Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

1.1.5 Функцыянаванне беларускай мовы ў ВКЛ




У ХІІІ ст. пасля распаду Кіеўскай Русі (а гэтаму паспрыялі міжусобныя войны феадалаў) пачалі складвацца асобныя народнасці – беларуская, руская і ўкраінская. Беларуская народнасць утварылася з трох плямён: крывічы, радзімічы, дрыгавічы. Тэрмін «Белая Русь» упершыню сустракаецца ў канцы XIV ст. у адносінах толькі да Полацкай зямлі. У далейшым ён пашырыўся на ўсю Беларусь.

Асноўную ролю ў фарміраванні беларускай мовы (даследчыкі называюць яе старабеларускай) адыгралі мясцовыя гаворкі (паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты). Як асобная самастойная мова яна сфарміравалася ў перыяд, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў ВКЛ на працягу ХІV-ХVІ стст. старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці дзяржаўнай. У пісьмовых дакументах таго часу наша зямля часта называецца Літвой, беларусы – літоўцамі, або ліцвінамі, у знак таго, што яны былі жыхарамі ВКЛ, а мова – літоўскай, рускай, простай (продкі ж сучасных літоўцаў называліся жамойтамі і аўкштайтамі).

На беларускай мове былі створаны летапісы, арыгінальныя і перакладныя мастацкія творы, вучэбная, публіцыстычная, юрыдычная літаратура; вялася дыпламатычная перапіска (у 1392-1393 гг. хан Арды Тахтамыш піша ліст польскаму каралю Ягайлу на старабеларускай мове). Важна і тое, што на славянскім усходзе распачалося кнігадрукаванне (6 жніўня 1517 г. у Празе Ф. Скарына надрукаваў на царкоўнаславянскай мове Псалтыр). Спынімся на асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны: гуманіст, першадрукар, перакладчык, пісьменнік, рэдактар, мастак. Менавіта ён узняў беларускую мову і беларускую культуру на еўрапейскі ўзровень (праз два стагоддзі тое самае паспрабуе зрабіць для рускага народа М. В. Ламаносаў). Гэты перыяд знакаміты такімі вядомымі асветнікамі, людзьмі энцыклапедычнай адукаванасці, як Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, Андрэй Рымша, Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі і інш.

Назавём жанры і найбольш вядомыя помнікі літаратуры таго часу.

1. Справавая літаратура, да якой адносіліся гандлёвыя дагаворы, дарчыя граматы, судовыя і пасольскія кнігі, пастановы сейма, справаздачы, каралеўскія наказы, пісьмовыя правы на валоданне зямлёй і інш. Прыклады дадзенага жанру: «Дагавор Полацка з Рыгай» (1330 г. ), «Дарчая грамата» Вітаўта літоўскім канонікам (1399), «Судзебнік» караля Казіміра Ягелончыка (1468 г. ), «Кніга судовых спраў» (1516 г. ) і інш. Помнікі справавой пісьменнасці, як рукапісныя, так і друкаваныя, сабраны ў 600 тамоў Літоўскай метрыкі, дакументы якой даюць уяўленне пра розныя бакі палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў і з'яўляюцца крыніцай вывучэння беларускай мовы. Найбольш слынным дакументам гэтага перыяду, безумоўна, лічыцца Статут Вялікага Княства Літоўскага (тры рэдакцыі: 1529 г., 1566 г., 1588 г. ), які стаў узорам, асновай для ўпарадкавання права нават у многіх суседніх дзяржавах: Прусіі, Польшчы, Расіі. Доўгі час заставаўся адзіным зборам законаў у Еўропе, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы.

2. Летапісы (захавалася каля 20 збораў) ХV-ХVІІ стст. Сярод іх знаходзяцца Супрасльскі збор, Увараўскі збор, Віленскі зборнік, дзе апісваюцца жыційныя, ваенныя, княжацкія справы на тэрыторыі нашай краіны. Найбольш знакамітымі з'яўляюцца «Чэцці-Мінеі», напісаныя паповічам Бярозкам з Новагародка, які распавядае пра забойства Святаполкам Барыса і Глеба, а таксама Баркалабаўскі летапіс (апісваюцца падзеі ў наваколлі Быхава).

3. Перакладная жыційная літаратура. Пераклады з грэчаскай, сербскай і некаторых іншых моў: «Александрыя» (апісваюцца паходы і подзвігі Аляксандра Македонскага), «Гісторыя Траянскай вайны» (аб заваяванні грэкамі Троі); «Аповесць аб Трыстане», «Гісторыя аб Атыле», «Аповесць пра Баву».

4. Мастацкая і палемічная літаратура: «Метры» Сімяона Полацкага на старабеларускай мове, эпіграмы Андрэя Рымшы, палемічныя прамовы Мялешкі супраць польскага засілля, а таксама вершы невядомых аўтараў.

5. Лінгвістычная літаратура: «Грамматіка Словенска», «Лексіс» (тлумачыцца 1061 стараславянскае слова) Лаўрэнція Зізанія, «Грамматіка» Мялеція Сматрыцкага, якую пазней М. В. Ламаносаў назаве «вратами учёности». Дадзеная праца прысвечана апісанню стараславянскай мовы, але, як і ў Л. Зізанія, метамовай (мовай, з дапамогай якой апісваецца іншая мова, у прыватнасці царкоўнаславянская) паслужыла старабеларуская, дзе адзначаюцца рысы жывой беларускай гаворкі: зацвярдзелы р, аканне, замена яць на е, беларускія лексемы але, друк, праца і інш.

6. Рэлігійная літаратура: Францыск Скарына (23 кнігі Бібліі, «Малая падарожная кніжыца», «Апостал»), Сымон Будны на старабеларускай мове ў 1562 г. выдае «Катэхізіс»; Васіль Цяпінскі выдаў у сваім перакладзе на старабеларускую мову «Евангелле». Да гэтага ж часу належаць 30 зборнікаў кітабаў (рукапісныя рэлігійныя кнігі татар, якія з XIV ст. да сённяшніх дзён жывуць на Беларусі). Лінгвістычная каштоўнасць апошніх тэкстаў у тым, што арабскімі літарамі паслядоўна і выразна перадаюцца многія фанетычныя асаблівасці беларускай мовы, якія нерэгулярна, эпізадычна фіксаваліся ў старабеларускіх помніках, напісаных кірыліцай.

Старабеларуская мова на працягу некалькіх стагоддзяў абслугоўвала розныя сферы грамадскага жыцця ў ВКЛ. Яна аказала ўплыў на іншыя мовы, у прыватнасці, на літаратурную мову рускай народнасці. Менавіта гэты перыяд (XIV-XVI стст. ) лічыцца росквітам у гісторыі беларускай культуры, мовы, таму вучоныя і назвалі яго «залатым векам».

Аднак далейшы ход развіцця беларускай мовы быў надзвычай неспрыяльным.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...