемнага словаўтварэння найбольш пашыраным спосабам папаўнення тэрміналагічнай лексікі з'яўляецца суфіксальнае ўтварэнне, значна радзей выкарыстоўваецца прыставачнае. Цікавасць сярод тэрміналагічных адзінак, утвораных суфіксальным спосабам, уяўляюць у першую чаргу тыя, якія ўтвараюцца з дапамогай розных суфіксаў ад асноў ужо наяўных тэрмінаў: вымяральны – вымяральнасць, даследаваны – даследаванасць, напружаны – напружанасць, абязводжаны – абязводжанасць, расчапляць – расчапленне, расчапляльны – расчапляльнасць, пранікаць – пранікненне, пранікальны – пранікальнасць, насычаць – насычэнне, насычаны – насычанасць і інш. У параўнанні з суфіксацыяй прыставачнае, а таксама прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне тэрмінаадзінак распаўсюджана ў сучаснай беларускай мове значна менш: падгрупа, паўсфера, падмодуль, надполе, надкрытычнасць, надцела, шматлінейны, звышгенератар, пратаплазма, паўшар'е, надкрылле, надпятнік, распыліць, абястлушчыць. Аснова- і словаскладанне, а таксама складанасуфіксальны спосаб адносяцца да ліку вельмі прадуктыўных спосабаў назапашвання тэрмінаў у беларускай мовы. Утварэнне такіх найменняў адбываецца ці за кошт спалучэння ўласнамоўных сродкаў, ці іх камбінавання з запазычаннямі: косасвятло, шматколернасць, умоўна-выніковы, здрабляльнік-пагрузчык, лесапагрузчык-усюдыход, радыёлакацыя, магнітаўпарадкаванасць, лесабіржа, другасна-квантавае поле, фільт-прэсавая, відарысаўтварэнне, лінзавымальнік, водаачыстка, паветрастойкасць і да т.п. Досыць часта скарыстоўваецца спосаб складання ўсечаных асноў або толькі адной з яе частак, у выніку чаго ўтвараюцца складана-скарочаныя словы, тыпу: земснарад, аўтападача, касмабачанне, біячып, энергабаланс, тэрмаізаляцыя; а таксама абрэвіяцыя, у тым ліку з паўназначнымі словамі ў складзе абрэвіятур: ІР – імпульснае рэле, КВМ – кантрольна-вылічыльная машына, АЗП – аператыўнае запамінальнае прыстасаванне, ураўненне МРС – ураўненне магнітарухальных сіл, прыстасаванне АУР – прыстасаванне аўтаматычнага ўводу рэзерву, сутачны ККДз – сутачны каэфіцыент карыснага дзеяння, крыло ЛП махальнае – крыло лятальнага апарата махальнае, фотаЭРС – фотаэлектрарухальная сіла. Гэтыя тэрміны, як найменні назваў разнастайных аб'ектаў, працэсаў, паняццяў, маюць абмежаваную сферу распаўсюджання, але сам тып тэрмінаўтварэння падобных лінгвістычных адзінак застаецца досыць актыўным у беларускай мове.
ПЫТАННІ І ЗАДАННІ
1. Сярод прыведзеных тэрмінаў вызначце запазычаныя і ўстанавіце іх мову-крыніцу, карыстаючыся “Слоўнікам іншамоўных слоў” А.М. Булыкі (У 2-х т. Мн., 1999). Выдаткі, ордэр, маёмасць, спадчына, маркетынг, этнагенез, інтэграл, іпатэка, ваўчар, завяшчанне, ізамеры, холдынг, антаблемент, канстанта, сетка, гарэльеф, скос, дымаўтваральнік, флюс, вугляводы, вільгацеўстойлівасць, варыятар.
2. Карыстаючыся “Слоўнікам іншамоўных слоў” А.М. Булыкі (У 2-х т. Мн., 1999), вызначце крыніцу паходжання тэрмінаэлементаў і іх этымалогію. Утварыце тэрміны з выкарыстаннем гэтых тэрмінаэлементаў. Авія-, бія-, геа-, гідра-, гіпер-, інтэр-, макра-, мікра-, пан-, пара-, тэле-, ультра-. Узор: авія- (ад лац. avis – птушка) – першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццю ‘авіяцыйны’.
3. Вызначце новыя значэнні тэрмінаў, якія яны набылі ў працэсе дэтэрміналагізацыі і пранікнення ў агульналітаратурны ўжытак. Аргумент, каталізатар, кантакт, контур, алергія, напружанне, стыль, цэнтр цяжару, патэнцыял, пункт кіпення, пункт замярзання, атмасфера, фаза, сімптом, апагей, агонія. Узор выканання: аргумент – доказ, довад; каталізатар – стымулятар чаго-небудзь; кантакт – сувязь, узаемадзянне.
4. Сярод прыведзеных тэрмінаў вызначце агульнаўжывальныя. Гіпотэза, мадэль, катэт, аналіз, сінтэз, сінтаксіс, тэарэма, дослед, інтэрпаляцыя, працэс, пошук, гіпатэнуза, тангенс, сістэма, гіпербала, тэорыя, эксперымент.
5. Вызначце аманімічныя тэрміны і дайце ім азначэнне. Назавіце галіны навукі, дзе яны выкарыстоўваюцца. Гіпатэнуза, асіміляцыя, інтэрферэнцыя, рэакцыя, інкубацыя, блакада, катэт, марфема, кластэр. Узор выканання: інтэрферэнцыя – 1) фіз. узаемнае ўзмацненне або аслабленне хваляў (светлавых, гукавых, электрычных) пры іх накладванні адна на другую; 2) мед. з’ява пры заражэнні арганізма рознымі вірусамі, калі пад уздзеяннем адных з іх клеткі арганізма выпрацоўваюць інтэрферон, што падаўляе развіццё іншых вірусаў; 3) лінгв. узаемапранікненне моўных элементаў у выніку кантактавання моў.
6. Да наступных іншамоўных тэрмінаў падбярыце беларускія адпаведнікі. Акумуляцыя, бартэр, дэфіс, імпарт, імпульс, інфінітыў, календула, кандэнсатар, лінгвістыка, матор, полісемія, суфлёр, фіксатар, экспарт.
7. Утварыце антанімічныя пары тэрмінаў. Асіміляцыя, гетэрагенізацыя, катод, дынамічны, закончанае трыванне, пераменны ток, інтэграцыя, гіперфункцыя, адкрыты пералом, вадкае паліва, інтэнсіўны, экспліцытны, экспарцёр, рэгрэсіўны, інсталяцыя. Узор: экспліцытны – імпліцытны, пераменны ток – пастаянны ток.
Читайте также: Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|