1. 1. Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей
Стр 1 из 18Следующая ⇒ ЧАСТКА 1 1. 1. БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЯЕ МЕСЦА Ў СІСТЭМЕ АГУЛЬНАЧАЛАВЕЧЫХ І НАЦЫЯНАЛЬНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ 1. 1. 1 Роля мовы ў грамадстве і яе функцыі
Пры дапамозе мовы людзі абменьваюцца інфармацыяй, наладжваюць кантакты, выказваюць адзін аднаму свае думкі, пачуцці. З яе дапамогай людзі ўсведамляюць і асэнсоўваюць свет, захоўваюць і перадаюць ад пакалення да пакалення набытыя веды і вопыт. Такі універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый. Камунiкацыйная функцыя (функцыя зносiн) 1) раскрывае сацыяльны, грамадскi характар мовы, бо па-за грамадствам мова спыняе сваё iснаванне (хоць i захоўваецца ў выглядзе пiсьма або гукавых запiсаў); 2) выяўляе псiхiчную прыроду мовы, таму што мова рэалiзуецца ў выглядзе маўлення толькi ў час яе выкарыстоўвання людзьмi, калi яна ажывае ў iх свядомасцi, матэрыялiзуецца праз маўленне, якое перадаецца i ўспрымаецца органамi чалавека; 3) далучае чалавека да пэўнага калектыву людзей. Адной з iстотных функцый мовы з’яўляецца пазнавальная: чалавечае пазнанне грунтуецца на ведах, якiя фiксуюцца, назапашваюцца, класiфiкуюцца, абагульняюцца з дапамогай мовы. Мова адначасова служыць iнструментам пазнання, таму што стварэнне i ўзбагачэнне асноўных катэгорый мыслення (паняццяў) адбываецца на аснове мовы. Мова – галоўны сродак набыцця ведаў, iх пашырэння, узбагачэння, удакладнення. У складзе камунікацыйнай функцыі мовы вылучаюцца: рэгулятыўная, ці фатычная (лац. fatum – выраз) – функцыя наладжвання кантактаў, рэгулявання адносін паміж людзьмі; акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай свядомасці народа. Мова захоўвае спадчыну нацыі, звязвае продкаў і нашчадкаў.
У складзе пазнавальнай функцыі можна вылучыць намінатыўную (лац. nominatio – называнне, найменне), г. зн. функцыю наймення прадметаў, з'яў рэчаіснасці. Пазнаючы свет, чалавек пастаянна сутыкаецца з неабходнасцю называць прадметы, з'явы, працэсы сродкамі мовы (у першую чаргу – словамі). Але называнне – гэта разам з тым працэс размежавання і атаясамлівання з'яў рэчаіснасці, ці, інакш, працэс пазнання рэчаіснасці. Невыпадкова гавораць: назваць – значыць зразумець. Паколькі пазнавальная функцыя звязана з рознымі формамі псіхічнай дзейнасці чалавека, у складзе яе можна вылучыць эмацыйную (экспрэсіўную) функцыю – г. зн. функцыю выражэння эмоцый, пачуццяў, настрою, адносін да тэмы. Праз мову чалавека выяўляюцца яго здольнасці, вопыт, эрудыцыя, інтэлект, унутраны свет. Эмацыйная функцыя, якая найбольш выразна выступае ў інтанацыі, выклічніках, у розных формах мадальнасці (адносінах аўтара да зместу паведамлення), ацэначных суфіксах і інш., па сутнасці, пранізвае ўсе ўзроўні мовы. З камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная (мастацкая), функцыя, сутнасць якой у здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам і спалучэннем слоў і інш. Гэтая функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення і ўвасабляецца ў мастацкай прозе, паэзіі, сцэнічным маўленні, красамоўстве. У свядомасцi чалавека адлюстроўваецца знешняя рэчаiснасць, i змест мовы як арганiчная частка свядомасцi таксама адлюстроўвае ў сабе гэту рэчаiснасць. У падмурку значэнняў практычна ўсiх знамянальных слоў так цi iнакш ляжаць адпаведныя паняццi, у якiх увасабляюцца ўяўленнi чалавека аб адлюстраваных у яго свядомасцi знешнiх прадметах. Гэта значыць, што мы маем падставу гаварыць пра наяўнасць у мове функцыi адлюстравання.
Для многіх моў свету важнай з'яўляецца этнічная функцыя, калі мова выступае прыкметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асабліва выразна гэтая функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з'яўляецца фактарам еднасці (ці адраджэння) этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоўнай самабытнасці. Для беларускай мовы гэтая функцыя набывае асаблівае значэнне, паколькі Беларусь як самастойная дзяржава можа выйсці на міжнародны ўзровень толькі пры ўмове валодання нацыянальнымі традыцыямі, нацыянальнай спадчынай, культурай і мовай. Розныя функцыі мовы рэдка выступаюць у маўленні ў чыстым выглядзе. Як правіла, у працэсе камунікацыі яны спалучаюцца адна з адной, бо зносіны звычайна патрабуюць выражэння не толькі думак, але і эмоцый, волі і г. д.
1. 1. 2 Гіпотэзы паходжання мовы
У сучаснай навуцы існуе некалькі філасофскіх і натуралістычных гіпотэз паходжання мовы. Аналізуючы розныя падыходы ў вырашэнні гэтай праблемы, можна выдзеліць два асноўныя накірункі: а) мова створана чалавекам у працэсе яго эвалюцыйнага развіцця; б) мова створана звышнатуральнай сілай. Адна з самых старажытных філасофскіх канцэпцый -- лагасічная (логасная) тэорыя. У яе аснове ляжыць міфолага-рэлігійнае ўяўленне пра мову як дар Бога. Паводле гэтай канцэпцыі, мова (“слова”) існавала задоўга да з’яўлення чалавека і ўвасабляла сабой дух, валодала магічнай сілай. “Слова” разглядалася як першааснова ўсяго, што існавала ў прыродзе, як энергія і сродак, якія стварылі свет з першаснага хаосу: “У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было спачатку ў Бога. Усё праз Яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць” (“Евангелле ад Іаана). Падобныя тлумачэнні, толькі ў іншых тэрмінах, ляжаць у аснове індуізму і канфуцыянства. Побач з Божым паходжаннем мовы хрысціянская філасофія тлумачыць слова і як чалавечую з'яву. Бог стварае чалавека і адкрывае яму дар слова, г. зн. Божае слова, якое стварыла чалавека, становіцца потым здабыткам чалавека. Пытанне пра паходжанне мовы разглядалася і ў антычнай філасофіі. Яшчэ ў VII-VI ст. да н. э. старажытнагрэчаскія вучоныя імкнуліся знайсці сувязь паміж словамі, «імёнамі» і высветліць, які характар паходжання мовы – прыродны ці ўмоўны. Пазней гэтыя праблемы асэнсоўваліся ў філасофіі эпохі сярэдніх вякоў і Адраджэння.
У ХVІ стагоддзі ў Еўропе з’явілася і стала пашырацца тэорыя “грамадскай дамоўленасці”, паводле якой не Божае “Слова-Логас”, а сам чалавек з’яўляецца стваральнікам усяго існага на зямлі, у тым ліку і мовы. Менавіта грамадская дамоўленасць адрознівае чалавечае грамадства ад першабытнага статку. Аднак гэтая тэорыя, называючы творцу мовы, не змагла растлумачыць прыроду яе ўзнікнення, а таксама працэс авалодання чалавека мовай. З цягам часу ўзніклі натуралістычныя гіпотэзы паходжання мовы. Так, згодна з гукапераймальнай гіпотэзай мова паходзіць ад пераймання чалавекам шматлікіх і разнастайных гукаў навакольнага свету (крыкі жывёл, спеў птушак, шум ветру, шапацення лісця, гул грому, плёскат хваляў і г. д. ). Гэтыя гукаперайманні (гаў-гаў, мяў-мяў, ку-ку, му-у-у, буль-буль і інш. ) сталі асновай слоў-назваў чалавечай мовы. Выклічнікавая гіпотэза звязвае паходжанне мовы з тымі натуральнымі, інстынктыўнымі гукамі, якімі насычана біялагічнае жыццё чалавека (кашаль, хрып, сапенне, гукі, выкліканыя пачуццём болю, радасці, абурэння і г. д. ). Найбольшае пашырэнне атрымала распрацаваная ў ХІХ стагоддзі матэрыялістычная (працоўная, сацыяльная) тэорыя паходжання мовы, паводле якой мова ўзнікла як вынік супольнай дзейнасці першабытных людзей. У час сумеснай працы ўзнікалі сітуацыі, калі неабходна было ўзгадніць свае дзеянні, што і прымусіла старажытнага чалавека падаваць гукавыя сігналы. Пры гэтым адбывалася перабудова органаў маўлення, якая і прывяла іх да здольнасці ствараць членападзельныя гукі. Паступова з развіццём грамадства, з падзелам відаў працоўнай дзейнасці, з удасканаленнем працэсаў і сродкаў працы ўдасканальваліся мысленне чалавека і формы адлюстравання яго ў мове.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што этапы фарміравання і станаўлення мовы можна прасачыць на прыкладзе дзіцяці. За тры гады яно паўтарае ўвесь шлях, які прайшло чалавецтва ад прымітыўных гукаў да членападзельнай мовы. Як бы ні вырашалася ў навуцы праблема паходжання мовы, відавочным для ўсіх нас з'яўляецца тое, што жыццё мовы цесна звязана з жыццём грамадства. Мова не толькі дапамагае людзям зразумець адзін аднаго, але і захаваць здабыткі чалавечай гісторыі, навукі і культуры. 1. 1. 3 Класіфікацыя моў свету і месца беларускай мовы сярод іншых моў свету
Паводле звестак навукоўцаў, у нашы днi вядома каля 5000 розных (жывых i мёртвых) моў, з якiх на 180 мовах размаўляюць амаль тры з паловай мiльярды жыхароў нашай планеты, а астатнiя мовы абслугоўваюць нязначную частку насельнiцтва, iншы раз мовай карыстаюцца сотнi i нават дзясяткi людзей. У залежнасцi ад паходжання i наяўнасцi цi адсутнасцi агульных рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя i няроднасныя. Роднасныя мовы аб’ядноўваюцца ў вялiкiя групы, або сем’і, моў. Навука пра мову выдзяляе iндаеўрапейскую, iберыйска-каўказскую, фiна-ўгорскую, цюркскую, мангольскую, тунгуса-маньчжурскую, кiтайска-тыбецкую, дравiдыйскую, семiта-хамiцкую, кайсанскую i iншыя сем’i моў, кожная з якiх складаецца альбо з некалькiх груп (напрыклад, фiна-ўгорская сям’я падзяляецца на дзве групы – фiнскую i ўгорскую, якiя ў сваю чаргу складаюцца з некалькiх моў), альбо з некалькiх моў (напрыклад, дравiдыйская сям’я ўключае мовы тэлугу, тамiльскую, малаялам, каннара i iнш., што пашыраны на поўднi Iндыi, часткова на Цэйлоне, у асобных раёнах Пакiстана i Афганiстана). Некаторыя мовы з’яўляюцца iзаляванымi, яны не ўваходзяць у склад сем’яў або груп, напрыклад, японская мова, карэйская. Беларуская мова ўваходзiць у адну з самых вялiкiх сем’яў Еўразii – iндаеўрапейскую. Па ступенi роднасцi iндаеўрапейская сям’я моў падзяляецца на 16 моўных груп: балтыйская (лiтоўская, латышская (жывыя) i пруская, яцвяжская (мёртвыя)); германская (дацкая, нарвежская, шведская, iсландская, фарэрская, нямецкая, англiйская, галандская (нiдэрландская), фламандская, iдыш (новаяўрэйская), мёртвыя – гоцкая, бургундская, вандальская); iндыйская (хiндустанi, пенджабi, бенгалi, орыя, бiхары, цыганская (жывыя) i ведыйская, санскрыт, пракрыты (мёртвыя); iранская (персiдская, таджыкская, курдская, тацкая, пушту (афганская), асецiнская (жывыя) i мiдыйская, парфянская, скiфская (мёртвыя)); кельцкая (iрландская, шатландская, брэтонская, уэльская (валiйская), гальская); раманская (iспанская, французская, партугальская, iтальянская, правансальская, каталанская, румынская, малдаўская, рэтараманская i мёртвая лацiнская);
славянская, у якой вылучаюцца тры падгрупы: заходнеславянская (польская, кашубская, чэшская, славацкая, сербскалужыцкая i мёртвая палабская); паўднёваславянская (балгарская, македонская, сербскахарвацкая i мёртвая стараславянская); усходнеславянская (беларуская, украiнская, руская). У iндаеўрапейскую моўную сям’ю ўваходзяць асобныя мовы – грэчаская, албанская, армянская.
1. 1. 4 Агульнаўсходнеславянскі перыяд у гісторыі беларускай мовы
У канцы Х ст. на нашыя землі прыйшло хрысціянства, разам з ім і пісьменнасць на стараславянскай (царкоўнаславянскай) мове – першай літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян (успомнім асветнікаў Кірылу і Мяфодзія). На гэты час яшчэ не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі рукапісныя (буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці на Беларусі: Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр). Царкоўнаславянскай мовай карысталіся не толькі пры перапісванні свяшчэнных тэкстаў, але і для стварэння арыгінальных твораў рэлігійнага зместу (казанні, павучанні, словы, малітвы, словы-прамовы царкоўнага дзеяча, філосафа палескага Златавуста епіскапа Кірылы Тураўскага; пісьмовая спадчына пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага. Асаблівай увагі заслугоўвае культурна-асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай: заснавала жаночы і мужчынскі манастыры і царкву ў Полацку, скрыпторыі – майстэрні, у якіх перапісваліся свяшчэнныя кнігі; па яе загаду майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў створаны надзвычайнай прыгажосці крыж, надпіс на якім зроблены таксама на царкоўнаславянскай мове. Старажытныя беларускія пісьменнікі-асветнікі былі людзьмі высокай культуры, якія ведалі не толькі Біблію, але і антычную літаратуру – Гамера, Платона, Арыстоцеля. Дзяржаўнай жа мовай Кіеўскай Русі з'яўлялася старажытнаўсходнеславянская, ці старажытнаруская, мова, утвораная шляхам сінтэзу стараславянскай мовы і жывой гутарковай мовы ўсходніх славян. Нагадаем, што тэрмін «старажытнаруская» звязваецца не з сучаснай рускай мовай (велікарускай), а адносіцца ў роўнай ступені да ўсіх трох усходнеславянскіх моў. На старажытнаўсходнеславянскай мове напісаны такія творы, як «Слова пра паход Ігараў», «Аповесць мінулых гадоў», «Руская праўда», «Слова мітрапаліта Іларыёна», «Астрамірава Евангелле», творы Уладзіміра Манамаха, а таксама шматлікія гандлёвыя дагаворы, граматы, грашовыя разлікі (Дагаворная грамата смаленскага князя Мсцiслава Давыдавiча з Рыгай i Гоцкiм берагам 1229г., Грамата Гердзеня 1264г., Грамата полацкага князя Iзяслава каля 1265г., Дагавор Полацка з Рыгай каля 1330г., «Руская праўда»); надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры (надпiс на крыжы Ефрасiннi Полацкай 1161г.; надпiсы на камянях, высечаныя ў гонар полацкага князя Барыса; надпiс на каменi 1171г. ў гонар князя Рагвалода; берасцяныя граматы). Ужо ў гэты час у літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян вылучаецца як мінімум тры стылі: справавы, царкоўна-кніжны і свецка-літаратурны (найбольшая колькасць стараславянскіх элементаў назіраецца ў творах рэлігійнага зместу, менш – у мастацкіх, яшчэ менш – у справавых тэкстах, апошнія з якіх адлюстроўваюць спецыфічныя рысы сучаснай беларускай мовы). Дарэчы, аўтарства «Слова пра паход Ігараў» (ХІІ ст. ), на думку рускага даследчыка Б. Зотава, хутчэй за ўсё належыць Кірылу Тураўскаму (вельмі блізкая да «Слова.. » манера выкладання думак, пачуццяў з дапамогай мовы, уласцівыя яму выяўленчыя і вобразныя сродкі). Такім чынам, да ХІІІ ст. існавала адносна адзіная пісьмовая мова ўсходніх славян, аднак гаварылі продкі рускіх, беларусаў і ўкраінцаў па-рознаму. Кожная мова развівалася сваім шляхам.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|