1.1.9 Асаблівасці развіцця беларускай літаратурнай мовы ў 90-я гады ХХ ст. Стан беларускай мовы на сучасным этапе
У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. XX ст. узніклі новыя фактары, якія паўплывалі на моўную сітуацыю. Пачаўся працэс дэмакратызацыі грамадства, распачалося будаўніцтва суверэннай дзяржавы. У 1989 г. была распрацавана рэспубліканская праграма “Родная мова” і створана Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, якое ўзначаліў Н. Гілевіч. Пачалі адкрывацца класы з беларускай мовай навучання і дашкольныя дзіцячыя ўстановы. Беларуская мова стала рабочай мовай у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, у міністэрствах і ведамствах. 26 студзеня 1990г. 14-я сесiя Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон «Аб мовах у Беларускай ССР» i вызначыла парадак ужывання беларускай, рускай i iншых моў у рэспублiцы. Паводле гэтага закона беларуская мова стала адзiнай дзяржаўнай мовай на тэрыторыi Беларусi. Закон прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афiцыйна-справавога ўжытку, у адукацыi. 14 мая 1995г. адбыўся агульнарэспублiканскi рэферэндум, дзе большая частка насельнiцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе, г. зн., што беларуская мова пакуль не выкарыстоўваецца як дзяржаўная ў розных сферах жыцця краiны, не з’яўляецца рэальным сродкам зносiн. У чэрвені 1998 года прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. Рэферэндум паказаў, на якім узроўні культурнага развіцця знаходзіцца наша грамадства. Ва ўсіх славянскіх краінах у якасці адзіных дзяржаўных моў юрыдычна зацверджаны мовы тытульных нацый. Выключэнне складае Беларусь. Наша мова ўключана ЮНЕСКА (спецыялізаваная ўстанова ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры) у спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Некаторыя даследчыкі прагназуюць менавіта такі, ірландскі, шлях развіцця беларускай мовы (юрыдычна абедзве мовы маюць раўнапраўны статус, а фактычна адбываецца скарачэнне функцый роднай мовы аж да змярцвення).
Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, беларуская літаратурная мова набыла неабходную культуру, на ёй выдаюцца энцыклапедыі, слоўнікі, граматыкі, манаграфіі, на ёй існуе багатая і самабытная мастацкая літаратура. 23 ліпеня 2008 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які ўступіў у дзеянне з 1 верасня 2010 г.
Літаратура
1. Беларуская мова. Прафесійная лексіка: дапам. / А. М. Асіпчук, В. В. Маршэўская, А. С. Садоўская. – Гродна: ГрДУ, 2009. – 271 с. 2. Беларуская мова: юрыдычная лексіка: вучэб. дапам. для студэнтаў юрыдычных спецыяльнасцей устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі / Т. М. Смольская, Л. У Хрышчановіч. – Мн.: ТетраСистемс, 2006. – 240 с. 3. Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў: вучэбны дапаможнік / Д. В. Дзятко [і інш. ]; пад рэд. Д. В. Дзятко. – Мінск: Беларусь, 2012. – 231 с. 4. Беларуская мова: прафесійная лексіка: Вучэбны дапаможнік / Даўтар. -склад. А. В. Катэнка. – Мн. : Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2004. – 104 с. 1. 2 ФУНКЦЫЯНАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ВА ЎМОВАХ БІЛІНГВІЗМУ
1. 2. 1 Білінгвізм і яго аспекты
Білінгвізм (лац. bilinguis < (bis) = двойчы, lingua = мова), ці двухмоўе, – валоданне і папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў – гэта шматмоўе, або полілінгвізм. На нашай планеце жывуць многія народы. Яны знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва суседнія этнасы, якія часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Адным з рэгіёнаў, значная частка насельніцтва якога карыстаецца дзвюма мовамі, з'яўляецца Беларусь. На тэрыторыі Беларусі двухмоўе існавала даўно, хоць яго характар і састаўныя кампаненты мяняліся. Ужо ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе. З пашырэннем на тэрыторыі Беларусі польскай мовы пачало складвацца беларуска-польскае двухмоўе. Пазней, калі пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі адышлі да Расіі і функцыі афіцыйнай мовы ў значнай ступені стала выконваць руская мова, шырока развіваецца беларуска-рускае двухмоўе. У раёнах сумеснага пражывання беларусаў з іншымі народамі фарміравалася беларуска-літоўскае, беларуска-ўкраінскае, беларуска-латышскае двухмоўе. У перыяд уваходжання беларускіх зямель у склад Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, а таксама ў апошні час характар і развіццё двухмоўя і ў цэлым моўная сітуацыя на Беларусі ў значнай ступені залежалі ад дзяржаўнай палітыкі (паланізацыя, русіфікацыя і інш. ).
Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Білінгвізм – з'ява складаная, шматбаковая, яна цікавіць не толькі лінгвістыку, але і псіхалогію, псіхалінгвістыку, сацыялогію і таму даследуецца ў трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным, сацыялінгвістычным. З пазіцый псіхалінгвістыкі білінгвізм – гэта здольнасць ужываць у камунікацыі дзве моўныя сістэмы. Е. М. Верашчагін выдзяляе тры ўзроўні білінгвізму: рэцэптыўны (разуменне маўлення, якое належыць другаснай маўленчай сістэме), рэпрадуктыўны (уменне ўзнавіць прачытанае і пачутае), прадуктыўны (уменне не толькі разумець і ўзнаўляць, але і будаваць асэнсаваныя выказванні). На падставе шматлікіх назіранняў у розных краінах свету за апошнія гады было засведчана, што такога ідэальнага білінгвізму, каб чалавек аднолькава дасканала валодаў некалькімі мовамі, або наогул не існуе, або сустракаецца досыць рэдка, а таму гэтую з’яву трэба лічыць хутчэй выключэннем, чым правілам. У сувязі з гэтым у навуковай літаратуры адрозніваюць два тыпы білінгвізму: пасіўны (залежны), актыўны (незалежны).
У пасіўным білінгвізме звычайна сістэма роднай мовы выступае як дамінантная, адпраўная, яна перадае другой моўнай сістэме свае катэгорыі і формы. Інакш кажучы, асоба з такім тыпам білінгвізму нават тады, калі размаўляе на іншай мове, думае на роднай, а ўжо потым перакладае тэкст на мову маўлення. Такі тып білінгвізму звычайна ўзнікае ў выніку навучання іншай мове. Пры актыўным білінгвізме кожная з моў функцыянуе незалежна, самастойна. Носьбіт такога двухмоўя пры карыстанні якой-небудзь адной мовай не звяртаецца да паслуг іншай. Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя: індывідуальнае (дзвюма мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву); групавое (двухмоўнымі з'яўляюцца цэлыя групы або асобныя слаі); поўнае, ці суцэльнае (двухмоўе з'яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа); дзяржаўнае (у адной краіне статус афіцыйнай, дзяржаўнай маюць дзве мовы, напрыклад, у Фінляндыі – фінская і шведская; у Канадзе – англійская і французская). Па іншых крытэрыях можна выдзеліць такія тыпы двухмоўя: кантактнае, якое ўзнікае ў выніку сумеснага жыцця двух народаў (беларуска-польскае, беларуска-літоўскае); некантактнае, калі непасрэдны кантакт паміж групамі адсутнічае (беларуска-нямецкае).
1. 2. 2 Моўная інтэрферэнцыя і яе віды
У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі, гэта значыць, пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы іншай мовы. Іншымі словамі, інтэрферэнцыя прыводзіць да парушэння нормаў суіснуючых моў. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і інш. Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на той ці іншай мове. Аднак яны не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах білінгвізму.
Вылучаюць наступныя віды інтэрферэнцыі: фанетычная, лексічная, словаўтваральная, акцэнтная, марфалагічная, сінтаксічная. Пранікненне спецыфічных фанетычных рысаў з адной мовы ў другую вядзе да фанетычнай інтэрферэнцыі (напрыклад, у рускім маўленні білінгва сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдае р, ч на месцы рускіх мягкіх р’ і ч’, фрыкатыўнае г на месцы выбухнога г, мяккія дз’ і ц’ на месцы д’ і т’, афрыката дж, пераход зычных в, л у ў, прыстаўныя зычныя в, г, прыстаўныя галосныя а, і, ярка выражанае аканне і г. д. ). Гэтыя асаблівасці вельмі ўстойлівыя і могуць заставацца ў беларуска-рускага білінгва на ўсё жыццё. Лексічная інтэрферэнцыя выклікана наяўнасцю разыходжанняў або частковага падабенства ва ўласналексемным і семантычным аспектах беларускай і рускай моў. Напрыклад, ужыванне білінгвам у беларускай мове выразу гуляць ролю замест адыгрываць ролю абумоўлена неаднолькавым аб'ёмам значэнняў і асаблівасцямі ўжывання ў рускай і беларускай мовах слоў іграць (играть) і гуляць (гулять). Лексічная інтэрферэнцыя праяўляецца, у прыватнасці, у міжмоўнай аманіміі. Міжмоўныя амонімы – словы з розных моў, якія поўнасцю або часткова супадаюць у гучанні або напісанні, але маюць рознае значэнне. У працэсе перакладу тэксту з рускай мовы на беларускую ці наадварот магчымы іх непажаданыя ўзаемазамены, што прыводзіць да непаразумення: рус. качка ‘укачванне’ – бел. качка ‘вадаплаўная птушка’; рус. сварка ‘злучэнне металічных частак шляхам сплаўлівання’ – бел. сварка ‘спрэчка’. Прычынай існавання словаўтваральнай інтэрферэнцыі з'яўляецца несупадзенне словаўтваральных фармантаў аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў: рус. читательница – бел. чытачка, рус. детский – бел. дзіцячы, рус. шептаться – бел. шаптацца, рус. беспринципный – бел. беспрынцыповы. Акцэнтная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў націску ў рускіх і беларускіх лексемах: рус. ольх'а – бел. в'ольха, рус. кишк'а – бел. к'ішка, рус. овсян'ой – бел. аўс'яны, рус. вест'и – бел. в'есці, рус. д'осуха – бел. дас'уха, рус. од'иннадцать – бел. адзін'аццаць, рус. посл'анец – бел. паслан'ец. Марфалагічная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рускіх і беларускіх лексем, асабліва тых, якія маюць агульныя карані. Гэта разыходжанні ў родзе, ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні сінтэтычных формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у склонавых формах лічэбнікаў, ужыванні дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў і г. д. Напрыклад, рус. шинель, собака, медаль, степь, насыпь, надпись – жаночы род, бел. шынель, сабака, медаль, стэп, насып, надпіс –мужчынскі род; рус. писать чернилами – бел. пісаць чарнілам; рус. чистый – чище, бел. чысты – чысцейшы; рус. тремя, четырьмя – бел. трыма, чатырма; рус. завявший – бел. завялы; рус. улыбаясь – бел. усміхаючыся.
Інтэрферэнцыйныя памылкі ў сінтаксісе (сінтаксічная інтэрферэнцыя) выклікаюцца адрозненнямі ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў. У словазлучэннях выразна праяўляецца нацыянальная спецыфіка мовы. Таму механічнае перанясенне мадэляў пабудовы словазлучэнняў з адной мовы ў другую вядзе да парушэння нормаў (параўн. белар. дзякаваць сябру, смяяцца з дзіцяці, паслаць па бацьку, захварэць на грып, два сталы, дакрануцца да рукі, ісці лесам, з прычыны занятасці – рус. благодарить друга, смеяться над ребенком, послать за отцом, болеть гриппом, два стола, прикоснуться к руке, идти по лесу, по причине занятости). Структура сказаў таксама мае некаторыя адрозненні: рус. Знаешь ли ты русский язык? – бел. Ці ведаеш ты рускую мову?; рус. Приятно ходить по новым местам, всматриваться в картины, встречающиеся на пути – бел. Прыемна было хадзіць па новых мясцінах, углядацца ў малюнкі, што трапляюцца ў падарожжы. 1. 2. 3 Трасянка як моўная з’ява У сітуацыі двухмоўя на тэрыторыі Беларусі ўзнікла і функцыянуе такая лінгвістычная з’ява, як трасянка, прамежкавая форма змешанага маўлення, своеасаблівы моўны гібрыд. Назва ўяўляе тэрміналагічную метафару, створаную ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Трасянка – гэта сумесь сена з саломай для кармлення жывёлы, якая па якасці моцна саступала сену. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дадае салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. Сэнс «недабраякасная сумесь» і быў перанесены ў моўную сферу. Што такое трасянка з лінгвістычнага пункту погляду? Гэта моўны прадукт, які ўзнік шляхам механічнага змешвання ў розных прапорцыях элементаў рускай і беларускай моў. Гэта сродак камунікацыі гарадскога насельніцтва Беларусі, русіфікаваны варыянт беларускай мовы. Ад літаратурнай мовы трасянку адрознівае поўная адсутнасць норм: Беларуска-рускае маўленне не падпарадкоўваецца строгім правілам і ўяўляе сабой механічнае змяшэнне розных моўных элементаў. Акрамя таго, трасянка характарызуецца малой прадказальнасцю. З’яўленне тых ці іншых слоў у вялікай ступені залежыць ад канкрэтных умоў камунікацыі. Большасць лінгвістаў лічыць, што ў аснове трасянкі ляжыць руская лексіка і беларуская фанетыка, г. зн. рускія словы вымаўляюцца па законах беларускага маўлення. Параўн.: трас. дзярэўня – рус. деревня – бел. вёска; трас. гавару – рус. говорю – бел. кажу; трас. – заработаў – рус. заработал – бел. зарабіў. Сітуацыя двухмоўя патрабуе пэўных намаганняў пры засваенні норм рускай і беларускай літаратурнай моў. Значна лягчэй з пункту гледжання неадукаванага чалавека выкарыстоўваць своеасаблівы моўны «гібрыд». Часцей за ўсё трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы людзьмі, якія былі выхаваны ў вясковым асяроддзі і апынуліся ў горадзе ў сувязі з перасяленнем, павышэннем грамадскага статуса і інш. З’яўленне трасянкі абумоўліваецца наступнымі прычынамі. Яна ўзнікае найперш з неабходнасці падтрымання камунікацыі ва ўмовах абмежаваных кантактаў паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і рускамоўным адміністрацыйным чыноўніцтвам, што мае больш высокі грамадскі статус, з другога. Небывалая міграцыя вяскоўцаў у горад таксама пашырае сферу выкарыстання трасянкі, паколькі яна ўжо стала ўспрымацца як неабходны элемент гарадской моўнай сітуацыі. Аднак ва ўспрыманні саміх носьбітаў трасянка ацэньваецца як «некультурная мова», бо напамінае пра іх вясковае паходжанне. У працэсе маўлення індывіда цяжка прадказаць, якія рысы беларускай і рускай моў будуць змешвацца, аднак найбольш устойлівымі застаюцца фанетычныя асаблівасці. Як з'ява выключна індывідуальная, трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы т. зв. прамым метадам, г. зн. у працэсе моўных зносін з носьбітамі, а не ў працэсе паступовага навучання. Дрэннаму валоданню другаснай моўнай сістэмай спадарожнічае пагарда і нянавісць да роднай мовы, яе лічаць асноўнай прычынай такога стану. У выніку разбураецца і валоданне першаснай сістэмай, таму становіцца складаным і маўленне па-беларуску. Такім чынам, трасянка – гэта паўмова, яна анарматыўная, узнікае і функцыянуе стыхійна, рэалізуецца выключна ў вусным маўленні, пераважае ў гарадскіх сітуацыях камунікацыі.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|