1.1.6 Прычыны заняпаду беларускай мовы ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі
У 2-й палове ХVІ ст. пасля аб'яднання Літвы з Польшчай на аснове Люблінскай уніі (1569 г. ) беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Пры падтрымцы каталіцкага Рыма Рэч Паспалітая пачынае праводзіць палітыку апалячвання і акаталічвання беларусаў. Якраз у гэты перыяд у абставiнах новых палiтычных i культурных умоў жыцця беларускага народа сфера выкарыстання беларускай мовы пачала звужацца, што пазней прывяло да яе заняпаду. У складаных палiтычных абставiнах сярэдзiны 16ст. беларуска-лiтоўская шляхта зрабiлася буйной палiтычнай сiлай, якая, каб забяспечыць сваё палiтычнае i эканамiчнае становiшча, пачала iмкнуцца да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзяржаўных iнстытутаў на польскi ўзор. У другой палове 16ст. польская мова i польская культура пачалi iнтэнсiўна распаўсюджвацца ў вышэйшых колах беларускага грамадства. Каб абаранiць беларускую мову, у Статут ВКЛ 1566г. быў уключаны спецыяльны пункт аб ужываннi ў справаводстве беларускай мовы. Гэты пункт быў захаваны ў Статуце 1588г. i ў перакладзе Статута на польскую мову ў 1614г. Але апошнi спецыяльным артыкулам дазваляў каталiцкай царкве ўжываць польскую мову як афiцыйную. Беларускiя арыстакраты пачалi пiсаць свае прозвiшчы польскiмi лiтарамi пад дакументамi на беларускай мове. Пазней у дакументах па-беларуску пiсалi толькi традыцыйныя формулы ў пачатку i ў канцы, тады як асноўны тэкст пiсаўся па-польску. У сярэдзiне 17ст. некаторы час дакументы пiсалiся па-беларуску, але з кароткiм выкладам зместу на польскай мове. У 1696г. ўсеагульная канфедэрацыя саслоўяў прыняла пастанову пiсаць справавыя паперы дзяржаўнага значэння па-польску. У канцы ХУІІ ст. беларуская літаратурна-пісьмовая мова прыходзіць у поўны заняпад. Па сутнасці, працягвае развівацца толькі народная гутарковая мова (дыялекты), якая сустракаецца ў шматлікіх помніках фальклору (казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, вершаваныя творы, жарты і г. д. ), а таксама ў якасці ўставак у польскамоўныя драматычныя творы для характарыстыкі беларускіх персанажаў. Менавіта з гэтага часу ў галовы тутэйшага насельніцтва ўбівалася негатыўнае, зневажальнае стаўленне да ўсяго беларускага, у першую чаргу да беларускай мовы, якую сталі называць «мовай хамскай, мужыцкай, паганскай». Польская мова лічылася мовай вышэйшага гатунку, панскай, шляхетнай. На вялікі жаль, многія прадстаўнікі беларускай шляхты за пэўныя прывілеі выракаліся не толькі роднай мовы, але і свайго беларускага паходжання.
У канцы ХVШ ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1795 г. ) беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Беларускай культуры, у прыватнасці мове, адмаўлялі ў праве на самастойнае існаванне і развіццё. На працягу ўсяго ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі не існавала ніводнай навучальнай установы на беларускай мове. Вядома выказванне віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва, які заяўляў, што для падпарадкавання беларусаў не трэба ўчыняць ніякіх ваенных дзеянняў: “Сто тысяч рускіх штыкоў не зробяць таго, што зробіць адна руская школа”. У 1840 годзе ўказам Мікалая І ад 18 ліпеня было забаронена ў афіцыйных дакументах ужываць назву “Беларусь” ( уведзена назва “Северо-Западный край”). У гэтым жа годзе было спынена дзеянне на Беларусі Статута ВКЛ 1588 г., а годам раней – у 1839 – была ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, якая вяла набажэнства на беларускай мове (адноўлена ў 1989 годзе пры ўдзеле святара з Англіі А. Надсана). Адсутнасць свайго нацыянальнага дзяржаўна-палiтычнага ўтварэння было галоўнай прычынай таго, што працэс складвання агульнай пiсьмова-лiтаратурнай нацыянальнай мовы адбываўся больш за стагоддзе: ад пачатку ХІХ ст. да 20-х гадоў ХХ ст. Паколькi ў значнай ступенi традыцыi старабеларускага пiсьменства аказалiся перарванымi, новая беларуская лiтаратурная мова (сучасная) узнiкала на народна-дыялектнай аснове.
Сярод найбольш раннiх помнiкаў беларускага пiсьменства вылучаюцца ананiмныя творы, з якiмi i звязана ўзнiкненне новай беларускай лiтаратуры i лiтаратурнай мовы: гутаркi «Праўда», «Вясна, голад, перапала», «Вось якi цяпер люд стаў», «Гутарка Данiлы са Сцяпанам», вершаванае апавяданне «Тэатр», парадыйна-сатырычныя паэмы «Энеiда навыварат» i «Тарас на Парнасе». Характэрныя рысы беларускай народнай гаворкi адлюстроўваюць i творы беларускiх пiсьменнiкаў першай паловы 19 ст.: верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы», творы Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, А. Рыпiнскага, В. Каратынскага, У. Сыракомлi i iнш. Найбольш буйной фiгурай гэтага часу з’яўляецца В. Дунiн-Марцiнкевiч, ад якога па сутнасцi пачынаецца шлях новай беларускай лiтаратуры. В. Дунiн-Марцiнкевiч свядома стаў апрацоўваць жывую мову беларускага народа, шукаць у ёй адпаведныя сродкi i прыёмы лiтаратурнага выказвання. Важную ролю ў працэсе фармiравання беларускай лiтаратурнай мовы ў 19ст. адыгрывала публiцыстыка, у прыватнасцi нелегальная газета «Мужыцкая праўда» Кастуся Калiноўскага (выйшла 7 нумароў). Пасля задушэння паўстання 1863г. рэзка ўзмацнiўся сацыяльны i нацыянальны прыгнёт беларускага народа. 30 верасня 1865г. мiнiстр унутраных спраў Расii Валуеў спецыяльным цыркулярам забаранiў “…друкаваць …выданнi на лiтоўскiм i жмудскiм дыялекце; ... перавоз, продаж i распаўсюджванне такiх выданняў”, а ў выпадку парушэння гэтага цыркуляра забароненыя выданні канфіскоўваліся. Нягледзячы на царскую забарону аб друкаванні кніг, у канцы ХІХ ст. за мяжой выходзяць творы Францішка Багушэвіча (зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі»), з'яўляюцца вершы Я. Лучыны. У 19 ст. распачалiся спрэчкi адносна характару беларускай мовы. Адны даследчыкi (С. Лiндэ, Я. Чачот, К. Калайдовiч) разглядалi беларускую мову як самастойную i заклiкалi яе вывучаць, iншыя (У. Даль, А. Сабалеўскi, I. Сразнеўскi) лiчылi беларускую мову гаворкай рускай мовы. Навуковым вывучэннем беларускага пiсьменства ў 19ст. плённа займалiся I. Грыгаровiч, П. Шпiлеўскi, I. Насовiч (аўтар «Слоўнiка беларускай мовы», 1870г., 30 тысяч слоў), М. Гарбачэўскi (выдаў у 1874г. «Слоўнiк старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю i царства Польскага», якi змяшчаў каля 400 беларускiх i больш за пяць тысяч лацiнска-польскiх юрыдычных тэрмiнаў), I. Навiцкi (аўтар «Даведачнага слоўнiка юрыдычных тэрмiнаў старажытнай актавай мовы паўднёва-заходныяй Расii» на 600 тэрмiнаў). У 1880 г. быў апублiкаваны артыкул К. Апеля «Аб беларускай мове», у якiм зроблена спроба апiсаць важнейшыя рысы беларускай мовы ў галiне фанетыкi i марфалогii. Заснавальнiкам беларускага мовазнаўства лiчыцца Я. Ф. Карскi, аўтар працы «Беларусы» (кн. 1-7, 1903-1922гг. ).
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|