Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

З гісторыі фарміравання і развіцця беларускай тэрміналогіі




Спецыфіку складвання і функцыянавання беларускай тэрміналогіі на працягу ўсёй яе гісторыі вызначае перарывістасць у развіцці. Падобная асаблівасць абумоўлена гісторыяй функцыянавання самой беларускай літаратурнай мовы. Як вядома, на тэрыторыі нашай краіны часта выкарыстоўваліся мовы іншых дзяржаў. Напачатку польская (статус дзяржаўнай яна набыла на беларускіх землях у 1696 г.), а ў наступным руская (мовай афіцыйных стасункаў яна стала паводле загада цара Мікалая І у 1840 г.) мовы. Па гэтай прычыне па сёння шматлікія галіны спецыяльнай дзейнасці людзей не здолелі выпрацаваць такія комплексы лінгвістычных сродкаў, якія б цалкам і бесперапынна забяспечвалі іх патрэбы адпаведна сферы і характару прафесійна-вытворчых заняткаў.

Першаасновай фарміравання тэрміналагічнай лексікі беларускай мовы сталі разнастайныя тэматычныя групы найменняў, пашыраныя ў народным гутарковым маўленні. Гэта былі найперш лексічныя адзінкі, што ўжываліся для абазначэння розных прадметаў побыту, з'яў прыроды, прылад працы разнастайных вытворчых заняткаў і ўяўленняў людзей. Такія найменні пазней сталі асновай тэрміналагічных моўных адасабленняў у старабеларускай літаратурнай мове. Але непасрэднаму складванню і развіццю тэрмінасістэм старабеларускай мовы спрыяла развіццё пэўных галін навукі і ўласна тэрміналагічная праца пры стварэнні спецыяльных дакументаў ці пры перакладзе замежнай літаратуры.

На працягу ХІV–ХVІ стст., калі беларуская мова мела статус дамінантнай і дзяржаўнай у ВКЛ, найбольш распрацаванавымі галінамі тагачасных тэрмінасістэм былі грамадска-палітычная, юрыдычныя, гандлёвая, сельскагаспадарчая, ваенна-прамысловая, філалагічная, кананічная. Аднак, спецыяльных слоўнікаў, якія б увасаблялі тэрміналагічныя набыткі той пары, не было. Спробай тлумачэння значэння асобных незразумелых слоў, у тым ліку і пэўных тэрмінаадзінак, з'яўляліся глосы (ад грэч. glōssa 'ўстарэлае, малаўжывальнае слова' – заўвага перапісчыка на полі рукапісу або непасрэдна ў тэксце як сродак тлумачэння незразумелага слова або мясціны). У наступным, са станаўленнем і развіццём лексікаграфічнай справы на ўсходнеславянскіх землях тлумачэнне незразумелых найменняў падавалася ў слоўніках. Першымі лексікаграфічнымі даведнікамі на той час з'яўляліся слоўнік Л. Зізанія "Лексіс" (1596), а таксама П. Бярынды "Лексікон" (1624). Аднак нягледзячы на дастаткова высокі навуковы лексічны і інфармацыйны ўзроўні гэтых лексічных даведнікаў, яны не давалі абагульненых звестак і ведаў па намінацыі, пашыранай у якасці тэрміналагічных абазначэнняў у пэўных сферах моўнай дзейнасці людзей, ды і прызначаліся такія выданні ў асноўным для навучальных мэт.

Пачаткам аднаўлення, станаўлення і развіцця тэрміналагічных сістэм новай беларускай літаратурнай мовы стаў канец ХІХ – пачатак ХХ стст. Гэтаму спрыяла адраджэнне кнігадрукавання, выданне газет, навуковых і навукова-папулярных брашур.

Для развіцця тэрмінасістэм нацыянальнай літаратурнай мовы знакавымі сталі ХХ-я гг. ХХ ст. Гэта быў адметны і надзвычай важны прамежак часу ў гістарычным лёсе беларусаў. Усталяванне новай беларускай дзяржаўнасці вызначалася стварэннем нацыянальнай школы розных ступеней, арганізацыяй нацыянальнага друку, нацыянальнай навукі і асветы і інш. Усё гэта вымагала аператыўнай працы па выпрацоўцы ўласнабеларускай тэрміналогіі, найперш хоць бы для патрэб школы. Выканаць запатрабаванні адукацыі па стварэнні спецыяльнай тэрміналагічнай уласнабеларускай лексікі ў пачатку 20-х гг. мінулага стагоддзя было дастаткова складана, калі браць пад увагу папярэдняе грамадска-палітычнае і культурнае жыццё на Беларусі. Справа ў тым, што на той перыяд "беларуская літаратурная мова … не валодала многімі з тых шматлікіх і разнастайных выразных сродкаў, якія неабходны для перадачы розных па характары і змесце думак, звязаных з развіццём грамадска-палітычных адносін, навукі, тэхнікі, культуры", паколькі ўжыванне яе было абмежавана пераважна "стылямі мастацкай літаратуры, часткова публіцыстыкі".

Аднак у тагачаснай маладой рэспубліцы пачалася інтэнсіўная праца ў сферы тэрміналогіі. З у 1919 г. была створана Тэрміналагічная камісія з мінскіх настаўнікаў. Распрацаваныя ёй асноўныя тэрміналагічныя паняцці для пачатковай школы былі надрукаваныя ў "Праграме беларускай пачатковай школы" на 1919/20 навучальныя гады.

З 1921 г. распачала дзейнасць Навукова-тэрміналагічная камісія, якая працавала напачатку пры Народным камісарыяце асветы, з 1922 па 1929 гг. – у Інстытуце беларускай культуры, а ў 1929–1930 гг. – у Акадэміі навук БССР. Дзякуючы працы Камісіі, з'явіліся невялікія тэрміналагічныя слоўнікі па граматыцы, логіцы, арыфметыцы, батаніцы, геаметрыі, аналітычнай геаметрыі і трыганаметрыі, апублікаваныя ў "Весніку Народнага камісарыята асветы БССР", і 24 слоўнікі па розных галінах навукі, якія друкаваліся на працягу 1922–1930 гг. у спецыяльных выпусках пад назвай "Беларуская навуковая тэрміналогія".

Стварэннем падобных прац займалася не толькі Навукова-тэрміналагічная камісія. У гэты ж час, дзякуючы асабістай зацікаўленасці і намаганням асобных творцаў, свет пабачылі "Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў" К. Душ-Душэўскага і В. Ластоўскага, "Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік" Зоські Верас, "Спіс назваў птушак і некаторых рыб" А.В. Фядзюшына і інш. У выніку такой тэрміналагічнай працы за перыяд з 1922 па 1930 гг. было надрукавана звыш за 30 тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі.

Выданне гэтых даведнікаў грунтавалася на адпаведным тэарэтычным фундаменце, асноўныя думкі і асаблівасці якога адлюстроўваліся ў "Інструкцыі для збору народнага слоўнікава-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове" (1925), асобныя тэарэтычныя аспекты па праблемах беларускай тэрміналогіі ўвасобіліся таксама ў "Інструкцыі для збору тэрміналагічнага матэрыялу тэхнічнага характару" (1930), упарадкаванай супольна з Камісіяй па складанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Галоўным прынцыпам, абраным за аснову фарміравання нацыянальнай тэрмінасістэмы, была арыентацыя на ўласныя рэсурсы беларускай мовы, як на яе гаворкі, так і назапашаныя ў розных крыніцах, у тым ліку і гістарычных, лінгвістычныя матэрыялы. Галоўным патрабаваннем, якім кіраваліся пры ўтварэнні тэрміна, было патрабаванне зразумеласці, а таксама адпаведнасці слова цалкам ці яго каранёў, словаўтваральных афіксаў беларускім гаворкам. Такіх падыходаў трымаліся тагачасныя беларускія навукоўцы не толькі пры ўкладанні тэрміналагічных слоўнікаў, але і ўпарадкаванні слоўніка беларускай нарматыўнай мовы наогул. Адным з аўтараў канцэпцыі ўпарадкавання новай літаратурнай мовы беларусаў і яе развіцця ў будучыні быў С.М. Некрашэвіч. Паводле задумы акадэміка С.М. Некрашэвіча, вызначальным накірункам у развіцці нацыянальнай мовы павінна было стаць "адзінства літаратурнай і народнай мовы". Больш за тое, бліскучы лексікограф нацыянальнага мовазнаўства, яго тэарэтык і практык, быў упэўнены, што гэта цалкам магчыма. Арыентацыя тагачаснай лінгвістычнай эліты выключна на ўнутрынацыянальныя, пераважна гаворкавыя сродкі слоўнага забеспячэння, мела сваё вытлумачэнне. С.М. Некрашэвіч адзначаў, што лексіка-семантычная структура беларускай мовы ўжо перажыла дастаткова працяглы перыяд "зрушэння або спальшчэння", таму інтэнсіўнае выкарыстанне запазычанняў толькі б шкодзіла ўласнаму ўнутрымоўнаму развіццю.

Адпаведна гэтаму асноўным спосабам складання новых тэрмінаў у 20-я гг. становіцца тэрміналагізацыя агульнаўжывальных слоў. Так, у гэты час у літаратурны ўжытак былі ўведзены: вапняк, глеба, глей, дакладнасць адносная, святло адлюстраванае, сіла цяжару, ланцуг замкнуты, паліва, лік ваганняў, адвольны множнік і інш. Дадзеныя тэрмінаадзінкі і па сёння функцыянуюць у моўнай практыцы.

Другім спосабам назапашвання тэрміналагічных найменняў становіцца ўтварэнне новых адзінак на ўласнацыянальнай моўнай базе. Яно выяўлялася ў камбінаванні базавых сродкаў (пераважна каранёў) з разнастайнымі прыстаўкамі і суфіксамі, у выкарыстанні аснова- і словаскладання, калькавання, семантычнага перакладу з рускай ці іншых моў: павойныя расліны, пражытковы мінімум, даследаванне, ступень, суквецце, назоўнік, уяўны, спагнанне, дзель, паглынальнік, наступны кантроль, угода (здзелка)і інш.

Спроба арыентацыі выключна на нацыянальныя лінгвістычныя сродкі не заўсёды была ўдалай. Частка матэрыялаў, што прапаноўвалася ў якасці адпаведнікаў інтэрнацыянальным ці рускамоўным лексемам, па прычыне сваёй ці то штучнасці, ці то няўдалага стварэння і ўпарадкавання ў адпаведныя тэматычныя групы не прыжылася ў навуцы. Так, не сталі здабыткам сучасных тэрмінасістэм беларускай мовы словы, прапанаваныя В. Ластоўскім: абакружыца – перыферыя, прастапад – перпендыкуляр, павер – крэдыт, кучмак, кучмень – конус, шасцісцен – куб, кантастог – піраміда, амяркацыя – камбінацыя, электрыка – электрычнасць, жывень – элемент, праўны – юрыдычны, горгат, гамонка, дыялект – жаргон; вольт – аварот, дзевяцьдзесят – дзевяноста, зорніцтва – астраномія, паземы, паземны, падольны – гарызантальны, сызгалосы – фанетычны, яскір – аптычн. фокус, назоўніцтватэрміналогія, чотаванне – вылічэнне, угнуты, уклясны – увагнуты.

Адпаведнікі падобнага тыпу адзначаюцца і ў выпусках "Беларускай навуковай тэрміналогіі". Пры выкарыстанні запазычанняў адносіны да іх не былі аднастайнымі, пераважным заставаўся дыферэнцыяваны падыход да розных галін навукі. Так, у фізіка-тэхнічным, матэматычным і геалагічным выпусках "Беларускай навуковай тэрміналогіі" працэнт запазычаных слоў складаў прыкладна 40–50% у параўнанні з сельскагаспадарчым, батанічным і грамадазнаўчым выпускамі (каля 15%). Падобныя падыходы былі вызначальнымі і для выпуску фізічнай тэрміналогіі, праект якога быў падрыхтаваны ў 1927–1928 гг. А.Ю. Міцкевічам, выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага універсітэта (налічвае 6906 тэрмінаў), а таксама бухгалтарскай, якая адлюстроўвалася ў "Слоўніку бухгалтарскай тэрміналогіі" (1928).

Усё разам гэта сведчыла аб узважлівым падыходзе да праблем стварэння і ўкладання тэрміналагічнага лексікону нацыянальнай мовы. Акрамя таго, любыя прапановы па тэрмінаўпарадкаванні шырока абмяркоўваліся ў тагачасных перыядычных выданнях і на разнастайных навуковых нарадах, што дазваляла ў наступных перавыданнях пазбегнуць шматлікіх недакладнасцей і хібаў. Ды і самі выданні напачатку друкаваліся толькі як праекты.

Праца па стварэнні навуковай тэрміналогіі, распачатая ў Інстытуце беларускай культуры Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, была працягнута ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Якраз тут была распрацавана канцэпцыя складання больш вузкіх спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў. Першы выпуск падобнага "Слоўніка тэхнічнай тэрміналогіі", складзены А. Гурло, з'явіўся ў 1932 г., у 1933 г. быў апублікаваны "Ваенны руска-беларускі слоўнік". Аднак у наступным па прычыне змены сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі працягнуць працу ў гэтым накірунку навукоўцы не здолелі. У некаторай меры і таму навукова-тэхнічная тэрміналогія менш распрацаванай застаецца і зараз у сучаснай беларускай мове.

У сярэдзіне 1930-х гг. у Беларусі пачалася актыўная работа па падрыхтоўцы Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, да стварэння спробных выпускаў якой былі далучаны найлепшыя пісьменніцкія, ды і творчыя нацыянальныя сілы наогул. Праца над яе выданнем унесла істотны ўклад у справу ўнармавання беларускай тэрміналогіі. На працягу 1935 г. было апублікавана 15 выпускаў праектаў энцыклапедычных слоўнікаў па розных галінах навукі (іх агульны аб'ём склаў каля 500 друкаваных аркушаў).

Пасляваенны час, асабліва першае дзесяцігоддзе, характарызаваўся адсутнасцю каардынацыйнага цэнтра па праблемах упарадкавання і развіцця нацыянальнай тэрміналогіі. Ды і наогул у гэты перыяд па прычыне страчанай у час вайны картатэкі слоўніка нацыянальнай мовы перад навукоўцамі Акадэміі навук надзвычай пільна стаяла патрэба стварэння перакладных руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў, на што і была скіравана творчая праца беларускіх моваведаў. Падрыхтаваныя і выдадзеныя ў пасляваенны час "Руска-беларускі слоўнік" (1953) і "Беларуска-рускі слоўнік" (1962), а таксама ўкладзены значна пазней "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (1977–1984) і інш. даследаванні адыгралі значную ролю ў нармалізацыі тэрмінасістэм розных галін навукі, вытворчасці, адукацыі. Аднак з-за адсутнасці мэтанакіраванай, скаардыянаванай працы ў тэрміналагічнай сферы сталі відавочнымі лінгвістычныя недапрацоўкі. Кнігі, розныя брашуры, асобныя артыкулы па разнастайных праблемах у шматлікіх сферах прафесійнай дзейнасці людзей, найперш у будаўнічай справе, у галіне механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці і інш., сталі напаўняцца вялікай колькасцю варыянтных найменняў. Пералельна ўжываліся выключальнік і выключацель, выхавальнік і выхавацель, трубчасты і трубкавы, чысты даход і чысты спор, прыбытак, уводзіліся ва ўжытак нетыповыя для беларускай літаратурнай мовы дзеепрыметнікі цяперашняга часу залежнага і незалежнага стану, як чытаючы, прамастаячы, чытаемы, млекакормячы, рашаемы і да т.п.

Але функцыянаванне падобных варыянтных формаў, у першую чаргу за кошт ужывання рускамоўных па паходжанні адпаведнікаў, было абумоўлена не толькі нераспрацаванасцю тэрміналогіі беларускай мовы. Падобнае выкарыстанне рускамоўных сродкаў у значнай меры вытлумачвалася агульным накірункам ўласнанацыянальнага моўнага развіцця. Ён характарызаваўся русізацыяй, тым працэсам, што быў абраны ў Беларусі ў 1930-я гг. і меў трывалы папярэдні гістарычны грунт. Па сутнасці такім жа заставаўся ён і на працягу 1950–1980 гг. Працягвалася русізацыя беларускай мовы ў першую чаргу лексічнымі сродкамі, мела месца таксама і ўзбагачэнне яе слоўнікавага складу за кошт запазычанняў, але галоўным чынам праз пасрэдніцтва рускай мовы. Паказальным з гэтага боку з'яўляецца наступны факт, адзначаны ў публікацыі А.І. Цімашэнка. Пры супастаўленні матэрыялаў "Расійска-беларускага слоўніка" (1928) С.М. Некрашэвіча і М.Я. Байкова з "матэрыяламі РБС 80–90-х гадоў выдання адзначана 6 тыс. слоў (10%!), у семантыцы якіх з'явіліся новыя рысы, блізкія або агульныя з тымі, што ўласцівыя рускім адпаведнікам". Не менш уражвальнымі з'яўляюцца і такія звесткі. У перыяд 1950–1980‑х гг. на беларускай мове фактычна не было надрукавана ніводнай кнігі па філасофіі, палітычнай эканоміі, сацыялогіі, электроніцы, інфарматыцы, матэматычных, хімічных і біялагічных навуках.

Па прычыне адсутнасці сістэмы пераважна беларускамоўнага навучання, шырокай уласнанацыянальнай інфармацыйна-камунікатыўнай прасторы, пагардлівага стаўлення органаў кіравання рэспублікі да праблем роднай мовы беларусаў і іншых чыннікаў не маглі таксама вырашацца шматлікія праблемы ў сферы тэрміналогіі. Найперш не выпрацоўвалася сістэма тэрміналагічных абазначэнняў, не адбывалася папаўненне базавымі сродкамі паняційна-тэрміналагічнага фонду мовы, што прывяло да занядбання ўласнамоўных нацыянальных рэсурсаў.

Назапашванне намінацыйных праблем у сферы тэрміналогіі прымусіла аднавіць практыку спецыялізаванай тэрміналагічнай працы, што мела месца на этапе станаўлення новай беларускай літаратурнай мовы. У 1980 г. была створана Рэспубліканская тэрміналагічная камісія на чале з прэзідыумам і некалькімі секцыямі ў яе складзе: грамадазнаўчай, навукова-тэхнічнай, фізічнай і матэматычнай, хімічнай, біялагічнай, сельскагаспадарчай, геалагічнай і геаграфічнай, медыцынскай і фізіялагічнай, секцыяй па архітэктуры і будаўніцтву. Пытаннямі тэрміналагічнага упарадкавання, акрамя Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі, стала займацца таксама Тэрміналагічная камісія Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Ф. Скарыны, створаная ў 1989 г.

Стварэнне гэтых спецыяльных, дзяржаўнай і грамадскай, арганізацый па вырашэнні праблем у сферы тэрміналогіі было абумоўлена тагачаснай сацыяльнай цікавасцю да нацыянальнай мовы, што абудзілася ў першай палове 1990-х гг. у беларускім грамадстве. Якраз на гэты перыяд выпадае і запатрабаванасць беларускай мовы. Яна выявілася ў актуалізацыі лінгвістычных праблем у тэрміналагічнай сферы нацыянальнай мовы і адпаведным гэтаму разгортванні лексікаграфічнай тэрміналагічнай працы. Якраз у той перыяд была апублікавана вялікая колькасць тэрміналагічных, у тым ліку і энцыклапедычных даведнікаў. Пераважную колькасць з іх склалі перакладныя слоўнікі з розных галін спецыялізаваных ведаў у сферы навукі, вытворчасці, культуры. Так, у гэты час ў Інстытуце мовазнаўства НАНБ быў падрыхтаваны "Русско-белорусский политехнический словарь" (Т. 1. 1997; т. 2. 1998). Гэта адно з самых буйных выданняў спецыялізаваных выданняў па тэрміналогіі. Лексічны даведнік уключае каля 157 тысяч тэрмінаў з розных галін навукі і тэхнікі: авіяцыі, аўтамабільнай справы, будаўніцтва, вылічальнай тэхнікі, гідратэхнікі, машынабудавання, нафтатэхнічнай прамысловасці, радыётэхнікі і інш. Акрамя таго, прыкладна адначасова з'явіліся і больш дробныя тэрміналагічныя выданні, таксама перакладныя даведнікі: Болсун А.І. "Руска-беларускі фізічны слоўнік" (1993); Андрыеўская З.Я., Галай І.П. Руска-беларускі фізіка-геаграфічны слоўнік (1994); Воднеў У.Т., Навумовіч А.Ф. Малы матэматычны слоўнік (1994); Краеўская Н.П., Грынберг Б.В., Красней В.П. "Русско-белорусский словарь электротехнических терминов" (1993), Капко В.М., Хрусталёв Б.М. “Русско-белорусский словарь по теплотехнике и санитарной технике” (1994); Міклашэвіч А.А., Васілёнак В.Д. “Кароткі руска-беларуска-англійскі слоўнік машынабудаўнічага профілю” (1996) і мноства іншых.

Слоўнікі, выдадзеныя галоўным чынам у той перыяд, не былі аднастайныя з лінгвістычнага боку. Па асаблівасцях рэалізацыі моўных сродкаў іх умоўна можна падзяліць на два тыпы: даведнікі з арыентацыяй на ўласнанацыянальныя лінгвістычныя сродкі і на рускамоўныя. У сувязі з чым у беларускім мовазнаўстве на пачатку 1980-х гг. у тэрмінастваральнай сферы мелі месца дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, працягвалася традыцыя русізацыі тэрміналагічных нацыянальнай сродкаў, з другога – аддавалася перавага выключна беларускім моўным адзінкам. Тым самым у моўную практыку вярталіся прынцыпы тэрмінастварэння, абраныя і выпрацаваныя нацыянальнай моватворчай элітай пачатку 20-х гг. ХХ ст. Так, у "Русско-белорусском математическом словаре" (1993) пад агульнай рэдакцыяй Я.В. Радына, а таксама ў "Тэрміналагічным слоўніку па вышэйшай матэматыцы для ВНУ" (1993) Т. Сухой, Р. Еўдакімава, В. Траццякевіч, Н. Гузень выкарыстоўваюцца ўласнабеларускія словы: астача, рэшта інтэгральная, хуткасць спадання, множнік, велічыня, васьмярковы, раўнаванне, стасунак лікаў, злічэнне, даўжыня, пераўтварэнне, дачыненне роўнасці, падвышэнне ў ступень, падвышэнне ў квадрат, зусім раскладальны, выяўленне паўпростае, вось авароту, граф рэберны, хуткасць збежнасці, зменная, хутказбежны, лік. Паралельна як варыянты падаюцца таксама інтэрнацыянальныя тэрміны: вызначнік – дэтэрмінант, аднасклад – маном, мнагасклад – паліном, перастаўляльнасць – камутатыўнасць, тэорыя набліжанняў – тэорыя апраксімацыі і інш. Арыентацыяй на ўласнабеларускія словастваральныя сродкі характарызуецца і выданне "Матэматычныя энцыклапедыя" (2001). Такія ж падыходы да тэрмінаадзінак увасоблены і ў "Кароткім расійска-фізіялагічным слоўніку" (1993) (у арыгінале: Кароткі расейска-фізыялягічны слоўнік) А. Стасевіча і С. Варыёцкага: аллерген – іншачыньнік, алерген; абсорбция – паглынаньне, усмоктваньне, абсорбцыя; наркотический – зьнячульны, наркатычны і многіх інш.

Актыўнае выкарыстанне тэрміналагічных адзінак уласнабеларускага і інтэрнацыянальнага тыпу, абранае ў якасці зыходнага прынцыпу ў групе тэрміналагічных слоўнікаў з арыентацыяй на словастваральныя сродкі беларускай мовы, – тыповы падыход для галін навукі, якія імкнуцца да міжнароднай стандартызацыі і уніфікацыі паняційнага апарату. Ён дазваляў уводзіць і замацоўваць у маўленчым ужытку як уласнамоўнае, так і прынятае сусветнай практыкай. Аднак падобная спроба многіх беларускіх даследчыкаў, аўтараў тэрміналагічных слоўнікаў канца мінулага стагоддзя не атрымала належнай падтрымкі з боку грамадства. Прапанаваныя тэрмінаадзінкі як уласнабеларускія не былі ўведзены ў карыстанне ні ў школьныя, ні ва універсітэцкія падручнікі.

Працэс тэрмінатворчай актыўнасці з прыцягненнем уласнабеларускіх моватворчых сродкаў у нацыянальным мовазнаўстве аказаўся непрацяглым. Сёння, на пачатку новага тысячагоддзя, зноў мае месца выразнае адштурхоўванне ад "будаўнічага" нацыянальнага лінгвістычнага матэрыялу і арыентацыя на запазычаныя тэрміналагічныя адзінкі. Розніца гэтага працэсу ў параўнанні з папярэднім часам толькі ў тым, што напрамую запазычваюцца лексічныя сродкі з розных еўрапейскіх моў, у сувязі з чым асобныя з тэрмінасістэм беларускай мовы, напрыклад, сфера інфармацыйных тэхналогій, галіна рыначнай эканомікі, у значнай меры касметалогіі і некаторыя інш. наогул складзены ці папаўняюцца выключна за кошт слоўных іншамоўных рэсурсаў без прыцягнення словаўтваральных сродкаў беларускай мовы. Гэта мае месца нягледзячы на тое, што намінатыўныя сродкі як розных галін навукі, так і афіцыйна-справавых дачыненняў даволі добра распрацаваны ў беларускай мове, аб чым сведчыць публікацыя звыш 600 розных слоўнікаў.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Напішыце кароткі канспект §5.

 

2. Складзіце руска-беларускі тлумачальны тэрміналагічны слоўнік па сваёй галіне навукі, які б уключаў 40–50 тэрмінаў.

 

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...