Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

1.1.7 Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.




1. 1. 7 Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.

Пачатак 20 ст. азнаменаваўся пашырэннем нацыянальна-вызваленчага руху, ажыўленнем кнiгавыдавецкай дзейнасцi.

24 лiстапада 1905г. ўступiў у дзеянне так званы закон аб свабодзе друку, якi дазваляў друкаваць творы беларускай лiтаратуры i пераклады на беларускую мову з iншых моў.

Аднак беларускую мову па-ранейшаму забаранялi выкарыстоўваць у сферы грамадска-культурнага i палiтычнага жыцця, не мела яна доступу i ў школы.

У 1906г. ў Пецярбургу было заснавана беларускае выдавецкае таварыства «Загляне сонца i ў наша аконца», якое праiснавала да Першай сусветнай вайны. Выдавецтва пачало выпускаць першыя буквары на роднай мове: «Беларускi лемантар, або Першая навука чытання» К. Каганца (1906г. ), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткi (1906г. ), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа (1909). У 1907г. ў Вiльнi пачынае работу выдавецтва «Наша нiва», пазней узнiкаюць выдавецкiя суполкi «Мiнчук», «Наша хата», «Палачанiн» i iнш.

З 1906г. пачынаецца гiсторыя беларускай легальнай прэсы, калi з’яўляюцца газеты «Наша доля», «Наша нiва», «Гоман», «Дзяннiца», «Bielarus». На беларускай мове таксама выдавалiся сельскагаспадарчы часопiс «Саха», лiтаратурна-навуковы штомесячнiк для беларускай моладзi «Лучынка», студэнцкi часопiс «Ранiца». У «Нашай Ніве» друкавалі свае творы класікі беларускай літаратуры: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, С. Палуян і інш. Іх творчасць і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы. Нагадаем, што фарміравалася яна не на кніжных традыцыях, як многія іншыя літаратурныя мовы, а цалкам «вырастала» з народных гаворак, затым апрацоўвалася, удасканальвалася майстрамі беларускага слова.

Першыя спробы кадыфікаваць арфаграфічныя і граматычныя нормы беларускай мовы былі зроблены братамі Антонам і Язэпам Лёсікамі, якія ў 1917 годзе апублікавалі лацінскім шрыфтам дапаможнік “Як правільна пісаць па-беларуску”, а ў 1918 г. на яго аснове выдалі “Беларускі правапіс”. Аднак найбольш аўтарытэтным было выданне ў 1918г. «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевiча. Аўтар яе паслядоўна вызначыў граматычныя рысы беларускай мовы, дакладна сфармуляваў асноўныя прынцыпы i правiлы беларускай арфаграфii. «Граматыка» паклала пачатак навуковай распрацоўцы правапiсных i граматычных нормаў беларускай мовы, на працягу 20-х гадоў ХХ ст. заставалася адзіным стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся падручнікі і даследаванні па беларускай мове.

У 1924 годзе на другой сесіі ЦВК БССР была прынята пастанова “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі”, якой быў пакладзены пачатак беларусізацыі ў краіне.

Праграма беларусізацыі ўключала ў сябе арганізацыю навучальных устаноў на роднай мове, развіццё нацыянальнай літаратуры, выданне беларускіх кніг, навукова-даследчую працу па ўсебаковым вывучэнні Беларусі, перавод партыйнага, дзяржаўнага, прафсаюзнага, каператыўнага апарату, а таксама часцей Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі на беларускую мову.

З 20-х гадоў ХХ ст. беларуская мова набывае шырокiя грамадскiя функцыi, што запатрабавала стварэння нацыянальнай тэрмiналогii, здольнай абслугоўваць важнейшыя сферы сацыяльна-грамадскага жыцця. У1921г. да ажыццяўлення гэтай задачы прыступiла Навукова-тэрмiналагiчная камiсiя, а ў 1922г. заснаваны на яе базе Iнстытут беларускай культуры. На працягу 1922-1930-х гадоў было апрацавана i выдадзена 24 тэрмiналагiчныя галiновыя слоўнiкi.

У гэты перыяд разгарнулася шырокая дыскусiя па пытаннях нармалiзацыi беларускай лiтаратурнай мовы. Для ўпарадкавання нормаў роднай мовы ў лiстападзе 1926г. была склiкана Акадэмiчная канферэнцыя па рэформе беларускага правапiсу i азбукi. Для апрацоўкi матэрыялаў канферэнцыi i канчатковай выпрацоўкi праекта правапiсу была створана спецыяльная камiсiя ў складзе С. Некрашэвiча, А. Багдановiча, Я. Лёсiка, В. Ластоўскага, П. Бузука, Я. Бялькевiча, Я. Купалы, У. Чаржынскага.

У Канстытуцыі БССР 1927 года адзначалася, што беларуская мова з’яўляецца “пераважнай для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі”.

 

1. 1. 8 Русіфікатарскі характар нацыянальна-моўнай палітыкі дзяржавы на працягу 30-80 гадоў ХХ ст.

 

Аднак ужо ў 1930-я гады пасля ўсталявання таталітарнага сталінскага рэжыму працэс беларусізацыі быў гвалтоўна спынены. Пачалася кампанія па выкрыцці т. зв. «нацыянал-дэмакратаў» (нацдэмаў), да якіх адносілі амаль усіх, хто так ці інакш быў звязаны з беларускай культурай, навукай. У выніку рэпрэсій загінулі тысячы (! ) грамадскіх дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, работнікаў асветы (толькі за адзін дзень у Мінску было расстраляна восем літаратараў: А. Дудар, М. Зарэцкі, П. Галавач, А. Вольны, В. Каваль, В. Сташэўскі, В. Маракоў, І. Харык; збіраліся матэрыялы для арышту Я. Купалы і Я. Коласа). Знішчалася беларуская творчая інтэлігенцыя.

У 1933г. быў выдадзены «Праект спрашчэння беларускага правапiсу», на аснове якога Саўнарком БССР прыняў пастанову «Аб зменах i спрашчэннi беларускага правапiсу», якая ўпершыню ў гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы заканадаўча абвясцiла агульнадзяржаўнымi, г. зн. абавязковымi для кнiгадрукавання, радыёвяшчання, школьнага выкладання, справаводства i г. д. пэўныя нормы беларускага правапiсу i граматыкi. З улiкам гэтай пастановы ў 1934г. быў выдадзены разгорнуты i дэталёвы звод арфаграфiчных правiлаў «Правапiс беларускай мовы». Арфаграфiчная рэформа 1933г. ў гiсторыi беларускага мовазнаўства – з’ява неадназначная. З аднаго боку, яна ў значнай ступенi абагульнiла i рэалiзавала здабыткi беларускага мовазнаўства 20-х гадоў, пэўным чынам сiстэматызавала правапiс, спрыяла стабiлiзацыi арфаграфiчных нормаў беларускай мовы. З другога боку, рэформа падпала пад моцны палiтыка-iдэалагiчны ўплыў. Ва ўмовах узятага кiраўнiцтвам краiны курса на барацьбу з «нацдэмамi», на зблiжэнне народаў i злiццё iх культур у адну культуру з адной агульнай мовай важным стала не так адлюстраваць нацыянальную спецыфiку беларускай мовы, як прывесцi правапiс у адпаведнасць з рускай арфаграфiчнай традыцыяй. Таму i пасля рэформы ў беларускiм правапiсе заставалася шмат нявырашаных пытанняў, супярэчлiвых напiсанняў.

У 1938 г. выходзіць пастанова ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей».

З мэтай далейшага ўпарадкавання беларускага правапiсу была створана Арфаграфiчная камiсiя на чале з Я. Коласам i К. Крапiвой, якая распрацавала «Праект змен i ўдакладненняў беларускага правапiсу»(апублiкаваны ў 1951г., дапрацаваны ў 1956г. ), якi быў зацверджаны ў маi 1957г. спецыяльнай пастановай Савета Мiнiстраў БССР«Аб ўдакладненнi i частковых зменах iснуючага беларускага правапiсу». З улiкам гэтай пастановы ў 1959г. быў выдадзены збор правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi.

Нацыянальна-моўная палітыка дзяржавы мела русіфікатарскі характар. На працягу 1950-1980 гадоў сфера выкарыстання бела­рускай мовы хутка звужалася: скарачаліся тыражы беларускамоўных выданняў, беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання (усё гэта назіраем і сёння). Руская мова, па сутнасці, са сродку міжнацыянальных зносін ператварылася ў дзяржаўную мову нашай рэспублікі.

Разам з інтэнсіўнай урбанізацыяй Беларусі, з пашырэннем рускамоўных каналаў інфармацыі русіфікатарская палітыка прывяла да страты ў значнай часткі насельніцтва пачуцця каштоўнасці беларускай мовы, да дэфармацыі нацыянальнай свядомасці.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...